Лабух
Шрифт:
З-за чаго скандаліць?.. Праз што?.. Праз тое, чаго я сам хацеў?.. Толькі ўпотай, як і Зоя... Але ж яны згаварыліся, згаварыліся! Мала што я сам захацеў!..
— Ёсць нейкія межы, Лі-Лі, — сказаў я, не бачачы ніякіх межаў, але пастанавіўшы, каб яны былі. Без іх я і сам быў бязмежны, сабе не належыў — будуць сікухі ўсялякія са мной, што прыдумаюць, тое і вырабляць. “Не вырабляйся, Раман!..”
— Я пайду, — паднялася Зоя Паўлаўна. — Мне ёсць дзе начаваць... Выбачайце, Раман Канстанцінавіч, за Лі-Лі.
— За Лі-Лі?.. — ускінулася Лі-Лі. — Сядзь, мама!
Зоя Паўлаўна не села, а ўпала на зэдаль, як пад каленкі яе падбілі. Не чакала, відаць, што Лі-Лі мамай
— Ты за мяне перад Раманам прабачаешся?.. А за сябе перада мной?..
— Прабач, Лі-Лі, — даволі спакойна сказала Зоя Паўлаўна, якая хоць і падкасілася ў каленях, але болей не падкасілася ні ў чым: дачка і маці былі вартыя адна адной. — Толькі за што?.. Я не вучыла цябе пры святле распранацца.
— Ну, канечне! Ты манерам мяне вучыла! А бацька філасофіі! Дзеянню без дзеянняў! Толькі як без дзеянняў трахацца?..
Крутая дзяўчынка мая Лі-Лі...
Зоя Паўлаўна нічога ёй не адказала, у мяне спыталася:
— Вы курыце, Раман?
Я прыпадняўся, каб пайсці па цыгарэты, яны былі ў мяне для гасцей — Лі-Лі тузанула за рукаво і абсадзіла.
— Ды не паліць Зоя!.. Зоя ўжо дзесяць гадоў пігулкі п’е, каб знячуліць у сабе жаночае!.. Каб ні-чо-га не хацець!.. Мёртвай быць, але не здрадзіць... Бо ўбіла сабе ў галаву, што ў мужа праз яе не стаіць! Што яна ў гэтым вінаватая, і ведаеш, чаму?.. Ты паслухай толькі: таму што яна не дадавала яму энергіі! Бо ніколі не была, не адчувала сябе з ім жанчынай. Як я да цябе не была і не адчувала... Зоя ні разу ў жыцці не кончыла — паглядзі на яе!.. І лічыць, што з-за гэтага муж яе стаў імпатэнтам!.. Не яна праз яго імпатэнткай стала, а ён праз яе!..
Не даводзілася мне чуць, каб пра жанчыну казалі: імпатэнтка. Ёсць іншыя словы, але дачка для маці выбрала гэтае. Мужчынскае.
У Зоі Паўлаўны задрыжалі губы.
— Лі-Лі...
— Даруй, — пракінула Лі-Лі, не надта яе шкадуючы. — І ты кажаш, што не ведаеш, за што б магла перада мной прабачыцца?.. Ды праз тое, што ты такая гераіня... — Зоя сціснулася ва ўсіх сваіх формах, як перад ударам, аднак Лі-Лі толькі прадыхнула паўзу і не спынілася... — праз гэта, Раман, я вымушана была год за годам жыць з бацькам, у якога з фізічнай праблемы ўзнікла псіхічная. Ён вырашыў, што я, ягоная дачка — ягоная жанчына. Тая, якая яго злечыць. Прыплёў сюды філасофію — і ўяві, што пачалося!..
— Спыніся, Лі-Лі, — папрасілася Зоя Паўлаўна. — Хопіць, прашу цябе... Прабач.
Лі-Лі над ёй зжалілася нарэшце.
— Добра, я каву пастаўлю... — І перакінулася, не астыўшы, на мяне. — А ты чаго сядзіш?.. Дапамагай як-небудзь!..
Зоі трэба было неяк дапамагчы, хоць я бачыў, што яна не хацела ўжо ніякай дапамогі. Ні ад Лі-Лі, ні ад мяне. Падбітая Лі-Лі, яна ішла сюды, адчайна гатовая агаліць цела, але не болей за тое. Агаляць душу жанчына гэтая, як і канчаць, не ўмела.
Але адкуль у ёй столькі жадання, калі яна не ўмее?.. Яна магла падмануць мяне паглядамі, іскрамі ў іх, гульнёй з Лі-Лі, але падмануць мяне жаданнем яна не магла. Калі ўсё ж падманула, тады яна геніяльная акторка. Ці геніяльная жанчына... Так, такое можа быць: геніяльная жанчына, якая пра тое не ведае. Нешта ў ёй засланяе яе ад сябе самой, штосьці засціць... Што?..
Мне здалося, што я блізкі да таго, каб зразумець, здагадацца... Яна і не агаляецца, і не канчае, бо ў глыбіні сваёй і адно, і другое лічыць непрыстойным. Яна звыклася з прыстойным, як звыкаюцца з нечым раз і назаўсёды дадзеным, і змушае сябе паводзіцца толькі ў ягоных рамках. Так скажам, у першым выпадку — разважаючы пра філасофію, а ў другім — роўна лежачы
на спіне. Калі ж не выпадае займацца гэтым прыстойна, няма з кім, тады самае прыстойнае — прытруціць спакусу, якая шукае, пад каго легчы. Але колькі можна труціць жывое, налітае, сакавітае, дзе блукае непадуладнае, чаго прагнецца, што ўжо і ўласная дачка зведала?.. Яна вырашае, што хопіць, і, каб захаваць прыстойнасць, пакідае мужа. Маленькімі крокамі да таго, дзеля чаго яна на гэта рашылася, з яе звычкамі не дайсці, спыняць. Тут трэба адважыцца на скачок, на пералёт, зажмурыцца — і ў бездань. Каб не было шляху назад... Ёй, каб агаліцца, каб кончыць, трэба ўшчэнт зламаць рамкі, змяніць прыстойную позу на самую разбэшчаную, перакінуцца з прыстойнасці ў гранічную, фантасмагарычную непрыстойнасць... А што можа быць болей непрыстойным, чым легчы пад палюбоўніка дачкі, ды яшчэ побач, а то і разам з дачкою?.. Вось чаму яна сюды прыйшла, вось у што пачала са мной з парогу гуляцца. Таму не дзіва, што я адчуў гэта, як жаданне; гэта, можа стацца, і нешта большае за яго.— Раман, дайце мне закурыць, — патрабавальна, зноў збіраючы ў сабе рашучасць, сказала Зоя, і Лі-Лі на гэты раз не запярэчыла. Я прынёс цыгарэты, нахіліўся да Зоі з запальнічкай, і пакуль яна няўмела, выцягваючы ў трубачку губы, прыпальвала, паспрабаў уявіць, што будзе, калі мы знойдземся адно ў адным, калі раптам абудзяцца ў гэтай жанчыне ўсё яе жаданні за ўсё жыццё — і мяне скаланула, як токам прабіла... Я не памыліўся, яна мая жанчына.
— Калоцішся? — спытала Лі-Лі. — На кавы гарачай.
Відаць, яна змяніла рашэнне, з якім прывяла Зою.
— Я перасплю з вамі, Раман, — зацягнулася, адтапырана трымаючы цыгарэту ў двух пальцах, Зоя. — Не сёння, дык заўтра... — І стрэсла попел з цыгарэты ў кубак з кавай, які падала мне Лі-Лі.
У Лі-Лі акругліліся вочы.
— Ты што робіш, Зоя?.. Ты ў прастытутку гуляеш?..
Цыгарэта шыпнула, Зоя затушыла яе ў маім кубку.
— Не гуляю. Я і ёсць прастытутка, а не імпатэнтка. Толькі патайная. Вы любіце патайных прастытутак, Раман?
— Люблю, — сказаў я, не адмовіўшы сабе ў тым, каб не дапамагчы Зоі і не пазлаваць Лі-Лі. — Я наогул болей не люблю нікога, апроч прастытутак. Асабліва патайных.
Змена ў паводзінах маці, хвіліну таму ледзь не расплюшчанай каменем, які скінула на яе дачка, так дачку збянтэжыла, што Лі-Лі, хоць і не была дурнічкай, спыталася:
— А мяне?
— Любіць, — за мяне адказала Зоя. — Ён жа сказаў, што любіць прастытутак.
— Я не прастытутка...
— Тады не любіць, — сказала Зоя.
Лі-Лі зусім выпала з таго, што адбывалася.
— Чаму?
— А за што цябе тады любіць? Ты ж не жонка...
— І ты не жонка...
— Я і не кажу, што я жонка. Я кажу, што я прастытутка., а ты кажаш, што ты не... А, можа, нам ажаніцца, Раман? Для мяне гэта ўсё ж было б прасцей...
— Пра гэта якраз я абяцаў аднаму чалавеку падумаць. Ён прапанаваў — я і паабяцаў.
— Праўда?
— Праўда.
— Харошы ў мяне муж, — угадала і пакруціла галавой Зоя. — Клапатлівы.
— Клапатлівы. Хоча, каб Лі-Лі было лепей.
Зоя зрабіла выгляд, што расчаравалася, і працягнула:
— А-а... Каб Лі-Лі...
Лі-Лі глядзела бездапаможна.
— Пра што вы тут без мяне?.. Я не разумею, пра што?..
І я ўбачыў раптам, што яна зусім яшчэ дзяўчынка... Да гэтага не заўважаў, а тут паглядзеў — і ўбачыў. Як толькі дарослыя выключылі яе з гульні, у якой, як ёй хацелася думаць, яна верхаводзіла, Лі-Лі адразу разгубілася, па-дзіцячаму пакрыўдзілася — і гатовая была збіраць раскіданыя цацкі...