Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Фаўст

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Эўфарыён

Роджаны гэтай зямлёй — Ведае бой, Праліць у змаганні кроў Заўсёды гатоў. І не скарыць нічым Чыстых душой, Шчасце хай дасць усім Пераможны бой!

Хор

Гляньце, ўгору ён імкнецца, Прагне ўвысь ужо смяльчак,— Не дзіця ён, не сагнецца У баі герой-юнак.

Эўфарыён

Што мне хвалі, што муры мне, Я ж упэўнены ў сабе! Сіла, моц мая абрыне Перашкоды ў барацьбе. Меч
скую са сталі звонкай,
Каб не сеў на горб тыран. Будзь, жанчына, амазонкай, А дзіця будзь, як тытан!

Хор

Слава паэзіі, Дзіўнай кудзесіі! Зоркай яна Ззяе з цямна, Грудзі лагодзіць, Дух наш малодзіць — Сэрцаў вясна!

Эўфарыён

Не, я не хлопчык кучаравы — Юнак узброены ідзе. На бой святы, на бой крывавы Ён за сабой братоў вядзе. На бой, Герой! Там слава і трыумф надзей!

Алена і Фаўст

Толькі да жыцця прызваны, Толькі ўбачыў ты святло, Як цябе на подзвіг бранны, На пакуты павяло. Ты наш адзін, Адзіны сын! Хіба саюз наш — сон і тло?

Эўфарыён

Вы з мора чуеце грымоты, Вам з поля бітвы гром чуваць — Там на апошнія аплоты На сечу йдзе за раццю раць! Я прызнаю У баі смерць сваю, Інакш навошта паміраць!

Алена, Фаўст, хор

Жудасць! Жах! Так прагнуць смерці? Хіба ж ты для смерці ўзрос?

Эўфарыён

Не на тое ўзрос я, верце, Каб такі спалохаў лёс!

Алена, Фаўст, хор

Там прорвішча жуды, Пагібель там!

Эўфарыён

Няхай! Лячу туды! Лячу к братам! Лячу да іхняй раці На крылах мар!

Кідаецца ў паветра, нейкі момант адзенне нясе юнака, яго галава ззяе, за ім цягнецца светлы след.

Хор

Канец! Канец дзіцяці! Ікар! Ікар!

Прыгожы юнак падае да ног бацькоў; у ім нібы пазнаецца іншы знаёмы вобраз; аднак цялеснае адразу знікае, німб каметаю ўзносіцца ў неба, застаюцца толькі туніка, плашч і ліра.

Алена і Фаўст

Радасці нашай на змену — Гора, адчай.

Эўфарыён (голас з глыбіні)

Мяне ў царстве тлену, Маці, не пакідай!

Паўза.

Хор (жалобны спеў)

Не пакінем! — дзе б ні быў ты, Не парушым нашай згоды; Расстаёмся мы без крыўды, Сэрцам бо з табой заўсёды. Не патрэбен плач хаўтурны! Нам бы гэткі слаўны лёс: Ты ў жыцці быў светлы, бурны, Песню з мужнасцю пранёс. Слаўны родам, непагрэшны, Шчасце ты ў жыцці любіў. Толькі, мужны і мяцежны, Рана ты жыццё згубіў. Быў з людзьмі заўсёды шчыры, Востры, ясны меў пагляд, Ты спяваў, іграў на ліры І кахаў красунь дзяўчат. Ты памчаў, як утрапёны, Прагнучы
вялікіх спраў,
Нашы звычаі й законы Ты міжволі занядбаў. Сцвердзіў мужнасць і адвагу Чыстым розумам юнак. Найвышэйшага ты прагнуў, Ды здабыць не змог ніяк.
Хто ж здабудзе? Хто закрые Браму гора і пакут? — Акрываўлены тут ные Пад ярмом уціску люд. Песня, ў сэрцы зноў ўваскрэсні! — Годзе скрушліва рыдаць! Як зямля раджала песні, Так і будзе іх раджаць!

Доўгая паўза. Музыка заціхае.

Алена (Фаўсту)

На мне стары прысуд якраз збываецца: Што не жыве з красою шчасце доўгае. Кахання і жыцця слабеюць повязі. Даруй мне, я кажу, свой лёс аплакаўшы, І абдыму цябе яшчэ — на жаль! — апошні раз. Прымі ж мяне, о Персефона, з дзіцеткам.

(Абдымае Фаўста, цялеснае знікае, а плацце і пакрывала застаюцца ў яго ў руках.)

Фаркіяда (Фаўсту)

Адну сукеначку ад шчасця маеш! Не выпускай яе, мацней трымай, Бо дэманы раптоўна вырвуць з рук І панясуць у царства небыцця; Няма тваёй багіні, не шукай! Але хавай заўжды яе адзенне — Царыцын дар цябе ўзнясе ў эфір І над зямным узвысіць, там лунай — Мы там пазней сустрэнемся з табой.

Адзенне Алены расплываецца ў воблака, акружае Фаўста, падымае яго і адплывае разам з ім. Фаркіяда падымае мантыю і ліру Эўфарыёна, і, патрасаючы імі, ідзе на авансцэну і гаворыць.

Нішто знаходачка для нас! Святы агонь даўно пагас — Не буду мучыцца са светам, Пакіну вопратку паэтам, Каб не звялася іх забава І лірных песень гуд і слава. Хай талентаў іх не ўваскрэшу, Дык хоць пазычу ім адзежу.

(Садзіцца на авансцэне каля калоны.)

Панталіда

Спяшайцеся, дзяўчаты! Чары ўпалі з нас, Закляцце знята фесалійскай злосніцы, Гучанне знікла сказаў, хітра сплеценых, Што розум зацямнялі й слых бянтэжылі. Чакае нас Аід! Мы за царыцаю Таропка паляцім; няхай Прыгожую Служанак хор суправаджае, верны ёй, Ля трона Недаступнай з ёй сустрэнемся.

Хор

Усюды царыцам прыстанішча ёсць: Нават у змрочным Аідзе Роўныя з роўнымі сыдуцца там І з Персефонай кампанію водзяць. Нам жа бавіць свой час На палях асфадэльных{237}, Між таполяў пасохлых. Як кажаны, як сляпыя, Будзем шаптацца мы безнадзейна.

Панталіда

Хто не здабыў сабе імя шаноўнага, Хто не імкнецца да высакароднага — Той раб стыхіі! Знікніце ж цяпер усе! Мяне мой лёс заве з царыцай разам быць,— З усіх заслуг найболей вернасць узвялічвае.

(Выходзіць.)

Першая частка хору

Шалахценнем дрэў галлістых, шумам і павевам ветру Галасы свае прыглушым; і з зямлі карэннем сокі Жыццядайныя пагонім у раскошную лістоту. Пругкім калівам узыдзем, кветкамі цвісці пачнём. А плады нальюцца сокам,— адусюль збяруцца людзі, Каб спажыць зямны ласунак, каб сабраць багаты плён. Перад намі, як багамі, кожны схіліцца тады.
Поделиться с друзьями: