Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Дубоўка разбэрсаў гамашы, сьцягнуў з шэравокага свае валёнкі – і ўжо ў іх стомлена пацёгся да сваёй палаткі. Там расказаў пра крадзеж і бойку, папярэдзіў «дзясятку» пра магчымую адплату.

У тую ноч спалі па чарзе, але няпрошаныя ў госьці так і не завіталі.

А наступным вечарам у сталоўцы да Дубоўкі падсеў новы незнаёмец. Сербануў сваёй баланды, бліснуў жалезным зубам, – і наступіў нагой на ягоную:

– Слыш, фраер, энта ты ўчора Скулу заваліў?

Дубоўка выцягнуў нагу (тая, падмарожаная, зноў люта зашчымела) і буркнуў у адказ:

– Нікога я не валяў, а проста сваё забраў.

– Ну ты пар не гані! Знай: у бараках мы закон дзержым… Тут усе адным гаўном мазаны – і вы, контрыкі, і мы,

хто па бытавусе. А Скула сам настараўся, за што на пай і нарваўся… – «Жалезны зуб» расшпіліў ватнік і дастаў з-пад яго паўбохана. – Эта табе за нервы.

– Сваё я забраў, а чужога мне ня трэба, – асадзіў нечаканага дабрадзея Дубоўка.

– Не харахорся, закон ёсьць закон. – «Жалезны зуб» адкінуў лыжку, нагбом выпіў жыжку баланды, уважліва агледзеў Дубоўку: – А ты мне спадабаўся. Чуў, што да лагера кніжкі пісаў… А тут майго Скулу падраўняў. – Устаў, сунуў рукі ў кішэні. – Словам, цяпер будзеш жыць спакойна. Калі што, шукай мяне. Спытаеш Зуба. Я тут, на лагеры… У будаў­ніках. – І пайшоў, валюхаючыся з боку ў бок.

У палатцы да яго падселі суседзі па нарах.

– Ну што, што бытавыя казалі? – хвалюючыся, першым пачаў роспыты Ванька Соўчык, трыццаціпяцігадовы хлопец з Жытоміру, колішні выкладчык геаграфіі.

– Ды нічога, – Дубоўка хітравата ўсьміхнуўся. – Дзякавалі за вучобу. І яшчэ нам за бяссонную ноч паўбохана хлеба падарылі. – Ён павольна выклаў яго на паламаную скрыню паміж нарамі, якая служыла сталом. – А цяпер давайце цяпла падкінем – і на бакавую. Сон для нас – найлепшы адпачынак…

Сон, на жаль, бяз сноў. Як ні сіліўся ён хоць у сьне пабачыць сына, жонку, бацькоў, сяброў, свабоду, – ня шчасьціла. Клаўся – і як скрозь зямлю правальваўся, разам з усімі наўкола: і нарамі, і таварышамі па няшчасьці, і гэтай замерзлай зямлёю. І, здавалася, толькі на хвілю забываўся – а з беспачуцьцёвасьці яго зноў выцягваў звон, колкі, нацяты, – таксама нібыта як з падзем’я.

І так – дзень за днём.

Месяц – за месяцам…

10.

Гэты ранак адрозьніваўся ад астатніх. У паветры над лагерам, пад ружавізнай маладога неба, у якім патанала летне-зялёная тайга, вісела штось невядомае, назвы чаму яны пакуль ня ведалі, аднак пачыналі ўжо адчуваць. Зьмяніліся паводзіны канвойных: аціхлі, сьцяліся, нейкая незвычайная мітусьня вакол будынку канцылярыі. Ды і што магла азначаць гэтая небывалая затрымка: ужо з гадзіну пасьля агульнага пастраеньня не пачыналася паверка?

Нарэшце пачалася пераклічка, пасьля чаго начальнік лагера, заклаўшы рукі за сьпіну, надрыўна загаварыў:

–…Учора без абвяшчэньня вайны фашысцкая Германія вераломна напала на нашу савецкую Радзіму… Мы не сумняёмся, што хутка ворагу будзе дадзены сакрушальны адпор. Для гэтага і ўсе мы павінны мабілі­заваць усе сілы, каб зрабіць дастойны ўклад у справу перамогі. Ваша задача – яшчэ больш старанна працаваць на пабудове патрэбнай краіне дарогі…

Навіна, як нечаканы гром над сопкамі, зьбянтэжыла лагернікаў. Першыя дні аніхто ня мог сказаць ім большага, чым на той паверцы начальнік. Затым у іх аднастайнае жыцьцё прыйшлі зьмены. Перафармавалі брыгады, падзялілі на асобныя баракі «бытавікоў» і «контрыкаў».

І перасталі карміць. Людзі елі лісьце, карэньне, траву. І паміралі дзясяткамі, сотнямі. Праз паўмесяца з барака выйшлі на працу толькі Дубоўка і лекар-украінец. І да абеда закопвалі целы астатніх…

Затым у лагеры зноў зьявіліся прадукты. Пачалі нават даходзіць лісты ад родзічаў – акрамя адрасатаў з заходніх абласьцей Саюза. І па гэтым найбольш вушлыя з зэкаў рабілі свае несуцяшальныя высновы: тыя землі – пад немцам…

Аднойчы ён атрымаў вялікі ўскрыты канверт ад жонкі. У ім – звычайны школьны сшытак, некалькі старонак якога займаў ліст. Жывуць пад Масквой у Талдоме – без хваробаў, сумуюць і чакаюць…

Жонка працавала ў часовай лесанарыхтоўчай канторы статыстам. Цяпер папрасілася рахункаводам – каб мець бясплатны пакой. Маюць агарод, казу, курэй. Алік-Альгерд вельмі любіць казінае малако, вучыцца і расьце. Паўстаронкі займала і ягонае акуратнае пасланьне…

Гэтыя пісьмёны акрылілі яго, напоўнілі новаю сілай. Ён разоў з дзесяць, пакуль хапала сонечнага сьвятла, перачытваў іх – і адчуваў, як унутры расьціскалася штось журботнае і пякучае, заплюшчваў вочы, забываўся – і зноў чытаў.

А затым разгледзеў і сам сшытак, і зноў зьдзівіўся, зноў гарачынь разьлілася па грудзях. На пажоўклай вокладцы – графічны малюнак пом­ніка Пушкіну ў Маскве, знаёмыя прыступкі да ягонага ўзвышэньня, а побач, справа, надпіс: «100 лет со дня смерти великого поэта А. С. Пушкина». Даты жыцьця і гібелі. А на адвароце вокладкі – два вершы: Пушкінскі «В Сибирь» і «Ответ» Аляксандра Адоеўскага.

Дубоўка перачытваў даўно вядомае – і нібыта бачыў вершаваныя радкі ўпершыню… Сэрца няўрымсна забілася мацней, а ў класічным ажывала і сваё, наболенае, мройнае:

Во глубине сибирских руд Храните гордое терпенье, Не пропадет ваш скорбный труд И душ высокое стремленье… Оковы тяжкие падут, Темницы рухнут – и свобода Вас примет радостно у входа. И братья меч вам отдадут.

Пушкін і жонка зноў прывязалі яго да жыцьця, Пушкін і жонка здолелі перахітрыць цэнзуру – і даслалі ў забайкальскі ГУЛаг найбольшую крамолу, за якую людзі з сінімі аколышамі на фуражках не пашкадавалі б і сьвінца. Калі б маглі бачыць далей напісанага…

Многія з яго брыгады пачалі пісаць начальству просьбы паслаць іх на фронт. З адказамі доўга маўчалі, а затым на агульным пастраеньні ўсім патлумачылі, што адпраўка на фронт – вялікі для іх гонар, і гонар гэты яны павінны заслужыць. На фронт будуць мабілізавацца тыя, хто зможа вырабіць двайную норму.

І прастакоў хапала. Яны рвалі свае жылы, прыходзілі ў лагер пазьней астатніх (злуючы гэтым канваіраў). Яны пасьпявалі зразаць, «разьбіраць» і стралёўваць да «палатна» па дваццаць аграмадных лістоўніцаў. Такім чынам зарабіў сабе грыжу жытомірац Ванька Соўчыц і быў – разам з некалькімі дзясяткамі такіх, як і сам, сабраных з усёй калоны – «мабілізаваны»: пераведзены ўглыб, пад Чыту, дзе пачаў працаваць на элеватары і на трэці дзень застаўся без рукі.

Выпрацаваў бы з сябрам двайную норму і Дубоўка, і таксама пабачыў бы ня фронт, а яшчэ далейшы Далёкі Усход, калі б не пачало кволіцца і здаваць сэрца, а на самым пачатку жніўня ня зьбіла б з ног моцная пелагра…

11.

Пах хлоркі, сьвежай смалы і эфіра. Праз лазарэтнае вакенца, насьпех прарэзанае ў сьцяне з абкораных лістоўніцаў, мякка ўплывае дзённае сьвятло, і ад яго над галавой чалавека ў белым – як німб.

Доктар мерае тэмпературу, лічыць пульс, штось піша алоўкам на разьлінееным аркушы і бадзёра падагульняе:

– Го, міл-чалавек! Каб мы былі ў Маскве, дзе я яшчэ ў дваццатых меў практыку, вы б ужо танцавалі… Што вы!.. У мяне ўся Мікіцкая лячылася, го-о… Мейерхольд з жонкай, Маякоўскі, Брусаў… А начальства колькі! Што вы!..

І Дубоўку як электрычным токам працяла: усхапіўся наўзлукаткі, уважлі-ва агледзеў доктара. Высокі маршчыністы лоб, кучаравыя валасы, пакрытыя сівізной, заўсёдная ўсьмешка блізарукіх вачэй… Гэты перападзісты голас…

– Навум Фроймавіч, ці вы гэта?

– Я, а ты што, міл чалавек, хіба ў жары быў? – насьцярожыўся доктар.

Поделиться с друзьями: