Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

У мястэчка ўжо месяц як увайшла рота расейскіх жаўнераў. Разам з імі прыехаў са сваімі падначаленымі і капітан жандармерыі Фогель. Прыстаў Вусаціха зусім пасмялеў. Праўда, ні сялян, ні шляхту, нават самую дробную, прыстаў не чапаў.

Расейскіх жаўнераў спачатку пабойваліся, але праз некалькі дзён прыгледзеліся і прывыклі. Яны былі звычайныя, падняволеныя людзі. Шчырыя і бяскрыўдныя. Асабліва прыхільна да іх ставіліся ўдовы і меншыя з дзяцей. Як жа ж — гэта былі тыя самыя маскалі, якімі гэтулькі страшылі: «Чаму не закрыў нанач хату? Маскаль, чаго добрага, прыпрэцца…»

Неяк у эканомію завітаў капітан Фогель. Ён быў надзіва ветлівы, усё распытваў пра радзіну Налётак-Чарняўскіх. Гаварыў, што проста закаханы ў адну з дачок пана-аднадворца. У якую — не прызнаўся. У ягоных вачах аканом

чытаў, што ён ведае ўсё, але проста да пары да часу не хоча раскрывацца. На развітанне пакінуў нейкую паўстанцкую інструкцыю, якую знайшлі нядаўна пры вобыску праезджых.

— Прачытайце, васпан такога яшчэ не чытаў. — Жандар падаў гаспадару эканоміі лісціну паперы.

Аканом тупа ўставіўся ў радкі.

«Пастанова Рэвалюцыйнага трыбунала з абвяшчэннем маршалка А. Дамейкі па-за законам. 25 чэрвеня 1863 года…»

— Навошта мне гэта? — спалохана прамовіў Урбановіч.

— Чытайце, чытайце… Уголас чытайце…

— «Рэвалюцыйны трыбунал Віленскага павета, зважыўшы, што грамадзянін Аляксандар Дамейка, спаўняючы пасаду маршалка Віленскага ваяводства, выказваў стала на працягу апошніх чатырох гадоў рэакцыйныя памкненні… — мармытаў Урбановіч, — што… пад націскам Масквы, з-за нікчэмнай слабасці… нягледзячы на папярэджанне пра завочны прысуд, не даў тлумачэнняў і такім чынам адкрыта адмовіўся падпарадкоўвацца законнай уладзе…» Не, не магу… Літары расплываюцца…

— Тады давай я прачытаю. — Жандар забраў паперыну, стаў чытаць: — «Што, прыняўшы зноў пасаду маршалка, імкнецца цяпер скласці ад імя шляхты незаконны вернападданніцкі адрас цару і зрабіўся праз гэта поўным адступнікам народнай справы, на моцы артыкула другога крымінальнага права ад 2 чэрвеня 1863 года аб'яўляе грамадзяніна Аляксандра Дамейку здраднікам айчыны і таму вынятым з-пад аховы закона. Дано ў Вільні 25 чэрвеня 1863 года…»

— На што вы намякаеце, спадар афіцэр? — трывожна спытаўся аканом.

— Прыйшоў час вызначыцца, — ужо ў дзвярах сказаў жандар. — Я вас не падганяю, ёсць час падумаць.

Аканом падняўся з крэсла. «Варта неяк залагодзіць гэтага службістага… Але якім чынам?»

— Пане афіцэр, спадар Фогель, — на мяжы ліслівасці праказаў Урбановіч. — Вы анёл-захавальнік маёй радзіны. Вы ўжо зрабілі нам гэтулькі ласкі…

— Во, во. Паперку я вам пакіну. У напамінак. І дайце пачытаць вашай пані.

«Ці не вымагае ён хабару, — падумаў аканом, калі жандар пайшоў. — Але як яму даць? Адкрыта не возьме, афіцэр усё-ткі… Пра Аксаніна камісарства таксама ведае…. Ой, узяў на кручок, дык узяў. І не за губу, калі можна абарваць, а ў горла ўсадзіў…»

Становішча аканома рабілася двухсэнсоўным: з аднаго боку — ягоная жонка магла быць арыштавана ў любы момант; з другога — ён, Урбановіч, мусіў падпісаць вернападданніцкі адрас, каб гэткім своеасаблівым чынам загладзіць віну жонкі. На гэта і намякаў Фогель.

— Радасць мая… Што з табой будзе? — шаптаў аканом, думаючы пра Аксану.

Часам да аканомавай заходзіў Ясь Кавалец. Памяняць кніжкі, якія браў чытаць. Прыходзіў з Інсургентам. Цяпер воўк настолькі падужэў, што не ён ад сабак, а яны ад яго ўцякалі. Праўда, Ясь пакідаў свайго ўлюбёнца за брамай эканоміі — не дай Бог улезе куды. Але перасцярога не дапамагла. Аднойчы ўскочыў у парк і задушыў ажно двух хартоў. Быццам памятаў былыя крыўды.

Выклікалі Яся. Той прызнаўся, што Інсургент уцёк і ад яго. Відаць, баіцца кары. Кавальца папярэдзілі, што будуць пільнаваць сабак са стрэльбамі. Мондрык і напраўду хадзіў да апоўначы са стрэльбай, але хартоў не ўпільнаваў — воўк загрыз двух апошніх. Праўда, сучку са шчанятамі не крануў.

3. Апантанасць

Аднойчы Аксане прынеслі цыдулку. У ёй рукой Людовіка было напісана: «Трэба пагаварыць». Пакуль ехала ў брычцы да Бароўскіх, думала пра задушаных хартоў. Выходзіла, што аблезлыя харты — то паны, а воўк-пройда — звыродак зямлі, істота ад зямлі, мужык, хлоп, селянін, які знішчае ўсё панскае, выкшталцонае, няздатнае для суворага жыцця. Гэтая думка прыгнятала Аксану. Яна бачыла, адчувала і разумела, што паўстанне згасае. Асабліва балюча было ўсведамляць, што тыя людзі, якіх

яна ведала, аказаліся такімі бездапаможнымі ў вайсковай справе.

Ехала праз мястэчка і ўбачыла каля карчмы некалькі расейскіх жаўнераў. Глянула на іх проста, без ганарлівасці. Яна лавіла сябе на тым, што гэтыя людзі ёй ненавісныя, але ці былі яны вінаватыя? Ці вінаваты былі сам жандар Фогель, прыстаў, спраўнік? Калі так думаць, то не вінаваты быў і цар і ніхто не вінаваты. Такім было жыццё: мацнейшы, дужэйшы топча слабейшага.

Яна чакала сустрэць Людовіка бледным, знядужаным, як і павінна быць пасля хваробы ці ранення, але, надзіва, убачыла яго здаровым і нават вясёлым. Толькі вочы як запаліў.

— Там такая мясціна была, Гантарня называецца, — пачаў ён без прадмовы, калі яны зачыніліся ў ягоным пакоі. — Там усё і адбылося. Цяпер я ведаю, што супраць нас выступіў маёр Крэмер — пружанскі ваенны начальнік. Выступіў з сваім войскам на адшуканне паўстанцкіх атрадаў. Манюкін — галоўнакамандуючы расейскімі войскамі ў Гарадзенскай губерні — загадаў яму не цырымоніцца. Аксанка, каб ты ведала, да чаго ўсё было неарганізавана…

— Колькі вас было?

— Дванаццацёра…

— Усяго?

— Я лічу конных. Пешых было дзесяткаў тры-чатыры. З іх стралкоў дзесяткі два.

— А куды ж падзеліся астатнія?

— Куды? — Людовік зіркнуў на Аксану. — Скажам так — адсталі. У абозе шмат было. Мы выйшлі на кіраўніка інсургентаў, камісара ваяводства Гарадзенскай губерні Ануфрыя Духінскага. Ён з адстаўных. Палкоўнік, прыбыў з Парыжа. А камандзірам быў Валеры Ўрублеўскі… Сябра Каліноўскага, ягоны бліжэйшы паплечнік. Мы выставілі ў лесе конны пікет, бо ведалі, што супраць нас выступілі жаўнеры. А тут прыляцелі выведнікі, дакладваюць, што наш конны пікет разбегся. Як? А так! Казакі аднаго захапілі ў палон. Тады мы выставілі стралковы ланцуг. Некаторыя залезлі на дрэвы. Бачым, ідуць. Мы падпусцілі іх на пяцьдзесят крокаў і далі залп. Крыкі, гвалт, енкі паміраючых… Нам падалося, што расейцы адступілі. Адразу такое натхненне з'явілася… Адзін з слонімцаў, памятаю, усё крычаў: «Панове, храбрэй, іх бардзо мало, адна рота стрэльцаў. Мы іх вшысцкіх паб'ём!» Мы сядзелі ў даволі густым лесе, а тыя нападалі па рэдкаватым. Пасля першых стрэлаў бачым, напраўду адступаюць маскалі. Вось была радасць! Інсургенты без каманды кінуліся наперад. І адразу трапілі пад кулі. Пасыпаліся, як абмалочаныя снапы, сталі падаць… У іх не нашы пістонаўкі — як дзерануць залпам, дык толькі трэскі ад дрэваў адскокваюць, не ведаеш, куды хавацца. І не відаць нічога, не чуваць камандаў… Дым, лямант, неразбярыха. Расейцы, узбадзёраныя, у сваю чаргу кінуліся ў атаку, ды так раз'юшана, бягом, штыкамі размахваюць, страляюць, крычаць шалёна. Нашы, якія ў атаку пайшлі, уцякалі па тым лесе хто куды. Дабеглі да касінераў, спыніліся, але тут таксама — адкуль толькі ўзяліся? — расейцы атакуюць. З флангаў абышлі. Артур зразумеў, што настаў час самых рашучых дзеянняў. На каня і ўсіх нашых конных павёў у абход, каб ударыць расейцам у фланг, з левага боку. Але ў гэтай неразбярысе ўсё перамяшалася, пераблыталася… Пакуль Артур аб'язджаў сваіх жа, якія мітусіліся ў паніцы і вэрхале, расейцы ўмацавалі фланг. Была флангавая сутычка, якая фактычна не прынесла поспеху, бо фланг расейцаў прарваць не ўдалося. Нашыя спешыліся, сталі страляць. А расейцы па цэнтры вядуць метадычны абстрэл і падступаюцца да абозу ўсё бліжэй і бліжэй. Мы кідаліся ў атаку разоў шэсць… Не, болей… Падымаліся з крыкам: «За радзіму, за айчыну, за волю, за Бацькаўшчыну, за Беларусь, у рэшце рэшт…»

— Так і крычалі?

— Але, крычалі. Ды расейскі кулявы агонь быў такі шчыльны, што нашыя падалі адзін за адным. Сапраўдная бойня. Кроў хлішча…

— Але і вы стралялі? І некага забілі?

— Канечне! Да вечара столькі трупаў валялася, і нашых, і расейцаў, па ўсім лесе… Пад ногі глядзелі, каб не наступіць на чалавека. Карацей, як сонца добра схілілася, гляджу, інсургенты па два-тры чалавекі сталі пакідаць пазіцыі… Прасцей кажучы, разбягацца.

— Разбягацца?

— Так, разбягацца. Кідалі зброю, зрывалі камандзірскія адзнакі і ўцякалі. І ніхто не мог стрымаць іх… Што ты хочаш, цывільныя людзі… Аднаго натхнення, каб ваяваць, мала. Разумееш, ваяваць — гэта забіваць людзей. А гэтаму трэба ву-чыц-ца!

Поделиться с друзьями: