Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Пайшоў да «свайго» капітана. Той ажывіўся, рукамі пацёр, моўчкі штось доўга пісаў, затым як між іншым:

– Дык што, грамадзянін ссыльны, бачу, што табе пакараньне мёдам здаецца… Асвойтаўся? Ужо і ў райспажыўсаюзе ўсімі справамі заварочваць пачаў? Ды нічога, не такіх вучылі… – і зноў укінуўся ў пісаніну, чакаючы рэакцыі на сваё.

Аднак і тут Дубоўка маўчаў: за гэтыя тры гады ён зьведаў цану маўчаньню. І капітан адкінуў аловак:

– Значыць так, заўтра перабіраешся на жыхарства ў Міхайлаўскае! Калі і там што-небудзь – знай, Сібір вялікая…

– У якое Міхайлаўскае? – спакойна

зьдзівіўся Дубоўка.

– Міхайлаўскае Яранскага раёну.

– Ведаеце, няёмкая аналогія атрымоўваецца: у Міхайлаўскае, праўда, пскоўскае, цар высылаў Пушкіна…

– Ну дык ты ж ня Пушкін! – і капітан, радасны ад сваёй шпількі, басавіта зарагатаў. – Вось папера, не пазьней як праз трое сутак адзначышся ў мясцовага міліцыянера. Калі ж што ня так, аб’яўляем у росшук – і новы тэрмін табе гарантаваны.

Дубоўка наструніўся.

– Што глядзіш, як шашок? Матай, пушкін хрэнаў!

– А ўсё ж добра… – выдыхнуў Дубоўка і павольна накіраваўся да дзьвярэй.

– Што добра? – зьдзіўлена адарваўся ад стала энкавэдзіст.

– Добра, што і ты, капітан, не Кутузаў.

Па калідоры ўсьлед ажно да самага ганку несьліся капітанскія мацюкі…

Даводзілася разьвітвацца з Яранскам, з ягоным агародам. З жонкай дамовіліся: яна з сынам пераедуць пазьней, калі будзе што-кольвек вядома з кватэрай.

Зранку, як толькі сабраўся выходзіць, – пасыльны з НКВД: загад перабірацца не ў Міхайлаўскае, а ў Шэшургу, да ўчастковага ж адзначацца ў Міхайлаўскім…

Шэшурга – звычайная глухая вёска з высокімі драўлянымі хатамі і касымі вулкамі. Калі і адрозьнівалася ад іншых, дык тым, што мела няпоўную сярэднюю школу, за якой, пакрываючы аксамітам гонтавы дах, доўгімі вечарамі прыгожа садзілася сонца.

Першы час яны жылі ў хаце ўдаўца-вяскоўца. Назапашвалі на зіму правіянт, на апошнія грошы купілі мукі, бульбы. Хлеб давялося пячы самім: крамнага не было. Гаспадар дазволіў ламаць на агародзе бураковае бацьвіньне, з якога варылі боршч, падкісьліўшы яго сыроваткай. Праўда, аднаго разу, калі жонка латашыла буракі, Дубоўка чуў, як жахнулася на тое суседка: «А Божа ж мой, траву ядзяць!..»

Да пачатку восені рамантавалі школу, дзе жонцы далі месца настаўніцы матэматыкі і дзе абяцалі пакойчык яе сям’і. Тую «кватэру» Дубоўка дарабляў сам: паставіў сьценку, падмазаў грубку, зьбіў два драўляныя ложкі, стол…

Пачалася школа. Жонка на працы. І сын з ёй на ўрокі просіцца.

Ён жа – ня ведаў, куды сябе дзець. Стаў ужо чакаць дня, калі трэба ісьці ў Міхайлаўскае да ўчастковага – сем кіламетраў праз лес у адзін бок, сем – назад.

Было надзіва цёпла. Сонца стаяла высока над Міхайлаўскім, люстравалася ў шыбах дагледжаных хат, кунежыла пажаўцелае лісьце.

Насустрач яму па падсохлай дарозе нясе ваду стрункая жанчына – у доўгай спадніцы, вязанай прыталенай кофце. Заліхвацкія сонечныя зайчыкі скачуць у вёдрах, іскрацца ў вачах.

Разьмінуліся, і ўжо сьпіною ён адчуў, што жанчына стала. Яе чарнявы прывабны твар падаўся знаёмым. Азірнуўся – у адказ усьмешка.

– Што, не пазнаў, матросік?!

Хвіля неўразуменьня, пасьля чаго жанчына ставіць вёдры, грацыёзна выпростваецца і дадае:

– А каб не твая суконная коўдра, я б, пэўна, заледзянела на тым параходзіку…

Так-так,

іржавы параходзік, сьцюдзёная Вятка. Ён у кажуху і валёнках…

– Дык можа, выратоўца, і ваду дапаможаш данесьці? – голас мяккі, бадзёры.

Дубоўка і не заўважыў, як увайшоў у абгароджаны высокім штыкетам двор, затым у хату.

– Вось як жыцьцё закручана, – весялей зашчабятала жанчына. – Усе мы кругамі, знаць, ходзім. – І пачала зносіць на стол пачастунак: хлеб, агуркі, сала. Зьнікла на секунду за шырмай – і зьявілася ўжо акуратна прычасанай, з загорнутай у газету бутэлькай:

– Мы ж так і не пазнаёміліся. Мяне Натальляй завуць… Натальля Лебедзева, – падсунула да яго талеркі, спрытна наліла ў чаркі пахкай самагонкі. – Давайце за сустрэчу…

Выпіўшы, Натальля загаварыла яшчэ весялей: і пра тое, што з суму ня ве­дае, куды падзецца, і пра гаспадароў, якія зьнікаюць з хаты да самага вечару.

– Ты мне яшчэ там, на цеплаходзе, прыглянуўся, – горача зашаптала пасьля другой чаркі. – А тут гляджу – і вачам ня веру…

Хмель апаноўваў імгненна. Ацяжэлі ногі. Паспакайнела, пацяплела на душы. Хацеў распытаць у Натальлі, адкуль яна і за што сюды трапіла – а тая падміргнула зухавата і, сьмеючыся, прыкрыла яму далоньню рот, адышла і прысела на ложак, разгладзіла сукенку – і пальцам яго да сябе паклікала. І кофту расшпільваць пачала. А пад ёй – ні сарочкі, ні станіка.

– Ну што асалавеў? Дзьверы я зачыніла… – зноў падышла да стала, прысела яму на калені, абняла за шыю, нацялася, як струна. Грудкі цьвёрдыя, па радзімцы на кожнай…

Ад нечаканасьці ў яго загуло ў скронях, юрлівы жар асыпаў цела. А яна ўжо цалавала яго – у шчокі, у шыю.

– Слухай, – далікатна прыпыніў ён, – давай яшчэ па кроплі вып’ем… – і ўжо сам наліў: ёй цэлую, сабе – палову.

– Каб менш быць адным, – яна высока ўзьняла чарку, прытуліла да вуснаў і хутка пачала піць. Аднак, па ўсім відно, рабіць гэтага ня ўмела: адчайна моршчылася, уздрыгвала ўсім целам. Тонкі струменьчык зьбег па яе ўзьнятым падбародку, па маладой шыі – у лагчынку паміж грудкамі. І ніжэй, пад нерасшпілены гузік.

Жанчына нечакана хітнулася, і Дубоўка падхапіў яе на рукі, паклаў на ложак, ахінуў краем вылінялай грубаватай коўдры, каб прыкрыць галізну.

– Прабач, жанаты я… – сказаў упэўнена, а ўжо ад дзьвярэй, адкідваючы зашчапку, дадаў: – Дзякуй вялікі…

…Напрыканцы кастрычніка па дарозе (гразі бездарожжа) з Міхайлаўскага яго дагнаў верхавы на прыгожым шэрым у яблыкі кані. Спыніўся, разгледзеў з галавы да ног – і далей пагізаваў – у Шэшургу, толькі гразь запырскала на конскі зад і ягоны вайсковы брызентавы плашч.

А дома жонка ў дрыготкіх руках паднесла абмазаны сургучом канверт: «Верхавы прывёз…» Тэксту – некалькі падсьлепаватых машынапісных радкоў: «…неадкладна зьявіцца ў Яранск у НКВД з рэчамі…».

Яна зноў моцна захварэла. Балела галава, страшна апухлі вушы. З тыдзень магла толькі сядзець у ложку. Дапамагалі настаўніцы, зрэдку прыносілі Альгерду што-кольвек з ежы, а то і бралі яго на дзень да сябе.

Адзінае адхланьне – сон, з якога яна выходзіла цяжка, стомна, ужо і засынала з боязьзю – а раптам не прачнецца… Урэшце фельчар даў нейкай вадкасьці з бромам, і хвароба адступіла.

Поделиться с друзьями: