Ланцуг
Шрифт:
Пайшоў спахмурнелы Васіль, і тая сустрэча такасама пачала забывацца…
Вінярскі зламаў цыгарэту, павярнуўся да асістэнта.
— Так, абход!
I асістэнт паслухмяна падскочыў, замітусіўся…
Асістэнт пабойваецца Вінярскага, паважае, але разам з тым лічыць яго трошкі «з заскокамі». Справа ў тым, што ў Вінярскага ёсць дзіўная звычка: на ранішніх абходах звычайна абыякавы, строгі, нават грубы з хворымі, ён адразу ж змяняецца, калі ўбачыць у якойсьці палаце маладога, бялявага чалавека. Тады ён робіцца ўвесь лагода, мяккасць; падсаджваецца да хворага на ложак, доўга гаворыць з ім, распытвае — і, самае дзіўнае, чамусьці стараецца гаварыць па-беларуску. I асістэнт, і сястра, і Сцяпанаў (калі бывае на абходзе Сцяпанаў), і нават іншыя хворыя ў палаце за спінаю ў Вінярскага пераглядваюцца, перасмейваюцца, але калі Вінярскі ўстае, усе робяць выгляд,
1994 г.
Пра аднаго пісьменніка
Светлай памяці М. П. Луферава
Частка І
Кароткае лета
І
Ён прыехаў у вёску дзённым аўтобусам, вылез апошні, трымаючыся за дзверы, — грузны, успацелы, замучаны дарогаю і перажываннямі, — і стаў там, дзе злез, каля самага аўтобуса, аддыхваючыся, апіраючыся на кіёк, апусціўшы ў прыдарожны пыл каля ног новую сумку. Стаяў прыгорблены, лысы, у акулярах, у белых пакамечаных штанах, у белай шырокай тэнісцы, нідзе нават не крануты загарам, быццам першы раз за лета выбраўся на сонца, і было, відаць, у яго выглядзе і ў паставе нешта бездапаможнае, жаласлівае, бо адзін з пасажыраў, што ехалі разам з ім і якіх ён нікога не пазнаў, мужчына ў трыко і з вядром у руцэ, ужо адышоўшы, раптам вярнуўся і спытаў, ці не трэба памагчы. Ён адказаў — не, не трэба, і падумаў, што ён не намнога старэйшы за гэтага мужчыну.
Ён аддыхаў, узяў сумку і пакульгаў патроху, шоркаючы па запыленым вясковым асфальце падэшвамі новых сандаляў з пакрыўленымі заднікамі, — клыпаў па вуліцы, якая помніла яго зусім іншага, якую і ён помніў іншаю і якую ўздоўж і ўпоперак апісаў у сваіх аповесцях і апавяданнях. Вуліца была роўная, доўгая і ўся зялёная, хаты стаялі блізка адна ад адной. Калі ён прыязджаў у пазатое лета, яшчэ здаровы, сям-там стаялі кінутыя, напаўразваленыя хаты — цяпер не было відаць ні адной такой. Новыя платы, у агародах — парнікі, замест кінутых развалюх — цагляныя дамкі, з балконамі, верандамі, мансардамі, выштукаваныя як цацкі. Вёска, пра якую ім столькі было панапісана з жалем расстання, як пра не сёння-заўтра нябожчыцу, раптам засялілася — хоць і чужымі людзьмі, ажыла, памаладзела, папрыгажэла, а ён, аплакаўшы яе ў сваіх творах, і не заўважыў, як сам апынуўся на краю магілы. Яшчэ са школы яго смяшыла, здавалася нейкай недарэчнай, дурною загадка: «раніцаю — на чатырох, удзень — на двух, увечары — на трох»; колькі б разоў ён гэтую загадку ні чуў, столькі яго смяшыла, што адказ — чалавек. I вось жыццё помсціла яму за той смех, правёўшы па гэтай вуліцы перш малога, калі поўзаў-гуляўся пад плотам у пяску, потым маладога і шчаслівага, калі хадзіў і бегаў, не чуючы пад сабою ног, і вось урэшце «ўвечары» ён клыпаў па ёй на трох — з кійком.
Ад прыпынку асфальт вёў уніз, да рэчкі, якая падзяляла вёску на дзве часткі. Там, каля рэчкі, у завулачку была яго колішняя хата, цяпер пераробленая чужымі людзьмі і чужая яму. Можна было ісці асфальтам да рэчкі і там павярнуць, а можна цяпер, каля калодзежа, сысці і дабірацца да вулічкі наўпрасткі сцежкаю між сотак. З гэтага калодзежа яны заўсёды бралі ваду — у іх, у нізіне, была нясмачная — і ён з двума поўнымі вёдрамі даходзіў гэтай сцежкаю да дому за пяць хвілін. Каля калодзежа на лаўцы сядзелі людзі; ён блізарука ўглядзеўся і не пазнаў нікога, але, не даходзячы да лаўкі, калі трэба было паварочваць на сцежку, раптам павітаўся. Яму гучна, на розныя галасы адказалі, і нехта спытаў: «Што, прыехалі ў радные места?» Ён адказаў — вось, прыехаў, і пакульгаў па сцежцы, чуючы, што сціх гоман, і ведаючы, што яму глядзяць у спіну. Машынальна, па прафесійнай звычцы ён падумаў, што трэба запомніць гэта на ўсялякі выпадак — як глядзелі ў спіну хвораму чалавеку (не забыць, што хворыя, пакуль прывыкнуць да сваёй хваробы, цураюцца людзей, якія помняць іх здаровымі), — падумаў і схамянуўся: нашвошта?! Для чаго і для каго яму цяпер гэта трэба запамінаць, дзе яно ўжо можа спатрэбіцца?
Сцежка выводзіла на вулічку з усяго трох хат — яны стаялі па адзін бок; па другі быў паплоўчык, потым рэчка і зарэчная частка вёскі. Бліжэй да асфальту стаяла кінутая хата, пасярэдзіне — іхняя (цяпер чужая дача), і апошняя, у самым канцы вулічкі, у алешніку — Лідзіная. Лідзіным дваром яму было ісці сама бліжэй. Звычайна, калі прыязджаў у тыя гады, ён так і хадзіў. Але цяпер ён баяўся сустрэчы і гаворкі з любым
знаёмым чалавекам, тым больш з Лідаю. Хацелася толькі цішком дабрацца да ценю, да ложка, разуцца, прылегчы і проста паплакаць.Ён прайшоў сваім колішнім дваром — як чужым, нічога вакол не пазнаючы і радуючыся толькі, што нідзе не відаць дачнікаў; потым, разораю, дабраўся ў самы канец сотак, дзе на чыстым месцы, на паплоўчыку, стаяла «сцёбка». «Сцёбкамі» ў іх зваліся маленькія хаткі, пабудаваныя пасля вайны, у якіх туліліся цэлымі сем’ямі, пакуль не перабіраліся ў новую хату. У каторы раз ён пахваліў сам сябе, што хапіла розуму не раскідаць, не прадаць гэтую хатку, у якую можна было прыехаць у любую пару года, дзе яму заўсёды так добра думалася і пісалася. I вось, як старога сабаку, што чуе смерць і сыходзіць з воч людскіх, і яго прыгнала не куды-небудзь, а сюды.
Паплоўчык вакол сцёбкі быў скошаны, і ён па маладой атаве даклыпаў да нізенькіх дзвярэй, пабіў кійком па іржавым замку, адамкнуў і ледзь адчыніў дзверы, якія аселі і ўпіраліся нізам у дол. У сцёбцы — невялічкай, тры на тры метры хатцы з адным акном, дзе неяк уціснуліся ложак, шафа, стол, табурэт і пасярэдзіне яшчэ астаўся кавалачак чыстай падлогі — было даволі светла, толькі моцна цягнула затхласцю. Ён не стаў зачыняць дзверы, апусціў каля парога сумку і цяжка прысеў на ложак, які зарыпеў пад ім усімі старымі спружынамі. Трэба было б праветрыць пасцель ці хоць бы вынесці на двор і выбіць капу з ложка, але ў яго ўжо не было сіл нават на гэта.
Ён скінуў сандалі, зняў шкарпэткі, паспрабаваў паварушыць пальцамі — ногі былі апухлыя, сінія, з раздутымі венамі, — потым прылёг на бок і адчуў страшную палёгку. Як заўсёды апошнімі часамі ў хвіліны палёгкі, слёзы падступілі да горла, але ён стрымаўся; чакаючы яшчэ больш моцнага прыступу шкадавання сябе, пачаў глядзець на столь, у акенца на сіняе неба, на сцены, на падлогу з квадратнай, закладзенай цаглінамі адтулінай, дзе калісьці стаяла іхняя маленькая веч, — паспрабаваў думаць пра тое, на што глядзеў. Сцены і столь былі акуратна абабітыя кардонам і пафарбаваныя бяліламі — ён у кожны свой прыезд падфарбоўваў, паднаўляў іх, і нават цяпер, запыленыя, пацямнелыя на швах, яны выглядалі сімпатычна. Што ён тады думаў, калі фарбаваў іх? Чаму не радаваўся, не бег у лес, на рэчку, не качаўся па траве?
У тым і справа, што радаваўся!
Ён падцягнуў кійком сумку, падняў на ложак, пачаў распакоўвацца. Дастаў складзены брызентавы плашч, пакунак з бялізнаю, пакуначак з ежаю, некалькі агульных сшыткаў, папку, маленечкае Евангелле; калі даставаў цэлафанавы мяшэчак з зубной пастай, шчоткай, электрабрытваю і сваім любімым крэмам, урэшце не ўтрымаўся і заплакаў — горка, упаўшы галавою на гэтыя пакункі. Усё жыццё, перад любымі зборамі кудысьці яму звычайна рабілася неяк трывожна, сумна, задоўга да ад’езду ён пачынаў пакавацца, ніколі нічога не забываў, перад тым як загарнуць і пакласці ў сумку, кожную рэч нейкі час трымаў у руках, пагладжваў, — але гэтым разам, збіраючыся сюды, ён адчуваў ужо не проста звычайную разбэрсаную трывогу — цяпер гэтыя рэчы было адзінае, што заставалася ў яго ад ранейшага жыцця, ад ранейшага сябе, рэчы, якія будуць з ім да канца, нават калі ён прыехаў сюды на смерць.
Выцершы мокрыя вочы і шчокі, ён устаў, адчуваючы, як зноў наліваюцца цяжарам ногі, перасеў за стол, разаслаў газету і паеў каўбасы з хлебам і з памідорам, мачаючы памідор у запалкавы карабок з соллю; астаткі ежы загарнуў у газету і паклаў у шафу на верхнюю паліцу, уніз паставіў сумку, на адзіныя плечкі павесіў плашч, на стале акуратна расклаў сшыткі, папку, чысты аркуш паперы, ручку. Цяпер трэба было паспаць. На міг яму стала страшна — за акном стаяў такі сонечны дзень, якіх у яго, відаць, не многа ўжо засталося, і трэба было б гэтым днём неяк пакарыстацца, хоць бы выйсці на двор пасядзець пад сцёбкаю, — але стома змагла страх. Ён пракаўтнуў таблетку, запіў астаткамі цёплага ліманаду і лёг, не распранаючыся.
Прачнуўся ён ад сонца, якое заходзіла і праз адчыненыя дзверы свяціла на падушку і яму ў твар. Было восем гадзін вечара. Пасля сну — хоць і ненатуральнага, з дымедролам, стала лягчэй. Ногі адтухлі і амаль не балелі. Ён пераапрануўся ў свой ношаны чорны спартыўны касцюм, усунуў ногі ў звыклыя лёгкія тапкі, узяў кіёк і пайшоў на двор, паўз Лідзін плот, і патрапіў у канец вулачкі. Адсюль, у прасвет паміж алешынамі, добра была відаць вілюжная рачулка, сенажаць, зарэчныя хаты, раскіданыя ў зеляніне, і далей куды ні глянь — лес і лес; толькі ў адзін бок, дзе асфальт, жаўцее жыта, сярод якога — зялёны астравок могілак, а за жытам і могілкамі — зноў лес.