Ланцуг
Шрифт:
І зноў неверагоднае да невыпадковасці супадзенне: пішу зараз гэтыя радкі, а па радыё даўняя песня, здаецца, П’ехі, з прыпевам:
«Руды грыб», А по-русски — «рыжик»!Памятаеце заўвагу Васілеўскага пра двух грыбовікаў, адзін з якіх, выслухаўшы другога, абавязкова запярэчыць: «А вось у мяне інакш было…»? Так і я — расказваю, і далей збіраюся расказваць толькі пра звычаі сваёй роднай мясцовасці. Цалкам дапускаючы, што ў іншых, нават у суседнім з маім раёне, зусім «не так было». Патрапіў я аднойчы да сябра на Астравеччыну. І калі ўбачыў, як гэтыя рыжыкі-рудоўкі растуць,
V
І ўжо з ім, з Яго Вялікасцю белым, ці — проста Грыбам, насіліся па поўнай праграме. Яно і зразумела — то была асноўная, калі не адзіная крыніца даходу вяскоўца ў савецка-калгасныя часы.
Пачаць з таго, што адзін ён — Грыб, а ўсе астатнія (у тым ліку і непараўнальная рудоўка-рыжык) проста «казлякі». Сам жа цар грыбоў меў даволі шырокі падзел:
у залежнасці ад месца вырасту — пясчанік, мучковік, травяны, «аддзельны» (пад адзінокімі дрэвамі), параслёвік, верасовік, берозавік, паддубнік…
у залежнасці ад узросту і энергетычнай каштоўнасці — белы і жоўты, ён жа «баршчовік», ён жа перастарак;
у залежнасці ад пары года — каласавік, летні, восеньскі;
у залежнасці ад «таварнага знаку» (калі рыхтуецца на продаж) — цяжкі і лёгкі…
І г. д. і да т. п. Кожны грыб кваліфікаваўся, сарціраваўся, пра кожны трэба ведаць, на што яго лепей пусціць. Каласовік, напрыклад, грыб ненадзейны, слабы — значыць, высушыць і пакінуць сабе… Беразовік — выдатны, духмяны, але лёгкі, таксама нявыгадны для продажу… А вось параслёвік (вельмі прыгожы, з чорна-вішнёвай галавою; растуць у старым хвойніку у зялёным вільготным мосе або на палянах з сівым лішайнікам) хай не такі пахучы, затое чысьценькі, цяжкі і такога на базары, ды яшчэ ўзімку, адарвуць з рукамі…
Сушыць таксама іх будзеш па-рознаму. Таму ж параслёвіку больш жару падкінуць, а, скажам, верасовік чуць паляжаў — і ўжо сухі, як порах… Увогуле, працэс сушкі па ўрачыстасці можна параўнаць хіба што з выпечкай хлеба. У нас так і казалі — «пасадзіць» грыбы, у сэнсе, пакласці іх у печ. Беднай кабеціне трэба было ўспароцца сярэдначы, запаліць у печы, пакуль тая выгарыць, самой досвіткам збегаць у лес, вярнуцца раней за астатніх, згатаваць сняданак, падрыхтаваць чарэн — г. зн., падмесці яго чысценька, пакрапіць (так!) свежай халоднай вадою, падаслаць саломкі, ды не абы-якой, не аўсянай — зь лепшага жытняга акалотка, пакласці навідавоку нізкі…
У гэтым месцы іншы чытач можа спыніцца і з доляю прыкрасці падумаць: «Вось ізноў! Якія яшчэ нізкі, што за нізкі? У нас не так завуць!» І праўда, па сабе заўважаў — ёсць нейкае, мякка кажучы, непрыняцце, калі чужыя звычкі, дыялектныя словы, рэгіянальныя паводзіны навязваюцца як нешта бясспрэчнае, «вось толькі так, і не інакш!»
З такім жа пачуццём непрыняцьця прачытаў і я наступныя радкі Салавухіна:
«Белыя грыбы сушаць па-асабліваму. Не на жалезных лістах, не на бляхах, але нанізанымі на нітку. Раней іх нанізвалі на тонкія лучынкі, а лучынкі гэтыя ніжнімі парожнімі канцамі апускалі ў гаршчок, накшталт таго як кветкі ставяць у вазу. Такім чынам, з гаршка тырчэлі пучком лучынкі з нанізанымі грыбамі… Усё гэтае прыстасаванне ставілі ў печ, у якой ужо не горача, але і не холадна. Гаспадыня ведала, калі паставіць».
Я не маю права не верыць выдатнаму пісьменніку. І разам з тым уяўленне адмаўляецца маляваць прыведзены вышэй варыянт. Па-першае, чаму нельга сушыць грыбы на засланай саломкаю блясе? На чым тады? На чым сушыць вялікія жоўтыя грыбы, абабкі, старыя асінавікі, у якіх дыяметр шапкі з добрую патэльню? Як гэта —
сушыць «нанізанымі на нітку»? Да чаго там, у печы, гэтыя ніткі прывязваць? І што такое лучынка, ды яшчэ тонкая, ды яшчэ ніжнія канцы якой — парожнія? А яна, канечне, тонкая, прыкладна, як вязальная спіца, бо інакш пасколюцца грыбы. І многа насадзіш на такую спіцу грыбоў? Тры-чатыры ад сілы. Калі ж дапусціць, што гэта якіясь доўгія, звыштрывалыя лучыніны, дык як такую канструкцыю вертыкальна ўпіхнуць у печ? Ды і абернуць яны гаршчок, калі будуць доўгія…Я да таго гэта, што чым кепскі наш палескі варыянт сушкі — нізкамі? Нізкі — гэта пасечаны на кавалкі ад паўметра да метра даўжынёй сталёвы дрот. Старыя, вялікія грыбы, як ўжо казалася, на бляху, маладыя — па росту, ад большага да меншага панізаць на гэты дрот… І ніякай «вертыкалі» — проста кладзі іх на акропленую вадою салому. Калі грыбы высахнуць, у іх ужо будуць гатовыя дзірачкі, неабходныя для іголкі з суровай ніткаю…
Але вось наступны салавухінскі пасаж. Разумеючы пэўную мастакоўскую перабольшанасць, тым не менш тут я цалкам з пісьменьнікам згодны і шкадую, што не я гэта напісаў:
«На кожным базары можна ўбачыць гандлярак сухімі белымі грыбамі. Калі перакласці на вагу, дык сушаныя белыя грыбы атрымаюцца ў шмат разоў даражэйшыя і за мяса, і за рыбу, і за самую экзатычную садавіну, і за мёд, і за арэхі, і за ўсё харчы, бадай, нават даражэйшыя за чорную ікру, нягледзячы на тое, што яна цяпер у нас неверагодна дарагая».
Усё правільна. Сорак — пяцьдзесят рублёў на тыя грошы за кілаграм, а за лета можна было нанасіць ад пяці да дзесяці кіляў, асабліва ў каго вялікая сям’я. Не шкадавалі на грыб ні сілы, ні часу, вазіліся з ім, нянькаліся з ім — адплачваў і ён узаемнасцю. Машыны, кааператыўныя кватэры, матацыклы, веласіпеды, адзенне, ежа… На ашчадную кніжачку на чорны дзень…
Усё гэта расло ў лесе пад нагамі.
VI
Але і цану за сябе грыб браў адпаведную.
Гарадскія нашы настаўнікі дзіву даваліся, зразумець не маглі, чаму мы, вясковыя дзеці, гадаваныя на прыродзе, на сваіх каларыйных, натуральных, смачных харчах прыходзілі пасля летніх канікулаў у школу такімі дохлымі, бледнымі, амаль не падрослымі.
Адкуль ім было ведаць, што як з тых караленкаўскіх «дзяцей падзямелля» сыры падвальны камень высмоктваў сокі, сілы і здароўе, так з нас лес? Што з самага пачатку школьных гадоў, ад першага класа і да апошняга, мы патрапляем ў ледзь не прыгонную залежнасць ад яго, становімся ледзь не яго рабамі?..
Ягады: чорныя, маліны, суніцы, буякі, брусніцы, ажыны, рабіна, каліна, журавіны… Лупленне кары — з крушыны і лазы (Бог дасць, калі-небудзь напішу і пра гэта, бо ні ў кога яшчэ такой тэмы не сустракаў). Хваёвыя шышкі, а таксама хваёвыя лапкі — была колісь і такая нарыхтоўка; іх, гэтыя лапкі, перамолвалі і дадавалі ў камбікорм. Бярозавыя і хваёвыя пупышкі. Зграбанне ігліцы — на прызбу, каб уцяпліць на зіму хату, і драннё балотнага моху — канапаціць шчыліны ў гаспадарчых прыбудовах. Нарыхтоўка дроў — перманентна круглы год.
Але галоўнае, канечне, грыб, грыб і грыб.
«Лес — наша багацце»… «Летні дзень год корміць»… «Загадка: стаіць пры дарозе, капялюш набакір, хто ўбачыць — паклон дасць»… Любімыя, добрыя, наіўныя настаўнікі, напаўняючы нас падобнымі сентэнцыямі, вядома, і не здагадваліся, што мы маглі ўкладваць у іх крыху іншы, і далёка не рамантычны сэнс.
Грыбная пара нядоўгая, сёння яны ёсць, а заўтра зніклі, таму трэба карыстацца момантам — хутчэй, часцей, раней, каб апярэдзіць іншых, каб пабольш ухапіць (менавіта так і пыталі: «Ці многа сёння ўхапіў?»). У любое надвор’е, «ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору», як пісаў наш класік Янка Купала, хочацца табе ці не, здаровы ты або хворы — нікога не калыша, будзь ласка, кошык у зубы — і наперад, пад цёмныя хвойныя шаты…