Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Фаўст

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Фаўст

Я здзіўлены, царыца, што і ён, Тваёй стралой пацэлены, упаў. Ты, пругкую напяўшы цеціву, О лучніца, пускаеш стрэлы трапна У сэрца мне. А колькі тых ахвяр, Калі ты ў замку сядзеш на прастол І хмары страл засвішчуць, запяюць, Тут будзе! Ты ўзбунтуеш цэлы двор, І воіны мае, што служаць мне, Непераможнай прынясуць прысягу. Што застанецца мне, як не аддаць Сябе і край мой пад тваю апеку? Дазволь і мне, твайму рабу, прасіць Цябе, каму мы ўсе цяпер належым, Быць нам царыцай і заняць прастол.

Лінкей (са скрынкаю, на чале некалькіх мужчын з такой самай ношай)

За твой спагадлівы пагляд Багач
жабрачыць будзе рад,
Жабрак зірне царыцы ў твар — І ўжо багаты ён, як цар.
Чым быў я? Кім паспеў я стаць? Што мне рабіць? Чаго жадаць? Мой востры зрок? — Нашто мне ён,— Яго ж бо твой заслепіць трон. З усходу мы ў паход пайшлі На захад, аж на край зямлі. Усіх разбіла наша раць — Нідзе нам роўных не відаць. Адзін загіне ў громе сеч, Другі вымае з похваў меч, За кожным паўставала сто, Забітых не лічыў ніхто. У чадзе вогненнай жуды Знікалі вёскі, гарады — І кожны з бою браў дабро: І золата, і серабро. Дзе ўчора я здабычу браў, Другі там сёння панам стаў: Рабуе сёлы, у палон Бярэ красунь найлепшых ён. Як знаўца самых тонкіх спраў Я толькі рэдкаснае браў, І долі большае сабе Я не выгадваў пры дзяльбе. Угледзець скарб? — Ды што лягчэй, Нішто не ўкрыецца з вачэй! — Хай у замкнутых сундуках, Хай у глыбокіх тайніках… Найбольш любіў я камяні. Адно смарагдаў прамяні Аздобяць прыгажосць тваю — Табе смарагды аддаю. Прымі, царыца ўсіх царыц, Жамчужных пару завушніц,— Рубін дык той паблякне ўміг Перад румянцам шчок тваіх. Вазьмі ж увесь багаты скарб, Што йграе тысячамі фарб — Ўраджай крывавых перамог Я да тваіх прыношу ног. Бяры каштоўныя дары; Напоўню імі ўсе куфры. Адно скажы мне слова ты — Палац збудую залаты. Як толькі ты ўзышла на трон, Дык сіла, розум і закон Адразу ў гэты светлы міг Схіліліся да ног тваіх. На хараства твайго алтар Я ўсё дабро прыношу ў дар. Раней дабро было мне ўсім, Цяпер не бачу шчасця ў ім. Усё, што дарагім было, Панікла, як у суш быллё, Але мяне за горыч страт Узнагародзіць твой пагляд.

Фаўст

Нясі назад здабыты ў бітвах скарб, Бо ўсё, што ёсць у скарбніцах у нас,— Належыць ёй; адасабляць дары Нягожа нам; ідзі і занясі Куфры свае ў агульны склеп; няхай Ва ўсім адзін парадак будзе, каб Скляпенне ззяла, быццам неба; ты ж Рай з безжыццёвага жыцця ствары! Скрозь дываны, кілімы пасцялі І кветкамі асып, нага яе Няхай адно па мякенькім ступае, Каб акружаў царыцу бляск такі, Што не аслепіць толькі бажаство.

Лінкей

Не бывае, пане, каб Твой загад не споўніў раб! Толькі ж дух і кроў сваю Ёй цяпер я аддаю. Прад красою наша раць Больш не можа устаяць. Нам адзін яе прамень, Быццам сонца ў ясны дзень, А яе прыгожы твар Даражэй за ўсякі дар.

(Выходзіць.)

Алена (Фаўсту)

Хачу пагутарыць з табою я. Займі на троне месца ўладара,— Займі і стань апораю маёй.

Фаўст

Спачатку на каленях, гаспадыня, Дазволь падзякаваць табе! Руку Тваю — рабу пацалаваць дазволь І суправіцелем тваёй дзяржавы Мяне прызнач; прымі
ў адной асобе
Твайго прыхільніка, ахоўніка, слугу!

Алена

Дзівотаў розных многа бачу я. Уражана! І хочацца спытацца, Чаму прамова вернага слугі Гучала так нязвыкла і так дзіўна?— Да гука гук прыстройваўся суладна, Сугучна слова клалася да слова, Лагодна, трапна, песціла мой слых.

Фаўст

Калі ты нашу мову ўпадабала, То з радасцю і нашу песню прымеш, Здаволіш слых і розум наталіш. Я вельмі рады. Лепш, аднак, калі Табе я мовы ўрок практычна дам, Бо слова складнае чаруе, вабіць.

Алена

Мне складнасці наўчыцца памажы.

Фаўст

Не цяжка, толькі б словы йшлі з душы. Калі ад страсці ные сэрца наша, Шукаем…

Алена

…хто ўзаемнасцю адкажа.

Фаўст

Што будзе, што было — не бачыць дух, Бо толькі ж у сучасным…

Алена

…шчасце двух.

Фаўст

У ім цяпер жывём і ты, і я; Зарукай лучнасці…

Алена

…рука мая!

Хор

Хто царыцу папракне, Што зычліва так прымае Ўладцу крэпасці яна! Мы палонніцы — І ўжо не ўпершыню,— З часу пагібелі ганебнай Іліёна; з пачатку нашых Страшэнных бадзянняў па свеце. Звыклыя да кахання жанчыны Ведаюць, хто чаго варты, Ды права на выбар не маюць. І пастушок кучаравы, І чорнашчаціністы фаўн,— Кожны, хто выпадак зловіць,— На цела крамянае Права аднолькава маюць. Садзяцца бліжэй, Адно аднаму Плячо да пляча, Калена ў калена, Рука ў руку І песцяцца замілавана На тронных падушках, На мяккіх і пышных. Манарх не адмовіцца ад Радасцей тайных Нават пры ўсіх, На віду.

Алена

Далёка я і блізка — нейкі цуд! Ды лёгка я скажу табе: я тут!

Фаўст

Я сёння, нібы ў сне, я стаў нямы, Ці я жыву, ці не, — дзе ж гэта мы?

Алена

Ты абнавіў мяне, ўваскрэсла я, Я ўся ў любві цяпер, я ўся твая.

Фаўст

З любві вазьмі, што толькі можаш ты,— Жыццё ёсць міг — яно наш доўг святы.

Фаркіяда (энергічна ўмешваецца)

На абдымкі, гулі, ласкі, На любоўныя папаскі, На ўсе казані і казкі — Мушу вам сказаць — не час! Не ўзварушаць гэтай пары Нават трубы і фанфары. Ды ўжо рушыла на нас У паход ліхая зграя Ваўкарэзаў Менелая — Зараз будзе тут якраз! Пераможа — вам няволя. Дэіфоба злая доля, Я мяркую — не для вас. Годзе цешыцца; а зрэшты, Мне ўсё роўна, як памрэш ты — Толькі ж ён тапор прыпас.

Фаўст

Зноў непрыемнасці і перашкоды зноў! Я ў небяспецы не люблю гарачнасці. Благая вестка брыдзіць і прыгожага, А ты — ганец-брыда, ды дрэннай весткаю Не ўдасца сапсаваць мне самы лепшы дзень — Пустое кажаш ты, няма пагрозы нам, Калі ж і ёсць яна, — зусім не страшна мне.

Сігналы, стрэлы з веж, барабаны, гукі рога, ваенная музыка; чуецца набліжэнне вялікага войска.

Поделиться с друзьями: