Ланцуг
Шрифт:
Аднак не спатрэбіліся рукавіцы. На Кольчыну бяду, «Буравая-Палеская» ляжала амаль на самым крыжаванні дарог, якімі хадзілі і ездзілі школьнікі з вакольных вёсак і хутароў у местачковую дзесяцігодку. (Гэта тапаграфія з геалогіяй.) Пачалі заўважаць, што две старшакласніцы з дому выходзяць, а да школы як бы і не даходзяць. І наадварот: пасля школы не дамоў, урокі зубрыць, бягуць, а раствараюцца на паўдарозе… Шпіёністая класная кіраўніца не паленавалася, крадком, крадком — за дзеўкамі датэпала да «Буравой-Палескай», колькі трэба счакала, у вакенца вагончыка асцярожна заглянула… (Абяцаная фізіялогія.) «У самой унукі, але тако-о-га, што там выраблялі, дык гэта прабачце
«За оргіі», — адказваў ён на пытанне, за што цябе звольнілі.
Раздзел ХІІІ. Банкет
«…Новыя знаёмцы прыйшліся да душы Ганне. Віталій пачаў спрабаваць аказваць ёй розныя знакі ўвагі. Не паспела яна…»
Не паспела ты падысці, як Віталій… цьфу! — Віцька Чарняк палез цябе лапаць, абдымаць, а ты пішчэла, вылузвалася — зноў белая шлеечка з-пад ссунутай на плячы майкі, смеючыся, біла яго па руках… Звычайны рытуал сустрэчы вясковых дзеўкі з хлопцам, ледзь не абавязковая цырымонія, тое самае, як у «вышэйшым свеце» цалаванне ручак дамам і галантнае падсоўванне крэсла.
— Купілі б ёй шакаладку лепш, п’янтосы! — крычыць цётка Валя. Ад прылаўка да століка чатыры метры, але ў краме ўсе заўсёды гавораць толькі крыкам, тым больш радыё заўсёды ўключана. — А не рукі распускай! Трэба, каб свая ўжо такая бегала!
— Мо дзе і бегае, — лагодна адказвае Чарняк.
— У вас пабегае! Замест таго, каб дзяцей рабіць, дык яны… Да вас жа дама падышла!
— Дама, што табе купіць? — пытае Гаўрыла і дастае кашалёк. — Ці «чарнільца» вып’еш?
Аднак якраз з «чарнільцам» праблема. Пляшкі нашыя апусцелі. Вова-Янка бярэ адну, глядзіць на святло і кажа:
Не наліць лі нашай даме Хоць з паўшкляначкі «Агдама»?..— Я табе наллю! — крычыць цётка Валя — Што вам тут за кафэ-бар! Дзяцей мне тут спайваць будзеце? Оргіяў мне тут яшчэ не хапала, ці якой міліцыі! Цяпер не мароз — (нецэнз.) на вуліцу!..
«Ганульцы дасталося месца каля вакна. Перад тым Валянцін прапанаваў ёй крэсла і толькі тады, калі дзяўчына, падабраўшы сукенку, уладкавалася ямчэй, сеў сам. Вакно выходзіла на вуліцу. Уздоўж яе раслі магноліі. Яны акурат распускалі свае белыя, буйныя, ск сподкі, кветкі… Заходзячае сонца залаціла аблокі… А за сталом вялася лёгкая, непрымушаная гутарка… Звінелі фужэры, гучала прыемная музыка… Валянцін зрабіў знак і ўсе прыціхлі. Адкінуўшы сваім любімым жэстам валасы з лба…
— А цяпер прапаноўваю тост за… «
Люда, паслухай мяне. Каб ты не думала, што я паставіў перад сабой мэту ўвесь час лавіць цябе на словах, іранізаваць, з’еднічаць, раз за разам сцягваць за нагу з рамантычнай ружовай гары да празаічна-вульгарнага падножжа.
Зусім не!
