Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабух

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

Як весела прасвіствалі яны свае грошы, калі фанаграма раптам абрывалася, а вакалісты ўсё разяўляліся, хапаючы паветра нямымі рыбінамі. З якой радасцю, з якім шчасцем за свае ўласныя грошы яны надурваліся!.. І надурваюцца дагэтуль, бо шмат што змянілася з той пары, але заваяванае лабухамі права на “фанеру” ніхто адмяніць не здолеў і наўрад ці здолее. Яго, як рэвалюцыйную заваёву, якраз і ўзаконіла перабудова, і тым самым вывела лабухаў з цесных, душных і нават пры “чосе” малакасавых канцэртных залаў на прасторныя стадыёны!.. Тут ужо, на стадыёнах, у канцы 80-х і пачатку 90-х гадоў слаўна-рэвалюцыйнага ХХ стагоддзя, хто паспеў, той і з’еў.

Любая рэвалюцыя — перш за ўсё пераразмеркаванне. “Хто быў нікім, той стане

ўсім!” Раней, да перабудовы, да фанернай рэвалюцыі і стадыёнаў, “усім” былі, ласаваліся і тлусцелі катамі на смятане кампазітары-песеннікі і песеннікі-паэты, якім за кожную задрыпаную нотку і за кожнае зацяганае слоўца, дзе б яны ні прагучалі, у філармоніі ці ў кабаку, налічвалася аўтарская капейчына. А лабуху, хоць ён здохні на пятым канцэрце — стаўка на дзве пляшкі з сырком і ліверкай: кірнуць і паберляць. Ну дык надыйшло свята справядлівасці! Хоць, выбачайце, якой справядлівасці? Яе не было, няма і ніколі не будзе. Заўжды нехта мае і будзе мець болей за кошт іншых, усё ва ўсіх быць не можа. Гэта была б катастрофа, апакаліпсіс, канец руху, шандзец усіх перабудоў і ўсіх рэвалюцый. Проста настаў час пераразмеркавання, прыйшла пара патлусцець абношаным, зашмальцаваным, вечна худым і вечна галодным лабухам. Зразумела, не ўсім, а тым, хто быў і не недта прынцыповым, і не зусім ужо кончаным лабухам, а нешта петрыў. Час змяніўся — лаві імгненне! Ніякіх філарманічных начальнікаў, якія б штосьці там дазвалялі, альбо забаранялі! Ніякіх зацверджаных праграм і рапарцічкаў з імёнамі аўтараў, ніякіх аўтарскіх капейчын! Ніякіх кампазітараў і паэтаў! Не хочаце — не пішыце, без вас, да вас даўно ўжо ўсё напісана! Толькі не ўсе грошы атрыманыя!.. А чаго не стае — самі напішам, сем нот таксама ведаем. І да таго ж дакладна ведаем, што зараз трэба, а трэба зараз — абы што!.. Мы прывозім на ваш стадыён канцэрт з абы-чаго, што зараз трэба, вы прыносіце кейс з бабкамі — і мяняемся з рук у рукі. Нідзе і ніякіх роспісаў, нікому і ніякіх падаткаў. Што вы сабе з гэтага выкруцілі — ваша справа. Скончылася “фанера”, згас апошні гук, сціх апошні свіст — і разбягаемся...

Ну, не ўсё так проста, за проста так кейс з грашыма не займееш... Хоць адну нейкую песеньку з абы-чаго трэба раскруціць на радыё, на тэлебачанні, каб яе хацелі чуць на стадыёне — гэта раз. Раскруціць яе разам з тым абы-кім, або з тымі абыкімі, хто тую песеньку спявае, каб яго, або іх хацелі бачыць на стадыёне — гэта два. З абы-чаго і абы-каго, з гаўняца гэтага зляпіць цукерачку ў бліскучым фанціку, каб яе праглі праглынуць фаны — гэта тры. Калі ж зляпілі, дык “Абыкімі” для гаўнянай цукерачкі ў фанціку — чым не назва?.. Нешта не нашае, загадкавае, амаль японскае... І вось ужо абыкіняты, якія не тое што спяваць, размаўляць чалавечым голасам не ўмеюць, скачуць пасярод стадыёна, разяўляючыся неўпапад з фанаграмай, але што да таго стадыёну, фанам, якія вішчаць ад шчасця, бачачы куміраў, на галовах ходзяць і скандзіруюць: “А-Бы-Кі-Мі! А-Бы-Кі-Мі!..” Тут ужо і тысяч пяць маечкаў з лэйбачкай “Абыкіні” прадаць ім не грэх. А пяць тысяч маечкаў ды па тры-чатыры-пяць далярчыкаў...

Такая вось, ці прыкладна такая тэхналогія... Усё пра яе, зразумела, ніхто вам не раскажа. Шоу-бізнес — на трэцім месцы ў свеце па прыбытках. Сярод законных, само сабой.

З канца 90-х гадоў слаўна-рэвалюцыйнага мінулага стагоддзя бізнес гэты ў нас, яшчэ не стаўшы на ногі, пачаў валіцца, але яго падтрымала, падпёрла сваім энергічным плячом маладая дэмакратыя. Насамрэч ні маладой, ні якой-небудзь іншай па ўзросце дэмакратыі не было, адкуль ёй у нас узяцца, але ўсе сталі ў яе гуляць — і выбірацца хто ў дэпутаты, хто ў прэзідэнты, хто куды. А выбары — гэта не толькі палітыка, улада, гэта бізнес, у тым ліку і шоу-бізнес. Нам з Росцікам, маючы тэатр-студыю, трэба было на плячах пустыя барабаны насіць, а не галовы, каб не ўзяць тут сваё. Ну дык мы і бралі столькі, колькі

маглі, не зважаючы на тое, з нацыяналістаў бярэм, ці з камуністаў...

У дзверы пастукалі — і адразу ў іх прасунулася галава анёла з каляднай паштоўкі, хлапчука гадоў пятнаццаці, які з дзвярэй заўсміхаўся.

— Можна да вас?..

Усё, што круціцца каля Марты, круціцца хутка.

Ён увайшоў і стаў пасярэдзіне пакоя, як падрыхтаваўся да допыту. Выглядаў ён казачна прыгожа — пара ляльцы Барбі. Такому на сцэне дастаткова толькі з’явіцца ды кудзеркамі страсянуць... На яго глядзець будуць, а не слухаць.

— Вам званілі...

— Званілі. Як цябе зваць?

— Поль.

— Як!? Выбачай...

— Не, нічога. Мала хто не здзіўляецца. Бацька ў гонар Пола Макартні назваў, а маці імя змякчыла. Яна па маладосці болей да французаў гарнулася. Я тады не мог быць супраць.

— А цяпер?

— І цяпер не. Прывык.

— Бацька музыкант?

— Інжынер. Кампутарамі займаецца.

“Вунь яно што...”

— Ты з маім сынам сябруеш?

— Не тое, што сябрую... Курырую. Ён дзіця ў вас, а мне ўжо дваццаць.

Я ўгледзеўся ў яго і не паверыў.

— Не выглядаеш...

Поль усміхнуўся гэткай нябеснай усмешкай, што я зразумеў Марту: незвычайны... Ледзь не захацелася прыціснуць яго да сябе ды расцалаваць.

— Тым і карыстаюся...

“Глядзі ты, адкрыты які...”

— Ну, кожны карыстаецца сваім... Што ты ўмееш?

— Нібыта граць... нібыта спяваць...

— Тады спявай.

— Што?

— Што хочаш.

— А можна вашу песню?..

“Херувімчык ды яшчэ і хітрунчык...”

— Давай маю...

— Вы падыграеце?.. Ці я сам?

Я падняўся з-за стала і падышоў да раяля.

— Якую?

— “My insomnia, my sleeplessness...”

— У мяне няма такой песні.

Поль зрабіў выгляд, нібы разгубіўся.

— Як няма?.. Ёсць. Вы яе ў Майкла Джагера злізалі. — Ён сыграў пачатак мелодыі... — Забыліся?.. Геніяльная песня, я вырастаў з ёй. — І ўсміхнуўся сваёй анёльскай усмешкай...

— Та-а-к... — Я не знаходзіў, што сказаць, апроч гэтага “та-а-к”, і ў мяне міжволі сціснуўся кулак, але я толькі сціснуў яго і расціснуў, сціснуў і расціснуў...

Гадоў дваццаць таму, калі я лічыў сябе не лабухам, а музыкантам, і сіліўся стаць кампазітарам, Поль сваю ўсмешку анёльскую праглынуў бы разам з зубамі, мала што хлапчук... Злы я быў, калі шчыміўся ў геніі.

Я не злізваў мелодыю ў Джагера, падобны быў толькі пачатак. Некалькі нот — дзе-небудзь у сярэдзіне ніхто б і не заўважыў...

Яно як здараецца?.. Пачуеш мелодыю, забудзешся на яе, зусім не помніш, а пасля яна ўсплывае, як твая. Гэта рэмінісцэнцыя, ты выпадкова, не свядома прысвойваеш нешта з чужой музыкі, аднак паспрабуй потым тое некаму давесці...

Мяне не аднойчы, як пысай шчанюка ў сікі, тыкалі ў тыя джагераўскія ноты, але ж не хлапчукі тыкалі, якія прыходзілі, каб я іх праслухаў! Поль дэманстраваў наўмыснае, разлічанае, вытанчанае нахабства, якое нешта мела на мэце, толькі што?.. Пра гэта я ніякай здагадкі не меў — і глядзеў на незвычайнага Поля, усё больш раздражняючыся. Занадта дзявочы твар, занадта пунсовыя губы, пушыстыя вейкі, занадта ў ім усяго прывабненькага... Кандыдат у гомасекі, калі ўжо не там. Дарэчы, чым ён з сынам маім займаецца, куратар?..

Пакуль сціскаў я і расціскаў кулак, Поль, чакаючы, зноў прабег пальцамі па клавішах, паўтарыўшы мелодыю.

— Не крыўдуйце... Вы з густам музыкант, не абы-што ўкралі.

Можа, даць яму ўсё-ткі?.. Не біць — шчотачкай пад задніцу...

Ён відавочна правакаваў мяне, нахабства было ўжо дастаткова, каб болей не трываць, выставіць анёла за дзверы, толькі што з таго?.. Поль нібы адразу пастанавіў давесці, што я ні ў чым не пераважаю яго, нічым за яго не лепшы, сапернічаў са мной без прычыны саперніцтва, ці прычына была, але я не ведаў яе...

Поделиться с друзьями: