Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ланцуг

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

З усіх бакоў, па ўсіх пунктах я бачыў сябе абкрадзеным. Не матэрыяльна, вядома, не ў сэнсе плагіяту, не — проста здавалася, у мяне адабралі тую самую дзіцячую «радасць», з якой так прыемна насіцца і дзякуючы якой крыху цікавей жыць на свеце.

III

Разам з тым спакваля, як яно часта бывае, па меры чытання ўжо расло, высьпявала, афармлялася іншае, акрамя маленькай крыўды і не зусім маленькай зайздрасьці, пачуццё — нязгоды, ці, дакладней, не з усім, пра што піша Б. Васілеўскі, поўнай згоды.

Недзе на палове аповесьці я адклаў часопіс і задумаўся.

Мо таму, што прыйшло на розум чэхаўскае: «Дваццаць чалавек адначасова могуць пісаць на адну й тую ж тэму без боязі паўтарыцца», мо таму, што

сам аўтар дарэчы лінуў вады на мой млын:

«Грыбная тэма — невычарпальная. Яна з тых, калі кожнаму хочацца дадаць штосьці сваё. Сустрэнуцца два грыбнікі, выслухае адзін аднога і абавязкова скажа: «А вось я аднойчы…»

І праўда! Колькі грыбовікаў, столькі гісторый. Вось я, дапусцім, збіраюся зараз спрачацца з Барысам Васілеўскім — на той падставе, што «ў нас інакш усё гэта»; пройдзе час, пабачыць свет гэтае эсэ — знойдзецца каму і мяне аспрэчыць…

Словам, я крыху асмялеў, асвойтаўся і вырашыў падаць і свой голас.

Па-першае. Пры ўсёй таленавітасці, шчырасці, сімпатычнасці твора «Апошняе паляванне…» ўсё ж бачна, што пісаў чалавек, для якога грыбы — найперш эстэтыка, летуценнасць, туманок, раса, траўка, лісток на грыбной шапцы… Чаго варты адзін эпізод з мабільнікам!

«Вось і на гэты раз убачыў там (каля свайго лецішча) белы, нікім не заўважаны грыб. Проста красун белы: даволі вялікі, але яшчэ малады — з выпуклым капялюшыкам, шакаладным зверху, беласнежным з-пад нізу, з тоўстай ножкаю, з танюткім сетчатым узорам на ёй. І рос прыгожа: на самым версе купіны, у гордай адзіноце, сярод дробнай ярка-зялёнай траўкі… Што было рабіць? Проста зрэзаць? — шкада. Дача знаходзілася за якіх сто метраў, там у гэты час была жонка. Ісці да яе? — рызыкоўна: хто-небудзь з суседзяў запраста можа натыкнуцца на гэты грыб… І пакуль я раздумваў так у нерашучасці, раптам дайшло: у мяне ж — мабільнік. І ў жонкі на дачы свой мабільнік, гэта дзеці нам расстараліся… Я патэлеванаваў ёй: «Я — каля копанкі. Прыходзь. Такі раскошны белы!» Праз хвіліну жонка прыйшла, таксама, канечне, падзяліла маё захапленне…».

Я хутчэй з зайздрасцю, чым з іроніяй, працытаваў гэты эпізод. Дарэчы, напярод прашу прабачэння за выпіскі — іх нямала яшчэ будзе, але яны, мне здаецца, вартыя цытавання. Што да эпізоду з красуном грыбам і з мабільнікам, дык нам, у большасці сваёй вяскоўцам, для каго паход у лес — звычайныя, часта суровыя будні, магло б такое прыйсці ў галаву?

Другое. Мнагавата згадак-спасылак-азіранняў на старэйшага таварыша па літаратурным цэху Уладзіміра Аляксеевіча Салавухіна, на яго (цудоўную, бясспрэчна) аповесць «Трэцяе паляванне». (Хаця тут справядліва будзе заўважыць: а ты сам чым займаешся, як не спасылкамі-азіраннямі ўжо на Б.Васілеўскага? На жаль, вось такія мы, пісьменьнікі…)

Потым. Яўны перабор — што ў Б.Васілеўскага, што ў У.Салавухіна — апісанняў-смакаванняў усіх гэтых тыпова рускіх «водочек-наливочек, да после баньки, да под грибочки»… Да гэтага мы яшчэ вернемся.

Далей. Нават у нейтральнай, «грыбной» тэме замнога плошчы адведзена і зашмат эмоцыяў аддадзена бясконцым іхнім маскоўскім міжусобным літаратурным разборкам («пераделкинские проделки», як я іх называю).

Але ўсё гэта такая неістотная драбяза! Зусім не яна прымусіла мяне задумацца. І нават не вось гэтая аўтарская катэгарычнасць: «Чаму падлік вядзецца выключна белым грыбам? На пытанне: «Колькі белых?» любы грыбнік адкажа заўсёды!»

Не яны, не гэтыя моманты, а наступны абзац выклікаў ва мне ўжо не падспудную, а абсалютную нязгоду, і адначасова прынёс палёгку, разуменне таго, што дарэмна я так хутка здаўся, рана ад сваёй задумы адмаўляюся — не ўсё яшчэ вытаптана і выбрана, павінна хапіць і на маю долю.

Вось ён, абзац, пасля якога я акрыяў. Нават два абзацы.

«Чаму, — піша Барыс Васілеўскі, — ядомы і вельмі смачны — асабліва ў смажаным выглядзе — грыб лісічка ніколі не бывае чарвівы?» І спасылаецца на У. Салавухіна.

А ў апошняга: «Гэты грыб здзіўляе тым, што, мабыць, з усёй грыбной разнастайнасці ніколі не бывае чарвівы. Чаму чарвякі пазбягаюць лісічак, я не ведаю, і наўрад ці ведаюць пра тое вучоныя людзі — міколагі».

Было

ў мяне некалі апавяданне «Сыч» (са слоў Янкі Брыля, Васіль Вітка перад смерцю чытаў яго і нібыта нават хваліў… у адрозненне ад таксама ўжо нябожчыка Алеся Асташонка — таго гэты «Сыч» проста выводзіў з сябе.) Там пра сучаснага кулака, які прадаваў на базары лісічкі, і нягожыя, бракованыя, пакрышаныя, чарвівыя не выкідаў, а забіраў у слоіку дамоў: курам, парасятам — каб нічога не прападала ў гаспадарцы.

Адразу звярнулі ўвагу на гэтыя чарвівыя лісічкі. Уладзімір Міхайлавіч Казбярук па тэлефоне працытаваў нейкага польскага паэта: той таксама катэгарычна заяўляў, што лісічкі ніколі не чарвівеюць.

Дарагія рускія, беларускія і польскія спецыялісты. Чарвівеюць! Сцвярджаю гэта не як вучоны-міколаг, а як практык. Усё правільна: чарвяк інакшы, чым, напрыклад, у баравіку, гэты, лісічкавы, толькі адзін, жоўтага колеру з чорнай галоўкай, падобны на тых, якія мы знаходзім у яблыках і грушах, даволі вялікі і вельмі цвёрды — да таго, што скрыгіча, патрапіўшы пад нож. Але ж ён ёсць і называецца чарвяк! Ён выядае-выточвае лісічку з сярэдзіны, як шашаль дрэва. Цэленькая і чыстая зверху, яна, калі яе падрэжаш, літаральна рассыпаецца ў пальцах…

Тут трэба зрабіць адно адступленне. Катэгарычнасць такіх паважаных і грыбовікаў, у першую чаргу У.А. Салавухіна, прымусіла мяне яшчэ раз зьвярнуцца, прынамсі, да творчасці апошняга і перачытаць яго славутае «Трэцяе паляванне». І што вы думаеце? У зборы твораў, г. зн. у апошнім варыянце аповесці, акурат пасьля слоў пра лісічкавую чарвівасць адшукалася зорачка, і пад ёю — устаўка, якой у ранейшых выданнях не было:

«Чытач з горада Волжскага прыслаў сногсшибательное паведамленьне. «Гэтым летам я ляцеў у вёску на крылах у прадчуванні грыбной насалоды. Але надзеі мае не спраўдзіліся, за ўвесь адпачынак я не знайшоў ніводнага белага грыба — ліпень быў спякотны, дажджоў не было… Але і з пустымі рукамі не вяртаўся. Я знаходзіў 3–4 пасяленні лісічак, і валізка не была пустою. Вось толькі многія лісічкі былі чарвівыя. Прычына? Не ведаю. Магчыма, таму, што ў гэтай пасадцы яны былі адзінымі грыбамі. Як вы на гэта гледзіцё?»

На жаль, Уладзімір Аляксеевіч не піша, як на гэта паглядзеў ён; што да мяне, дык я гляджу на гэта з некаторай крыўдаю, асабліва на слова, якое не змог перакласці, а толькі вылучыў курсівам: сногсшибательное… Ніякае яно для нас, беларусаў, не сногсшибательное.

У інтэрвью «ЛіМу» Іван Якаўлевіч Навуменка выказаўся пра згаданага ўжо «Сыча»: «Гэта ж жывы факт! Недзе ўбачыў таго Сыча, такога сквапнага, заўсёды хмурнага…»

Ага. Пісьменнік толькі тое і робіць, што бачыць, запамінае і апісвае… Нікому не даводзілася за савецкім часам, у сёмым класе, прадаваць на базары тыя ж лісічкі? Не? Калі трымціць уся сярэдзіна ад сораму і страху, бо за падобны «бізнэс» запраста можна вылецець са школы, тым больш, што амаль усе настаўнікі гарадскія і вельмі часта сюды, на базарчык, наведваюцца… Калі пакупнік-псіхолаг з аднаго пагляду раскусіў цябе, ведае, што не пікнеш ты, і робіцца крыклівым, прыдзірлівым, нахабным, прынюхваецца да тых няшчасных лісіц, перабірае… І абавязкова ж натыкнецца хоць на адну, чарвяком паточаную! І тады альбо плакалі твае грошыкі, альбо мусіш напалавіну скінуць кошт, абы толькі ён не падымаў крык на ўвесь базар… А дома ў сваю чаргу гвалт: як можна ўмудрыцца замест дзесяці рублёў натаргаваць пяць?!

Вось з такіх, не зусім вясёлых, гісторыяў растуць «Сычы», а не з падглядвання чужога…

І яшчэ, закрываючы тэму лісічак. Успамінаю, як адвёў на іх душу ў апошняе перадчарнобыльскае лета, калі іх было хоць касою касі, а мала хто па іх хадзіў. За дзень-два набіраўся кашэль (гэта добрыя два вядры), матка яго за плечы, да горада паўгадзіны язды, аўтобус ходзіць рэгулярна… Прывязе назад поўна пакупак, каўбасы, свежага хлеба, селядцоў, плюс у мяне кожны дзень тры рублі на кішэнныя расходы — г. зн., на пляшку «чарніла» і пачак цыгарэт, пры тым, што я тры месяцы пасля войска нідзе не працаваў.

Поделиться с друзьями: