Лабух
Шрифт:
Я не стаў яму дзякаваць за камплімент.
— Выходзіць, ты падлавіў мяне і з тым прыйшоў? Каб я цябе паслухаў і на сцэну паставіў?.. Ты нармальны?
Поль зноў заўсміхаўся, ён, мусібыць, проста не мог, не ўмеў не ўсміхацца.
— А вы?
Давялося яшчэ раз стрываць.
— Думаю, што нармальны.
— Дык і я так пра сябе думаю... І бацька мой, які мяне Полам назваў, так пра сябе думае, і маці, якая перайначыла ў Поля... У краіне, дзе я Павэлкам, ну, няхай Павалам быць павінен, гэта нармальна?
Я падумаў пра Лі-Лі.
— Тут якраз нічога такога... Адзін мой знаёмы, зусім нармальны, доктар філасофіі, па-кітайску дачку назваў.
— Лі-Лі? — імпульсіўна спытаў Поль — і амаль няўлоўна, на імгненне прыкусіў губу
Ці не тут прычына?..
Гэтага я не чакаў, нешта торгнулася ўва мне, адразу згадаліся словы Лі-Лі: “А то я ці проста ляжу, ці стаю на карачках, соўгаюся...” — і мне не без намагання даўся выгляд, быццам я ніколькі не здзіўлены тым, што Поль ведае Лі-Лі. Але, каб не спытаць пра гэта нібыта абыякава, утрымацца я не здолеў:
— Вы знаёмыя?
Ды й трэба было спытаць, чаму не?..
Поль да знаёмства з Лі-Лі быў таксама ўжо нібы абыякавы.
— Знаёмыя. Спяваць спрабавалі разам... Лі-Лі спявае някепска, не чулі?..
Я не чуў. Не думаў нават, што Лі-Лі спявае. Калі не лічыць спевамі гукі, што вырываюцца з яе ў нябесных палётах. Так мало хто спявае. Ды ніхто так не спявае, апроч Лі-Лі.
Але ж не з некім.
Што гэта са мной?..
Лі-Лі і сама не хавалася, што ўсё ў яе да мяне было, хоць і без палётаў... Яно і не магло не быць, смешна думаць, і я адносіўся да гэтага спакойна, наогул я ніяк да гэтага не адносіўся... Толькі што з “прафесаршай...” Брыдотна, магло гэтага не быць, але, калі ўжо так выйшла... Я музыкант, мне мала адной песні...І раптам... толькі што... уявіўшы Лі-Лі з гэтым анёлам... Ды само сабой!.. непазбежна!.. такі прыгажунок з такой прыгажуняй!.. як яны маглі абмінуць адно адное, не пакаштавацца?.. Калі толькі ён сапраўды не з блакітных — па голасе зараз і распазнаем...
— Не чуў я, як Лі-Лі спявае, — стаў шукаць я ў стале... што-небудзь, каб рукі заняць. — Давай ты ўжо голас падай, калі з сабой прынёс.
— Прынёс, — дастаў Поль з кішэні касету. Я ўзяў яе, пакруціў у руках і кінуў на стол.
— Так не пойдзе... Нашто мне запіс слухаць, калі ты тут жыўцом?
Белы, як снежка, твар Поля паружавеў.
— Я не буду спяваць.
— Чаму?
— Не хачу...
Ды ў яго самыя звычайныя комплексы! Баіцца і, каб абараніцца, вырашыў нападаць... А я ўжо чорт ведае да чаго дадумаўся!
Сеўшы за раяль, я ўзяў некалькі акордаў той самай “злізанай” джагераўскай мелодыі. Але сваіх акордаў...
— Давай, давай гэтую скрадзеную, з якой ты вырастаў... Не заціскайся, нікога ж, апроч нас, няма...
— Ёсць!
Поль, ледзь не адбіўшы мне пальцы, ляснуў вечкам клавіятуры.
— Не буду я спяваць! Вы тупы, як калун! Нічога не зразумелі! Банальна ўскрыўдавалі! — кінуўся ён да дзвярэй. — Я ад пачатку не хацеў, каб вы ўва мне памыляліся! Бо я зусім не той, кім выглядаю!
Ён ужо выходзіў, але я паспеў яшчэ спытацца ўслед:
— А кім ты, думаеш, выглядаеш?
— Анёлам! Хіба не так?.. А ўва мне д’ябал жыве!
І ляснулі дзверы.
Каб насамрэч я што-небудзь зразумеў — дык забі мяне гром... Трэба будзе Марце пазваніць, ці нават спаткацца з ёй: што гэта такое?.. І на хрэн нам прысніліся такія незвычайныя?..
Касету я паслухаць не паспеў: пазваніў Росцік і сказаў, што чакае лазня.
Росцік калі і ўзяў піва, дык глыток на двух, а мог і зусім не ўзяць, скажа: “Мая лазня — тваё піва”, — і па дарозе я заскочыў у краму, дзе наткнуўся на пакамечанага і пакалашмачанага Алеся Крабіча, з якім былі мы некалі сааўтарамі і напісалі з тузін песень. У свой час, звязаны сем’ямі, праблемамі іх дагляду і пракорму, ва ўсім вольнаму Крабічу я нават зайздросціў. Да пачатку ўсялякіх там саюзных перабудоў і нацыянальных адраджэнняў Крабіч жыў сабе нармальным жыццём паэта, вершаваў, піў і гуляў, а потым даў нырца ў барацьбу — і дагэтуль з яе не выплывае,
хоць піць не кінуў. Перапачывае ён ад барацьбы хіба толькі з перапою — і сёння, выглядала на тое, быў дзень адпачынку.Паэт Алесь Крабіч спаткаў мой позірк вачамі пакутніка, падняў руку і пуста пстрыкнуў пальцамі... Я падумаў і вырашыў, што цэхавае братэрства ёсць цэхавае братэрства, лабухі ў ім разам з паэтамі — ды й двум нам з Росцікам трэці не надта зашкодзіць.
— Ты галодны? — спытаў я Крабіча, і ён на пытанне маё зморшчыўся: “Якая яда!..”
Да перакруту з паэтаў у змагары Алесь быў для мяне калі не найблізкім сябрам, дык і не староннім чалавекам... Ва ўсялякім разе адным з тых нямногіх сярод мужчынскай хеўры, каго мог я паблізу трываць. Заадно, праўда, даводзілася трываць і ягонае нахабства, якога з гадамі, калі ён пачаў прапівацца, усё болела і болела. Паэт прыроджаны, ён да таленту свайго адносіўся недаверліва, як да нечага дзіўнага ў ім і не яму прыналежнага, і, напіваючыся, крычаў звычайна тым, хто ўпікаў за п’янку: “Не сваё прапіваю!.. Не ваша!.. Ні-чый-на-е!..” Пра палітыку ў той час гаварыў ён рэдка, не глядзеў тэлебачанне і не чытаў газет, толькі кнігі, якімі заваленая была ўся ягоная, перагароджаная напалам з братам-міліцыянтам, даўжэзная, як два сашчэпленыя вагоны, хата на Грушаўцы, куды я часцяком збягаў і ад першай, і ад другой сям’і, і дзе мы нясумна бавілі ночы з выпадковымі спадарожніцамі жыцця.
У адну з такіх начэй мы напісалі гімн. Прычым, хутка, за нейкія паўгадзіны, заведзеныя жаночым квартэтам, які ў тую ноч нам спадарожнічаў. У стомленай паўзе паміж нашымі гулькамі заплялася балбатня пра конкурс на новы дзяржаўны гімн — і квартэтысткі нас папросту справакавалі: ні за што вам, маўляў, гімн такі не напісаць, каб ва ўсіх выйграць, п’янтосы вы і імпатэнты...
На новы дзяржаўны гімн быў аб’яўлены конкурс, бо гімн стары, пра беларусаў з братняю Руссю, стаў нібыта гістарызмам. “Стварыць шэдэўр!” — заклікала маладая незалежная краіна сваіх музыкаў і паэтаў, і ўсе, хто ўмеў хоць адной рукой на гармоніку граць і маму з рамай рыфмаваць, навыперадкі кінуліся ствараць... Мы напісалі хай не шэдэўр, але і не кволенькі гімн змайстравалі — абодва здзівіліся. У Алеся стаяла піяніна старэнькае, я прысеў да яго — і музыка, як толькі таго і чакала, сама па клавішах прабегла, ад першай да апошняй ноты. Алесь звычайна падоўгу вымучваў вершы на музыку, а тут яны да яго таксама быццам самі прыляцелі, і такое адчуванне было, нібы вершы гэтыя і гэтая музыка даўно шукалі адно адное — і знайшлі. Голенькі вакальны квартэт з ліста, прафесіяналкі ўсё ж, той гімн і праспяваў — і гэта было феерычнае відовішча для брата-міліцыянта, які, пачуўшы гукі музыкі, зазірнуў на спеўку.
Брат-міліцыянт сказаў: “Гэта гімн! Стаяць хочацца!” — і квартэтысткі адразу спыталіся: “А колькі прастаіш?..”
Больш наш гімн ніхто, апроч голага вакальнага квартэта, не спяваў, і ніхто, апрача брата-міліцыянта, не чуў. Недзе праз тыдзень, калі я амаль дамовіўся пра запіс гімна з хорам і аркестрам, каб ва ўсёй красе паказацца на гімнавай камісіі, да мяне, ліхаманкава-нервовы, уварваўся Крабіч, згроб вершы і пры мне іх спаліў. Потым ён таптаў нагамі попел, крычаў — і аказалася, што я д’ябал, які разам з голымі ведзьмамі ледзьве не спакусіў яго, але беларускі Бог яму дапамог, адкрыў, што гімнавы конкурс — хітрая выдумка перафарбаваных камунякаў, бо для незалежнай Беларусі гімн даўно напісаны, гэта “Магутны Божа”, і не патрэбны ніякі іншы.
Мне шкада было музыкі, такая не кожнага разу прабяжыць па клавішах, ды й амбіцыі торгалі: а раптам?.. — і я сказаў спсіхаванаму Крабічу, што паэт ён на Беларусі не адзіны. Мне напісалі новыя вершы, шмат хто напісаў, я выбраў лепшыя і аддаў гімн на конкурс. Пасля гэтага Крабіч, сустракаючыся са мной, стаў пераходзіць на другі бок вуліцы. Неяк у інтэрв’ю на радыё ў яго спыталіся, чаму ён даўно ўжо нічога са мной не піша, і ён адказаў, што знацца не хоча з людзьмі, якія заадно з камунякамі і маскалямі.