Літоўскі воўк
Шрифт:
Аксана зіркнула на Людовіка, нічога не сказала.
— Як сонца схілілася яшчэ ніжэй, стала зразумела, што расейцам удалося зрабіць флангавыя абхваты — справа і злева. Узнікла пагроза акружэння. Сітуацыя вырабілася на панічную. Ды што тут гаварыць, гэта і была самая сапраўдная паніка. Пабеглі і мы… І зброю давялося кінуць, і ў дрыгву лезці, каб у палон не трапіць. А там возера такое, далей вёска Ласосна… Усе туды ўцякалі. А расейцы ўжо і не атакуюць, толькі зрэдку пастрэльваюць. Казалі потым палонныя, што расейцы сваіх параненых і забітых збіралі. Потым адышлі ў Ружаны, пахавалі. Усё больш ніжніх чыноў.
— А
— Многа, Аксана. Больш сотні. А ў палон колькі трапіла! Адразу ўхапілі Рафаіла Карыцкага. Ён з Беластока аднекуль… Былі чыноўнікі, мяшчане, шмат леснікоў… Такія, як я, гімназісты з Беластока, Гародні, Свіслачы. Адстаўныя салдаты былі. Сялян крыху, з дзяржаўных… Добры натоўп. — Людовік прыклаў хустачку да вачэй, на хвіліну змоўк. — Так, натоўп, не войска.
— Дык, выходзіць, вы такім натоўпам і ваявалі?
— Не, мы зрабілі правільную арганізацыю, пабіліся на роты — плутоны.
Людовік зноў змоўк, нешта думаў пра сваё.
— Дык пра што ты пыталася? — ачомаўся ён. — Пра загінулых? Цяжка сказаць… Маёр Крэмер данёс у рапарце, што пабітых было больш, чым дзве сотні. А цяпер вядома, што застрэленых усяго сорак чалавек.
— Ну а вы?
— Каб не трапіць у палон, сядзелі ў дрыгве. Потым выбіліся да маёнтка ў той Ласосне, схаваліся ў стозе саломы. Чуем, пад'ехалі казакі, сталі пратыкаць пікамі і шаблямі салому. Тут мяне і зачапіла.
— Дык ты паранены? — ускрыкнула Аксана, бялеючы. — А казалі, з каня ўпаў і рабрыну зламаў.
— Было і такое. А ў тым стозе зачапіла. Убілі шаблі ў нагу, ледзь не зароў ад болю. Але каб закрычаў, то забралі б. Бачыш, я перад табой… — Людовік вінавата пасміхнуўся.
— А што Артур?!
— Я што, я паранены. Куды мне падзецца? — Людовік усё расказваў пра сябе. — Далучацца да якога атрада, каб змагацца зноў, немагчыма… Артур давёў мяне да Пінска, перадаў знаёмым людзям, а сам вярнуўся.
— Дык ён з табой быў. І дзе цяпер ён?
— Хаваецца. Па лясох. Разам з такімі, як сам. А на тых, якія паўцякалі раней, злы, як сабака. Цяпер разумееш, чаму тыя, як вярнуліся, не надта ахвочыя паказвацца на вочы. Баяцца не столькі расейцаў, колькі сваіх, у першую чаргу Артура. Э-э, ды ці вінаватыя яны?! Ці ведаеш, што цар кінуў 200 тысяч войска на адну толькі Беларусь. А нас колькі было? А дзе агульнае кіраванне, дзе наш Касцюшка?
— А што зараз думаеш рабіць? — прамовіла Аксана, не хаваючы свайго расчаравання.
— Страшная сіла — расейцы, — працягваў сваё Людовік. — Што нашыя паляўнічыя стрэльбачкі супраць іхніх ружжаў. І гэта яшчэ ў лесе ваявалі, а каб дзе ў чыстым полі, ды супраць гармат?
— Дык вы ж… мужчыны.
— Ну, скажы яшчэ, што голымі рукамі падушыла б іх… Тут варта ўжыць іншыя спосабы…
Вочы ў Людовіка гарэлі. Было зразумела, што склаўшы рукі ён сядзець не будзе.
4. Першая вылазка
Партызанскай акцыі не задоўжыліся чакаць. Літаральна праз пару дзён па лініі паштовага тракту Пінск — Мазыр невядомыя напалі на канвойны абоз, які гнаў этапам з Царства Польскага палонных паўстанцаў ці арыштаваных варшаўскіх падпольшчыкаў.
Налёт не зусім каб удаўся: на выручку канвою
паспяшаўся конны раз'езд жандараў пад кіраўніцтвам капітана Фогеля. Жандары кучнымі залпамі рассеялі нападнікаў, дапамаглі вярнуць уцекачоў, якія і хадзіць добра не маглі, не тое што разбягацца. Хто і ўцёк, схаваўся ў лазу, у багну, праз дзень-другі вылезлі, абгрызеныя машкарэчай, каб самахоць здацца ўладам.Фогель ламаў галаву: хто арганізаваў напад? З камунікатаў ён ведаў, што ў ваколіцах залётных бандаў наўрад ці было. Тутэйшыя сяляне, большасцю праваслаўныя, у сімпатыях да польскага закалату не былі заўважаны. Наадварот, знайшліся і памочнікі, якія лавілі «польскіх бандытаў» па лесе з тых, каму ўдалося ўцячы. Шляхта, асабліва шарачковая, не вызначалася мяцежніцтвам. Але ж знайшоўся нехта, відаць, з апалячанай шляхты, хто адважыўся пагуляць у Гарыбальдзі. Напад на канвой быў мясцовай самадзейнасцю, капітан жандармерыі не сумняваўся.
Фогель выклікаў спраўніка, прыстава. Яны лепей ведаюць тутэйшых. Пагаварылі пра кожнага з памешчыкаў, пра іх дзяцей. Правялі адпаведнае следства з сялянамі. І гэта дало нечаканы вынік. Знайшоўся адзін, які мог пацвердзіць удзел у збройным нападзе, як мінімум, аднаго чалавека.
Фогель намысліў, што язву трэба выразаць, і выразаць з коранем. Запрасіў і атрымаў адпаведную падтрымку — пяхотную роту рэгулярнага расейскага войска, якая спынілася на пастой у Манкевічах.
Не прайшло і тыдня пасля нападу, як да сядзібы пана Бароўскага скрытна, тройкамі, пяцёркамі падышлі жаўнеры. Фогель з некалькімі сваімі падначаленымі, таксама са спраўнікам у якасці цывільнага следчага і селянінам-сведкам паехалі дарогай не хаваючыся.
Стаяла гарачыня, задуха. У спякотным мроіве плавілася паветра, аблокі высіліся вычапурыстымі слупамі. Мясцовасць абапал дарогі выглядала бязлюднай, цішыня рэзала вушы. Там-сям пракідаліся стажэчкі «майскага», яшчэ незрудзелага сена з пачарнелым лісцем маладога шчаўюху.
Селянін, які ішоў пешшу, ледзь паспяваў за коннымі. Вязнуў у сыпкім дарожным пяску ў скураных перасохлых поршнях, абутых «дзеля людзей» — у такую пагоду ён хадзіў босы, і раз ад разу бажыўся, што Людовіка Бароўскага пазнае і за вярсту, бо ведаў яго змалку.
Гойдаліся на конях гадзіны дзве, пакуль урэшце паказалася доўгая драўляная будыніна пад умшэлай і пазелянелай гонтай, акружаная старымі каржакаватымі ліпамі. Людзей, панскіх работнікаў, нідзе не відаць. І дом Бароўскага, і фальварак выглядалі запушчанымі.
Бароўскі, а менавіта да яго сядзібы і выехалі следчыя, выскачыў насустрач нечаканым гасцям без шапкі, у незашпіленай камізэльцы.
— Рады бачыць высокія персоны на маім забытым Богам хутары… — разгублена загаварыў, вінавата пасміхаўся.
— Мы не ў госці, па справе, пане Бароўскі, — таксама вінаватым, але цвёрдым голасам праказаў спраўнік. — І па справе не зусім вясёлай.
— Што здарылася, панове? — па-жаночаму ўспляснуў рукамі Бароўскі.
— Пэўна, вы ведаеце, што робіцца ў суседніх губернях, — сказаў спраўнік. — Бунт паспяхова падаўляецца. Самыя адчайныя галовы, я маю на ўвазе Серакоўскага…
— Серакоўскі?! — усклікнуў гаспадар. У вачах ягоных мільганула трывога.
— Ён павешаны, не турбуйцеся… Дык вось. Вы чулі пра збройны напад… — сказаў спраўнік.