Я не настолькі кашчунны, каб высмейваць гэта. Больш таго — у глыбіні душы я твой саюзнік, я выдатна разумею, што рухае тваім пяром. Табе хочацца, ці хацелася некалі, каб так было: культурна, прыгожа, узвышана… Іскрыстае дарагое віно, «фрукты і закускі», дасціпныя тосты, крышталёвы звон фужэраў, прыемная музыка, ветлівыя, дасціпныя людзі…
Дык вось — каб ты трохі менш камплексавала,
паслухай, што я табе скажу. Пазнейшае жыццё, трохі пакідаўшы мяне па свеце, нібы знарок, як па заказе падаравала мне цудоўную магчымасць параўнаня. І давялося, шчасце маё, набачыцца мне яшчэ і не такога, як ты апісваеш. Дзе і сталы ад заморскіх закусак ламаліся, і крышталь звінеў, і тосты гучалі, і музыка не такая, як нашае радыё, іграла; дзе плавалі дамы ў сваіх строях і дзе не толькі іх пінгвінападобныя кавалеры, а нават лёкаі-афіцыянты былі ў смокінгах.І вось што я з гэтых параўнаняў вынес:
Там усё такое ж, як у нас: Толькі… горш у дзесяць раз!І крама нашая была большая за іхнія палацы, бо ўбірала ў сябе тады ўвесь Сусвет, і «Агдам» наш лепшы, і закуска смачнейшая, і словы шчырэйшыя, а галоўнае, ты, наша дама, мая дзяўчынка, у трыко і ў маечцы, босая — была ў мільён разоў прыгажэйшая, чысцейшая, лепшая… Вось.
Было ў нас з табою ў тыя гады ўсё наперадзе, а ў іх, каму ты падсвядома зайздросціш, — даўно… безнадзейна… ззаду… ззаду…
Раздзел ХIV. Працяг банкета
Выварочваем кашалькі, кішэні, скідваемся. Вова-Янка падлічвае пакамечаныя рублі і белыя і жоўтыя капейкі: абавязкова трапіцца адна гнутая, страшная, чорная, дарма што аб пясок шараваная; і вартасць ёй — капейка, а клопату — на рубель: прымаць не хочуць, крык, гвалт, але збыць якую — справа гонару. Усё падлічана, усяго хапае — і на закуску, і на тыя ж шакаладкі. Вова ідзе да прылаўка:
— Нешта галава баліць. Як бы выпіць, закусіць… — рыфмамі пачынае ён.
— Маёй галавы не дуры, купляй хутчэй, — злуецца цётка Валя. Але, атрымаўшы шакаладку, лагаднее.
Ізноў пайшла шклянка па крузе… Гармідарчык… Музыка з радыё… Усе гавораць, і ўсіх стараецца перакрычаць цётка Валя. Ты грызеш, трымаючы, як вавёрка, аберуч шакаладку. Банкет наш у поўным разгары.
— Не, а калі… дапусцім? — чапляецца да Вовы-Янкі Чарняк. — Проста дапусцім?!
— Дапусцім, мы прапусцім…
— …Гэта мая дзяўчына, — мой голас. — Праўда, Людка? Калі ты паспела вырасці?
— А ты і не заўважыў, — падлізваецца да мяне Гаўрыла.
— …Надта ж спрытна наш Чарняк залівае ў гарляк, — Вова-Янка ківае на акно, за якім не так далёка, пад дубамі, могілкі. — Каб у тым вунь дубняку не паслалі Чарняку…
— Можа, табе яшчэ раней за мяне пасцелюць, — крыўдзіцца Чарняк. — Дапусцім…
— Дапусцім — мы прапусцім…
Колька Гаўрыла, узбадзёраны тым, што хоць на міг, хоць частачку ўвагі атрымаў, падсунуўся да мяне, шморгае за рукаво і мармыча штосьці. Я падстаўляю вуха.
— … Дык мо хоць ты… У нас мазгі адпітыя, языкі конскія… А ты — пішы, нікога не слухай… Пра маю бяду напішы… Хай ведаюць, што і мы жылі такія на свеце… Мы нічога не бачылі, дык хоць ты пажыві заместа нас…
Коля, Коля. Тут за сябе не ведаеш, як дажыць, не тое што за кагосьці!..
Не адзавецца больш Коля. І ніхто ўжо з той кампаніі не адзавецца, не скажа, ці апраўдаў я хоць мізэрам авансы, што так шчодра раздавалі вы мне ў той чэрвеньскі вечар. Разаб’ецца насмерць на сваім матацыкле Вова, у першы ж дзень вяртання з арміі — так у форме яго і пахаваюць. Замерзне пад сцяною гэтай самай крамы ў лужыне ўласнай мачы Коля Гаўрыла. Віця Чарняк нядаўна таксама памёр. І ад крамы нашай каменя на камяні на засталося, нават узгорка, крапівай парослага, — нічога! — роўнае месца пад плотам. І клуб, гістарычны помнік наш, апошняе дажывае… І ў цябе, Людка, сын ужо большы, чым мы былі тады…