Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Я прадаю ўсю сваю маёмасьць: хату і ўсю гаспадарку, і едзем у Маскву. Буду праязджаць праз Мурам, калі здолееш, то спаткай мяне, пагаворым хоць некалькі хвілінаў…».

2.

Вырвацца з наседжанага і зробленага сваімі рукамі гнязда – няпроста. Купцоў на гаспадарку знайшлі хутка: Почат рос, абзавёўся электрастанцыяй, клубам, новымі сем’ямі. З сабой пакідалі толькі самае неабходнае.

– Вось каб наш садок забраць, – ужо некалькі разоў загаворваў Дубоўка і зноў абыходзіў, разьвітваючыся, свае саджанцы.

– А з гэтым што рабіць будзем? – паказвала жонка на цэлую скрыню рубанкаў,

фуганкаў, стамесак.

– Іх я не магу пакінуць! – гаспадар быў катэгарычным. – Забяром…

Зноў паўмесяца дарогі, шмат перасадак. У Мурам прыехалі з вялікім спазьненьнем, ноччу. Калі Дубоўка выйшаў на пусты перон – вачам не паверыў: дачакаўся-такі яго Пушча!

Толькі абняліся – а цягнік адыходзіць.

– Ну нічога, цяпер прасьцей пабачыцца будзе. Дзякуй, што сустрэў, – Дубоўка дагаворваў ужо з вагону.

У Маскве, пакуль зьнялі жытло, жылі ў невялічкай сестрыной кватэры. На другі ж дзень паехалі на станцыю Вярбілкі, на магілку Альгерда. Магілка прыбраная (прыглядала сястра), побач – клёнік у сілу ўбіраецца.

– Лепш бы я за яго тройчы з жыцьця пайшоў, – толькі й змог вымавіць Дубоўка за ўсю тую паездку…

Другога сьнежня ён быў у Менску. Узяў і натарыяльна заверыў новыя даведкі з Вярхоўнага суда, паводле якіх адмяняліся (за недаказанасьцю абвінавачваньняў) і пастановы ад 1931-га і 1935 гадоў, і ўжо з імі пайшоў у Саюз пісьменьнікаў.

З Броўкам не пабачыўся, затое была новая сустрэча з Алесем Якімовічам, колішнім знаёмцам – па яшчэ дваццатых. Дубоўка некаторы час узначальваў рэдакцыю дзіцячага часопісу «Піянер Беларусі», а Якімовіч быў яго супрацоўнікам.

І вось – шчыра ўзрадаваўся, абняў, пасадзіў за свой стол (Якімовіч працаваў у саюзным апараце).

– А мы ўжо занепакоіліся, дзе гэта ты дзеўся, – крактануў і паклаў перад Дубоўкам аркуш паперы. – Пішы аўтабіяграфію, а тут… – дастаў з шуфляды друкарскі разьлінеены бланк, – узгадай сваё апублікаванае. – І падсунуў асадку.

Дубоўка размашыста ўпісаў асноўнае з адвучанага-адпрацаванага, а калі дайшоў да 1930-га, спыніўся. Зірнуў на Алеся, нібы жадаючы штось спытаць, абмакнуў пяро – і з абзаца: «У 1930 г. выбыў з Масквы на Усход СССР (даведкі № 1, 2, 3). На цяперашні час працую рабочым, хварэю (інвалід ІІ групы)». Ніжэй – дату і подпіс.

– Тут яшчэ, кажуць, тры рэкамендацыі патрэбны, – адзначыў, як між іншым.

– Так. Табе, разумею, нязручна. Я сам дагаваруся. Адну сам напішу, – адказаў Алесь. – А дзьве… Глебку і Лужаніна папрашу. Толькі пакінь адрас, каб выклікаць на прыём.

А потым Якімовіч вызваўся праводзіць на вуліцу.

– Я рады, што ўсё з табой на свой круг паварочваецца. – расшчырыўся ён па дарозе ў гасьцініцу. – Цяпер галоўнае табе – агледзецца і пачаць зноў пісаць. І не зважаць на розныя старынкі…

– Гэта ты пра што? – не зразумеў Дубоўка.

– Ды так… Яшчэ ня ўсе тут старое павыкідвалі з галоў… Вось, скажам, Крапіва. Нядаўна кнігу выдаў, а там, у каментарыях, яшчэ берыеўскія характарыстыкі на цябе, Пушчу ды іншых. Мы яму: «Можа зьняць гэта? Яны ж рэабілітаваныя». А ён: «Гэта яшчэ паглядзім!»

– Канешне паглядзім! – упэўнена ўсьміхнуўся Дубоўка, чым заўважна зьдзівіў суразмоўцу.

Якімовіч стрымаў слова: напісаў рэкамендацыю, папрасіў іншых, а на Новы год, віншуючы Дубоўкаў, паведаміў, што паседжаньне прэзідыума праўленьня Саюза пісьменьнікаў адбудзецца ў сакавіку. Ажно ў сакавіку…

А іншыя «рэкамендатары» цягнулі да апошняга.

«Ул. Дубоўка выступіў у беларускай літаратуры ў пачатку 20-х гадоў.

Ужо першыя яго вершы звярнулі на сябе ўвагу сваёй арыгінальнасцю і сапраўднай мастацкасцю. Неўзабаве, калі з друку выйшлі кнігі паэта «Строма», «Трысцё», «Там, дзе кіпарысы», «Credo», «Наля», паэмы «Браніслава», «Кругі» і рад іншых, творчасць Ул. Дубоўкі набыла ўсеагульнае прызнанне. Больш таго, многія паэты 20-х гадоў пачыналі сваю работу пад безумоўным уплывам паэзіі Ул. Дубоўкі…»

Гэта з рэкамендацыі Глебкі, датаванай 11 сакавіка 1958 году. Глебкі, якога ў тых, 20-х, апекаваў ва «Узвышшы» Дубоўка, якога, маладзейшага на пяць гадоў, вучыў. І, калі ня мог пабачыцца, дасылаў лісты, – як гэты, з Масквы, пасьля выхаду ў 27-м Глебкавай кніжкі «Шыпшына»:

«…З усіх іншых зборнікаў “Шыпшына” вылучаецца цэльнасьцю і апрацаванасьцю. Гэта плюс. Мінусамі можна было б лічыць некаторыя ўплывы, у тым ліку і мой. Пра іншыя хібы пагаворым у Менску. А зараз не магу не падзяліцца з табой сваімі пажаданьнямі адносна далейшай тваёй працы. Апрача вывучэньня тэарэтычнай літаратуры <…> старайся больш чытаць…».

Але гэта было ў тым жыцьці, нават па-за-тым, а ў гэтым яму пісаў рэкамендацыю на права быць прафесійным пісьменьнікам не ягоны вучань, а савецкі акадэмік:

«Вершы і паэмы Ўл. Дубоўкі насычаны глыбокім пачуццём, арыгінальныя і дасканалыя па сваёй форме. Яны былі прысвечаны станаўленню і ўмацаванню савецкай рэчаіснасці, у іх паказвалася барацьба працоўных Заходняй Беларусі супраць белапанскай акупацыі<…>, адлюстроўвалася жыццё ў старыя дарэвалюцыйныя часы…».

Аднак улашчаны акадэмік ня мог забыць і напісаны ім, яшчэ не акадэмікам, артыкул «Нацдэмаўшчына, замаскаваная марксісцкай фразай», апублікаваны тады, калі Дубоўка чакаў прысуду ў турме на Валадарскага: «Творчасьць Уладзімера Дубоўкі, ад першага зборніку “Строма” і да апошняга так званага “комбайну” “Штурмуйце будучыні аванпосты”, зьяўляе сабою адзіны і просты шлях ад нацыяналістычных момантаў да закончанага контррэвалюцыйнага беларускага нацыянал-дэмократызму», ня мог забыць, а таму і зрабіў (на ўсялякі выпадак) у рэкамендацыі агаворку:

«Праўда, у некаторых творах, асабліва паасобных лірычных вершах паэта(,) часамі адчуваўся нейкі невыразны налёт смутку, а некаторыя творы канца 20-х гадоў мелі і сур’ёзныя ідэйныя недахопы. Аднак пры ўсіх гэтых ідэйных хістаннях асноўная творчая лінія была накіравана на жыццесцвярджэнне савецкай рэчаіснасці…»

«Ну, гэта ўжо штосьці, гэта ўжо не прыклейваньне мне, як калісьці, Кайзера, Пілсудскага ды Балаховіча… – думалася Дубоўку, чытаючы рукапісную рэкамендацыю колішняга сябра. – Толькі ж да чаго ты, Пятро, сам дакаціўся з гэтай савецкай рэчаіснасьцю… Перагартаў я твае апошнія зборнікі, і як ты з гэтым жыцьмеш? Там жа праз старонку – песьня Сталіну, праз старонку – гімн яму…»

Лужанін напісаў рэкамендацыю – па-расейску – 12 сакавіка – у дзень паседжаньня прэзідыума. І Дубоўка прачытаць наступнае ня мог:

«Дубовка Владимир Николаевич – автор многих известных книг и поэм, зрелый мастер стиха, знаток народного языка, отличный переводчик Пушкина, Байрона… Стихи Дубовки свидетельствуют о большом поэтическом даровании, он тонкий лирик и мастер эпических форм. Поэт успешно разрабатывает разнообразные темы, произведения его отличаются яркостью поэтической мысли, полновесными средствами изображения, цельностью и завершенностью построения… Все это дает полное основание рекомендовать товарища Дубовку В. Н. в члены Союза Советских писателей».

Поделиться с друзьями: