Лабух
Шрифт:
Пахан на поле прывёў, лапату даў: капай, капусту садзіць будзем.
Што такое сабе самому магілу капаць, зразумець можа толькі той, хто сам сабе магілу капаў. А я думаў да ўсяго... дранцвеў, думаючы: як жа ў цеснаце такой ляжаць буду? — і браў на штых шырэй...
Дзіўна, але бегчы, ратавацца — у галаву не прыходзіла: няхай сабе так і будзе. Бо няма чаго, з трыдзевятага царства прыпёршыся, лезці ў справы царства трыдзесятага. І яшчэ здавалася, што так справядліва, па заслугах, калі ўсё і ўсіх я страціў.
Пахан сам адказваў
Што такое хлопчык на веласіпедзе?.. Нічога, калі ён не лёс.
Хлопчык мог ехаць, як ехаў, але ён спыніўся і стаў на нас глядзець.
Пахан, чакаючы, пакуль хлопчык далей паедзе, цыгаркі дастаў: “Панырдай напаследак...”
Я рэдка курыў. Гэтак рэдка, што толькі двойчы — пры разводах... З Нінай і з Мартай. Закурыўшы ў апошні раз, я ўспомніў, як маці казала, што ў капусце мяне знайшла.
З капусты ў капусту...
Пасля ўспомнілася, як мне веласіпед купілі, які, пакатаўшыся, я ў рэчцы памыў і на сабе да хаты цягнуў, каб колы не запэцкаць. Каб у сенях веласіпед, на які глянуць я ўночы ўставаў, чыста бліскаў абадамі і чарнеў шынамі.
Веласіпед і праз месяц выглядаў, як новы, калі яго ўкралі, пакуль я купаўся. Даў нарца — вынырнуў, а веласіпеда на беразе няма.
Хлопчык быў — як я, і веласіпед — як той самы...
“Канай, шпана!” — крыкнулі, свіснуўшы, ад барака, і хлопчык ускочыў на веласіпед, упаў з ім, кінуў на беразе і пабег.
Хто яго ведае, чаму? Можа, перапалохаўся, зразумеўшы, што адбываецца... Але лёс не палохаецца.
На беразе рэчкі, праз гады пракаціўшыся, ляжаў мой веласіпед. Без яго б мяне перанялі светухі з барака, а з ім — не паспявалі. Ад пахана рвануўшы, я ўжо бачыў, што не паспяваюць — і гнаў веласіпед, не азіраючыся.
Схаваўся ў лабухаў хабараўскіх — тыя не здалі. Грошы на самалёт да Масквы сабралі: сто трыццаць рублёў, не малыя грошы...
Прафесар Румас казаў не раз: “Раман, будзьце са сваімі, якія яны ні ёсць. Бо іншыя — хто памёр, а хто яшчэ не нарадзіўся”.
Я Марце пра ўсё расказаў, у Маскву прыляцеўшы, дзе Марта і Росцік знайшлі мяне, ніякага, у палкоўніка Пойменава. Немка спытала: “Ты веласіпед у хлопчыка ўкраў?..” Разумела, канечне, пра што пытаецца, і ўсё адно спытала.
Жорсткая мая Марта — нават для немкі. Але свая. Пайшла ад мяне, ды не кінула.
І мая Ніна свая, і Лі-Лі... Хто яшчэ? Росцік?.. Не трэба нам да ўлады, Росцік, — там няма сваіх: глядзі вунь, што выйшла... У Ігара Львовіча рыжык выпаў са старой ватоўкі, менты здалі, светухі адмяцелілі — цяпер пахана чакай, які ў поле павядзе...
І не едзе
хлопчык
на веласіпедзе. І баліць усё, і да ўсяго — здушвае, здушвае, здушвае... Як у трубе, як у лодцы падводнай, як у кіфе цёмным. І ўсё праз тое, што не
хлопчык, а Фелікс прыехаў, які спытаў нечакана:“Я для цябе не свой?..”
Паспрабуй адказаць адразу... Падумаць трэба, а Фелікс дапытвае: “Чаму я пра цябе нічога не ведаў?”
Нібыта мне пра яго вядома болей...
“А што ты ведаць хацеў, Фелікс?”
“Тое, што зараз ведаю... Што цябе, як і мяне, магло не стаць, але ты зратаваны лёсам, як і я”.
“Зусім не так, як ты...”
“Не важна, хто і як!.. Хто з поля збег, хто з машыны выскачыў — мы зратаваныя. Ты задумваўся над тым, для чаго ты зратаваны?”
Бывала, што задумваўся... Але без адказу.
“Каб жыць”.
“Для зратаваных гэтага мала”.
“А што яшчэ трэба?”
“Разлічыцца”.
“З кім?”
“З хлопчыкам на веласіпедзе”.
Ды што яны, як згаварыўшыся, пра адно!.. Спачатку Марта, цяпер Фелікс... Я б мог тады папрасіць лабухаў хабараўскіх, каб знайшлі хлопчыка, вярнулі веласіпед, але і так яны мною пераклапаціліся — і дзе таго хлопчыка шукаць было?
“Хіба за гэта трэба разлічвацца?”
Фелікс, падобна, здзіўлены:
“Назаві, калі ўспомніш, хоць нешта такое, за што не трэба?..”
Такога я не магу ўспомніць...
“Нічога столькі не каштуе, як жыць... Дык чым і як разлічыцца?”
Фелікс глядзіць на мяне пакутліва:
“Спраўдзіць тое, для чаго зратаваны”.
Я не ведаю, для чаго зратаваны, а ён, значыць, ведае...
Калі я ў Лі-Лі пытаўся: “Як ты думаеш, для чаго Фелікс прыехаў?” — дык на ўвазе меў, што развітанне з Ігарам Львовічам — толькі прычына, і ў Фелікса, як і ў Лі-Лі, свая гульня... А Лі-Лі глянула, як яна ўмее, з туманком у вачах: “Ты ўжо забыўся, што ёсць такая рэч, як прыстойнасць, і паводзіцца прыстойна, жыць прыстойна — гэта нармальна”. Сказала, нібы шкадуючы...
Можа быць, так яно і ёсць... Можа быць.
Цяпер — можа быць, а не тады, калі я думаў, што Лі-Лі са мной хітруе. Папросту дурыць. І калі б аказалася, што яна сапраўды хітравала, надурвала, я б зараз... што мне, лабуху?.. душа пад кадыком... пастукаў і папрасіўся сам ведаю да каго. Ды й наогул не сядзеў бы тут — у кут загнаны.
А яна яшчэ казаць будзе: мыш пад венікам. Ці не яна — Фелікс?..
Занадта мы залежым адзін ад аднаго, залішне.
Толькі што б было, каб не залежылі? І як гэта ўявіць?..
Крабіч так уяўляе: “Я ні ад каго не залежу! Што напісаў — тое маё”. Нібы няма Зіначкі... Няўжо ён і піша так, нібы Зіначкі няма?
Дзякуй за рамонак, Зіначка.
Я не магу так музыку пісаць, нібы няма Камілы. Ніны і Марты. Зоі і Лідзіі Паўлаўны. Лі-Лі.
“Затое, — ашчэрыўся б зараз Крабіч, — я не магу жыць так, нібы Беларусі няма, а ты жывеш!” Ён крычаў яшчэ тады — у нашым клубе парыльным, дзе мы па чацвяргах збіраемся: “І з песнямі прадаеш!”
За мяне заступіліся — і Крабіч на ўсіх наехаў: “Як вы па начах спіце? Як з сумленнем дамаўляецеся?!.”