Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ланцуг

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Моцна пахла восеньскім сырым лесам. Вецер біў у твар, падсвістваў у вушах, быццам таксама радаваўся за чалавека, вольнага цяпер, як і ён сам, вецер. Ласіца бег паўз самы плот, прыціснуўшы да бакоў локці, рытмічна, бы на вучэбным кросе, удыхаў паветра носам і выпускаў ротам. Вось назіральная вышка, пустая ў цёмны час. Вунь агні КПП. Ласіца спыніўся, аддыхаўся, пайшоў у лес у напрамку дарогі. Раптам з КПП данесліся галасы, завёўся матор машыны. Ён зноў пабег і хутка апынуўся пры самай дарозе, стаіўся за тоўстай ялінаю. Марудна калываючыся на ямах разбітай дарогі, свецячы бліжнім святлом фар то ўверх, то ўніз, з-за павароту паказаўся «ЗіЛ». Прывозілі каравульным вячэру. Ласіца сцягнуў з галавы шапку, запіхнуў пад рэмень, паправіў аўтамат, падрыхтаваўся. Цяпер ім кіраваў толькі інстынкт, ён падказваў, што трэба рабіць, ён даваў надзею, што ўсё атрымаецца. Да горада яму,

вядома, на гэтым «ЗіЛе» наўрад ці дабрацца, а вось да шашы… Машына параўнялася з елкаю. Адсюль пачыналася раўнейшая дарога. Злавіўшы момант, калі «ЗіЛ» амаль прыпыніўся для перагазоўкі і ўключэчэння перадачы, Ласіца, сагнуўшыся, сігануў на дарогу, ухапіўся за задні борт, з самага краю, завешанага брызентам, падцягнуўся і ўпёрся нагамі ў запасное кола знізу кузава. Машына рванула з месца, пайшла, пайшла… Ласіца асцярожна зірнуў увсрх. З кузава за брызентам яго рук не відаць, нічога не ўбачыць і шафёр. Днявальны і салдат з нарада па кухні, якія прывозілі ежу (Ласіца ведаў іх), маўчалі. Адзін, седзячы з таго ж боку, амаль ушчыльную да борта, за які ўчапіўся Ласіца, курыў, раз за разам выцягваючы руку з цыгарэтаю за борт і збіваючы попел Ласіцы на плячо.

«Штык-нож тырчэў бы зараз над бортам, і шапка, адразу ўбачылі б! Вось што такое драбяза!» — пахваліў сябе ў думках Ласіца.

Машына ехала даволі хутка. Ласіца вісеў, скурчыўшыся, яго гайдала з боку ў бок. Пакрысе ён перастаў асцерагацца і ўжо не дужа хаваўся, калі яго падкідвала і маглі заўважыць з кузава ці калі заносіла набок і ў люстэрка мог убачыць шафёр. Кепска было яшчэ тое, што ён перастаў арыентавацца, яму здавалася, вось-вось павінна быць шаша, але машына ехала, вакол чарнеў лес і лес. Зацякалі не так рукі, як ногі, сагнутыя ў каленях. Ласіца, зусім забыўшы асцярогу, высунуўся, глянуў уперад і ўбачыў прасвет між дрэў — то была шаша. Ён хацеў саскокваць. У гэты момант «ЗіЛ» трасянула на яме, пакаціліся, зазвінелі ў кузаве парожнія флягі, гучна вьлаяўся на шафёра днявальны… У Ласіцы расшчапіліся пальцы, яго падкінула ўверх, зацеклыя ногі не паспелі як след спрацаваць, і ён грымнуўся вобземлю. З гарачкі падхапіўся, абмацаў перш аўтамат, потым сябе, — здаецца, нічога, цэлы, толькі ўвесь у гразі і гразёю забіла рулю. Паспрабаваў пайсці за машынаю, якая ўжо ўзбіралася на шашу, і, гучна войкнуўшы ад болю, прысеў. Адразу чрабілася млосна і захацелася піць. Нага!.. Умудрыўся падвярнуць ці зламаць нагу! Каля саменькай шашы!

Войкаючы, ён даклыпаў да бліжэйшай елкі, зваліўся. Паспрабаваў сцягнуць бот, не змог ад болю. Паляжаў трохі на халоднай зямлі, счакаў, пакуль перастане калаціцца сэрца, пройдзе млоснасць, адламаў шурпатую яловую галінку, старанна вычысціў, выкалупаў гразь з рулі. Стала холадна галаве. Ён надзеў шапку, на адной назе прыўстаў і, дзе трымаючыся за галіны і ствалы елак, дзе памагаючы сабе аўтаматам, абапіраючыся на яго, як на кавеньку, пацёгся да шашы.

Цяпер толькі звярыны адчай штурхаў яго ў спіну, гнаў уперад, патрабаваў хоць якога дзеяння… Дачакацца і спыняць машыну? Як? Сграляць па колах? I што потым, калі машына спыніцца? Паўзці да яе? Так, паўзці! Не ляжаць жа пад хвояю, не чакаць, пакуль прыедуць і абложаць, бы ваўка!..

Метраў за трыццаць ад шашы ён спыніўся аддыхацца і раптам насцярожыўся. Яго чуйнае вуха вясковага хлопца ўлавіла знаёмыя гукі: скрып колаў, стукат іх аб карані, пырханне каня. Гукі набліжаліся. Нехта ехаў дарогаю паўз шашу ў напрамку горада.

2.

— Стаяць! — хрыплым, злым голасам скамандаваў ён, калі воз параўняўся з ім, і шчоўкнуў затворам. Тады адразу ж, каб не ўпасці, ступіў бліжэй і схапіўся за ручку драбіны.

У перадку воза ён разгледзеў жанчыну, у куфайцы, хустцы. Ззаду ў возе ляжалі некалькі поўных мяхоў.

— Хто такая? — усё так жа гучна, злосна сказаў ён. — Куды едзеш? Адкуль?

— Ты што, сынок? — спалохана азвалася жанчына. — Салдацік, Бог з табою! — і яна затараторыла сваім мясцовым вымаўленнем, да якога за цэлы год службы ў гзтым краі ніяк не мог прывыкнуць Ласіца. — Местная я, из Тейково, ездила вот в село овса взять, да кладовщика не было, вот и припозднилась…

— Памаўчы! — абарваў яе Ласіца, мацаючы мяхі, раздумваючы, загадаць ёй скінуць іх або не губляць на гэта часу. Ён ведаў Тэйкава, маленькую вёсачку пры шашы, прыкладна пасярэдзіне паміж горадам і месцам, дзе яны цяпер стаялі.

— Так, — сказаў ён. — Паедзеш, як і ехала, лесам. Гоніш як мага, — і, не чакаючы адказу, са стогнам уваліўся ў задок, пачаў зручней уладкоўвацца сярод мяхоў.

— Ды ты чё, салдат? —

жанчына ўсё не магла дапяць, што ж адбываецца.

— Ясна табе?! — крыкнуў Ласіца і раптам ускінуў аўтамат і націснуў на курок.:

Куля весела ціўкнула ў вершаліне блізкай хвоі, зразаючы лапкі, збіваючы ігліцу. Ахнула жанчына, ірвануў з месца спалоханы конь. Сыры, густы лес прыглушыў стрэл, адразу растварыў яго сярод іншых сваіх гукаў. Жанчына не азіралася. Воз трэсла, калывала з боку ў бок. Ласіца ўсё ніяк не мог уладкаваць нагу, яна балела і не давала думаць. Праклятая нага! Ён расшпіліў на два верхнія гузікі шынель, пацёр мокрую, гарачую шыю пад гімнасцёркаю. Хацелася піць, аж язык зашэрх. Яго, канечне, спахапіліся ўжо, шукаюць каля складоў… Нічога, шукайце. Вось дабярэцца да Тэйкава, там будзе ў каго-небудзь матацыкл ці машына… А можа, гэтай падводай дабірацца да горада? Можа, так яшчэ лепш?..

— У цябе дзеці малыя ёсць? — спытаў ён.

Не азіраючыся, жанчына ўсхліпнула:

— Няма ў мяне! Ні мужа, ні дзяцей, адна!

— Баішся смерці?

— Баюся, сынок!

— Чаго ж баішся, калі няма нікога?

— Таму і баюся! Бо і не жыла яшчэ! Адпусці!.. — узмалілася яна.

— А ты хоць здагадваешся, хто я?

— Ох, здагадваюся, сынок!..

— Прыедзем у горад — адпушчу. Не бойся.

— Як… у горад?! — аж ускінулася яна. — Сынок, салдацік, паглядзі, конь мокры ўвесь, авёс жа…

— Памаўчы! — прыкрыкнуў ён. Потым дадаў: — Мне ўсё адно канец.

Яны ехалі доўга. Было відаць, як па шашы зрэдчас то ў горад, то з горада праносяцца светлыя плямы машын. Вакол быў усё той жа хваёвы густы лес; Ласіца ведаў, што ён не скончыцца да самага горада. Хоць гэта крыху супакойвала. Ехалі моўчкі. Ласіца хацеў паглядзець, каторая цяпер гадзіна, але паленаваўся. Якая розніца… Гімнасцёрка на шыі і на грудзях па-ранейшаму была мокрая ад поту; шыі і грудзям было горача, а спіне — холадна. Час ад часу яго праціналі дрыжыкі. Ён ляжаў бокам на мяккім мяху, воз гайдала, ледзь чутна скрыпелі колы, конь аднастайна чвякаў капытамі. Пахла мукою, аўсом, лесам, вёскаю… Ласіца ледзь не задрамаў.

Ён пачаў варушыць нагою, каб балела і не давала драмаць. Не, кепска так… Ён хацеў загадаць: «Падгані каня!» — і зноў паленаваўся. Жанчына сядзіць, не варушыцца, не азіраецца… Баіцца. Правільна, яго трэба баяцца. Маці нагнулася над ім… Якая маці?!

Ён уздрыгнуў, агледзеўся — усё тое ж вакол: лес, рып колаў, спіна ўперадзе… Бацька едзе на луг касіць, новенькая каса ляжыць упоперак воза, ён, малы Алёша, сядзіць разам з маткаю ззаду… Адкляпанае вострае лязо блішчыць зусім блізка, адбівае сонца, і ён усё баіцца парэзацца, баіцца касы, прыціскаецца да маці… Вось бацька паварочваецца да іх, смяецца радасна, і яму, Лёшу, таксама робіцца спакойна і радасна, толькі хочацца, каб бацька здагадаўся і прыбраў далей касу… А той ніяк не здагадваецца, толькі ўсё смяецца, падсоўваецца бліжэй і ўсё гаворыць, гаворыць штось доўга, і так, што не разабраць ніводнага слова…

Ласіца ачомаўся ад цішыні — колы больш не рыпелі — і адразу схапіўся за аўтамат. Воз стаяў каля нейкай цёмнай хаты, воддаль сям-там свяціліся агні іншых хат. Жанчына сядзела ў перадку, не варушачыся, і глядзела на яго. Ён зразумеў, што яны ў вёсцы; пакуль ён спаў, жанчына пад’ехала да сваёй хаты, непадалёк ад шашы, і стаяла, чакала… Забыўшы пра нагу, Лісіцкі, каб саскочыць з воза, зрабіў на яе ўпор — і ўскрыкнуў; нага аж хруснула, аж пачуў, як церануліся адна аб адну абломкі костачак там, усярэдзіне… Зноў зрабілася млосна, як тады, на дарозе. Ён са стогнам пераваліўся цераз драбіны, паспрабаваў стаць і тут жа, каля воза, лёг на зямлю.

Жанчына моўчкі глядзела на яго. Ён ледзь не сказаў, ці можна ўрача, і схамянуўся. Урача!.. І раптам увесь план яго падаўся яму кашмарам, вар’яцтвам. На што ён спадзявася?! Ну, а калі б нават не нага?! Ах, як бязглузда, непатрэбна ўсё!.. Праклятая хвароба!.. Жанчына злезла з воза і асцярожна наблізілася да яго.

— Я зламаў нагу, — сказаў ён, выціраючы рукавом шыняля нос і шчокі.

3.

У цёплай каравулцы тры «духі» мылі падлогу: двое намыльвалі шчоткамі, трэці сцягваў анучай ваду. Яшчэ двое сядзелі побач за сталом, унурыўшыся ў кніжкі статута. За суседнім сталом сяржант Болтус з разводным старой змены гулялі ў шашкі. Праз нізенькае акенца ў дзвярах насупраць было відаць, як спіць начальнік каравула, — проста за сталом, у фуражцы, паклаўшы галаву на рукі. На адным з тапчаноў ляжаў, укруціўшыся з галавою ў шынель, адвярнуўшыся да сцяны, салдат старой змены. На другім сядзеў «дзед» Дзямідаў і не даваў маладым вучыць статут.

Поделиться с друзьями: