Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лабух

Някляеў Уладзімір

Шрифт:

Толькі гады праз два мы зноў пачалі здароўкацца...

А з конкурсу нічога не выйшла. У той гімнавай камісіі ўсе былі кампазітары ды паэты, і які адзін жывы кампазітар альбо жывы паэт маглі дапусціць, каб другі жывы кампазітар альбо жывы паэт сталі аўтарамі дзяржаўнага гімна?.. Адзін аднаго спляжылі, забамбілі — і засталіся беларусы з братняю Руссю, з савецкім гімнам, толькі без слоў. Пасля быў яшчэ адзін конкурс, ужо пры новай уладзе, але і новая ўлада пакінула беларусаў з савецкім гімнам, у якім ціхенькі прыўладны акын, якога, як кажа Крабіч, ад молі не адрозніць, трохі словы пераакыніў.

Я доўга не ведаў, Марту ўжо з Рыгі прывёз, калі дазнаўся, што з нейкай з

нашых спадарожніц жыцця, якая абвясціла яму, што цяжарная, Крабіч быў прыажаніўся. Дзіця нарадзілася і памерла, спадарожніцу Крабіч выгнаў, смерць дзіцяці ўспрыняў, як Боскую кару, замкнуўся ў сваім пакутніцтве і жыў на Грушаўцы нелюдзімам. Адно змагацца выбіраўся.

Паўскрыні піва і дзве пляшкі гарэлкі, якія з прылаўка я перадаваў Алесю, каб дапамог паднесці, ён браў і засоўваў у кішэні адной левай рукой, правая рука вісела, як перабітая.

— Хто гэта цябе так?.. Грушаўскія?..

— Хрэнушаўскія... Шэсце ўчора было да пляцу Волі... Я па адзін бок, а брат па другі.

— Твой брат цябе так?..

— Не ён сам... Браты ягоныя... Мой з пастарунку мяне выцягнуў... Пасля паіў да паўночы, плакаў... І ведаеш, што сказаў?

— Што?

— Што правільна мы па розныя бакі! Зараз ён мне дапаможа, а потым, калі што якое, дык я яму... Куды мы з табой?

— У лазню.

— Правільна. Зараз ты мне дапаможаш, а потым, калі што якое, дык я табе...

Мушкетон, слуга Партоса, любіў расказваць, як у час войнаў каталікоў з гугенотамі бацька ягоны вынайшаў змешаную веру, якая дазваляла яму быць то каталіком, то гугенотам — гледзячы па выгадзе. Калі ён сустракаў каталіка, дык рабаваў яго, як гугенот, а гугенота рабаваў, як каталік... І ўсё у яго ладзілася, пакуль не аказаўся ён аднойчы між каталіком і гугенотам на вузенькай сцяжанцы... На дрэве павесілі, аб’яднаўшыся, каталік з гугенотам бацьку Мушкетона. Хітрага чалавека, які і сыноў сваіх зрабіў — аднаго гугенотам, а другога каталіком.

У лазні чакала неспадзяванка: Росцік адвёў мяне з раздзявальні ў пакой з камінам і більярдам, дзе пры каміне быў накрыты стол, і на прамілуй Бог пачаў прасіць, каб Алеся я выправіў.

— Налі яму шклянку — і няхай ідзе. Я людзей па справе запрасіў, памочніка дзяржсакратара і таго кандыдата ў дэпутаты, а з нацыяналістам гэтым якая справа? Ён жа ў бойку з імі кінецца!

— Не кінецца, у яго рука перабітая...

— Ён і з адбітай галавой кінецца! А то я не ведаю яго! Ды няхай сабе і пры ціхім, як пры ім дамаўляцца, ты што?..

Выправіць Крабіча я не мог — і раззлаваўся на Росціка.

— Папярэдзіць трэба было! Сказаў бы, калі званіў!

— А сюрпрыз? — спытаў Росцік, разумеючы, што і сам вінаваты... І далей абмяркоўваць не было чаго, бо ў пакой зазірнуў голы Крабіч.

— Тут госці да вас ломяцца... Морда ў аднаго аднекуль знаёмая...

— Я табе дам, морда! — штурхнуў Крабіча ў спіну і выпіхнуў з дзвярэй Барыс Шыгуцкі, шапачна знаёмы мне памочнік дзяржсакратара, мужык сапраўды з мордай, па якой бегалі па-хутаранску хітрыя, учэпістыя вочкі, што імгненна абшнырылі з кута ў кут увесь пакой. — А бабы дзе?..

Мусібыць, гэта належыла расцэньваць, як жарт.

Прыведзены Шыгуцкім кандыдат у дэпутаты, які ніяк не выглядаў і нічым не запамінаўся, увайшоў і сказаў:

— О, більярд...

Ён ніяк не выглядаў, але імя і прозвішча ў яго былі квяцістыя: Рычард Красевіч.

— Сёння парымся, распранайцеся... — замітусіўся Росцік перад дарагімі, на тры с паловай тысячы даляраў, гасцямі. — Баб іншым разам нагонім...

