Ланцуг
Шрифт:
— Доктар! Доктар! — ныў ён. — Я ж не памру, праўда? Я выжыву?
Вінярскі маўчаў, каб не раздражняцца. Абмыў, выцер змочаным у спірце тампонам кроў вакол раны — зандзіраваць без наркозу пабаяўся, ды і так відаць было — хлопцу моцна пашэнціла. Быў толькі парэз жыравай тканкі; з раны двума белымі шарыкамі, — накшталт тых, што выдзімаў са сваёй жвачкі малады маўчун — выпіраліся кішкі, але яны былі цэлыя. Не хапіла якога міліметра.
Вінярскі зрабіў укол, пакуль чакаў, калі возьмецца замарозка, моцна захацеў курыць.
— Доктар! Доктар!!! — крычаў парэзаны.
У гэтай клініцы Вінярскі нагледзеўся ўсяго, але каб здаровы малады чалавек з даволі лёгкай — у параўнанні з тым, што магло б быць, калі б былі зачэплены кішкі, — ранаю так не ўмеў цярпець, так калаціўся, — такога яму яшчэ не даводзілася бачыць.
Калі накладваў
— Проста глыбокая драпіна, — сказаў Вінярскі з той лёгкай пагардаю, якая ўласціва кожнаму доктару, з тым пачуццём перавагі над «простымі смяротнымі», для якіх зашыць парэзаны кавалак скуры ёсць нейкі патаемны, ледзь не цудадзейны акт (ён і ўбачыў, і адчуў, што пасля гэтай прымітыўнай аперацыі ён адразу ж узвялічыўся ў вачах сваіх апекуноў). — Крыві страчана мала, можаце забіраць. Калі будзе макрата — нічога страшнага. Праз дзень у паліклініку, на перавязкі, праз сем дзён здымуць швы, і будзе бегаць. Усё.
— Так, — прамовіў барадаты. — А тут калі паляжыць? У вас. Адну ноч. Мала што.
— Ты ў накладзе не будзеш! — умяшаўся малады.
— Тады трэба афармляць праз прыёмны, — зноў увярнуў Вінярскі, выдатна разумеючы, што ніякія прыёмныя, ніякія запісы, якія будуць там зроблены, гэтым нязваным гасцям непажаданыя — кожны такі выпадак рэгіструецца ў асобным сшытку, і адразу ж ідзе паведамленне ў міліцыю. Сапраўды, барадач зноў узяў яго за локаць, нібы паказваючы гэтым, што цяпер Вінярскі павінен менш гаварыць, а больш слухаць.
— Свае людзі. Нашто свяціцца? Не бойся. Не пашкадуеш.
Вінярскі зірнуў на сястру, якая стаяла каля параненага з акрываўленым тампонам у руцэ, глядзела на ўсё шырока раскрытымі вачыма і не разумела, што тут адбываецца.
— Хіба што ў сёмую… Каця, давай у сёмую!
Сястра выйшла, вярнулася, штурхаючы паперадзе ложак-каталку, барадач з маладым памаглі сябру перабрацца на яе — ён ужо не стагнаў, маўчаў, прыслухоўваўся, што пра яго гаварылі. Вінярскі пачаў мыць рукі, і праз цурчанне вады да яго данеслася, як малады сказаў рэзка і гучна:
— Дай ты яму гэтыя даляры!
Барадаты нешта перапытаў, і малады зноў адказаў рэзка:
— Ну, вядома, усе!
Калі Вінярскі з ручніком у руках павярнуўся, — ён ледзь не ўскрыкнуў, адступіў назад і моцна стукнуўся бокам аб чыгунны ўмывальнік. Барадаты, азіраючыся на сястру, працягваў яму да болю знаёмы цэлафанавы пакет, набіты далярамі нябожчыка Стэльмаха.
ХIV
Апошнім часам дажджы, відаць, палюбілі Беларусь, узяўшы за моду колькі гадоў запар кожнае лета па цэлых днях паліваць і паліваць гэтую зямлю, быццам ёй і без таго мала выпрабаванняў.
Таксама, як і год назад, ішоў дождж, таксама стаяў у сваім кабінеце каля расчыненай форткі Яўген Вінярскі, глядзеў на мокрыя клёны ў дворыку, трымаў у пальцах цыгарэту, але не прыкурваў — збіраўся кідаць курыць.
Вось толькі Стэльмаха ўжо не было, за сталом Івана Змітравіча сядзеў малады хірург, асістэнт, і, пазяхаючы, разглядаў на святле лямпачкі рэнтгенаўскія здымкі.
Вінярскі глядзеў на дворык, потым пераводзіў вочы на пацямнелыя адколіны вакол гнёздаў, у якія заходзілі шпінгалеты, пазіраў на шафу, на кушэтку, на маладога асістэнта — і яму ўжо самому не верылася, што год назад было з ім нейкае зацямненне і ён чамусьці ламаў акно, краў і, хоць не хочучы, але несумненна быў вінаваты ў смерці чалавека… Гісторыя, што здарылася з ім у тым годзе і так рэзка памяняла яго псіхалогію, думкі, жыццё, ужо здавалася яму чужою, бы вычытанаю ў кнізе ці ўбачанаю ў кінафільме. Ён ужо даўно выкінуў з галавы мары пра замежжа, грошы больш не копіць, днямі прападае ў клініцы. Яго хваляць; ходзяць чуткі, што Сцяпанава, якому ў гэтым годзе на пенсію, павінен замяніць не хто іншы, як Вінярскі.
Але вядома, што найбольш яркія ўспаміны звычайна абуджаюцца ў чалавеку цыклічна, і патрэбна для гэтага абуджэння, як правільна сказана ў школьным падручніку па літаратуры, толькі «адзінства часу, абставін і месца дзеяння».
Мокрыя клёны за акном, святло ў кабінеце, шум
вады, сцякаючай у люк, халодная зморась, што залятала ў адчыненую фортку, — усё. гэта раптам так жвава нагадала Вінярскаму мінулы год, Стэльмаха, сябе… I чамусьці асабліва востра ўспомніўся той вечар, калі ён зашываў нажавы парэз і калі яму як узнагароду перадалі даляры. Вінярскі і цяпер не ведаў, дзе, па якіх людзях гэтыя даляры павандравалі, перш чым зноў вярнуцца да яго. Успомніў, як тады, адвёзшы парэзанага ў палату і развітаўшыся з барадачом і маладым, ён тэлефанаваў Сцяпанаву, прасіў падмяніць яго… Як потым пехам, уночы, пад дажджом ішоў амаль праз увесь горад на Паўднёвы Захад, як шукаў праспект Любімава і не было ніводнага чалавека, хто б паказаў, дзе гэты праспект, не кажучы пра патрэбны дом… Як ужо, бадай, пад раніцу знайшоў, доўга званіў і яму чамусьці не адчынялі, усё распытвалі праз дзверы, хто ды што, але ўрэшце ўдава Стэльмаха адчыніла, і ён моўчкі працягнуў ёй пакунак, павярнуўся і пабег уніз па лесвіцы, не азіраючыся… Як потым глушыў памяць працаю, сілай прымушаў сябе забыцца, не думаць больш пра гэтую гісторыю — і ўдавалася не думаць, калі б яшчэ зрэдзьчас гісторыя сама пра сябе не нагадвала. Недзе ў канцы вясны, калі ўжо добра пякло сонца, а на газонах паўз тратуары ўсё яшчэ не маглі растаць гурбы бруднага снегу, на праспекце Машэрава ён выпадкова сутыкнуўся з бялявым Васілём, прычым Вінярскі нават не пазнаў яго, прайшоў бы моўчкі, каб Васіль сам не абазваўся. Каб хто сказаў Вінярскаму, што чалавек за адзін год можа так змяніцца знешне, ён нізавошта не паверыў бы. Перад ім стаяў не той сімпатычны, нават элегантны, трохі без цара ў галаве малады хлопец з добрымі, сінімі, п’янаватымі вачыма, які ўмеў быць такім кампанейскім, любіў выпіць і пагаварыць, і паспяваць пра «Жану», з якім так цікава і лёгка было, — цяпер гэта быў мужчына, ён папаўнеў, акруглеў тварам, коратка падстрыгся, і брушка ўжо ледзь заўважна кругліла яго шыкоўны румынскі плашч… Нават рухі ў яго змяніліся, знікла ранейшая парывістасць, і калі ён вітаўся з Вінярскім, дык далонь працягнуў марудна, бы рабіў абавязак. Вінярскі ўбачыў у яго на пальцы шлюбны пярсцёнак, спытаў, з кім Васіль ажаніўся — ці не з Мілаю? Так, з ёю. Пастаялі, не ведалі пра што гаварыць. Вінярскі прапанаваў пайсці ў «Мутнае вока», — балазе, недалёка — выпіць па сто грам, Васіль неяк спалохана адмахнуўся, сказаў, што даўно ўжо зусім не п’е («Лепш бы ты піў», — чамусьці з сумам падумаў Вінярскі), як і не піша больш: пустое, не тыя цяпер часы, каб убухваць здароўе ў нікому непатрэбную пісаніну.— А помніш, як ты здорава расказваў, што галоўнае — любоў да Айчыны і каханне? — спытаў Вінярскі.
— Галоўнае — гэта во, — і Васіль пацёр перад яго тварам пальцамі, нібы паміж імі была паперка.
Між іншым, Васіль пахваліўся, што не так даўно быў у Германіі.
— Як ты туды патрапіў?
Аказваецца, у Мілы была нейкая хвароба, ён, Васіль, нават не здагадваўся, як, здаецца, не здагадвалася і сама Міла. У цешчы знайшліся неабходныя грошы, Мілу павезлі за мяжу на аперацыю, і ён, Васіль, ездзіў. Усё прайшло цудоўна, цяпер жонка дома, чакае дзіця.
— А помніш Сымона? — ажывіўся раптам Васіль. — Таго старога, з кавярні? — Ён дастаў з унутранай кішэні плашча газету, разгарнуў і паказаў Вінярскаму Сымонаў партрэт на першай старонцы. — Уяўляеш, яго новы гістарычны раман будуць экранізаваць, вылучылі на Дзяржаўную прэмію. Усё падлізваўся да мяне — маўляў, гонар літаратуры… А вось хто сапраўдны гонар. Я, калі шчыра, ніколі ўсур’ёз яго не ўспрымаў, а ён сядзеў сабе ў куточку, падтакваў, піў за чужыя грошы, а сам пісаў такую рэч! Вось як яно бывае…
Калі ўжо развітваліся, Васіль, нечакана пачырванеўшы, спытаў, ці не ведае Вінярскі такой Жаны — таксама жыве ў Вяснянцы.
— Толькі не жыве, а жыла, — адказаў Вінярскі. — Ведаў, канечне, яе ўся Вяснянка ведала…
I ён у сваю чаргу дастаў з партфеля тоўсты канверт, падаў Васілю, і пакуль той разглядаў прыгожыя, вельмі якасныя фотаздымкі, на кожным з якіх была Жанна — то ў купальніку, пад пальмамі, то ў строгай, абшытай нявіннымі карункамі сукенцы на нейкім афіцыйным банкеце за сталом сярод мноства людзей з чаркамі ў руках, то ў нейкім персідскім дворыку, каля басейна, у шэзлонгу, сядзіць, чамусьці апранутая ва ўсё чорнае і, здаецца, адкінуўшы на плечы паранджу… Пакуль Васіль разглядаў усё гэта, Вінярскі расказаў, што Жана выйшла замуж за студэнта-араба з Іарданіі і паехала туды. Пісала, што ўсё цудоўна і яна шчаслівая…