Мяне няма: роздумы на руінах чалавека
Шрифт:
Гайдэґераўскі закінуты ў быцьцё я-чалавек, як прасьвет ісьціны быцьця (ці пастух, пастыр ісьціны ў гэтым прасьвеце) ня больш чым красамоўны паэтычны троп, з аднаго боку сэмантычна адценены містыцызмам, а з другога — больш звыклым для эўрапейскай мэнтальнасьці нэатамізмам. Паспрабуем паставіць на мейсца ісьціны быцьця — Бога, на мейсца закінутасьці — боскае наканаваньне, на мейсца пастуха ісьціны быцьця — раба божага, выканаўцу боскае задумы і г.д., і мы убачым, што геніяльны ў поступе Гайдэґер, у канцавых, вызначальных кроках гэтага поступу — звышардынарны. Чаму так? Можа таму, што ўсе шляхі ў гэтым кірунку вядуць не туды, ці ўвогуле нікуды не вядуць?
Здаецца, пакуль адзін Камю наважыўся сказаць гэтае безнадзейнае нікуды, узмацніўшы яго яшчэ больш безнадзейным нішто.
Я-чалавек —
Камю ня быў ні самым вялікім, ні самым глыбокім нават сярод філёзафаў сваёй пары, але ён быў адным з самых мужных (бадай, пасьля Шпэнґлера) філёзафаў у гісторыі эўрапейскай філязофіі. Ён не збаяўся заканстатаваць сьмерць сэнсу чалавечага жыцьця.
Аспрэчыць гэтую, куды больш вусьцішную за Апакаліпс канстатацыю ці хаця б што-кольвек уцямнае супрацьпаставіць ёй (акрамя, натуральна, веры) ніхто ня змог і пэўна таму філязофія змушана была, найперш праз структуралізм, вярнуцца ў звыклую прастору ўнівэрсалісцкіх інтэграцыяў (да прыкладу, Леві-Строс) ці схавацца ад апошніх пытаньняў у маргінальныя лякуны (да прыкладу, Фуко) або адсланіцца ад быцьця яго сэміятычнымі інтэрпрэтацыямі (да прыкладу, Вітґенштайн).
Інтэрвэнцыя “канцоў”, “сьмерцяў” (“культуры”, “мэтафізыкі”, “гісторыі”, “філязофіі”, “ідэалёгіі”, “эстэтыкі”, “літаратуры” і г.д. і да т.п.), справакаваная “канцом культуры” Шпэнґлера, высунула на нейкі час у дамінанту эўрапейскага мысьленьня дэканструкцыю (Дэрыда) а-рэальнасьці, як гермэнэўтыку (Ґадамэр) наадварот. Праўда, па вялікім рахунку філязафема дэканструкцыі, як татальнай рэвізіі а-рэальнасьці, амаль адразу была нэўтралізаваная народжаным у нетрах постструктуралізму дыскурсам.
Ідэя дыскурсу — гэта ідэя быцьця без чалавека, як ісьціны быцьця, быцьця безь сярэдзіны, пэрыфэрыі, краеня, быцьця, як вэрхала фэномэнаў, аніяк не абумоўленага нейкай унівэрсальнай дэтэрмінацыяй, калі за такую дэтэрмінацыю не ўважаць само быцьцё.
Усё, што ёсьць, ёсьць таму, што яно адбываецца. І гэтым адбываньнем вычэрпваецца поўня яго прычыннасьці, ідэалягемнасьці, сакральнасьці... Я-чалавека таксама...
ЧАСТКА ДРУГАЯ
ПАСЬЛЯСЛОЎЕ ДА ПЕРШАЙ ЧАСТКІ
Папярэднія накіды ўяўляюць сабой нішто іншае, як спробу праілюстраваць маё суб’ектыўнае бачаньне рэтраспэктывы фэномэну я-чалавека. Да таго ж яны кранаюць адно некаторыя мэтафізычныя моманты гэтай гісторыі. Магчыма, яшчэ ня лішне было б спыніцца на эвалюцыі разуменьня фэномэну я-чалавека біялёгіяй, антрапалёгіяй, псыхалёгіяй... Але ўсе гэтыя, як і многія іншыя (да прыкладу, сацыялёгія) навуковыя, інтэлектуальныя сфэры асэнсаваньня Homo sapieps амаль цалкам засяроджаныя на пытаньні што ён, чалавек? — які ён, з чаго ён, так бы мовіць, зроблены і на якую патрэбу яшчэ прыдатны? І нават Дарвін, які наважыўся эмпірычным шляхам давесьці скуль і чаму чалавек — чалавек, калі зьвяртаўся да я-чалавека, як да хто, мусіў спаталяць прагу рацыянальнай веды ірацыянальным — веру! Ня змог выйсьці за межы што і Фройд, хаця і спрабаваў на подзе псыхааналізу распрацаваць мэтафізычную мадэль я-чалавека, — аднак ягоная мэтафізыка, гэтаксама як і ягоная псыхалёгія цалкам засталася ў кантынууме што.
Верагодна, мела б сэнс наладзіць агледзіны я-чалавека ў праекцыі літаратуры і, шырэй, мастацтва ўвогуле. Толькі наўрад ці там убачыцца нешта скрайне адрознае ад таго, што высьвятляецца ва ўласна інтэлектуальнай праекцыі. Бо хаця рытарычны аспэкт пытаньня хто я, чалавек? у літаратуры гучыць значна часьцей, чым у філязофіі, але ўсе адказы на яго застаюцца альбо ў тойсамай роўніцы рыторыкі, што і пытаньні, альбо вокамгненна скочваюцца ў прорву містыкі. (Як на маё разуменьне, дык ці не бальшыня містычных вучэньняў уяўляе зь сябе хутчэй сваеасаблівую праяву мастацкай літаратуры, чым мысьленьня альбо веры.)
Адным словам, далейшае пашырэньне прасторы гісторыі праблемы не ўяўляецца мэтазгодным. Незалежна ад колькасьці прааналізаваных вымярэньняў я-чалавека ў быцьці існага, навідавоку выніку,
пэўна, застанецца адно і тое самае — адсутнасьць хоць якога пазытыўнага адказу на самае прагнае чалавечае запытаньне: хто я, чалавек? (і адсюль: навошта, дзеля чаго я, чалавек?).Верагодна, нямогласьцю чалавека перад праблемай самога сябе тлумачыцца як досыць позьняя актуалізацыя гэтай праблемы у рэфлектыўным досьведзе, так і тое, што калі потым яна раз-пораз максымалізавалася, то звычайна ненадоўга і безь якіх-кольвек істотных здабыткаў на карысьць яе вырашэньня. З апошняга можна зрабіць дадатную выснову, што адказ на сакральныя запытаньні пра я-чалавека месьціцца (калі месьціцца хоць дзе) за межамі магчымасьцяў чалавечага розуму. Ува ўсялякім іншым выпадку адказ неяк перагукнуўся б зь веданьнем чалавека пра сваё што.
Дарэчы, амаль напэўна, што фэномэн веры (як у сакральным, так і ў прафанным сэнсах) сфармаваўся вось з гэтай нямогласьці чалавечага розуму, які, як ні могся, ня змог зразумець прычыну я-чалавека ні з падтэксту самога чалавека, ні з кантэксту існаваньня існага.
Бог — гэта татальная параза розуму. Ён — межавы камень, які пазначае апошнюю магчымасьць мысьленьня, тую скрань, за якой чалавечаму розуму ня дадзена абазнацца. І тут — пачатак імпэрыі веры...
Вера — гэта быцьцё без адказу на пытаньне пра сэнс я-чалавека, дакладней, быцьцё без пытаньня, бо наяўнасьць Бога (суб’ектызаванай веры) зьяўляецца ўнівэрсальным Адказам на ўсе верагоднамагчымыя запытаньні, і сакральныя гэтаксама.
Аднак ёсьць нешта ў чалавеку (ці нечага не дадалося веры?), што замінае яму назаўсёды задаволіцца быцьцём без пытаньня. Час ад часу гэтае “нешта” пачынае смылець і тады зноў чуецца адвеку нязбыўнае: хто я?
АБЛУДА СЭНСУ ЖЫЦЬЦЯ
Уласна, пытаньне хто я? паклікаецца з моўкнасьці досыць рэдка, звычайна яно застаецца ўтоеным у праблеме сэнсу жыцьця як у сваёй неразгорнутай агортцы, якая для прафаннай сьвядомасьці выдае сябе за займеньніка сакральнага хто я?
Прынамсі такой бачыцца сытуацыя на першы погляд, дакладнасьць якога лёгка падмацоўваецца тым, што “генэза” падмены хто я? сэнсам жыцьця можа быць без асаблівых інтэлектуальных высілкаў выведзены зь нястрымнага жаданьня я-чалавека ўведаць, калі не патаемнае хто я?, то хаця б яго прафаннае “альтэр эго”, якое месьціцца “навідавоку” (у суплёце ідэальных ідэяў ці, зьніжана, сярод этычных, сацыяльных і пабытовых імпэратываў) і таму можа быць у нейкай меры зразуметым і спасьцігнутым.
Аднак у сюжэце стасункаў паміж хто я? і сэнсам жыцьця, здаецца, прыхаваная зусім іншая ад той, што бачыцца на першы погляд, фабуля. Пазьней мы яе паспрабуем разгарнуць відавочна, а пакуль толькі зазначым, што, магчыма, тое, дзеля чаго жыве я-чалавек (сэнс жыцьця) і ёсьць тым, хто жыве дзеля гэтага. (Пра нешта падобнае ёсьць згадка ў Сьвятым Дабравесьці паводле Мацьвея: “Дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае”.)
Хаця пачнем мы, як быццам, нават з адваротнага...
У досьведзе чалавека няма хоць якіх, хоць колькі-небудзь пераканаўчых аргумэнтаў на карысьць таго, што пэрсаналізаванае існаваньне ў кантэксьце быцьця існага мае нешта, што неўнікова сьведчыла б на карысьць нейкага сэнсу жыцьця.
За тое, што сэнс жыцьця онталягічна не ўгрунтаваўся ў існасьць чалавека, сьведчыць нічым не ўтаймаваная фантасмагорыя тых сэнсаў, на якія чалавек арыентуецца і, што больш аглядна, — неістотнасьць наяўнасьці хоць якога сэнсу ўвогуле.
Адсутнасьць сэнсу ў жыцьці я-чалавека не зьяўляецца для яго рэальнай праблемай. Я-чалавек аднолькава інтэнсыўна існуе і тады, калі быццам ведае сваё “сакральнае” прызначэньне і тады, калі ня ведае яго. Увесь гістарычны вопыт сьведчыць, што лёгіка прысутнасьці я-чалавека ў быцьці не абумоўліваецца лёгікай разуменьня гэтай прысутнасьці. У кантэксьце існаваньня існага я-чалавек нічым не адрозьніваецца ад расьліны ці жывёлы: ён жыве таму, што зьявіўся жыць. (І зьнікае таму, што зьявіўся.) Але ні ягонае зьяўленьне, ні ягонае зьнікненьне не залежаць ад таго, у сыстэму якіх намысьленых каардынатаў ён дастасоўвае сваё жыцьцё. Да таго ж сутнасьць ягонага жыцьця ў значэньнях існаваньня ад гэтага таксама не залежыць. Яно, як у расьліны ці жывёліны, нічым не зарыентавана на нешта яшчэ, акрамя як на прысутнасьць у жыцьці.