Алесь Крабіч, паэт і змагар з дыктатарскім рэжымам, адмяцелены ўчора міліцыянтамі, з’індэфікаваў нарэшце аблічча ворага і зыркнуў

на Шыгуцкага ваўкалакам. Шыгуцкі таксама, пазнаўшы яго, не выявіў радасці ад сустрэчы, а Красевіч сказаў: “О, беларускі паэт...” Нічога добрага ў гэткай кампаніі чакаць не даводзілася, і я вырашыў, пакуль не позна, заняцца тым, дзеля чаго і закруціў Росціка з лазняй: чысціцца ды мыцца. Мне здавалася, што потам і міязмамі “прафесаршы” я ўжо да касцей прапах.

На палітычная страсці, якія віравалі ў краіне з канца васьмідзесятых, я глядзеў так, як глядзіш з берага на штармавое мора: страшнавата, але што яно мне, калі я на беразе? Адштарміць і суціхне... Я музыкант, на які чорт мне палітыка? Музыка пры любой уладзе — музыка...

Тыя, хто ўладарыў апошнімі гадамі — ні прэзідэнт, ні хэўра ягоная нічым мне не заміналі. Яны не надта мне падабаліся, выпірала з іх нахабная пыха людзей, што з гразі выскачылі ў князі, але і тыя, хто тузаўся з імі, каб скінуць, не выглядалі вытанчанай шляхтай. Нацыяналісты, камуністы, патрыёты, незалежнікі — усе былі для мяне на адзін капыл. Гвалт пра незалежнасць, дэмакратыю, нацыянальную ідэю, славянскае адзінства і народнае шчасце выклікаў слыхавую алергію — і хацелася, каб усе знямелі. Мяне не здзіўляла, што яны змагаюцца — якое тут дзіва? Мяне здзіўляла, што яны не заўважаюць, зацятыя ў барацьбе, як марна губляецца час і пуста мінае жыццё. Мне здавалася, што яны захварэлі, павар’яцелі і страцілі адчуванне часу, адмеранага ім у часе жыцця, якога на баку будучыні, за якую яны змагаюцца, усё меней... Ува мне адчуванне гэтае білася метраномам, імгненні токам душу пранізвалі, іголкамі цела наскрозь прашывалі: раз — і няма, два — і ніколі не будзе... Не тое, каб я надта баяўся памерці, я баяўся не жыць. Зараз, цяпер не жыць, пакуль жывы.

— Пах тут нейкі бабскі, — заходзячы з усімі ў парыльню, куды я паспеў праслізнуць першы, і дзе з мяне разам з маім потам выходзіў пот “прафесаршы”, пацягнуў носам Шыгуцкі. — Я заўсёды ведаў, што там, дзе артысты, там і бабы.. — І ён тыркнуў пальцам у жывот Росціку. — А ты мяне, каб мазоль працоўны паказаць, запрасіў?

Тыркнуў ён, мусібыць, адчувальна, бо Росцік прысеў.

— Дык не заказвалі, Барыс Сцяпанавіч...

— Не заказвалі!.. Жаданні начальства ўгадваюць, калі мець ад яго нешта хочуць. Нават патаемныя, а я не хаваю... Добра, што Рычард пакуль не дэпутат, без баб абыйдзецца.

— Я без баб не абыходжуся, — сказаў Красевіч. — Ні дня.

Тут не прамінуў, каб не ўставіць свае пяць капеек, Крабіч.

— Ды ну!.. Па абхадняку тваім не скажаш. Абы як глядзіцца абхадняк, без такога бабы і ператрываць могуць.

— Ён у яго, як у жарабца, у капшук хаваецца... — рагатнуў Шыгуцкі, а Крабіч ні да чаго зрыфмаваў:

— Хрэн з капшука ў былым цэка... Папарыш? — раптам сунуў ён адной рукой венік Шыгуцкаму. — Твае мяне паламалі, а ты адрамантуеш. Справядліва?..

Усе ўсё пачулі, нават Красевіч: будынак былога партыйнага ЦК пад рэзідэнцыю забраў прэзідэнт, выгнаўшы парламент, які, як у пекла ўпоперак бацькі, у той будынак праскочыў...

— Справядліва, — гэтак жа нечакана згадзіўся Шыгуцкі. — Я вас, нацыяналістаў, люблю, толькі выгляду не падаю... Кладзіся.

Злезшы з палка, я ўступіў месца Алесю, Шыгуцкі стаў над ім і з усёй сілы ўдарыў па хрыбціне камлём веніка.

— На! Я цябе адпару! Ты каму растыкаўся? Ты каго ў капшук?!.

Крабіч нават не зварухнуўся.

— Бі... Забі, ты ж гэтага хочаш? Вы ўсіх бы нас пазабівалі...

— І заб’ю! На кавалкі парву! — да крыві раздзіраючы спіну Крабічу, ашалела ўсхадзіўся Шыгуцкі, якога мы ўтрох ледзьве здолелі абваліць і выцягнуць з парыльні ў душавую...

Поделиться с друзьями: