Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Фаўст

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Алена

Ён за мяне так жорстка пакараў яго.

Фаркіяда

Ён можа і з табою так расправіцца. Красу дзяліць шкада: хто меў усю яе,— Хутчэй ушчэнт загубіць, чым падзеліцца!

Гучаць далёкія трубы, хор жахаецца.

Як трубны зык нутро і слых уражвае, Па сэрцы рэжа, так і рэўнасць мужава Нагадвае, чым ён валодаў некалі, Што страціў ён, чаго не мае ўжо.

Хор

Чуеш, чуеш трубны рокат? Бачыш, бачыш зброі бляск?

Фаркіяда

Калі ласка, гаспадар мой! Здам табе рахункі я!

Хор

Як
жа з намі?

Фаркіяда

Вам, вядома, паратунку ўжо няма. Перш памрэ царыца ваша, а за ёю следам — вы.

Паўза.

Алена

Я ведаю — рашучы крок павінна я Зрабіць цяпер перад абліччам дэмана, Які дабро аберне ў зло з прыемнасцю. Найперш, аднак, ісці у крэпасць мушу я. Ды не скажу я, што ў грудзях царыцыных З трывогаю глыбокаю затоена. Хадземце ўсе! Ну што ж, вядзі, старая, нас!

Хор

О, як ахвотна з табой Хадою таропкаю Пойдзем, царыца, ад смерці. Прад намі муры Непрыступнага замка Грозна ўзвышаюцца. Нас яны абароняць, Быццам муры Іліёна,— Толькі ад хітрасці подлай Ён нарэшце паў.

Туман расплываецца і завалакае задні план сцэны.

Што гэта, што? Што, сёстры, бачу? Азірніцеся, сёстры! Дзень быў пагодны, вясёлы! Раптам пасмы туману Наплылі пяшчотна з Эўрота. Зніклі з вачэй Мілыя бухты, чаротам парослыя, І вольныя, гордыя лебедзі, Якія плылі чарадою. Я нічога не бачу? Нічога! Толькі ўсё чуюцца, Гукі ўсё чуюцца трубныя. Чуюцца гукі суровыя — Смерць яны нам прадракаюць. Ах, ратунку чакалі мы,— Што ж цяпер станецца? Гукі далёкія гэтыя Зноў пагражаюць Нам, прыгажуням, Лябёдачцы нашай, царыцы, Статнай красе белагрудай… Гора нам, гора! Усё абвалок непраглядны туман. Мы самі сябе ўжо не бачым. Што адбываецца? Ці мы ідзём? Ці стаім, ці лунаем? Бачыш, плыве перад намі Постаць Гермеса, як прывід? Бачыш, жазлом залатым Нас пасланнік багоў запыняе. Нас заварочвае ён Да панурага, Поўнага ценяў празрыстых, Ненасытнага, Вечна пустога Аіда. Пачарнелі, пацямнелі нас акрылыя туманы, Стала змрочна, бы ў магіле. Вольны позірк сустракае Скрозь злавесныя муры. Што такое? Двор? Магіла? Страшна, жудасна, сястрыца! Мы — у пастцы, у палоне, Нам не вырвацца адсюль!

Двор замка, акружаны багатымі фантастычнымі сярэдневяковымі пабудовамі

Панталіда

Цярпення, розуму ў жанчын — ні каліва! Вы лёсу забаўкі, ахвяры моманту. Ні ў долі, ні ў нядолі вы не ўмееце З належнай годнасцю явіць характар свой. Прывыклі супярэчыць вы адна адной, І ў шчасці, і ў няшчасці толькі плачаце. Заціхніце! Чакайце мудрай уладарніцы.

Алена

О, дзе ты, Піфаніса{229}, будзь прыхільная! Не пакідай нас у памроччы замкавым! Калі правадыру чужынцаў з поўначы Пайшла сказаць, што мы сюды з’явіліся, Тады я дзякую! Вядзі ж палонніцу — Хачу спакою я, канца вандроўніцтву.

Панталіда

Дарэмна ты, царыца, азіраешся, Старая знікла: можа, засталася там У мгле, з якой мы выйшлі так загадкава На гэтае дварышча незнаёмае, Альбо блукае ў лабірынце замкавым, Са многіх дзіўных прыбудоў утвораным, Шукаючы на учту ганаровую Гаспадара. Глядзі, ўгары пад вокнамі, На галерэях і ў шматлікіх порціках Натоўпы слуг ужо замітусіліся, Прыём належны нам, відаць, рыхтуючы.

Хор

Сэрца б’ецца вальней! О, зірніце туды! Як па лесвіцы ўніз крокам лёгкім да нас Рад у рад юнакі роўным цугам ідуць. Чый спаўняюць загад, хто паслаў юнакоў? І каго сустракаюць урачыста яны У
адзенні святочным спяшаюць сюды?
Як узрушана я! Як прыгожа ідуць, На падбор малайцы, кучаравыя ўсе, Шчочкі-персікі, мяккі пушок на губах — Адкусіла б, здаецца, кавалачак я. Адкусіла б, ды страх: як бывала не раз — Раптам попелам возьмуцца вусны.
Хлопцы прыгожыя Ўжо набліжаюцца, Моўчкі прыносяць Трон і ступені, Сцелюць дыван, Ставяць над тронам Балдахін каляровы — Воблачкам над галавою Царыцынай Ён урачыста плыве. Самавіта ўзыходзіць! Станьма, сёстры, і мы Поруч з царыцай! Слаўся, о слаўся тройчы, Ушанавання дастойнага час!

Усё, што абвяшчае хор, паступова выконваецца. Пасля таго як доўгі цуг пажаў і збраяносцаў сышоў уніз, угары на лесвіцы паказваецца Фаўст у сярэдневяковым рыцарскім убранні і павольна, з годнасцю таксама сыходзіць уніз.

Панталіда (уважліва яго разглядваючы)

Калі яму паставу зграбную, Прывабнасць і манеры далікатныя Не на кароткі нейкі час пазычылі, А назусім далі, на векі вечныя, Тады з удачай будзе неразлучны ён: На полі бою пераможа воіна, А ў бітве сэрцаў — прыгажуню першую. Я ўпэўнена, ніколі не зраўняецца Ніхто з мужчын, якіх я толькі ведала, З мужчынам гэтым. Вось ён набліжаецца, Пачціва, велічна. Вось князь наблізіўся. Царыца, азірніся на дастойнага!

Фаўст (падыходзячы з закаваным Лінкеем)

Царыца! Я замест прыветных слоў, Якімі твой прыход адзначыць трэба, Прывёў у кайданах раба, які Забыў пра абавязак свой і гэтым Мяне магчымасці пазбавіў ён Гаспадара свяшчэнны абавязак Належна споўніць. Стань, нікчэмны раб, Перад царыцай светлай на калені І павініся перад ёй. Царыца, Слуга, надзелены выдатным зрокам, Пастаўлены на вежу аглядаць Палі, лясы, бязмежны схіл нябёс І ўсё, што толькі з’явіцца ў даліне, На схілах гор, на беразе ракі,— Што йдзе да крэпасці — няхай то статак, Няхай то войска. Статак мы захопім, А ворага паб’ём. Вялікі грэх! Ты — тут, а ён, злачынны, — не даносіць! І па яго віне мы не сустрэлі Высокай госці. Смерць ён заслужыў! Карай яго ці літуй, о царыца!

Алена

Вялікай годнасцю суддзі, царыцы Мяне ты адараеш, хоць, магчыма, Выпрабаванне хочаш мне зрабіць. Але судзейскі абавязак споўню І з допыту няшчаснага пачну.

Лінкей (вежавы дазорца)

Загадай, краса-царыца,— Кару ўсякую прыму, Каб і ў смерці пакарыцца Слову першаму твайму. Золак ранішняй парою Шле з усходу нам святло, Раптам, — дзіва! Прада мною — З поўдня сонейка ўзышло. Я не ўбачыў край бясконцы,— Сініх гор, зялёных ніў, Я на гэтым ясным сонцы Позірк здзіўлены спыніў. Мой рысіны зрок і ўночы Не падманвае мяне. Сёння ж днём аслаблі вочы — Я ўсё бачыў, нібы ў сне. Замільгалі ў мглістай плыні Вежы, хмары, горны стан,— Раптам светлы твар багіні Выплывае праз туман. І сумеўся я, дазорны, Знепрытомнены, без сіл — Вобраз дзіўны, непаўторны Асляпіў мяне зусім. І, знядбаўшы службу, грэшны, Затрубіць забыў я ў рог. Пакарай мяне! Няўцешны Ля тваіх сканаю ног.

Алена

Ці маю права я караць правіны, Якім сама прычынай? Гора мне! Навошта мне прадвыракла планіда — Бянтэжыць самых годнейшых мужчын? Прымусам, зманам, хітрасцю, палонам Багі, героі, дэманы, паўбогі Мяне паўсюль вадзілі за сабой. Я ў першым твары нарабіла ліха, Пасля ў другім падвоіла бяду, Памножыла і ў трэцім, і ў чацвёртым{230},— Не, права пакарання я не маю. Раскуй няшчаснага! Нявінны той, Каго багі раптоўна асляпілі!
Поделиться с друзьями: