Ланцуг
Шрифт:
Потым паклаў мне руку на калена.
— Не трэба… Яна не вартая цябе… Хіба ты не бачыў, што на ёй аж шкура гарыць…
Я ўсунуў у рот цыгарэту, адвярнуўся да грушы і пачаў чыркаць запалкамі, якія не хацелі гарэць, ламаліся… А тут яшчэ вецер у вочы, расплываецца двор, і груша, і цыгарэта… Давялося некалькі разоў зміргнуць, каб вярнулася рэзкасць зроку. Запалка ўспыхнула, я прыкурыў і павярнуўся да сябра. Ён, з выглядам, што нічога не заўважае, ужо весела чытаў мне верш:
…Прыйшла павестка На паперцы туалетнай: З’явіцца ў райваенкамат…Ад ганка яму крыкнулі. Ён заспяшаўся, затараторыў, не выпускаючы маёй рукі:
…ПадходзіцьІ, адыходзячы назаўсёды, добры, лысы, смешны ў сваёй ватоўцы і з недарэчнай сумкаю на плячы, азірнуўся і махнуў мне рукою:
— Давай у атаку пабяжым!
Частка ІІІ
Чытачы
Аповесць выйшла, канула ў Лету, і Мікола Пятровіч забыўся на яе.
Аднойчы яму патэлефанавалі і запрасілі ў бібліятэку на выступленне. Ён здуру згадзіўся. Здуру, бо якія цяпер чытачы і якія выступленні? Цяпер усе выдатна ведаюць, як жыць, навошта жыць, як пісаць і што чытаць, і самі любога навучаць.
Але пайшоў.
Бібліятэкарка, каб зрабіць яму прыемнае, паказала нумар часопіса з «Повесьцю», зачытаны, зашмальцаваны да таго, што на фальцах быў заклеены скотчам. Мікола Пятровіч машынальна пачаў гартаць — і раптам між старонак знайшоў аркушык паперы. Рознымі почыркамі, рознымі чарніламі там было 9 запісаў. Відаць, часопіс перадавалі ў класе, ці ў студэнцкай групе, і кожны пакінуў свой маленькі водгук, міні-рэцэнзію. Атрымалася нешта накшталт чэхаўскай «Кнігі скаргаў». Мікола Пятровіч вырашыў захаваць аркушык на памяць. Вось ён.
1) Аўтар не баіцца, што хтосьці ў сваю чаргу разбярэ яго таксама?
2) ПА-МЕЛЕЖАЎСКУ густа — дык так і трэба было пісаць па-мележаўску.
3) здорава! гэты абвал пошласці і штампаў у курсіўнай частцы! і тлумачэнняў не трэба!
4) Сябры, я яго раскусіў: ён не з Лідай і не з Людай развітваецца, а з сваёй Літаратурай!
5) Вось (нецэнз.)…
6) Як не сорамна?! Гэта мой любімы пісьменнік, а не (нецэнз.)! Хачу, каб ён назваў якую-небудзь сваю гераіню маім іменем. А маё імя — сакрэт.
7) Сівы лішайнік на сцяне — можа, трэба сівы мох? Ці я памыляюся?
8) Дас іст фантасціш!
9) Абсалютна нічога такога смешнага не знайшла ў той частцы, што курсівам. Цалкам кранальная гісторыя зараджаючагася кахання на фоне непаўторнай беларускай прыроды. Хацелася б больш даведацца пра дальнейшы лёс гераіні… Анюта С.
Салдат
1.
Кастрычніцкім вечарам 1983 года ў глухім лесе адной з цэнтральных расійскіх абласцей, дзе размяшчаліся склады Н-скай вайсковай часці (сама часць была ў горадіе, кіламетраў за пятнаццаць), адбывалася чарговая змена каравульных.
Калі салдаты новай змены выйшлі з цёплай каравулкі на халодны двор і адзін за адным патэпалі за разводным, з лесу пацягнула сырым восеньскім ветрам. Вецер прабег па іх, абмацаў, астудзіў патыліцы, рукі, раздзьмухнуў крысы шынялёў, бы настырны старшына, які хоча пераканацца, ці ўсе ў яго падначаленых як след, ці не адубеюць яны за гэтыя дзве гадэіны стаяння на пасту.
Радавы Ласіца, што ішоў адразу за разводным, міжволі павярнуў галаву ў той бок, адкуль вецер, дзе плот, лес і ледзь бачная назіральная вышка. Потым моцна, аж пальцы хруснулі, сціснуў ложу аўтамата і раптам спалохаўся. Яму стала страшна, што ён зусім малады, няма яшчэ дваццаці, а ён, хутчэй за ўсё, неўзабаве памрэ. Ён убачыў перад сабой (апошнім часам яму такое лёгка давалася: ён мог у любую хвіліну жыва, выпукла ўявіць сабе ўсё, што хацеў) твары бацькоў, сястры, настаўніка, Ніны… I сам сабе ён убачыў, Алёшку Лісіцу, які сядзіць за школьнай партаю і думаць не думае, што менш чым праз два гады апынецца за тысячы кіламетраў ад Беларусі, каб тут, на чужыне, так страшна, незразумела захварэць.
«Сёння, вось цяпер, твой адзіны і апошні шанс!» — сказаў сабе Ласіца, усё яшчэ да болю
ў пальцах сціскаючы аўтамат. Узгадалася, як апошнімі бяссоннымі начамі ён маліў Бога, каб той паслаў яму гэты вечар, вецер, спіну ўперадзе, АКМ у рукі і два магазіны патронаў. І вось Бог памог. А ўсё далейшае справа тэхнікі.Каля бліжняга склада з цемры вырасла постаць, і пачуўся вокліч: «Кто идёт, стоять на месте!» — «Разводящий со сменою!» — адказаў сяржант, сібірак Болтус.
— Ко мне, остальные — на месте!
Болтус пайшоў. Блізка быў слуп з ліхтаром, але туркмен-каравульны гучна, каб усе чулі, загадаў разводнаму знізу асвятліць ліхтарыкам твар. Болтус падпарадкаваўся. Туркмен, каверкаючы словы, пачаў дакладваць, што за час нясення ім службы па ахове такога і такога аб’екта нічога не адбылося; урэшце скончыў — «пост нумар чатыры здаў».
— Рядовой Ласицо, приказываю заступить на пост номер четыре по охране… — і Болтус пералічыў аб’екты, своеасабліва, як умеюць толькі рускія, раскатваючы зычныя «ря», «ри», «ре»…
— Есть принять пост номер четыре…
Ласіца завучана, бы робат, паўтарыў тым строгім, не сваім, дзеравяна-салдафонскім голасам, які выпрацаваў у сябе эа апошнія тыдні; голасам, якім на занятках адказваў параграфы вызубранага статута, адзываўся на каманды, якім пачаў гаварыць з іншымі салдатамі і нават сам з сабою ў думках; голасам, што так памог яму дабрацца да гэтага каравула.
Болтус кіўнуў задаволена, эагадаў туркмену стаць ззаду ўсіх, і працэсія паўз склады пацягнулася да іншых пастоў. Ласіца глядзеў ім услед. Метраў праз пяцьдзесят, дзе быў другі слуп з ліхтаром, чарада павярнула, усе ўпяцёх — асветленыя, марудлівыя… У Ласіцы, аднаго з лепшых стралкоў роты, аж здрыгануліся калені, рука сашмаргнула э пляча аўтамат, а палец падняў «сабачку» засцерагальніка. Дужа прывабнай, на самай лепшай для стральбы чаргою адлегласці была мішэнь. Чыркнуць разы два, кароткімі… Салдаты павярнулі за склады, схаваліся, зніклі. Ласіца шчоўкнуў «сабачку» назад, на нейтралку. Чорт з вамі, жывіце і помніце маю добрасць. Як усё ж змяняе чалавека зброя ў руках! Як у ім адразу прачынаецца штосьці звярынае, першабытнае і разам з тым — найвышэйшае! Ты — уладар, звышчалавек, няма табе роўні; нездарма ў некаторых рэлігіях за страшны грэх лічыцца нават дакранацца да зброі, да гэтага д’ябла…
Ласіца пагладзіў рабрысты ражок, потым пацалаваў халодную, прапахлую потам і змазкаю ложу. I гэты нячутны, толькі ўяўны гук пацалунка, проста рух вуснамі, ізноў, як хвілін колькі таму, вярнуў яго ў школьныя гады, нагадаў Ніну, якую яму ўжо ніколі не цалаваць… Ніколі! Як жа так выйшла, адкуль да яго прычапілася гэтая пошасць, што, нібы ракавая пухліна, з’ела яго літаральна за чатыры месяцы!..
Ён напаўголаса абазваў сябе брудным, гадкім у адносінах да мужчын словам. Памагло. Разнюніўся! Нібыта ёсць у яго варыянты. Ужо спакойна, халоднай галавою Ласіца зноў хуценька перабраў дэталі абдуманага тысячу разоў плана. Што і казаць — яму моцна пашэнціла. Галоўнае, патрапіў у каравул і цяпер у руках АКМ. Друтое — выпаў чацвёрты пост, далёкі ад каравулкі і КПП і блізкі да лесу. Трэба было пачынаць. Ласіца прыслухаўся, падышоў да цёмнага плота, што быў крокаў за дваццаць ад складоў, пайшоў паўз яго. Вось першая дзірка — дошка знізу выламаная; вось яшчэ дзірка, хоць два чалавекі разам пралазь… Успомнілася, як яшчэ ў вучэбцы сяржант Салдатаў расказваў: «Пойдзеце ў каравул, там ёсць такі чацвёрты пост, каля самага плота. Ідзеш каля тых дзірак у плоце і чакаеш, што вось-вось завостраны дроцік ці страла ў шыю ўвап’юцца». Дроцік ці страла… Ды тут лёгкую зенітку можна працягнуць на тэрыторыю і рабіць з гэтымі складамі што хочаш…
Ласіца дайшоў да канца свайго паста. На слупе пад цынкавай накрыўкай, сагнутай у выглядзе таксафона, бялела кнопка званка і вісеў навушнік. Ласіца націснуў кнопку, адпусціў; пачуўшы голас памочніка начальніка каравула, строга адрапартаваў у навушнік, што на яго чацвёртым пасту ўсё ў парадку. Зноў паазіраўся, пайшоў, потым пабег назад, да знаёмай дзіркі. Апусціўся на карачкі, палез, раптам штосьці тузанула назад. Штык-нож чапляўся за абломкі верхніх дошак. Дурань, ну як на такое можна забывацца?! Забудзеш маленькую драбязу, а з-за яе ўсё паляціць к чорту… Пралез, хуценька адамкнуў штык-нож, размахнуўся, каб шпурлянуць яго ў лес, але пашкадаваў, схаваў у ножны.