Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ланцуг

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Ганулька ўпіхнулася ў крыху цемнаватае, але светлае памяшканне, ветліва павіталася з прадаўшчыцай цёцяй Валяй…

І тут…»

Раздзел X. Раздваенне

Па-ранейшаму два чалавекі ва мне. Адзін прагне задаць табе, Люда, такога перцу, каб ты зараклася нават дакранацца да паперы; другі ж… Другі — да немалога свайго здзіўлення мусіць прызнаць, што ты сваім дрымучым графаманствам практычна дабіваешся таго самага, чаго іншыя дабіваюцца майстэрствам. Бо якая, па вялікім рахунку, розніца, пры дапамозе чаго дасягаць суперажывання — асноўнай мастакоўскай мэты: вастрынёй і навізной сюжэта, вытанчанымі дэталямі, карункамі тонкіх апісанняў або бессаромнай калькай,

грудай штампаў і кучай банальнасцей? Мэта апраўдвае сродкі: не важна — як, важна — што. І самы бяздарны пісьменнік можа быць зразуметы і рэабілітаваны таленавітым чытачом…

Не ведаю, які чытач я, але, прынамсі, калі прабягаю па дыяганалі тваю пісаніну — два-тры словы на сказ, мне хапае, каб ажыла ў памяці і тая сцежка праз грэчкавае пахкае поле, аблітае сонцам і акружанае звонам пчол і званочкамі жаўранкаў, і дарога лясная, па якой аднойчы вяртаўся ад цябе, ведучы ў руках «веласіпеду» — сяброўку, куды больш за цябе надзейную, і такое стаяла цямноцце, так нічога не было відаць, што ісці можна было толькі задраўшы галаву, пазіраючы ўверх, на прасвет паміж вершалінамі хвояў, які святлейшай палоскай абазначаў дарогу…

Каб у жыцці не заблукаць, І з мэты каб не збіцца — Глядзі не на разоры, Лепш — на зоры!

Карацей, сваёй слабізной ты, сама не здагадваючыся, як на чароўных крылах пераносіш мяне ў маё лета, у маю маладосць, нарэшце — у маю краму, у нашу ніякую не цагляную, як у цябе, не двухпавярховую, а маленькую — на два вакны, старэнькую хатку, нешаляваную, з плямамі сівенькага лішайніку бярвеннямі, урослую ў зямлю ледзь не па вокны… Маленькая-маленькая, а ўсяго хапала, па што чалавек ішоў, тое і купляў… (Самарэдактура. Не без шкадавання выкідваю кавалак раздзела, каб паспець за табою; што ж ты там у той краме ўбачыла?)

«…Убачыла Валянціна ў коле сваіх сяброў за крайнім столікам. На століку — віно, цукеркі, фрукты… На Валянціне — адпрасаваныя штаны і беласнежная кашуля-апаш, з-пад якой выглядваў на смуглява-загарэлай грудзіне нейкі прыгожы медальён.

Убачыўшы дзяўчыну і адразу пазнаўшы яе, Валянцін перапыніў вясёлы смех. Хутка падняўся з месца, падыйшоў і, з галантным паклонам пацалаваўшы Ганне ручку, ветліва запрасіў яе скласці ім кампанію.

— Справа ў тым, — працягваў ён, — што ў адным сталічным папулярным часопісе з’явілася мая падборка паэзіі, за якую мне па пошце прыйшоў грашовы ганарар, і вось цяпер я адзначаю гэту падзею з блізкімі мне па духу таварышамі, сярод якіх, самі можаце пераканацца, на ганаровым месцы прысутнічае ваш брат Янка.

Усё гэта было прамоўлена вельмі добразычлівым тонам. Павагаўшыся, дзяўчына ў знак згоды кіўнула галавой. Падумаўшы, як добра, што яна адзелася ў святочныя строі адпаведна ўрачыстасці выпадку…»

Раздзел ХІ. Дэбют

На мне былі тыя самыя, што і ў клубе, любімыя старыя джынсы і тая ж клетчатая кашуля.

Што да цябе… «Адкрытая летняя сукенка» пры больш пільным разглядзе лёгка ператвараецца ў закасанае да каленяў трыко і адтапыраную на грудках, сінюю, з кароткімі рукавамі маечку, на шыі крыху расцягнутай, і таму ледзь не пры кожным тваім руху з-пад яе ў раёне пляча і ключыцы — з правага боку — выглядвала цнатлівая белата станіка…

Дарэмна ты так упарта і, на жаль, свядома выбіраеш падробку замест арыгінала. Табе ёсць чым ганарыцца, у цябе скарб, роўных якому няма: гэта маладосць, свежасць, здароўе, абаяльнасць — іх і выстаўляй на паказ, імі і карыстайся! Ну, навошта табе «бальныя туфлі на шпільках»? Калі твае босыя запыленыя ножкі, твае роўныя, зграбныя лытачкі — хай у драпінах, пісягах, у расчэсаных плямках камарыных укусаў, сваёй дарэчнасцю не саступаюць якім-небудзь (ты любіш аналогіі), ну, не ведаю, гогалеўска-»Оксаніным», абутым у абсыпаныя дыяментамі «черевічкі» з царыцынай нагі…

Далей па тэксце.

За адзіным у краме сталом мы не сядзелі, бо і не было на чым, а стаялі. Адна на ўсіх шклянка хадзіла па крузе. «Фрукты, віны і

закускі» замяняліся ў нас дзвюма пляшкамі па нуль-сем «Агдама», івасінаю і паўбуханкаю хлеба, які ламалі і адшчыквалі пальцамі (нож цётка Валя не давала). Стол засланы быў газеткай — віноўніцай урачыстасці, раёнкай, у якой і быў змешчаны мой дэбют — селькораўскі допіс пра, дарэчы, той самы клуб, дзе мы з табою танцавалі.

«…Дыхтоўная будыніна з трывалага дрэва, на высокім старадаўнім падмурку выкарыстоўваецца безгаспадарліва, на вачах прыходзіць у заняпад, а калі падысці да справы з толкам (страчыў селькор) — у гэтым гмаху можна было б адчыніць медпункт, бібліятэку, гурткі «па інтарэсах», паказваць кіно, ладзіць дыскатэкі, бо моладзі, асабліва ў летні час, няма чым заняцца…»

Цяпер думаю: а не дай Бог узялі б ды паслухаліся? Ды па «слядах публікацыі» адрэагавалі на сігнал? Адкрылі б дыскатэку, на якую спаўзаліся б з усёй ваколіцы. І танцы да ўпаду, і буханне электроннай музыкі, і — «не будут больше надо мной смеяться из твоего подъезда пацаны»… А па вуліцы як было б прайсці? А духмяныя летнія ночы на дваіх куды б падзеліся? А цішыня? А нашая лавачка пад ліпаю? А пах яблыкаў у жніўні? Мне тая дыскатэка трэба была? Ці ўсяго толькі карцела ўбачыць сваё імя і прозвішча, набранае тыпаграфскім шрыфтам?..

Раздзел ХІІ. Кампанія

«…Акрамя Янкі, за столікам прысутнічала яшчэ двое сяброў Валянціна. Калі ён, далікатна прытрымліваючы за локаць, падвёў дзяўчыну, яны падняліся. Янка застаўся сядзець. Пануры і прыгнечаны, ён не прымаў актыўнага ўдзелу ва ўсеагульным ажыўленні, выкліканым з’яўленнем Ганны… «

І чым цябе твой брат прагнявіў? За што ты яго атакуеш па ўсім тэксце? Ці гэта такі «літаратурны прыём» — падкрэсліваць прывабнасць і без таго станоўчага Валянціна ў параўнанні з тугадумам Янкам, маўчуном, у якога рот не закрываецца?

А між тым твой брат, а мой сябра быў во такі хлопец. У школе і вучні, і настаўнікі дражнілі яго Паэт — за ўменне рыфмаваць словы, іншы раз даволі нечакана:

Геаметрыі не будзе! Як гавораць — быць бядзе: Хоць ты памаліся Будзе!

«…Валянцін прадставіў Ганне сваіх старэйшых сяброў. Яны былі ў строгіх цёмных касцюмах пры гальштуках… Па чарзе пацалаваўшы дзяўчыне руку, адрэкамендаваліся як Міхаіл і Віталій…»

Звалі іх Віця Чарняк і Колька Гаўрыла. Два бабылі-абармоты, аднаму пад 30, другому пад 40, два таварышы, два паплечнікі па змаганні на віна-гарэлачных франтах, падобныя тварамі і характарамі, без пары састарэлыя, абношаныя, апушчаныя, трохі блазны, трохі мацюкальшчыкі, трохі цынікі — і разам з тым амаль святыя (даволі распаўсюджаны тып мінулых 80-х); ні адзін, ні другі ніколі не паднялі рукі на жывёлінку, на ката, не тое што на чалавека. Гэта іх білі, як катоў, цвярозых і п’яных, у горадзе і ў роднай вёсцы, і з працы іх звальнялі, і замуж за іх ніхто не йшоў, а толькі насміхаліся з іх і за людзей не лічылі — не за п’янку, а менавіта за «добрасць», за няўменне на агрэсію адказваць агрэсіяй…

Абодва цяпер ашываліся на чыгунцы, «манцёрамі пуці» — усё на той жа вечнай чыгунцы, гэтай перавалачнай базе, гэтым чалавечым адстойніку, дзе знаходзілі прытулак розныя спітыя, пакрыўджаныя лёсам, абдзеленыя недарэкі і няўдачнікі; нікім не грэбавала добрая «пуць», усіх прымала ў сваё матчына лона, даючы блудным сынам хоць нейкі час на перадых і залізванне ранаў.

Чарняка ўпіхнулі туды сілком, праз суд — тады яшчэ быў артыкул за тунеядства. З Гаўрылам — цэлы анекдот. Замешаны на тапаграфіі, геалогіі, педагогіцы і фізіялогіі, акрамя таго на крыміналістыцы. Ты ж памятаеш, што непадалёк ад нашай вёскі геолагі нешта знайшлі: соль, ці нафту, ці мінеральную ваду; нават казалі, што і золата. Пакуль там тырчэла адна вышка і ў вагончыках жылі бураўшчыкі. Коля Гаўрыла неяк з імі знюхаўся і яго ўзялі на працу. Хадзіць блізка, аванс, палучка, надбаўкі, прэміі, галоўнае — гарачы абед, у вёсцы ж хто яму наварыць. Стаў наш Коля «тыпа чалавекам»! Пры пасадзе — хоць «пасада» вядома якая: забяры-падай. Нават піць менш пачаў. Нават улетку купіў цёплыя рукавіцы, каб зімою ў мароз пальцы да жалеза не ліплі.

Поделиться с друзьями: