Лабух
Шрифт:
Я слаба помніў, дзе згубіўся, але і не падумаў, што ў машыне часу знайшоўся. Я вырашыў, што звар’яцеў, і кінуўся да бюро даведак для таго толькі, каб у тым пераканацца... Каля бюро даведак чакаў сінявокі палкоўнік.
— Яна ўсё ж вярнулася да цябе, капітан?
— Не, — сумна, без колішняй радасці пазнаў мяне палкоўнік. — Але ў нейкі дзень здаецца, што якраз сёння вернецца — і я прыязджаю сюды яе сустракаць...
І канцэрт Брамса, і канцэрт Бетховена — музыка адзіноты. Як і канцэрт Чайкоўскага з ягонай другой часткай, жывой адзінотай, як і ўся музыка для скрыпкі. За выключэннем хіба што скрыпічнага канцэрта Мендэльсона. Ва ўзросце Роберта, у шаснаццаць гадоў, калі напісаў Мендэльсон канцэрт, што прынёс
Ніна не трывала адзіноты — і канцэрт Мендэльсона ўдаваўся ёй лепш за бетховенскі. Але яна грала і грала музыку, якая найзручней клалася пад пальцы.
Бетховену, даводзіла Ніна, адзінота ў асалоду.
Я пытаў: “А Чайкоўскаму?..”
“Яму ў пакуту...”
“А Брамсу?..”
“Брамс над адзінотай холадна ўзвышаецца...”
“Душка, я вамі любуюся...” — уздыхаў прафесар Румас.
Юрыю Ільічу Пойменаву, капітану-артылерысту, які без Анны Вазвышэнскай стаў палкоўнікам, адзінота была ў пакуту. Яму, як і Пятру Ільічу Чайкоўскаму, не ўдалося наладзіць не адзінокае жыццё... Ні з жанчынамі, ні з мужчынамі. Ён хацеў, прагнуў нешта наладзіць, але ўсё распадалася, рассыпалася — і заставаліся пакуты ў адзіноце. Другая частка скрыпічнага канцэрта Чайкоўскага...
У Маскве, у кватэры палкоўніка, прыляцеўшы з Хабараўску, я пражыў паўгода... П’янкі ды гульба — да ачмурэння... Юрый Ільіч аднойчы зрабіў спробу перавесці нашы адносіны з сяброўскіх у інтымныя, праз гэта мы стукнуліся па зубах — і болей адзін аднаму не заміналі. Кватэра была двухпакаёвая...
У свой пакой Пойменаў прыводзіў то спадарожніц жыцця, то спадарожнікаў. “Без Анны, — ён казаў, — мне ўсё адно...”
Спадарожнікаў і спадарожніц Юрый Ільіч чаргаваў, без чаргі з’яўляўся толькі рабенькі, пухленькі Толік, які сам сябе называў — і прасіў, каб усе яго называлі — Тоняй. Толя-Тоня працаваў поварам у рэстаране “Валдай”, Пойменаў скарыстоўваў яго і па прафесійным прызначэнні. Прысмакі, прыгатаваныя Толікам-Тоняй, есці я не мог. Хай сабе ўсе жывуць, як хочуць, але я нічога, што звязана з гэтым, не магу...
Мне было шаснаццаць, як Роберту, калі мяне выгналі за бойку з інтэрната музвучэльні. Жыць не было дзе, туляўся начамі на вакзале, пакуль камендант вучэбнага корпуса не паспачуваў: начуй у маім службовым пакойчыку. У першую ж ноч ён і сам застаўся ў тым пакойчыку — позна, маўляў, ісці дахаты...
Калі паклаліся, камендат палез да мяне... Спачатку я не зразумеў, чаго ён, а зразумеўшы, скалануўся ад агіды, адсоўваўся і адсоўваўся ад яго, уціскаўся ў спінку скураной канапы, у шчыліну паміж спінкай і сядзеннем, дзе нашчупаў гантэліну... Невялікую, але без яе з камендантам, які гантэлі цягаў, форму падтрымліваў, я мог і не справіцца.
Аглушанага, я біў, мясіў яго кулакамі на канапе, потым нагамі на падлозе... Назаўтра ён падышоў да мяне: “Я нікому нічога — і ты нічога нікому”. Підарскія забавы ў той час караліся, камендант баяўся.
Дырэктару музвучылішча камендант сказаў, што па дарозе дахаты на яго напалі п’яныя, а я памог яму адбіцца, таму ён просіць, каб мяне зноў пасялілі ў інтэрнаце. Дырэктар аддаў загад пасяліць.
З шаснаццаці гадоў я ведаю, што такое спроба згвалтавання... Калі не ты спрабуеш, а цябе спрабуюць... І ніколі не спрабаваў нікога ўзяць сілай.
Толя-Тоня быў бязбацькавічам, гадаваўся у сіроцкім доме, дзе ў першы раз яго сілай і ўзялі. Пасля ўжо сілы не трэба было, толькі жаданне.
Юрый Ільіч адносіўся да Толі-Тоні гэтак жа, як да ўсіх астатніх сваіх спадарожнікаў і спадарожніц, а Толя-Тоня кахаў яго і раўнаваў. Такую рэўнасць я толькі ў нервовых жанчынах бачыў — са скандаламі, істэрыкай. Прычым да спадарожніц Толя-Тоня адносіўся больш-менш спакойна, а да спадарожнікаў...
У яго былі грошы, ён збываў наркату, і каля яго пасвіліся абнюханыя ашавуркі, якіх насылаў ён на сваіх сапернікаў. Аднойчы да мяне зайшоў знаёмы лабух, застаўся начаваць, а Толя-Тоня з’явіўся сярод ночы і западозрыў, што знаёмы мой толькі маскіруецца пад майго знаёмага, а сам да каханка ягонага прыйшоў... Назаўтра лабуха знайшлі з пераламанымі рэбрамі, ашавуркі перастараліся. Пакуль я думаў, што рабіць, дараваць такое нельга было, ашавуркаў арыштавалі — і яны здалі Толю-Тоню ментам.“Калі б вярнулася Анна, я б жыў не так брыдотна, як жыву, — жаліўся Пойменаў. — Толькі яна не вяртаецца і не вяртаецца... Ты не ведаеш, чаму?..”
Я адчуваў сябе вінаватым.
Раз ці два на месяц мы ездзілі ў аэрапорт, Пойменаў падносіў прэзент знаёмай даме з бюро даведак, і тая аб’яўляла:
— Грамадзянку Анну Вазвышэнскую чакаюць...
Пасля я падыходзіў і пытаў:
— Гэта вы сустракаеце Анну Вазвышэнскую, капітан?..
Так і жылі. Неяк я ўспомніў, як пашкадаваў, што я не Анна Вазвышэнская, якую сустракаў сінявокі капітан, і здзівіўся: а куды ён, той капітан, падзеўся?.. Куды ўсе мы падзяемся, нібыта застаючыся?..
Палкоўнік Пойменаў служыў у ракетна-касмічных войсках. Кожнага разу, калі мы напіваліся, ён гразіўся, што апранецца ў парадную форму, з’явіцца на службу і распачне трэцюю сусветную вайну.
— Як ты наконт вайны? — пытаў палкоўнік. Я быў не супраць, але прасіў вайну не пачынаць, бо шкада дзяцей.
Пойменаў спрабаваў дазнацца, што гэта такое — дзеці? Растлумачыць я не мог, сам смутна помніў, што гэта такое...
Праз паўгода ў кватэру палкоўніка Пойменава ўвайшлі Марта і Росцік. Марта знайшла мяне, Лі-Лі, яна пайшла ад мяне, але не кінула...
— Анна... — выдыхнуў Пойменаў, адчыніўшы дзверы Марце і Росціку. — Ты вярнулася?..
— Ты вярнулася? — спытаў я Марту.
— Немку немец заняў, так што да жыда вяртайся, — сказаў Росцік. — Чым я горшы за палкоўніка?..
— Быць не можа, каб такая падобная!.. — вачам сваім не верыў, запрашаючы мяне ў сведкі, ашаломлены Юрый. — Гэта ж Анна, Раман?..
Я не ведаў, што казаць, што сведчыць, бо Анны Вазвышэнскай не бачыў, а фотаздымкаў яе Пойменаў не меў... Сказаў мне, што яны прапалі ў той дзень, калі ён не сустрэў Анну. Я спытаў: “Як прапалі?..” — і ён адказаў: “Самі па сабе”.
Скрыпка, Лі-Лі, не адразу стала скрыпкай, перад тым былі падобныя да яе віёлы, фідэлі, ліры, рэбабы... Ліра была з адной струной і без таліі. А самы старадаўні смычковы інструмент — раванастрон — гэта проста палка, дзве струны на ёй і цыліндр з тутавага дрэва, з аднаго боку абцягнуты скурай лускаватага вадзянога ўдава. Чаму скурай вадзянога ўдава — загадка, якую прыдумаў Равана, цар цэйлонскі... Струны на раванастроне з кішак газелі, смык ягоны з бамбуку. Чуеш, як гучыць?.. Во тут... Прыблізна так, я думаю... Раванастрону сем тысяч гадоў, гук раванастрона глухі, шаманскі, да гэтай пары граюць на ім вандроўныя будыйскія манахі.
Немагчыма ўгадаць у раванастроне ліру, віёлу, тым болей скрыпку... Ды ўсё ж яны з’явіліся, што ты на гэта скажаш, Лі-Лі?..
Ты не заўважала, што нечым падобная на Марту? А Марта на Ніну... Я раней не заўважаў. Выходзіць, заўважыла Каміла... І знайшліся мы, спаткаліся ў свеце не толькі таму, што ты з Камілай палічылі мяне за секс-гуру, разумееш?..
Калі нават Анна, якой я не бачыў, падобная на цябе, на Марту і Ніну, значыць, не выпадкова ўсё — і тады адносіны нашы занадта свабодныя, зашмат у іх волі, Лі-Лі... Лішак волі ў іх я адчуваю праз рэўнасць, а я не хачу ні пазбаўляць цябе волі, ні рэўнаваць, таму лепей мне пераадолець цябе ў сабе, Лі-Лі, каб лабухі з мяне не смяяліся... І Марта не казала працяжна: “У сорак два гады...” — а Ніна не дадавала: “Мог бы паразумнець”.