Мяжа
Шрифт:
Як надумалася, так і павесялела. Нагрэла вады, вымылася ў балеі, прычасалася, новую хустку дастала, сабрала ў сумку грыбоў белых сухіх нізку, мо з паўкіло, цыбулі вязанку, кус сала, узяла пенсію нерасходаваную за тры месяцы.
Ужо як выходзіла, крыху развідняла; убачыла — плот упаў, заваліўся ў двор, згніло-такі шула. Усё адно да аднаго, але хай, не да пло та, калі самой ратавацца трэба.
Добра было думаць, а прыехала ў горад, вылезла з аўтобуса на вакзале — у каго папытаць, як да каго падступіцца? Гэта ж не падыдзеш, не бухнеш у лоб: «Дайце мне адрас знахаркі», — трэба ж здалёку пачаць, абзнаёміцца, абгаварыцца,
Ніхто на Антолю пазіраць не хоча. Нікому няма справы да яе. Сунулася туды, сюды, да прыпынку падышла. Стаіць збоку мужчына, у паліто, у шапцы, з перавітай шпагатам зялёнай навагодняй ялінкай каля ног.
— Скажыце, як мне праехаць… — і засаромелася Антоля, ніяк не можа гутарку завязаць.
— Куды праехаць?
— У… паліклініку! — надумалася раптам само сабою.
— А тут ехаць не трэба, — ахвотна стаў тлумачыць мужчына. — Ідзіце гэтай вулічкай уніз, уніз…
Хіба ж Антоля сваёй раённай паліклінікі не ведае? Але абазвалася, дык мусіць ісці. Як пайшла Антоля, азірнецца — стаіць мужчына, глядзіць ёй услед. Так, азіраючыся, і дайшла да паліклінікі, маленькай, драўлянай. Увайшла ў сярэдзіну. На калідоры мала людзей, перад рэгістратурай зусім нікога няма. Антоля прытулілася да батарэі.
— А вы да каго? — аклікнула яе раптам дзяўчына з акенца рэгістратуры.
— Я так сабе зайшла, — разгубілася Антоля.
— Запісвайцеся, цётка, пакуль людзей мала, — параіла дзяўчына. — Што ў вас сама больш баліць?
— Ох, мая доня, усё баліць, і галава, і спаць не магу…
— Вось бачыце. Я вас да тэрапеўта запішу, у яго зараз няма нікога. Толькі распраніцеся.
Запісала, талончык, картачку падала. I так расчуліла Антолю гэтая ўвага, што аж даўкі камяк падняўся ў грудзях і слёзы да вачэй падступілі:
— Дай жа табе Бог, донечка… — і не дагаварыла, пабаялася, што заплача зараз.
Здала паліто ў гардэроб, сумку з сабою ўзяла. Знайшла кабінет. Пастукала, прасунулася ў дзверы.
Сядзіць за сталом малады мужчына, у белым халаце, у акулярах. Піша. Падняў галаву:
— Сядайце, — паказаў на табурэтку. — Ну што з намі такое?
— Галава мне вельмі моцна баліць, мо якое даўленне, ці што. Не сплю, не ем, — пачала Антоля, а даўкі камяк не праходзіць, цісне і цісне пад грудзі. Слязьмі просіцца прарвацца…
— Закасайце рукаво.
Абкруціў руку траскучай матэрыяй, «пажмакаў» грушаю:
— Даўленне ў вас нармальнае. Я вам, цётка, выпішу снатворнага, а ад галавы — цытрамону.
— Ох, мой галубок, хоць чаго-небудзь выпішыце, хоць труцізны, каб ужо выпіць, ды мо хто абмые ды закапае, каб гэтая галава дурная не балела! — і не стрымалася, усхліпнула. I яшчэ раз, і яшчэ — і вось ужо плача, аж плечы трасуцца.
Доктар адклаў ручку, паглядзеў на яе ўважліва.
— У вас ёсць хто з радні? — ціха, яшчэ больш мяккім голасам спытаў.
А Антоля раве, слова сказаць не можа, — раўчуком плыве! Доктар падхапіўся, наліў з графіна вады ў шклянку, падаў:
— Ану, перастаньце, што гэта яшчэ за навіны!
— Няма… галубок… нікога! — усхліпваючы, каўтаючы ваду і слёзы, хутчэй пачала расказваць Антоля — каб толькі доктар не сердаваў, даў ёй выгаварыцца. — Адна, як палец! Была падруга, ды замуж пайшла другі раз, бо чалавек яе памёр, а ў таго Кузьмы, за каго
яна пайшла, жонка памерла, Наста, якраз год на Пакровы было…I кажа, і кажа ўсё падрад:
— Не сплю, не ем, чалавеча, я ўжо думала, мо які памарак накінулі на мяне…
А доктар слухае, не перабівае. Выслухаў усе і сказаў:
— Цяпер зразумела. Вашая хвароба ад таго, што вы сябе дужа моцна шкадуеце, падаграваеце ўвесь час гэтае шкадаванне і яшчэ больш самі сябе растраўляеце.
— Ох, шкадую, бо хто ж мяне яшчэ пашкадуе?.. Вы вунь вады падалі — і то мне як лягчэй!
Доктар узяў чысты рэцэптурны бланк:
— Выпішу я вам не снатворнага, а вельмі харошых таблетак, мезапам называюцца, супакойваюць нервы. Спачатку трохі санлівасць будзе, а потым усе пройдзе, павесялееце, а што спаць пачняце, дык гэта я вам гарантую.
Вось жа залатыя людзі бываюць на свеце!.. Мала, што так хутка і лёгка памарак зняў, дык яшчэ і таблеткі харошыя выпісаць хоча… Антоля раптам схамянулася — сумка ж каля ног стаіць, вось варона, так чаго добрага і забыцца магла б, і панесла б усё назад. Схапіла сумку, бухнула прама на стол перад доктарам.
— Што гэта? — адхіснуўся той.
— Грыбкоў трохі, цыбуля, сала — вазьміце, прашу вас! Вы мне такую работу зрабілі, — Антоля, як вылечылася, пасмялела, ужо настойваць не баіцца. — Грыбы хоць вазьміце, пабачце толькі якія, адзін у адзін!
— Схавайце зараз жа, яшчэ зойдзе хто… — а ўбачыў грыбы, прыцішэў. Узважыў нізку ў руцэ, азірнуўся на дзверы: — Ну, раз вы настроіліся, дык пакладзіце самі, вунь туды, у шафу, на сярэднюю паліцу…
— Усё класці?
— Ну, і цыбулю яшчэ… А вось сала забярыце, катэгарычна!
Шчаслівая — угаварыла-такі, пераканала чалавека, не пагрэбаваў, — Антоля хутчэй да шафы, апаражніла сумку, хацела цішком і сала пакласці, ды пабаялася. Трэба меру знаць.
Зусім другім чалавекам, чым калі заходзіла, выйшла з кабінета, і з паліклінікі. Хоць на свет белы глянуць можна, а то ж было не дай Бог…
На вакзале, пакуль чакала аўтобуса, загаварыла першая да суседзяў — адной маладзіцы з чалавекам. Яны здалёку прыязджалі на базар па парасяты, ды спазніліся, добрых разабралі, адзін брак застаўся. Антоля паспачувала, параіла на другі раз, што калі ёсць ім у горадзе ў каго пераначаваць, дык трэба звечара ехаць, бо цяпер добрае парася купіць — праблема.
— А я ж захварэла была, — падзялілася яна. — Але вельмі добры доктар папаўся, уміг даў рады, — і так проста гэтыя словы ў яе выйшлі. З кожным бывае, хварэла і вылечылася, не трэба больш людзей саромецца і нячыстую сілу шукаць.
Тое, што маладзіца з чалавекам была, дык цяпер Антоля ані не зайздросціла і не шкадавала сябе. Побач шчасце — толькі не для яе, як тое кіно пра дона Хуліо і Сільвію: здаецца, і чутно, і відно, і блізка — экран можна памацаць, а чужое, далёкае-далёкае, немагчымае…
У аўтобусе ўжо ўспомніла, што таблетак купіць забылася, і аптэка ж была на вакзале. Хай, мо ўжо другім разам калі.
Не заходзячы да сябе, як толькі з аўтобуса, перш-наперш кінулася на той канец вёскі — да Кузьмы. Няма нікога, хата на замку. Антоля — на другі канец, да Еўкі. Аж, не даходзячы да сваёй хаты, яшчэ здалёк бачыць — ідзе там нейкая работа. Антоля бліжэй — і вачам не верыць: новенькі плот амаль гатовы, Кузьма шула ўкапаў, прыбіў новую жэрдку, цяпер дошкі мацуе, а Еўка збоку стаіць, цвікі падае.