Лабух
Шрифт:
— Вы не здзіўляйцеся, што Лі-Лі мяне па імені называе, гэта я сама яе прывучыла. Яна яшчэ маленькая была, чатыры гады, мы на поўдзень паехалі, мяне за сястру старэйшую ўсе прымалі, а Лі-Лі, куды ні зойдзем: мама, мама... Я вазьмі ды скажы: давай я дома для цябе мама буду, а тут — Зоя. Яна згадзілася, нават узрадвалася, як нейкай патаемнай, адным нам вядомай, гульні. А дахаты вярнуліся, яна і дома: Зоя... Пытаюся: чаму? — і яна адказвае: “Ты на Зою болей падобная, чым на маму...” Я не зразумела, але так між намі і павялося. Дарэчы, Лі-Лі, чаму?..
— Каб не блытацца, —
— Ой-ё-ёй... Дай абліжу...
Нічога ў гэтым нібыта не было — звычка маці і дачкі, рух з дзяцінства, калі здаралася Лі-Лі параніцца... Зоя злізнула з пальца кроў — і тут прыкасілася на мяне і ўзяла ў рот паранены палец Лі-Лі, на язык яго так працягла ўзяла і так стала аблізваць, акругляючы рот, што ажыў і азваўся адразу мой паранены раманчык, і яна аблізвала, аблізвала палец дачкі і прыкошвалася на мяне, нашы позіркі лашчыліся, спрабавалі цалавацца, і Лі-Лі перахапіла мой позірк.
— Мы не лезбіянкі, Раман. Зоя з Максімам спіць.
Ну што ты з ёй паробіш!..
Мне падумалася, што бацьку па імені яна магла б і не называць, яны не падобныя, як сястра на брата, а Зоя глянула на Лі-Лі, як спудзілася. Лі-Лі выняла, вырвала палец з роту Зоі і абкруціла сурвэткай.
Бываюць моманты, у якія нібы нічога не адбываецца — і адбываецца ўсё. Я іх люблю за неадназначнасць, за прысутнасць у іх гульні, з якой кожны бярэ сваё і не патрабуе чужога. Гэта момант быў з такіх, хоць Лі-Лі ён і ўзбутаваў, бо яна ў ім папрысутнічыла статысткай.
— Я быў сёння ў Максіма Аркадзьевіча, — з высілкамі ўтаймаваў я параненага раманчыка, ад напружання якога адчувальна прыбалела ў прыпухлым паху.
Зоя, здалося, спалохалася яшчэ болей, а Лі-Лі разгубілася, што здаралася з ёй рэдка.
— Быў дык быў, — пастаралася Лі-Лі не выдаць разгубленасці. — З чаго раптам?..
— Ён пазваніў мне... Захацеў пагаварыць.
— І пра што гаварылі? Калі не сакрэт?..
— Ды якія сакрэты... Пра дао... Ты чаму не прызналася мне, што спяваеш?
Гэтага Лі-Лі не чакала. Тут яна так разгубілася, што і схавацца не змагла.
— Як?.. Ён...
— Лі-Лі, а што такога?.. — справілася з нечым у сабе самой і ўступілася за былога мужа Зоя Паўлаўна. — Гэта нават смешна, як ты хаваешся з такім голасам... Комплекс нейкі.
— Святая праўда, — сказаў я, паспрабаваўшы прыабняць Лі-Лі. Яна выкруцілася. — Я з ног збіўся, шукаючы спявачку, на якую не шкада было б часу і грошай, а спявачка пад бокам хаваецца. Як той тапор пад лавай.
— Я табе не тапор!.. — заагрэсіўнічала Лі-Лі, але я ўсё ж прылавіў яе за талію і прыцягнуў да сябе.
— Гэта я тапор! Голасу ў табе не адчуў... Правільна Поль сказаў, што я тупы. — І я ўціснуўся галавой у яе жывот, прытаіўся, чакаючы, што будзе.
Нічога не было. Яна пра Поля як бы і не пачула. Затое Зоя спыталася:
— Вы іх дуэт слухалі? Праўда, нешта неверагоднае?.. Слухаеш і хочацца...
— Хочацца, хочацца... — пачаў я гуляцца з Лі-Лі, задыхаючыся ў яе прахалодным, з пішчынкамі шампанскага, жываце і спаўзаючы тварам ніжэй і ніжэй...
Там гэтак мяне ўсё чакала, што я ўжо не быў перакананы, што да таго жывата, з якога Лі-Лі выйшла, як Анна з лясоў і водаў, мяне цягне болей...— А давайце яшчэ вып’ем! — якраз трэба было крыкнуць Зоі Паўлаўне. — За голас Лі-Лі! Я так хачу, каб яна спявала, Раман! Я сама хацела...
— Усе хочуць, за гэта і вып’ем, — наліў я шампанскае ў два бакалы і чакаў, пакуль Лі-Лі падасць трэці замест пабітага.
— Я не хачу. — Лі-Лі ўзяла з рук маіх бутэльку і паставіла на стол. — Калі ўсе хочуць, я не буду хацець.
— Усе хо-чуць, але не ўсе мо-гуць... — сказала Зоя Паўлаўна так расцягваючы словы, што яны не падаліся сцёртай, а таму амаль непрыстойнай показкай. — Удваіх вып’ем, Раман...
Яна падняла бакал і апусціла яго, не выпіўшы.
— Сказаць, Зоя?.. — спыталася Лі-Лі. — А то ўяўляеш, што яму філосаф наш наплёў?
— Як сабе хочаш... — прыгубіла бакал Зоя Паўлаўна. І паўтарыла: — Усе хочуць, але...
Лі-Лі, відаць было, думала, ці казаць тое, на што напрасілася. Зоя Паўлаўна адпіла яшчэ глыток і дапамагла ёй.
— Табе няёмка, бацька... сама я скажу... Каб зразумела ўсё было без дао, без кітайскай філасофіі. — Яна ўсміхнулася куточкамі губ, няхораша ўсміхнулася. — Мой муж імпатэнт, Раман Канстанцінавіч. Ужо болей як дзесяць гадоў.
Гэта было сказана з няправільнымі нейкімі паўзамі, пад канец наогул без іх, і так прагучала, што мне здалося, нібы пры мне яна пра мяне сказала, прадставіла некаму мяне: “ Мой муж імпатэнт Раман Канстанцінавіч”.
Мне было б малапрыемна, калі б яна некаму так мяне прадставіла. Але што б я рабіў, калі б яна сказала праўду?..
У дадзеным выпадку праўда мяне не датычыла — і таму магла быць праўдай. Яна і была, мусібыць, праўдай, бо адна тлумачыла ўсё тое, што ўсімі няпраўдамі так і не давёў мне Максім Аркадзьевіч.
Але ж Лі-Лі сказала: “Яна з Максімам спіць...”
— Я прывяла Зою да цябе, Раман, — села мне на калені Лі-Лі. — Толькі... — Яна зірнула на маці, нібы на сяброўку, якая ёй распадабалася. — Толькі зараз не ўпэўненая, што хачу гэтага.
— Ну... — нукнуў я, я так і памру з гэтым нукам, якога ў Крабіча набраўся так, што не адвучыцца, а Крабіч пачуў, як я нукаю, і перастаў. — Што ты сказала?..
Лі-Лі адкінулася.
— Не вырабляйся, Раман! Калі мяне Каміла прывяла, ты ўсё адразу зразумеў!..
Яна глядзела крыўдліва — і да мяне пачало даходзіць... Да мяне пачало даходзіць, а яна яшчэ і крыўдуе!.. Я для іх хто: бык племянны? Ці асемяніцель, як яно там?
— Я вам што: бык семянны?..
Мной відавочна карысталіся, бабы карысталіся — і ўва мне прачнуўся мужчынскі гонар, які, калі глянуць на тое, што за бабы мной карысталіся, мог бы і паспаць.
— Лі-Лі! — прыкрыкнула нарэшце Зоя Паўлаўна на Лі-Лі, як на дачку. — Ты што сабе дазваляеш!..
Толькі што, пяць мінут таму, прыкошваючыся на мяне, яна ўпотай і дазваляла сабе якраз тое, пра што зараз адкрыта сказала Лі-Лі. Я паспеў гэта зразумець хутчэй, чым паспеў заскандаліць.