Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

Бароўскі подняў бровы, забожкаў.

— Ёсць звесткі, што ваш сын Людовік… — спраўнік змоўк, каб падшукаць больш далікатныя словы. — Быў сярод… грабежнікаў.

— Сярод польскіх бандытаў, — удакладніў Фогель і зняў з блакітнага кіцеля смяцінку.

Бароўскі збялеў. Рукі перасталі зашпільваць камізэльку. Урэшце апанаваўся.

— Панове, вы што, панове, выбачайце, блёкату аб'еліся? Я скардзіцца буду, губернатару…

— Пане Бароўскі, — спакойна сказаў Фогель. — Па-першае, выбірайце словы. Перад вамі афіцэр. А па-другое, вашага сына там бачылі.

— Гэта няпраўда. Мой сын ніколі… — заабураўся Бароўскі, але

жандар абарваў яго:

— Перастаньце. Ёсць сведка.

Фогель паказаў нагайкай на селяніна, які стаяў з кучомкай у руках і глядзеў убок. У селяніне Бароўскі пазнаў старасту тутэйшай царквы Максіма Дзеркача.

— Хто мог падумаць, што каталікі могуць схавацца ў праваслаўнай царкве? Гэты чалавек — стараста той царквы, кцітар. Ён іх і хаваў. Але… пачуццё вернападданасці перамагло. Нам належыць бачыць вашага сына, пане Бароўскі.

— Гэта не ўласціва майму сыну — нападаць на дзяржаўныя канвоі… — разгублена мармытаў гаспадар маёнтачка.

— У сувязі з нападам на канвой мушу ўчыніць дазнанне вашага сына, — дзелавіта заявіў спраўнік.

— Яго… няма дома. Паехаў… Паехаў у Пінск… — замітусіўся пан Бароўскі, але па вачах, позірк якіх хаваў, адчувалася, што ён гаворыць няпраўду.

Фогель неўпрыкмет кіўнуў спраўніку: маўляў, паглядзі, што з панам Бароўскім зрабілася — пабялеў; рукі, каб не трэсліся, адну за камізэльку засунуў, другой увішна расціраў твар. Ясна, што сын Бароўскага Людовік удома, і справа часу, каб яго арыштаваць. Без гвалту, далікатна.

— Няма? — разгублена праказаў спраўнік, але Фогелю міргнуў, маўляў, разумею, што да чаго. — Ці не запросіце на філіжанку кавы?

Бароўскі разгублена пасміхнуўся. Яму нічога не заставалася рабіць, як паказаць рукой на ганак:

— Проша.

Бароўскі правёў гасцей у вітальню, выйшаў распарадзіцца прынесці кавы.

Максім Дзяркач застаўся на вуліцы.

5. Кроў на шаблі

Палавіну вітальні на адно акно, у якой апынуліся Фогель і спраўнік, займалі абдзёртая канапа, адно крэсла і некалькі этажэрак з кнігамі. Пад столлю вісела сплеценая з тонкіх лазовых дубчыкаў клетка з птушкай. На нефарбаванай падлозе ляжаў даматканы ходнік. Сцены густа ўлеплены карцінкамі ў рамках і рамачках, дагератыпамі вусатых і невусатых асобаў. З багетнай, узелянелай ад часу рамы адрачона і неяк зусім рахмана пазіраў вусаты продак роду Бароўскіх. Вусы на партрэце былі так прамалёваны, што здаваліся наклеенымі на палатно. Пад партрэтам на невялічкім дыванку вісела шабелька. Паветра ў вітальні было густое, пахла нечым незразумелым і нават нясвежым, як пахне ў пакоях старасвецкіх людзей.

Фогель глянуў на клетку, падчэпленую пад столь. У клетцы сядзела птушачка. Яна насцярожана глядзела на чалавека.

— І што то за птушка? — пацікавіўся жандар, адрасуючы пытанне спраўніку.

Спраўнік падышоў да клеткі, пашкробаў яе пазногцем, прыгледзеўся.

— Шчыгел нейкі. Але, выбачайце, і духавіта тут.

— Гэта ёдаформ, васпане. Так што віншую — канцэрт удаўся.

— Каб толькі без шуму, толькі без гэтых енкаў, гвалтаў, — перахрысціўся спраўнік. — Ведаеце, я не вайсковы чалавек. На службе апошні труп бачыў тры гады назад, і то тапельца.

Дзверы прачыніліся, у іх праслізгнула беленькая котка з чорнай плямай на воку. Яна закруціла

хвосцік пытальнікам, зірнула на чужых людзей.

Фогель пакіцікаў, прывабліваючы котку. Котка падбегла да жандаравых рук, панюхала, пакрыўджана адвярнулася.

— Шляхта, у іх каты і тыя з гонарам, — праказаў спраўнік. — Наглядзеўся я гэтых так званых дваран. Слухайце, пан Фогель. Што будзем рабіць са старастам?

Фогель запытальна зірнуў на спраўніка.

— Вы абяцалі яму грошы?!

Жандар пацёр коратка падстрыжаныя вусікі, задумліва вымавіў:

— У гэтага, выбачайце, сына балота язык развязаўся толькі тады, калі я намякнуў на грошы… Але толькі намякнуў…

— Нядобрыя грошы атрымліваюцца, як Юдавы сярэбранікі…

Гаспадара ўсё не было. Фогель выскубваў з кіцеля асцюкі.

Спраўнік выціраў насоўкай спацелы твар і корпаўся ў кнігах на паліцах, буркочучы:

— Польшча, усё Польшча… Хоць бы адна кніжачка па-расейску. Ага, ёсць… Яшчэ адна, а вось і яшчэ…

Падышоў да партрэта, дакрануўся да шаблі, зацікавіўся ёю, зняў са сцяны, высунуў з похвы. І раптам прысвіснуў:

— Уга, капітан, паглядзіце.

Фогель зірнуў на шаблю.

— Гэта ржа… — няўпэўнена вымавіў.

— Гэта засохлая кроў, капітан, — ціха праказаў спраўнік. — Не думаю, каб дзедаўскімі шаблямі тут, на сядзібе, секлі пеўняў.

6. У пастцы

Калі ў пакой уляцеў устрывожаны бацька, Людовік прыўзняўся на ложку, апёрся на локці.

— Сыне, ты падмануў нас, ты сказаў няпраўду, — гарачым шэптам разліўся стары Бароўскі. — Прызнайся, ты адбіваў у жандараў паўстанцаў?

Людовік падціснуў вусны, вінавата кіўнуў.

— Яны арыштуюць цябе, сыне, што рабіць? — разгублена прамовіў бацька.

— Колькі іх, хто яны?

— Жандар… Той Фогель, капітан і пан спраўнік… Скачы, сыне, праз акно, уцякай, родны. Не, яны падстрэляць цябе…

— На вуліцы жаўнеры ёсць?

— Ёсць, сыне, пэўна ёсць… Максім Дзяркач, стараста буевіцкай царквы, прывёў іх… О Матка Найсвентша, дажылі, дзіця мусіць уцякаць з роднага дому праз вокны.

— Пад Расеяй, татусь, нас яшчэ і не такое чакае, — праказаў Людовік, узводзячыся. Твар яго перасмыкнула ад болю, але ён асіліў яго, падняўся.

— Ты паранены! Ты казаў — звіхнуў нагу. Ды ты ж паранены! А я думаю, чаго гэта так ёдаформам смярдзіць!

— Дробязь, тата. Я магу хадзіць.

— Тады хуценька, сыне, хуценька, — шаптаў бацька. — Іначай — шыбеніца. Я паспрабую затрымаць іх, адцягнуць увагу, наколькі змагу. Іначай Сібір, іркуцкія капальні, о Матка Найсвентша, змілуйся над намі. Глядзі толькі, сыне, дом, пэўна, акружаны. Можа, і казакі на дарогах… Глядзі, сынку… О! Не, лепей здацца… На ўсё воля Боская… Я прывяду іх сюды…

— Не, тата. Ёсць шанец. Не адбірай яго ў мяне.

Бацька разгублена развёў рукамі, выйшаў. Людовік прайшоў да стала, сабраў паперы, засунуў за пазуху. Ён кульгаў, рана была напраўду неглыбокай, але балючай. Дастаў з-пад ложка скрынку, з яе — зараджаны рэвальвер. Адхінуў фіранку і рэзка адхіліўся сам — пад акном стаяў расейскі жаўнер. Праз дзірачкі фіранкі стаў сачыць за жаўнерам. Упэўнены, што яго ніхто не бачыць, маскаль збіў штыком яблык-цукроўку, амаль што завязь, зусім не зваблівы на выгляд. Укусіў, скрывіўся, выплюнуў.

Поделиться с друзьями: