Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Круглы год. Хоку беларускiх паэтаў

Антонаў Андрэй

Шрифт:
* * *
Нізкая вярба ўсё кранае на вадзе адлюстраваньне.
* * *
Ноччу падаў сьнег, а нараніцу растаў — цёплая зямля.
* * *
У чаўне вада, на вадзе — срэбра поўні і тонкі лёдзік.
* * *
Вельмі многа сплю, дык чаму цалюткі дзень пазяхаецца?
* * *
Далёка
ў небе,
марозным сінім ранкам сканала зорка.
* * *
Квітнее сьліва. О, не-не — падалося… Навокал шэрань.
* * *
Дробныя зоры востра міргалі, золкасьць, час разьвітаньня.
* * *
Стары чалавек спытаў у вялікай гары: — Ці гэта зноў сьнег?
* * *
Цёмны шэры ліст падае на першы сьнег, нахіляюся.
* * *
У вакно гляджу, на стале астывае шклянка малака.
* * *
Над таполямі шэра-маціцовае неба студзеня.
* * *
Сонны настрой — вуркоча рэпрадуктар, слоў не разабраць.
* * *
Гляджу на шэрань і не магу пакінуць занятак марны.
* * *
Мокрая далонь — бо на ёй дадому нёс першы цёплы сьнег.
* * *
Марозны ранак, двухгадовая дачка шукае поўню.
* * *
Падняўшы з долу, павесіў на галіну дзіцячы шалік.
* * *
Ціха, сьняжынкі на паркавыя вазы апускаюцца.
* * *
Надпіс на сьнезе, вецер схапіў і панёс белую думку.
* * *
Белая шыба; сонечны, марозны дзень толькі пачаўся.
* * *
Шэрань на слупах. Не спыняецца цягнік ля вясковых хат.
* * *
Сваім холадам бела-блакітны аркуш запалохвае.
* * *
Парэзаў палец, выціраю цёмную кроў зь белага стала.
* * *
Згадаю вясну — сьнег і лёд на імгненьне зазелянеюць.
* * *
На
ўчарнелы парк
зноў зімовыя дажджы сеюцца штодня.
* * *
За нізкім плотам цяпла й вясны чакае гарод пад сьнегам.
* * *
Апякаюць твар вецер і сьнежаньскі дождж, лёд на паліто.
* * *
Цаліком іду, сорак дзён парожняя дзедава хата.
* * *
Пануе шэрасьць — на местачковым пляцы туман адліжны.
* * *
Засьнежаны сквэр, сабачы брэх над рэчкай разьлягаецца.
* * *
Качар на хвалях вузкай балотнай рэчкі, сьнег на берагах.
* * *
Пяро на сьнезе кінула чорная птушка, каму, як ня мне?
* * *
Так па-японску — празь белыя жалюзі глядзець на зіму.
* * *
За вакном ляціць вечарова-чорны сьнег праз маю душу.
* * *
На зялёны лёд бела-жоўты цяжкі сьнег падае праз дождж.
* * *
Вечар, ліхтары над пустой дарогаю нахіліліся.
* * *
Шафа зь люстэркам, там сьпяць пах нафталіну і зімовы дух.
* * *
Мяккі сьнег ляціць; раптам шэры матылёк у памяці ўзьнік.
* * *
Брудны шэры сьнег вечаровае сонца пазалаціла.
* * *
Чужы чалавек прапанаваў зь ім выпіць моцнай гарбаты.
* * *
Навокал сьнегу — ні прайсьці, ні праехаць — насыпаў люты.
* * *
Цьвярозы мароз, за лесам вежавы кран, лілёвы вечар.
* * *
З дачкой на руках дамоў, на пяты паверх, падымаюся.
* * *
Чорная кава астыла канчаткова, нарэшце — крокі.
* * *
Сьвятло зьбіраю, каб асьвятляць сьвет сноў зімовай ноччу.
Поделиться с друзьями: