Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мяне няма: роздумы на руінах чалавека

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Прычына і мера часу, як добра вядома, я-чалавек. Бязь я-чалавека, без таго, што мае ўласную гісторыю бытнаваньня, вымкнутую з каляндарнага кругазвароту быцьця, лінейны час ні для чаго не прыдатны і нікому не патрэбны (нават калі ён насампраўдзе ёсьць як нейкая “матэрыяльная” якасьць). Але паколькі ў Тэхнагенную эру на мейсца чалавека заступае “тэхніка”, гэта значыць тое, што знаходзіцца адно ў прасторы, то мера часу губляе сваю актуальнасьць.

“Тэхніка” ня ведае часу ў тых значэньнях, якія надаў яму я-чалавек. І хаця “тэхніка” таксама некалі “памірае” (“сьмерць” — базавая ўмова для існаваньня катэгорыі часу), аднак у адрозьненьне ад біялягічных структураў “сьмерць тэхнікі” залежыць не ад меры вітальнасьці, а ад колькасьці руху, закладзенага ў меру яе магчымасьці.

Таму ня час (працягласьць) дзейнасьці, а аб’ём, колькасьць ды якасьць дзейнасьці кладуцца ў парадыгму парамэтраў Тэхнагеннай эры. Толькі ня тут, ня ў гэтым асноўная прычына сыходу падзеі часу са стратэгіі быцьця на яго ўзбочыну.

Да Тэхнагеннай эры я-чалавек належаў двум часавым вымярэньням (было і ёсьць). І хаця Тэкст вынайшаў і замацаваў трэйці складнік часу — будзе, але наяўнасьць будучыні заўсёды заставалася гіпатэтычнай. Гіпотэза пра будзе высноўвалася з эмпірычнага вопыту я-чалавека, ёсьць якога несупынна адсоўваецца ў было і на гэтае мейсца наступае новае ёсьць. Калі безьліч ёсьць перасунулася ў было, то натуральна меркаваць, што ёсьць будзе і надалей, гэта значыць, што маецца магчымасьць будзе, зь якога не перастануць вымыкацца ёсьць.

Але гэта толькі лягічная выснова, сканструяваная на подзе эмпірычнага вопыту. Ніякіх канкрэтных сьведчаньняў пра будучае чалавек ніколі ня меў, хаця ў Тэкставую эру лічыў сябе жыхаром трох часавых вымярэньняў.

Я-чалавек напраўдзе стане жыць у трох часавых вымярэньнях тады, калі ён будзе мець будучае як наяўнае рэальнае хаця б у той меры, у якой ён мае мінулае. (Так, мінулага таксама няма, як ёсьць, але мы трымаем яго зафіксаваным у фактаграфіі, матэрыяльных аб’ектах, памяці...)

Дык вось, Тэхнагенная эра (і ў гэтым яе найвялікая навіна ад Тэкставай і ўсіх папярэдніх) павінна рэальна ўнаявіць будучае (будзе) — і быцьцё я-чалавека стане часава трохмерным. Рэальна, а не гіпатэтычна трохмерным. Знакі будучага запрысутнічаюць у сучасным з той жа аднолькавай мерай сапраўднасьці, што і знакі мінулага.

Уласна, ужо цяпер, адно балянсуючы на пярэднім акрайчыку Тэхнагеннай эры, я-чалавек ведае ня толькі кароткатэрміновы прагноз надвор’я “на заўтра”, але і бальшыню тых падзеяў, што яго “заўтра” чакаюць. Ён дакладна, да хвіліны, ведае ў колькі падыме яго будзільнік, якім транспартам паедзе на работу, колькі апэрацыяў яму давядзецца выканаць на канвэеры, якія тэлеперадачы будзе глядзець увечары... Але ён ужо ведае ня толькі сваё “заўтра”, але і шмат чаго з больш аддаленага. Па гадзінах на гады расьпісана праграма яго школьнай адукацыі, тое самае і з адукацыяй вышэйшай, на дзесяцігодзьдзі наперад вызначаны тэрмін выхада на пэнсію і г.д. і да т.п.

Сьцежку на сенажаць можна таптаць хоць кожны дзень новую, чыгунка ці хуткасная магістраль прадвызначае вэктары руху на гады і гады... Інфраструктура Тэхнагеннай эры пакуль яшчэ толькі складваецца ў сваіх камунікатыўных і вытворчых парадыгмах, але ў пару свайго росквіту яна нагэтулькі абмяжуе магчымасьці нязмушанага выбару, што ступень уніфікаванасьці і запраграмаванасьці я-чалавека на пэўную якасьць і колькасьць руху наблізіцца да ступені ўніфікаванасьці і запраграмаванасьці “машыны”. Адно гэта ўжо дае падставы меркаваць пра фармальную прысутнасьць будзе ў ёсьць, бо “машына” заўтра робіць тое, што і сёньня, і прыватныя адхіленьні ды зрэдчасныя выпадковасьці сутнасна тут нічога не мяняюць...

Але ўсё гэта вонкавы бок, так бы мовіць фармальная падстава рэальнага анаяўленьня будучыні. А карэнная прычына гэтай падзеі ў тым, што на мейсцы раўніцовай, лінейнай прасторы Тэксту ўжо паўстае шматмерная, нелінейная прастора ЭВМ (прынамсі так пакуль мы называем арганізатара і заканадаўцу прасторы Тэхнагеннай эры).

Тэкст праз фокус ёсьць фіксаваў у прасторы а-рэальнасьці адно тое, што было ў рэальнасьці, хаця зрэдчас і спэкуляваў на будзе. І гэта натуральна, бо магчымасьцяў яго аднамернай прасторы, як і тэхналягічнага начыньня ніяк не хапала, каб “пралічыць” і зафіксаваць усю мэтаінфарматыку таго, што можа быць, гэта значыць увесь аб’ём будзе, нават хай сабе лякалізаваны канкрэтным пэрыядам. (Між

іншага, будзе зусім не невымернае і ў сваім цэлым, яно таксама мае межы, як і было.)

Затое шматмерная прастора ЭВМ (натуральна, калі разглядаць ЭВМ у пэрспэктыве эвалюцыі яе патэнцыялу) у прынцыпе дазваляе фіксаваць і ўтрымліваць усе верагоднамагчымыя варыянты будучага як на макра-, так і на мікраўзроўні, і пры наяўнасьці патрэбы (ды напрацаванай мэтадалёгіі) выбіраць для кожнай канкрэтнай падзеі (я-чалавека таксама) з усяго корпусу нелінейна магчымых будзе лінейна-пасьлядоўную фактакграфію гэтай падзеі.

Ня кажучы пра макрарэчаіснасьць, мапы будучыні якой заменяць ужо сёньня мала патрэбныя геаграфічныя мапы, але і ўся канкрэтыка быцьця будучага зробіцца падлеглай, прынамсі мэтадалягічна, сэмантычнай прысутнасьці ў цяпер. Цяжка сказаць, ці палічаць тады мэтазгодным рабіць кожнаму асобнаму чалавеку падрабязную “дыяграму” яго ўласнага лёсу (ці нават “дыяраму” альбо нешта накшталт відэафільму пра жыцьцё наперад), але калі нават зь нейкіх меркаваньняў гэтым ня стануць займацца, то ўсё роўна, хай сабе і апасродкавана, будучае я-чалавека заселіць сваёй прысутнасьцю ягоную сучаснаць, бо ўся прастора бытнаваньня я-чалавека будзе насычана знакамі будучага ня ў меншай меры, чым сёньня яна насычана знакамі мінуўшчыны...

Маючы за апірышча папярэдні футуралягічны экскурс, паспрабуем зрабіць наступную выснову. Калі будзе сэмантычна канкрэтна і непасрэдна аб’явіцца ў зьмесьце ёсьць, то час у звыклым для нас сэнсе сканае.

Падзея часу онталягічна паходзіць з наяўнасьці пачатку і канца ўсяго, што адбываецца ў існым, а рух часу ініцыюецца вымыканьнем фэномэнаў існага з патаемнага ў непатаемнае. На гэтым пераходзе зь няма ў ёсьць, а пасьля зь ёсьць у было і трымаецца ўся “мэханіка” часу.

Віртуальным (да іх падобным і яшчэ пакуль невядомым) тэхналёгіям новай эры наканавана стварыць сытуацыю, калі сэмантычна ўсё быцьцё ёсьць адразу. Усё мінулае, усё цяперашняе, усё будучае ёсьць адразу, у адным часава-прасторавым кантынууме.

Усё ёсьць — нічога няма (няма няма). З гэтага атрымліваецца, што часу болей не выпадае куды рухацца, паколькі рух часу абумоўлены пераходам быцьця зь няма ў ёсьць, а тут усё, што можа быць, ужо ёсьць, прынамсі ёсьць у магчымасьці веданьня я-чалавекам сэмантыкі ўсяго, што можа быць і што будзе... Сфінкс засьмяяўся і час сканаў...

Натуральна, гаворка тут ідзе не пра біялягічны час і не пра час узьнікненьня і распаду формаў матэрыяльнасьці, якія, бадай, ніколі ня ўнікнуць лінейна-часавай пасьлядоўнасьці, а пра спыненьне руху часу ў прасторы а-рэальнасьці, якая рана ці позна сэмантычна цалкам асягне ўсё, што можа быць у існым, — і на мапе быцьця не застанецца белых плямаў.

Веданьне пра “ўсё быцьцё”, пэўна ж, не адменіць уласна жыцьця, руху падзеяў, чаргі нараджэньняў і паміраньняў, але, як у эру Татэму, верне я-чалавека да звычайнага адбываньня быцьця, якое ідэалягемна нічым ня будзе правакавацца.

Гэтаму вяртаньню да я-чалавека безь ідэі я-чалавека (міту пра чалавека) будзе папярэднічаць, недзе супадаючы, некалькі найістотных падзеяў. Адна зь іх досыць выразна пачынае праяўляцца ўжо сёньня, пра што шмат дзе казалася — у гэтым тэксьце таксама.

Розум я-чалавека, здаецца, дасягнуў мяжы сваіх мэтафізычных магчымасьцяў і, як зьвер, абкладзены сьцяжкамі, ліхаманкава шукае выйсьця і не знаходзіць. Ён таўчэцца па даўно вытаптаным альбо датоптвае неяк дасюль ацалелыя лапікі некранутага. З чаго ўсюдна пануе таўталёгія, як апошняя філязофія Тэкставай эры. Ды, бадай, і ўвогуле апошняя філязофія.

Усё істотнае, што магло быць прадумана — прадумана, выяўлена і прылучана да эйдычнага суплёту ідэяў. Таму мысьленьне ўжо амаль нічога не азначае, тым болей існаваньня. Хто сёньня ўсур’ёз скажа: я мысьлю, значыць я існую?! Урэшче, амаль мысьліць і “машына”...

Калі пра “мяжу розуму” казалася шмат, асабліва ў XX стагодзьдзі, то праблема “мяжы жаданьняў” дасюль застаецца па-за належнай увагай, хаця яна куды болей значыць у праблеме я-чалавека, бо і самое мысьленьне — гэта толькі адна з формаў жаданьня — жаданьня мысьліць.

Поделиться с друзьями: