Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Антоля як была, так да яе:

— Мая ты галубка, а я ж думала…

— Цішэй ты, — цыкнула Еўка. Адышліся ў двор: — Ён дарма што кажа — глухі, — кіўнула на Кузьму, — а што не трэба, уміг пачуе. Я ж не паспела табе сказаць тады, што да яго нейкая баба з Залозак, таксама ўдава, сваталася, у прымы хацела пераманіць… А каб я не перахапіла і ён пайшоў? Што б мы без яго рабілі? Ты ж знаеш, які мой зяць, дарма што разумны, а на работу нікудышны, ён жа ні араць, ні малаціць, ні каня запрэгчы, ні кабана забіць… А гэты будзе нам мужчынаю, адзін на двох. Я ж і рабіла з такім, як той казаў, прыцэлам…

Так і прайшоў у Антолі памарак, дзякуючы добрым людзям. Зняўся сам сабою, як і не было яго. Хоць пад старасць, а і ёй шчасце выпала.

1998 г.

САКРЭТ

Аднойчы

Павал зразумеў, што далей цягнуць нельга. Восьвось мог знайсціся яшчэ адзін такі ж «разумны», і апярэдзіць. Таму для рэалізацыі свайго даўно чаканага, такога заманлівага (і даволі подленькага) плана ім быў выбраны ўжо заўтрашні, будні дзень. Нікога ў рэдакцыі, дзе працаваў, не папярэдзіўшы, нікому нічога не сказаўшы, зраніцы ён проста паехаў на вакзал, купіў білет, сеў у аўтобус, разгарнуў газету, унурыўся ў яе, а апалове дванаццатай нага яго ступіла на высушаны летнім гарачым сонцам перон аўтастанцыі зусім незнаёмага мястэчка, якое дагэтуль жыло толькі ў яго ўяўленні.

Аўтастанцыя і плошча вакол яе з’яўляліся цэнтрам. Некалькі дарог, асфальтаваных і звычайных, земляных, як да Рыма, вялі усе як адна да будыніны сельмага пад назваю «Гастраном». На самым відным месцы, ледзь не пасярод плошчы, тырчэла прыбіральня — нават не цагляная, а збітая з дошак; уверсе на дзвярах какетліва былі прарэзаны адтуліны ў форме сэрцаў. Якім да болю знаёмым усё гэта раптам падалося!.. І гэты гастраномчык, каля ганка якога зямля ўсеяна «бычкамі» і коркамі зпад піва; і гэтая прыбіральня, у якой Павал ніколі не быў, але ведаў — усярэдзіне будзе там выкалупленая сцізорыкам паміж дошак шчыліна, каб падглядваць за жаночай палавінаю; і гэтыя дарогі, якія чым далей разыходзяцца ад цэнтра ўглыб мястэчка, тым менш на іх асфальту, а больш пылу і каровячых «аладак», тым вышэй лапухі паўз платы, тым часцей яны разгаліноўваюца, расцякаюцца на вулічкі, завулачкі і проста сцежкі, захінутыя травою, — сцежкі маленства, на якіх так часта збіваў Паўлік босыя ногі, не ўгледзеўшы камня…

Нічога дзіўнага, што патрэбная хата адшукалася адразу. Трэба было метраў дзвесце прайсці ад аўтастанцыі, затым вось тут, дзе калонка з прывязанай да ручкі цаглінаю, павярнуць улева — і ўсё, вунь шыльда на плоце — «завулак Маставы». Аднак Павал яшчэ дастаў з нагруднай кішэні кашулі паперку і зверыўся. Усё правільна: Маставы, дом тры.

Вуліца была як вуліца, і хата як хата. Стаіць сабе ў прысадзе, свеціцца на сонцы сваім белым шыферным дахам сярод зеляніны яблынь і вішняў. Ціхая такая, задуманая хатка, стомленая ад гэтага гарачага лета, стаіць, марыць хутчэй ужо вымыцца дажджамі, ды высушыцца вятрамі, ды нарэшце соладка заснуць пад белай коўдрай снегу.

Урачыстасці не хапала. Не ў джынсах пажадана было быць, а ў касцюмчыку, пад гальштукам, дзвярыма «Волгі» ці «ўазіка» калгаснага ляпнуць… Павал пасміхнуўся. І калі пачаў намацваць праз дзірку ў веснічках нязвыклую, для чужой рукі наравістую клямку, адзначыў, што вось ужо ў другі раз (першы — замест ладнай хаткі чакалася ўбачыць развалюху) уяўленне падводзіць яго. Сабака не брахаў. Але ж павінен быць сабака! Павінна сядзець у двары кампанія алкашоў, ну, на крайні выпадак, два алкашы. Куча пыльных парожніх бутэлек зпад гарэлкі, якія чамусьці амаль ніколі не прымаюць, павінна ўзвышацца пад плотам. Баба сварлівая і заплаканая павінна быць…

Ён справіўся сяктак з клямкаю і зайшоў у двор. Памылка адно падагрэла цікавасць. Як у добрага выжла, што напаў на след, так і ў журналіста Паўла ў прадчуванні блізкай здабычы абвастрыліся пачуцці. З гэтага моманту ён павінен усё запамінаць, адзначаць і ў памяць адкладваць кожны свой крок. Сланечнікі ў агародчыку пад яблынямі, гуркоў загончык, пчолы над жоўтым іх квеценем — Божа мой, калі гэта ўсё было!..

Чысты, без травы дворык. Падмецены. Па дарожцы, выкладзенай з чырвонай цэглы, Павал пайшоў да веранды, нагінаючыся, — так нізка цераз плот перавешваліся галіны; не было ніводнай падпоркі. Тым часам пачулі яго і без сабакі, і ўбачылі. Выскачыла на ганак жанчына, жанчынка, лепш сказаць, расточку Паўлу да грудзей; канечне, такой навошта падпіраць галіны? Выскачыла, застыла, рагі хустачкі цярэбячы, — чакала, па беларускім звычаі, пакуль

падыдзе і першы павітаецца чужы чалавек. І на яго сціплую — рэпеціраваў некалі, яшчэ ў студэнцтве, перад люстэркам, на розныя выпадкі жыцця падбіраючы, — усмешку і на «дзень добры» адразу ж абазвалася: «І вам добрае здароўе», а сама прытушыла ў насцярожаных вачах вечную гэту трывогу, спадчыну гэтую горкую, савецкую: толькі бяды можна чакаць ад такіх вось раптоўных наведак. Усё ж была яна зусім не злосная, не заплаканая, на жонку алкаша не падобная. І апранутая даволі ахайна: фартушок, кофтачка імпартовая (з «гуманітарнай» дапамогі неданоскі, падумаў Павал, і не памыліўся), у маленькіх, гумовых, якія дзеці ў дождж абуваюць, боціках — не забываць нічога, усё запамінаць!..

— Гэта ваша прозвішча… — Павал прачытаў з паперкі, хоць помніў гэтае прозвішча не горш, чым уласнае.

— Маё. А што?

— А кім вам даводзіцца… — ды ізноў з паперкі.

— Сынам… А што такое?

— Сынам? — гэты новы, даволі нечаканы паварот прымусіў яго на міг задумацца. Калі даўно, яшчэ мінулай вясною ён упершыню адкрыў у друку плагіятара і паспрабаваў ўявіць яго, толькі два шаблонныя тыпы ўпарта яму маляваліся: першы — стары, альбо малады, што бывае часцей, графаман, замучаны вяртаннем сваіх рукапісаў, і другі — звычайны якісь п’яніца, праўда, з сярэдняй ці нават з вышэйшай адукацыяй — такіх поўна цяпер, якому не хапала на банальную апахмелку. У рэальнасці ўсё атрымлівася інакш. Гэты «клапатлівы сынок», гэты хітра-абачлівы перастрахоўшчык не належаў ні да першага, ні да другога тыпу. І адразу ж новымі гранямі бліснула для Паўла гэтая гісторыя…

— Бачыце, — пасля кароткай замінкі пачаў ён, — я сам журналіст. І па заданні сваёй рэдакцыі хачу напісаць пра вашага сына ў газету. Пра яго творчыя поспехі. Адкажыце мне, калі ласка, усяго на некалькі пытанняў, гэта зойме не больш пяці хвілін.

Вось так размаўляць трэба! Раз — і супакоіўся чалавек, і акрыяў, і ўжо шчаслівы ад таго, што не спраўдзілася благая навіна, і ўжо ўсю душу табе вывернуць гатовы…

— Дык чаго ж мы стаім? — праходзьце ў хату! Дый перакусіце заадно, вы ж з дарогі! У мяне і капуста ў печы — як ведала, і з грыбамі, і з мясам…

— Нене, не магу. Няма калі, — гэта было б тое самае, як паесці гэтай капусты з грыбамі, а потым напляваць у міску. — Давайце лепш у двары пасядзім, дзенебудзь на лаўцы, — прапанаваў Павал, нават яшчэ не ведаючы, ці ёсць тут увогуле лавачка, але азірнуўся і ўбачыў яе: у закутку каля плота, зацененая дрэвамі, маленькая, акурат двум прыляпіцца, і нізенькая — пад гаспадыню.

— Ды і куру я, — дадаў ён.

— Ну і што, курыце на здароўе! Мае абодва курылі, дык я любіла!

Аднак, хаця і з неахвотай, пайшла ўслед за ім. Перш чым сесці, абмахнула фартухом дошку. У высокага Паўла, калі ён апусціўся на лаўку, калені ледзь не дасталі падбародка.

— Абодва — гэта хто? — спытаў ён, забаўляўчыся з цэлым, цвёрдзенькім, нераспакаваным яшчэ пачкам цыгарэт.

— А чалавек мой, і сын. Чалавек памёр, а сын у горадзе, на заводзе — вы ж ведаеце, мусіць? Дык і курыць няма каму…

— Вашага сына, — усё яшчэ мякка адказаў Павал, — я ведаю толькі завочна. Па публікацыях у газетах і часопісах. Дык ён, значыць, друкуецца, і ўказвае ваш адрас, так? І вы атрымліваеце за яго ганарар… ну, грошы панашаму, — пераклаў ён.

— Так! Па пошце мне прысылаюць. Я ўжо нарадавацца не магу, я ужо ж не думала, не гадала, што ён калі ў людзі выб’ецца… Піў жа ён у мяне, крэпка піў — вы ж мо ведаеце, і лячыўся, і… — не дагаварыла. — Усяго было! Аж во ўзяўся за розум, дзякаваць Богу…

— Ды няўжо гэта такія вялікія грошы? — сказаў ён са шчырым здзіўленнем. — Ну, я сам друкуюся — гэта ж капейкі.

— Канечне, вам, маладому! А мне ж гэта як з неба сыплецца! Я хоць і сабе што купляць стала, і хаваю — мо ўнукі калі будуць, ён жа нежанаты пакуль, але мо знойдзе, дасць Бог…

— Мо знойдзе, — пацвердзіў Павал. — Скажыце, а даўно ў яго талент прарэзаўся? Даўно яго творчы сверб ахапіў… ну, — як і ў выпадку з ганарарам вымушаны быў паправіцца ён, — як гэта ваш сын ні з таго ні з сяго друкавацца пачаў, пісьменнікам зрабіўся? Гэта ж не так проста. Многія гадамі вучацца, і начамі не спяць — чытаюць, пішуць, а ўсё не атрымліваецца. А ў яго неяк адразу, дужа лёгка ўсё гэта пайшло.

Поделиться с друзьями: