Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

– Ну а чаму вы зьвярнуліся менавіта да нас? У цягніку ж поўна людзей? – у Дубоўкі, навучанага пільнасьці, яшчэ не прайшла насьцярожанасьць.

– Ды я ўсе вагоны прайшоў! Хто сьпіць, хто гуляе, хто ня хоча, а хто й бязграматны…

І яны, дапіўшы чай, заселі за працу. Прафорг маляваў, Дубоўка перапісваў падрыхтаваны матэрыял, некалькі нататак зрабіў вершам.

Правалэндаліся з паўдня, і калі паклікалі начальніка, той аслупянеў:

– Гэта для нас? Праўда?!

Уважліва перачытаў і ўзрушана падрахаваў:

– Усё! Гэтая газета паедзе ў Маскву!

– А хіба ў Іркуцку ёй месца мала? – зьдзівіўся Дубоўка.

– Ды не… Яе возьмуць на Усесаюзную выстаўку!

На

бліжэйшай станцыі начальнік цягніка вывесіў газету на знадворную сьценку вагона. Пасажыры чыталі з імпэтам, усьміхаліся, каментавалі, і начальнік, не ўтрымаўшыся, прапанаваў «рэдактарам»:

– А пераходзьце ў мой вагон! Я даю вам на двух мяккае купэ!..

Праз паўмесяца Дубоўка ўладкаваўся бухгалтарам у чайны саўгас Наразені. А неўзабаве ў Зугдзідзі, раённы цэнтр Мінгрэліі, прыехала і жонка. Яе прызначылі настаўніцай матэматыкі ў суседнія з Наразені Хецэры. Паміж сёламі – вялікі яр, побач – прыгожая горная рэчка Інгуры, чайныя і вінаградныя палі, вечныя горы наўкол і пракаветнае сонца.

Пасьля лагернага голаду, калі за ласунак быў і падкоркавы белы слой сасновых бярвёнаў, надзіва пахкі ванілінам, – вінаград з жыцьцядайным віном; пасьля рабскай працы на чыгунцы, асабліва ў апошнія два гады, калі лагернікі злучалі дарогу каля Чыты і адразу ж па ёй папаўзьлі вайсковыя саставы да мяжы з Кітаем, дзе, як пагаворвалі, сьпела новая вайна, – спакойная праца з лічбамі, за сталом і ў спакоі; пасьля забайкальскага хола­ду – грузінскае сонца, ад якога напачатку рабілася млосна і дрымотна.

Сонца…

Высокае сонца.

Здавалася, яно было ва ўсім: і ў паветры, і ў часе, і нават у кароткіх жончыных запісках, якія, сьпяшаючыся ў суседняе сяло на працу, яна прыколвала на дзьвярах – каб іх не прамінуў муж:

«У меня три урока. Если ты подождёшь меня, я бы тебя проводила по солнышку»…

Чакаць у той дзень ён ня мог – і да жончынай цыдулкі, тройчы падкрэсьліўшы «по солнышку», далучыў сваё:

Я уроков получал Гораздо больше, Но они не пошли Мне впрок. Из-за них я от самой Польши Угодил на Дальний Восток. Вот почему я держусь земли, Вот почему на Солнышки не взлетаю. Этому самому, Марилька, внемли, И не тревожь меня, дорогая. Уладзімер.

Вайна асіраціла гэтыя спакойныя грузінскія землі: на чайных плантацыях працавалі жанкі й дзеці. Дзеці ня толькі Мінгрэліі, але і Паўночнага Каўказу, шмат – з Украіны. Ратаваліся напачатку ад вайны, а цяпер – ад голаду.

Большасьць прыехала на заробкі. Дзеці паўдня працавалі, а затым да вечара вучыліся. Як толькі сілы хапала?

Дзеці…

У Наразені Дубоўкам далі пакой. Па-суседству – сям’я агратэхніка, жонка – таксама настаўніца. У іх – двое дзяцей: хлопчык і дзяўчынка. Праз другую сьценку – сям’я саўгасных рабочых. Прыехалі з Варонежчыны, з сямнаццацігадовым сынам, аднагодкам іхняга Альгерда…

Лепш ня згадваць пра гэта, лепш ня думаць…

Але як – ня згадваць?

Як – ня думаць?!.

Прайшлі мяккія восень і зіма, якія і не заўважыліся – пасьля пякельных сібірскіх. Рыхтаваліся да новага гаспадарчага цыклу. Бухгалтэрыя закрывала гадавыя нарады.

Зранку па даведку прыклэпаў стары Ашвілі. Яго – дзеда Атара – ведалі па ўсёй ваколіцы. Дажываў свой дзевяносты год, з вайны не прыйшоў ягоны сын. З нявесткай гадаваў дзьвюх унучак.

– Мне б нарадную даведку… За нявестку.

Сама ня можа прыйсьці, за­хварэла нешта, – нясьмела пачаў ад дзьвярэй, пераступаючы з нагі на нагу. Твар зжаўцелы, маршчыністы – як ссохлы табачны ліст, вочы хворыя, гнойныя.

– Заходзьце, дзед Атар, калі ласка, – Дубоўка загаварыў па-мінгрэльску (за паўгода крыху вывучыў гаворку). – Сядайце. Тут трэба яшчэ пахадзіць… Да брыгадзіра, рахункавода. Адпачніце, а я гэта сам зраблю. – Забраў у зьдзіўленага старога скамечаныя паперы і – з пакою.

Вярнуўся з усімі выпіскамі. Калі разьвітваўся з расчуленым Атарам Ашвілі, да іх далучыўся і галоўны бухгалтар. Стомлены, азызлы, вочы чырвоныя (пэўна, ноч ня бачылі сну), сьпешна перагаварыў з Атарам і, калі той пайшоў, сеў каля вакна і падкурыў пахкую самакрутку.

«Галбух» Грыгол Мамкелі – дабро-чалавек. Пан Рыгор, як, перайначыўшы, называў яго Дубоўка, быў самым занятым у ваколіцы чалавекам. І самым паважаным – быў тамадой. І вясёлыя, і журботныя сталы не маглі адбыцца без яго. На сваёй жа асноўнай працы зьяўляўся зрэдчас – і быў вельмі ўдзячны лёсу, што паслаў яму такога надзейнага таварыша, як гэты барадаты беларус.

– Харошы ты чалавек, дато Уладзімір… Нашы гэтага б старога хадзіць адправілі, а ты – сам… – Грыгол пыхнуў самакруткай, дым засьляпіў вочы, і ён доўга цёр іх. Грыгол меў твар клоуна: мясісты нос тырчэў набок, густыя бровы расьлі роўна і згіналіся толькі над пераносьсем, вялікія вушы, якія маглі варушыцца паасобку… – Я гэтак думаю: ты хутка зусім забу­дзеш, што паэт, а не бухгалтар. Тады ганьба будзе ўсёй Грузіі, якая паэтаў любіць і паважае. Праз дзень мой сусед будзе аддаваць замуж дачку. Я, як застольны тамада, запрашаю на вясельле цябе з жонкай. Як падарунак маладым – пачытай свае вершы…

У спакоі мінула і вясна. Зноў напоўніцу запякло сонца, заўсьміхалася ў вінаградных гронках. У абедзенную сьпёку Дубоўка хадзіў да Інгуры – праз тытунёвыя палі, па горным схіле. Клаўся за вялікім каменем у шпаркую карычнева-зеленаватую плынь, замружваў вочы – і забываўся. Вада набягала на каменную глыбу і абрывалася на яго невялічкім вадаспадам, шыпела і плёхала, і ў гэтым плёскаце яму ўсё часьцей чуліся хвальныя сьпевы неспакойнай у вецер Мястры, бацькоўскі човен і даўне-далёкі шлях па Мястры ад Старога да Новага Мядзелу.

Як даўно ўсё гэта было…

І як блізка!

Аказалася, яны з Грыголам Мамкелі нарадзіліся ў адзін час – другі (па новым стылі – пятнаццаты) дзень ліпеня. Грыгол вырашыў адзначыць сваё пяцідзесяцігоддзе на беразе мора. Наняў машыну, назапрашаў з усяго сяла сяброў – ледзь тыя паселі ў немалым кузаве (у кабіну да шафёра пасадзілі дырэктара саўгаса Сёмкіна). Не забылі і баранчыка на шашлык, не забылі і віна да яго.

Так праз дваццаць чатыры гады Дубоўка зноў пабачыў Чорнае мора. Табарам расьселіся каля Анакліі, дзе нястомная Інгуры злучалася з марскім бязьмежжам, – надзвычай лагодным і ціхім у той дзень і тую ноч.

Быў смачны пачастунак, былі доўгія вясёлыя сьпевы: і па-мінгрэльску, і па-грузінску. Грыгол упрасіў сябра засьпяваць беларускае. Гледзячы на мужа, Марыя не стрымала сьлёз, а затым нечакана далучылася да сьпеву. Яе каляжанка-настаўніца пачала чытаць верш Цэрэтэлі «Песьня Натэлы», а напрыканцы нават прасьпявала яго радкі:

Хопіць плакаць! Усе струны Я сьлязамі заліла. Не магу праз плач сьпяваць я: «Адэла-дэла-дэлала»!

Затым яна падміргнула Марыі і папрасіла прачытаць што-небудзь сваё Дубоўку. Той заўважна зьніякавеў, уздыхнуў, узьняў келіх – і прапанаваў:

Поделиться с друзьями: