Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабух

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

— Вы ж сказалі, што зразумелі... Ад мяне жонка пайшла, Раман. Што ў такіх выпадках робяць?

Ад кітайскай філасофіі да разводу з жонкай сігануў ён адразу, без ніякага пераходу, нібы і тое, і другое было адным і тым жа. Можа быць, гэта і ёсць дао.

— П’юць, — адказаў я таксама адразу, бо ў разводах быў спецыялістам не меншым, чым Максім Аркадзьевіч у філасофіі.

Ён коратка ўздыхнуў, нават не ўздыхнуў, свістануў неяк.

— Пра гэта я ведаю... Але я не п’ю. Вам Лі-Лі хіба не казала?

А пра гэта ўжо сёння ён у мяне пытаўся.

— Тады тым больш п’юць. — Я дастаў каньяк, які ўсё ж узяў па дарозе, бо размовы чакаў нервовай. — Давайце пад каву...

Максім Аркадзьевіч ускінуў

рукі ўгору.

— Не-не! Вам кілішак зараз прынясу, а сам — не, выбачайце.

— Дао не дазваляе?

— Мазгі не дазваляюць, — сказаў доктар філасофіі, ідучы на кухню. — Шкада іх прапіваць, прапіць іх лягчэй за ўсё.

Гэта, бадай, ісціна... Мазгі прыдумалі гарэлку, але гарэлка іх прыдумаць не можа.

Па пераходзе Максіма Аркадзьевіча ад філасофіі да жонкі я пачуўся вальней. Філасофіяй, мне здавалася, ён размову пра Лі-Лі адцягвае, а адцягваюць звычайна толькі найгоршае. Добрага я ў любым выпадку не чакаў, але праблема жонкі лепш, чым праблема Лі-Лі... Толькі чаму ён з гэтым мне пазваніў? Больш сказаць няма каму?..

Такое бывае. Круціцца наўкол безліч народу, быццам бы сябры, таварышы, а станецца нешта сур’ёзнае, пачнеш шукаць, да каго б кінуцца — і, аказваецца, няма да каго... Ты адзін. Тады і кідаешся ў паніцы да любога...

Бацька Лі-Лі не падобны на панікёра, спакайнейшыя людзі сутракаюцца рэдка. Праглядае ў ім, нечаканая ў такім здаровым мужыку, бездапаможносць, але яе не столькі, каб кісялём разлезціся з-за пайшоўшай жонкі. Нешта тут яшчэ ёсць, агульнае, як ён сказаў... Дао...

Дог Максім, па-ранейшаму нярадасна гледзячы на мяне, увайшоў і лёг пасярод пакоя. Я на ўсялякі выпадак падабраў ногі пад крэсла, але што толку?.. Дог ляжаў, глядзеў на мяне і нешта пра мяне думаў. Хрэновае-хрэновае, мяркуючы па паглядзе...

— Я не вінаваты, што сабак баюся, — папрасіўся я ў Максіма Аркадзьевіча, калі ён прынёс кілішак з нажом і ненарэзаны лімон на сподачку. — Можна яго ў спальню?

— Можна, калі выць не будзе... Гэта зараз спальня, а быў пакой Лі-Лі, ён там вые...

— Можа, не будзе...

— Можа, і не будзе... Максім!

Максім Аркадзьевіч толькі мянушку назваў, анічога болей не дадаў, не загадаў, а дог, касавурачыся на мяне, падняўся і падаўся ў другі пакой. Я ўжо не стаў прасіць замкнуць яго там, Максім Аркадзьевіч сам здагадаўся і зачыніў дзверы спальні. У доме гэтым нейкае таямнічае, па-за гукамі і вобразамі, усіх з усімі ўзаемаразуменне.

— Без дазволу ён усё адно б адтуль не выйшаў, але няхай будзе па-вашаму... — пачаў доктар філасофіі, зноў сядаючы, і завяршыў, сеўшы. — Жонка мая ўзраўнавала мяне да Лі-Лі, Раман. З гэтага ўсё пачалося, каб сёння скончыцца.

Да ягонай манеры безпераходнай змены размовы не лёгка было прызвычаіцца, і я падумаў, што ці ён, ці я нешта прапусцілі. Альбо прапусціла Лі-Лі, якая хоць і не мела звычкі спавядацца ў сваім сямейным жыцці, але пра тое, што Максім Аркадзьевіч бацька ёй не родны, магла б сказаць, гэта ўсё ж нешта значыла... Я б яго таксама тады, можа быць, проста Максімам называў, як дога.

— Вы падобныя... — сказаў я, не ведаючы, што сказаць, і, не цэлічыся нікуды, пацэліў ва ўсё.

— Не! Зусім не! У тым і прычына, з таго і ўзнікла ўсё, што ніколькі не падобныя. Гэта аказалася такім нечаканым, як адкрыццё новага, тэарэтычна магчымага, але касмічна аддаленага і таму нібы няіснага свету! Пакуль яна была маленькая, мне таксама здавалася, што мы падобныя, тым больш пры такім знешнім падабенстве... І толькі пад заканчэнне школы, калі ў ёй выявіўся стыль, характар, спосаб мыслення і тып паводзін — усё аказалася не маім! Процілеглым, мной не займетым! Такім, што павінна было б быць ува мне, але прамінула мяне, праз мяне перакінулася ў яе... Чаго я хацеў для сябе ў сабе, разумееце? — і ўва мне

ўзнікла жаданне гэта займець, разумееце? Спачатку яно не было каханнем, сексуальным жаданнем, не... Адразу я і не думаў пра гэта, і, каб падумаў, змусіў бы сябе спыніцца, але я не думаў! Я толькі заўважыў раптам, што яна не падобная на мяне, як дачка на бацьку, і, здавалася б, што з таго?.. Нічога, больш непадобных, чым падобных. Ды ўсё ўжо адбывалася само па сабе, я скрануў той горны сумёт, з якога пачынаецца лавіна. Неяк я ўбачыў, што яна не падобная, як мая дачка на маю дачку, і амаль адразу адчуў, неадольна адчуў, што дачка мая падобная на маю жанчыну. Толькі на маю жанчыну, болей ні на каго — толькі яна падобная, болей ніхто. Думаць было позна, справіцца з гэтым я ўжо не мог... Зоя, жонка мая, трывала да апошняга, з дачкой жа ўсё звязана, а сёння пайшла. Сказала, што я хворы. Вар’ят. Я, зразумела, не вар’ят, таму прыняў адзінае магчымае рашэнне — павесіцца, але Максім не даў... Вяроўку вырваў і перагрыз. А пасля я ўбачыў, што ў хаце гэтай мне і павесіцца няма як, і пазваніў вам. Вы што-небудзь можаце прыдумаць?..

“Ну-ну... — думаў я, пакуль ён гаварыў, — ну-ну... ну-ну... “ — і гэта ўсё, што я мог прыдумаць. Калі ёсць нешта ў свеце, чаго мне не ўявіць і не спасцігнуць, дык гэта не кітайская філасофія, не чань і не дао, а тое, пра што ён казаў. Не было ўва мне закутка, дзе б такое магло мясціцца... Немагчымае ёсць немагчымае, таму, як толькі ён пачаў у ім спавядацца, мне і ўзбрыло ў галаву, што ён Лі-Лі няродны бацька. Я спалохаўся, я адразу паспрабаваў зачапіцца за магчымае... Але не ўдалося — і не па мне разумны Максім Аркадзьевіч аб’явіўся перада мной вылюдкам, які спаў з крэўнай сваёй дачкой. Вылюдак глядзеў на мяне і чакаў, што я скажу, што зраблю — а што мне казаць і рабіць?..

Найбольш хацелася дапамагчы яму ў тым, на што ён наважыўся. Нажом, які ён прынёс лімон наразаць, ці па чэрапе бутэлькай... Але чаму я? Я ўрэшце так і спытаўся:

— А чаму я?..

— Вам дасталася Лі-Лі... Вы хацелі б мяне знішчыць... Гэта натуральна...

Натуральна!.. Што тут натуральнага?.. І ўсё ж я спытаў пра тое, пра што можна ўжо было не пытацца.

— Лі-Лі вам родная дачка?

Максім Аркадзьевіч паглядзеў на мяне няўцямна, насампраўдзе няўцямна.

— А якая яшчэ?..

Мне падалося, што з чужой жанчынай, з няроднай дачкой, з маёй Камілай усё гэта было б яму без патрэбы — і больш не ставала трывання, каб наўпрост не вызнаць тое, што мяне страшыла.

— Вы з ёй... — пачаў я — і не змог дапытацца. Ну, гэта было, як спытацца ў Камілы, ці не хоча яна пераспаць са мной.

Ён дапамог мне.

— Вам хочацца ведаць...

— Так! Хочацца! — рашыўся я — і ў параненым корані майго раманчыка павярнуўся відэлец. — Вы былі з ёй?

— У якім сэнсе?

— У найпростым! Вы з ёй спалі?

Ён адказаў незразумела.

— Я ж вам сказаў, што Лі-Лі — мая процілегласць.

— І што з таго? Яны ўсе — процілегласць!

Максім Аркадзьевіч ускочыў з крэсла — вялізны, пад столь. Тут яму сапраўды ніяк не павесіцца.

— Лі-Лі не ўсе! Усе — не процілеглыя, яны хочуць таго ж, чаго вы! А Лі-Лі хоча іншага! Не спасцігнуць, не спазнаць нешта, а стаць тым, што спазнае, без спасціжэння! Адразу — як вада вадой! Не ўсведамляючы сябе — гэта і ёсць дао! Але яна не разумее, што тады і бацька можа нарадзіць дачку, і дачка бацьку! Што яны адзін для аднаго і адзін у адным і нараджаюцца бясконца, бо няма такога, што ў адзін бок — пачатак, а ў другі — канец! Яна не здольная ўключыць мяне ў несвядомае, яна бачыць і бачыць мяне ў прымітыўным, фізічным пачатку — і хоча не так і не таго, як і чаго хачу я! Бо не ўяўляе, што са мной гэта, як і з вадой, можа адбыцца па-за мысленнем, проста адкрыцца — і ўсё! А вы думаеце, што я монстр!..

Поделиться с друзьями: