Лабух
Шрифт:
Шыгуцкі крыўдануў.
— Чаму не зразумець?.. Растлумач, калі такі разумны.
Крабіч памаўчаў, гледзячы на ўсіх.
— Ну, каб прасцей, народ — гэта цяпер жывыя, а Беларусь — гэта і тыя, хто жыў, і тыя, што будуць жыць. Беларусь — усё і ўсе разам, без пачатку і скону.
— Балбатня, вершы нейкія... — падумаўшы трохі над тым, што сказаў Крабіч, заключыў Шыгуцкі. — Хто жывы, той і жыве. Га, Рычард?
— Само сабой... — згадзіўся Красевіч, які, адышоўшы ад кампаніі, у адзіноце качаў рукамі шары на більярдным стале — і з трэскам закінуў шар у лузу. — Каб мне ў дэпутаты так!
— Табе? — вылупіўся на яго Алесь. — Што ты ў дэпутатах рабіць
Рычард узняў палец.
— О, пытанне... За Беларусь змагацца буду... Давайце згуляем пара на пару, пазмагаемся... А то ганяем вецер.
— Не выйдзе, — сказаў Росцік, гледзячы на Крабіча. — Адзін лішні.
Крабіч падняўся і пайшоў не надта роўна да більярднага стала.
— Я не лішні, я першы... А лішні — Раман, у яго траўма кія. Між іншым, Росцік, праз цябе.
— Табе б дзядоўнікам быць, да ўсіх чапляцца, — зноў касавата паглядзеў на Алеся Шыгуцкі. — Пакачай там шары замест Рычарда. — І паклікаў Красевіча. — Ідзі сюды, абгаворым, што і як.
Рычард закінуў яшчэ адзін шар, астатнія пакінуў Крабічу і сеў за стол з выглядам абранага ўжо дэпутата, які хоць і страшэнна заняты, але гатовы выслухаць пажаданні выбаршчыкаў.
Росцік кіўнуў на Крабіча, які азартна ўзяўся за кій... Шыгуцкі з Красевічам не звярталі на яго ўвагі — думалі, мусібыць, што ён хоць і нападае на ўсіх, але ў кампаніі з намі, з кім яму яшчэ быць?
— Нічога, — супакоіў я Росціка. — Мы ў агульных рысах. План сустрэч у вас ёсць?
— Схадзіць за паперамі? — прыпадняўся Красевіч.
Шыгуцкі спыніў яго.
— Сядзі пакуль. План у нас ёсць, вы нам патрэбныя на дзесяці сустрэчах... І што ў агульных рысах?
Я не надта быў гатовы да размовы, але вырашыў не цацкацца і адразу набіваць цану.
— Іміджа, у агульных рысах, ніякага. Ён ніякі, разумееце, Барыс Сцяпанавіч? І трэба зрабіць яго якім-небудзь, гэта раз.
Рычард зноў прыўзняўся, выяўляючы на гэты раз справядлівае недаўменне.
— Што значыць ніякі?
— Слухай, — абсадзіў яго Шыгуцкі.
— Гаварыць не ўмее, трэба навучыць яго гаварыць — гэта два. Калі ён сваю прадвыбарчую праграму будзе распавядаць так, як гісторыю швагера, за яго і аглушаная баба не прагаласуе. Значыць, апроч таго, што мы сцягваем канцэртамі людзей на сустрэчы, дзе славім кандыдата, нам дадаецца яшчэ работа менеджмейкераў. А яна каштуе не танней, чым канцэртная.
— Колькі? — спытаў Шыгуцкі.
Я зрабіў выгляд, што думаю і прыкідваю.
— Не менш, чым яшчэ столькі ж...
“Дзынь-бах!” — разляцелася ў друз перад маімі вачыма, шклом сыпанула ва ўсе бакі амаль дапітая пляшка гарэлкі, і більярдны шар ядром прасвістаў каля майго локця. За ім другі, трэці, Крабіч цэліў толькі ў мяне: “Сука бляцкая!.. З гэтай поскуддзю!.. Прадаеш Беларусь!.. За срэбранікі!.. Юда!..” — з кожным выкрыкам ляцеў новы шар, ад якіх я ледзь паспяваў ухіляцца, адварочвацца, а Росцік, які сядзеў насупраць мяне, спінай да Крабіча, замест таго, каб нахіліцца пад стол ці хоць да стала, раптам падскочыў... Калі б ён не падскочыў, хай бы нават сядзеў, як сядзеў, дык нічога б і не сталася: Крабіч кідаў ужо апошні шар, але Росцік з нечаканкі падскочыў — і слановай косці, кінуты з ўсёй сілы шар урэзаўся яму ў патыліцу. Росцік кіўнуўся да стала, налёг на яго жывоцікам і сутаргава, як рыба на беразе, хапануўшы ротам, абваліўся на падлогу...
Зратавала Росціка тое, што Шыгуцкага з Красевічам чакала каля лазні машына, а бальніца была побач, за пяць мінут паспелі...
— Піздзец табе, калі ён памрэ, — сказаў Крабічу, які дабег
да бальніцы за машынай, Шыгуцкі. — Па наўмысным пойдзеш, нас трое сведкаў... Я сам паклапачуся, каб табе быў піздзец. Турму ў любым выпадку абяцаю.Росціка аперыравалі больш за тры гадзіны — і ён не памёр... Што з ім будзе далей, ніхто з дактароў сказаць мне не мог.
Лі-Лі дома не было. У прыхожай, у пакоі, на кухні — паўсюль вэрхал. Лі-Лі, відаць, некуды спяшалася, ды яна і не спяшаючыся, не надта прыбіраецца, для яе гэта марная страта часу. “Возьмеш адну рэч і перакладзеш на месца другой, а нашто?..”
Падумаеш, яно і так... І ўсё ж некаторыя рэчы, напрыклад, станік з трусікамі, павінны быць на нейкім сваім месцы, а не вісець на ражку люстры. Ну, добра, ты высокая, але ж і гнуткая, не пераламалася б у шафу нахіліцца... Ды й наогул: не чаплялася б з раніцы, я раней бы выбраўся на работу, не сустрэў бы Крабіча...
Праблемы ўсе ад баб.
Каб нечым заняць сябе, я пачаў прыбірацца. Сабраў і склаў у шафу транты, заслаў ложак, спарадкаваўся ў прыхожай, посуд вымыў на кухні — на ўсё пайшло з чвэрць гадзіны, гэта не занятак...
Калі б я выправіў Крабіча з лазні, нічога б не было. А не ўзяў бы Крабіча ў лазню, дык і выпраўляць яго не было б патрэбы. Нашто мне Крабіч?..
Нашто наогул мне столькі выпадковага люду?.. У мяне дзве жонкі, двое дзяцей. Ну, хай сабе жонкі — лусты адрэзаныя, а дзеці?.. Дачку апошнім разам бачыў, калі яна з Лі-Лі мяне знаёміла, а сына — дык і не помню. Пайсці б з ім куды-небудзь, пагаварыць па-мужчынску, у яго зараз такі ўзрост... Пра фею яму расказаць...
Калі Крабіч пачаў нахабнічаць, я чаму галяком яго не выкінуў сабакам? Таму што, які ён ні ёсць, хай быдляк, але свой? А Росцік — чужынец, якога прывёў да нас Майсей цераз пустэчы егіпецкія?..
Усе праблемы ад сваіх і са сваімі.
Крабіч недзе там за нешта змагаецца, а я нідзе і ні за што, дык я павінен адчуваць, нібы перад ім вінаваты?.. І ўсё яму спускаць?.. Змагайся сабе, я не хачу.
Марта, на што ўжо немка спакойная, яго не выносіла, трываць не магла. Калі ён гуляўся з нашым сынам і вучыў яго сваім лічылкам: “Бег па вуліцы сабака — ногі, рогі, хвост і срака”, — яна бялела. І не таму, што не разумела, скуль у сабакі ўзяліся рогі.
Прывезеная ў Мінск, Марта, дзіця культуры, да латышскай і нямецкай вырашыла беларускую мову дадаць... І неяк спыталася ў Крабіча, як па-беларуску будзе дзяцел... Крабіч сказаў ёй, што дзяцел па-беларуску — далбаёб.
Сусед наш за сцяной, Давід Вісарыёнавіч, напалову Сталін, толькі дзяцел такі ў гальштуку і ў акулярах, дэкан інстытута замежных моў, куды Марта паступаць збіралася, рамонт якраз рабіў — доўга і штодня да ночы. Дык Марта і папрасіла яго, у двары спаткаўшы, — сама ўся дзіва блакітнавокае: “Давід Вісарыёнавіч, міленькі, вы хоць уночы не стукайце, як...”
Ледзь паступіла Марта ў той інстытут, хоць і ведала, як дзяцел па-нямецку будзе.
З першай жонкай, з Нінай колькі я не бачыўся? Паўжыцця... Пасля мяне яна двойчы замуж выходзіла — і абодва разы не склалася... Тройчы ў яе праз мяне не склалася, цяпер адна. Спрабаваў дазнацца ў Камілы, як там маці, дык што тая скажа?.. Нармальна.
Ніна да Крабіча адносілася якраз нармальна. Ды ён тады і быў нармальны: студэнт і студэнт, як і мы. Толькі мы займаліся музыкай, а ён... Казаў, што на местачковага настаўніка вучыцца, бо ўсе літаратары — местачковыя настаўнікі.