Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Да Тбілісі Дубоўку суправаджалі два канваіры. Перад тым як накіравацца да турмы, зайшлі ў чыгуначную рэстарацыю. Замовілі рознага, і пра каньяк не забылі.

Праз паўгадзіны адзін з канваіраў – старэйшы па ўзросьце – паклікаў афіцыянта, каб разьлічыцца. Той прынёс рахунак – і спытаў па-грузінску:

– Хто гэта з вамі?

– Паэт з Беларусі. Яго ўжо чацьвёрты раз забіраюць…

– Во як? – прыцмокнуў афіцыянт, скруціў рахунак і піхнуў у кішэню: – Хай адсохне ў мяне рука, калі я цяпер вазьму грошы з гэтага чалавека.

Пакланіўшыся, ён прыхільна зірнуў на Дубоўку – і пачуў ад яго таксама

па-грузінску:

– Дабра табе, сонечны сябар.

Адзін з канваіраў пачаў зьбірацца, і старэйшы хмура асадзіў яго:

– Куды ты сьпяшаешся? Куды, я цябе пытаю?..

Калі Марыя зазьбіралася ў Тбілісі, дырэктар школы суцішваў:

– Не хвалюйся, заменім твае ўрокі. Ты толькі ад нас прывітаньне мужу перадавай…

У Тбілісі – пад чатырыста кіламетраў у адзін бок – яна езьдзіла чатыры разы. І чатыры разы ёй шчасьціла з сустрэчамі. Апошні раз яе выклі­калі «афіцыйна» – перад адпраўкай мужа на вечнае (апяклі яе гэтыя словы турэмнага дзяжурнага) пасяленьне…

14.

…Тайга – гэта маці для добрых людзей, –

ліхога ня пусьціць далёка.

У багну яго завядзе, завядзе, –

схавае глыбока-глыбока…

Уладзімер Дубоўка.

Эшалон спыніўся ў Канску. Кароткае краснаярскае лета было ў зеніце, у вагонах – духмень, а ад салёнага правіянту люта даймала смага.

Ссыльных вывелі з вагонаў. На прывакзальным пляцы, адгароджаным з аднаго боку – драўляным плотам, з другога – жалезнымі рэйкамі (а па перыметры – канваірамі), усе чакалі «рассартаваньня».

Прасілі вады, але ўсе, хто ішоў паўз плот, нібыта ня чулі тых просьбаў.

– Што за людзі? – абураўся тбілісец Гогі, паўнаваты маладзён з арлінай зьнешнасьцю. – У Грузіі б ужо і віна не пашкадавалі.

– Але грузіны тут не жывуць, – азваўся Дубоўка. Ціха прыўстаў і зірнуў скрозь штыкетнік. – Вось зараз знайду беларуску, і яна нас выручыць.

– А як жа ты яе пазнаеш? – усьміхнуўся Гогі.

– Пазнаю, – запэўніў Дубоўка, затым наўгад выбраў самую бялявую дзяўчынку з авальным тварыкам і ціха, каб не прыцягнуць канваірскай увагі, паклікаў:

– Дзяўчынка, як цябе завуць?

Тая нерашуча падышла да плота, зірнула зьдзіўленымі валошкавымі вачыма і, падумаўшы, адказала:

– Зіна.

– А дзе ты жывеш?

– Вось той дом, побач з вакзалам. – І тыцнула туды пальцам.

– Зіначка, калі ласка, прынясі нам вады. Толькі ня поўнае вядро, каб не было цяжка.

Зіначка не забыла і кружку… Затым схадзіла яшчэ, і яшчэ… Пакуль усе спатольна пілі, Дубоўка распытаў яе пра бацькоў. А яна ў адказ усьміхалася і шчабятала:

– Тата тут працуе. І мама… Яны казалі, што раней мы жылі ў нейкай Оршы.

– Дык, выходзіць, мы з табою землякі, беларусы! – абрадаваўся Дубоўка і падміргнуў зьдзіўленаму Гогі. – Падарунка ў мяне, каб аддзячыць, на жаль, няма. Хіба, можа, гэтакі… – ён дастаў з кішэні вучнёўскі сшытак і алоўкам акуратна напісаў на першай старонцы свой верш «О Беларусь, мая шыпшына», затым нябачна – у пустым вядры – перадаў дзяўчынцы. – Гэта табе, Зіначка. Будзь здаровай і шчасьлівай.

А праз паўгадзіны яна прыйшла з маці.

– Дзе тут мой зямляк? – бадзёра

спытала жанчына, такая ж бялявая, як і дачка, толькі вочы шэрыя, стомленыя. І перадала Дубоўку важкую торбу – гасьцінец.

– Дзякуй вам, добрыя людзі… – зьніякавеў той і, уздыхнуўшы, папрасіў: – А можна, я сваёй жонцы напішу ваш адрас? Яна хутка прыедзе сюды… Дык, пакуль адшукае мяне, пабыла б у вас.

– Канешне, пра што размова…

Аднак Дубоўку накіравалі ў суседні Абанскі раён, амаль на сто кіламетраў паўночней. Там, у сяле Усьцьянск, было свабодным месца выкладчыцы нямецкай мовы, і, думаючы пра жонку, ссыльны напрасіўся туды.

Тры дні Марыя жыла ў Канску ў сям’і Зіначкі – чакала, калі з Зугдзідзі прыедзе багаж. А затым знайшла папутную «трохтонку» і з усімі рэчамі (каструлі, керасінка, прас, вопратка, коўдры) накіравалася ва Усьцьянск.

Дарога пыльная, уся ў ямах. А вакол – незвычайная чорная зямля і… сусьлікі, цэлыя сем’і сусьлікаў. Выцягваюць шыйкі і зьдзіўлена праводзяць машыну…

Пачуўшы каля чайной грузінскую мову, Марыя адразу ж здагадалася, што гэтыя два мужчыны ў памятых шапках – мужавы аднаэтапнікі.

– Даражэнькія, ці ня ведаеце вы, дзе жыве ссыльны Дубоўка, беларус… Яго з Тбілісі сюды прывезьлі, – запытала нясьмела.

– Ведаем, – абудзіліся мужчыны. – Толькі ён цяпер у лесе, на нарыхтоўцы. Давайце мы дапаможам перанесьці вашыя рэчы, а тады й пашлём па мужа…

За тыдзень яны больш-менш абжыліся на новым месцы, і Дубоўку зноў паклікалі ў брыгаду – нарыхтоўваць дровы для дзіцячага дому. Бярвёны канём сьцягвалі на лясную паляну, затым пілавалі. Калоць даво-д­зілася Дубоўку – як найбольш дужаму і сталаму з усёй брыгады (у якую сабралі школьнікаў-падшыванцаў і зусім нядошлых старых).

Перад абедам, калі ўсе сабраліся каля вогнішча, яму заманулася схадзіць да крыніцы – з паўкіламетра ад паляны, бліжэй да дарогі. Лес там быў стары, пагудасты, дарога, здавалася, ледзь праціскалася скрозь тоўстыя яліны.

І тут нечакана зусім побач – крык. Дзявочы крык:

– Ратуйце! – і праз сполашны стогн: – Пусьці мяне, пу-усьці! Не чапай…

Дубоўка адхінуў яловую лапу – і вачам не паверыў: азызлая сьпіна брыгадзіра, пад ім, нібыта тонучы ў імху – дзяўчына. Гнеўны алтайскі твар яе – зморшчаны… Стукаціць кулачкамі па брыгадзірскім жываце, пішчыць, а гвалтаўнік, пасопваючы, ужо заломвае яе рукі…

Нічога не гаворачы, Дубоўка падняў брыгадзіра і адкінуў да яліны. Увомірг ускокнула і з крыкам зьнікла ў лесе дзяўчына (і адкуль сюды патрапіла?).

Агоўтаўся брыгадзір:

– Ты яшчэ ўспомніш пра гэта… – злосна аддыхваецца і сплёўвае пад ногі. З носа цячэ кроў – напамін ад дзявочых кулачкоў. – Яшчэ пашкадуеш!

– Я, смаркач сабачы, ужо дваццаць гадоў успамінаю, – уздыхнуў у адказ Дубоўка. – І не такіх сцыкуноў, як ты!

А праз дзень яго выклікалі ў аддзел МДБ. Налыса стрыжаны капітан перагартаў ягоную справу і прасіпеў:

– Што ж гэта вы, грамадзянін Дубоўка, рукапрыкладствам займаецеся? Ды яшчэ пры гэтым на Савецкую ўладу нагаворваеце? Як там?.. – і зазірнуў у паперы: – Дваццаць гадоў яна ў вас адабрала? Не разумееце аніяк нашай навукі. – Памаўчаў, пашкроб патыліцу – і вынес пры­суд: – Зьбірай свае манаткі й …іздуй у Почэт, каб пра цябе тут ня чулі.

Поделиться с друзьями: