Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На крок назад, на дзень наперад

Календа Сяргей

Шрифт:

Мама, мая любая маці яшчэ ня ведала, што гэта такое, калі дзеці дасягаюць падлеткавага ўзросту; мая мама яшчэ ня ведала расчараваньня ў каханьні, ня ведала жаху хваробы; ведала, але ня так дакладна, што гэта такое, калі сварацца між сабою брат і сястра альбо сястра й сястра; мая маці тады была больш наіўнаю, больш адкрытаю... Мая мама яшчэ ня мела магчымасьці назіраць на ўласныя вочы наркаманію, брудныя шпрыцы, людзей, хворых на гепатыт; яна толькі пачынала сутыкацца з такімі рэчамі, як крадзяжы брата, ягоныя сумнеўныя сябры, бабуліны парцалянавыя зайчыкі й бойкі за месца на канапе ў агульнай залі кватэры, якая адначасова належала ўсім і нікому.

Мой тата яшчэ ня быў такім сумным, такім пахмурным як восеньскае надвор’е; ён на той час меў яскравы позірк і панскі жывоцік; ён плянаваў жыцьцё й шчыра захапляўся ўсім, што магло захапіць маладога мужчыну.

Мой брат быў зусім малы, і для яго яшчэ не надышоў час вялікіх захапленьняў

літаратураю; ён яшчэ не сутыкнуўся з тым пэрыядам свайго жыцьця, калі пачаў пісаць, апантана, захоплена, шчыра, сьпісваць усе сшыткі ў клетку па 96 аркушаў, зьбіраць сшыткі ў адну вялікую калекцыю, анталёгію, збор раманаў, эпапеяў пра вайну й галоўнага героя Зьмека; мой брат яшчэ ня ведаў таго адчуваньня адчаю й адзіноты ад першага каханьня; у ягоным жыцьці яшчэ не было расчараваньняў і вершаў пра памаранчавы "Глікадзін", ён быў яшчэ зусім малым і яшчэ не працаваў, не вучыўся, яшчэ толькі пачынаў жыць.

І вось, мая сям’я па ўсіх чыньніках была яшчэ зусім маладою, прывабнаю, сьмелаю, адважнаю, мая сям’я была па шмат якіх паняцьцях цнатліваю, і такую яе наведала тое, што рацыянальна ніколі не зразумееш, не растлумачыш, не разгледзіш, ня ўбачыш. Маю сям’ю наведалі ўсе нашыя продкі з усіх нашых каленаў, календаў, саслоўяў, дрэваў, галінаў, каранёў, ланцугоў, зьвязаў, хаўрусаў. І гэта адбылося акурат ноччу пасьля пахаваньня, калі ў доме засталіся толькі мы ўчатырох, калі большасьць абразоў была разабраная сваякамі й цені зьліліся зь цемраю, форткі былі наросхрыст, бо так трэба пасьля пахаваньня.

І адбыліся два наведаньні:

1. Пасярод ночы маці прачнулася, побач хроп бацька, мы спалі між бацькамі. Ложак стаіць каля заходняй сьцяны, усе мы ночым у галоўнай залі, якая мае па трое вокнаў на кожную з трох сьценак, а чацьвёртая — прысунуты да сьцяны ложак пасярэдзіне, а зь дзьвюх бакоў ад яго — скразныя дзьверы: адны вядуць на кухню, другія — у пакой бабулі. Маці бачыць, як у вокны з усіх бакоў зазіраюць людзі, процьма людзей, натоўп. Хтосьці апрануты на стары лад, хтосьці ўвогуле незразумела ў чым, хтосьці трымае вілы, у кагосьці на руках дзіця. Маці панікуе, будзіць бацьку, нас, мы ўсе прачынаемся й пачынаем крычаць, плакаць, прасіцца дамоў, запальваем сьвятло. Ніхто нікуды не зьнікае, людзі так і стаяць, глядзяць на нас з вокнаў. Жах. Жах... Жах! Мы ўсе абдымаемся, мама захінае нашыя галовы хусткамі, начною сарочкаю, бацькаваю саколкаю, пледам, мы супакойваемся, мама моліцца, тата таксама... Цішыня, шэпт, зьвяртаньне да божага ратаваньня — і людзі зьнікаюць, мы паціху засынаем, але сьвятло не выключаем.

2. Бліжэй да раніцы бацька ў сьне паварочваецца да маці й працягвае руку праз нас, каб яе абняць за талію. Раптам ён рэзка падскоквае на ложку й крычыць, што талія маці не яе талія, гэта было штосьці брыдкае й пакрытае поўсьцю! Тут ён канчаткова прачынаецца й ужо не сваім голасам пачынае хрыпла маліцца... Вакол нашага ложка стаіць цэлы натоўп людзей і паглядае на нас, мы ўсе іх бачым, крычым, плачам, маці ізноў нас супакойвае, хаця сама ў неверагоднай паніцы й сутаргах. Натоўп людзей глядзіць на нас, усьміхаецца, вачыма зычыць чагосьці добрага, супакаяльнага. Мы больш ужо не засынаем. Сьвятло толькі вымалёўвае гэтых прывідаў. На гадзіньніках чатыры ночы. Мы праводзім рэшткі ночы ў абдымках, шэптах і маленьнях, баючыся варухнуцца.

Ніхто ніколі не ўспамінаў і не ўспамінае тую ноч, акрамя маёй мамы, якая ў маладосьці мусіла стаць драматургам, бо ў яе ўсе гісторыі абарочваюцца жахалкамі, містыкай і незваротнай сутнасьцю лёсу! І я яе за гэта вельмі люблю!

Ліпень — кастрычнік 2012

Братыслава — Менск — Вэнтспілс

КАХАНЬНЕ

Танюткая, пяшчотная, мяккая, ідэальная жанчына, прыстойная, рамантычная, пільная, неверагодна чуйная, прыгожая, сьветлая, творчая, таленавітая, магічная, іншаплянэтная, лёгкая, вясёлая, аптымістычная, сяброўская, заўсёды падтрымае, заўсёды дапаможа, выслухае, выцягне, абдыме... Пра В. я такім чынам магу разважаць суткамі. Яна мой сэнс жыцьця, мой пачатак і мой канец, мая альфа й амэга, мой космас, мой творчы настрой, мая атмасфэра сям’і. Яна адначасова ёсьць са мною паўсюль і вакол мяне, і калі нас ня стане, застанецца той няўлоўны пах, тыя самыя малекулы нашага жыцьця, прадукт каханьня й творчасьці. І па сёньня я ня веру таму факту, што яна стала маёю жонкаю, бо пачыналася ўсё зусім ня так, як большасьць можа падумаць альбо абвыкла верыць, бачыць, ведаць.

Усё пачыналася са сваркі, з шэрага аўтобуса, які, напампаваны маладымі й сырымі дызайнэрамі-студэнтамі, вёз гэтыя целы на мастацкае біенале ў Віцебск. І ў гэтым аўтобусе апынуліся два зусім неадэкватныя чалавекі: мой сябра, творца, паэта Цімур і я, прыблудны ёлупень, які толькі што вярнуўся зь Лёндану ды перажываў

маміну хваробу, развод, крызіс каштоўнасьцяў, зьмену жытла... Цімураву выдатную кароткамэтражку высунулі ў асноўны конкурс мастацкага біенале ў разьдзеле мэдыя. Мы абодва былі не ў гуморы, але кожны меў розныя мэты. Усіх агулам, хто ехаў у аўтобусе, мы ненавідзелі, лічылі за бяздарнасьцяў, і, зразумела, калі мы пабачылі, што перад намі сядзяць дзьве дзяўчыны, адна з каторых чытае Грышкаўца, а другая — нейкі "танны" модны часопіс, наша нянавісьць да жыцьця й сьвету сканцэнтравалася на іх. Мы іх абражалі, высьмейвалі, потым абражалі тых, хто за іх заступаўся... Карацей, калі мы прыехалі ў Віцебск, ужо ўвесь аўтобус нас добра ведаў і жадаў нам сьмерці. Але нам было, вядома, похуй! Да пачатку біенале было колькі часу. Мы зь Цімурам напіліся гарэлкі, прыйшлі на адкрыцьцё, сарвалі нейкія пэрформансы, глуміліся з карцін і інсталяцый, абдымаліся, спрабавалі пры людзях цалавацца, пілі — і нас пагналі... Хто мог нават падумаць, што праз колькі гадзін Цімур атрымае галоўны прыз біенале за кароткамэтражку і мы з шумам і вычварэнствам пакінем цырымонію ўзнагароджаньня, а тыя, у каго былі пытаньні наконт вартасьці прысутнасьці на біенале Цімура, пераканаюцца, калі ён, як пераможца, п’яны, падымецца на сцэну па ўзнагароду за найлепшы фільм кароткага мэтра ў намінацыі візуальнае мастацтва і з гонарам паглядзіць на ўсіх зьверху ўніз.

І далей у аўтобусе зваротна ў Менск мы будзем яшчэ горш сябе паводзіць, адзначаючы перамогу "Чалавекансэрвы". Цімур будзе хваліцца й пець песьні, я — праклінаць пасажыраў і ссаць у праход між сядзеньнямі... Тады ў тым аўтобусе была В. разам зь сяброўкаю, менавіта яна чытала Грышкаўца раніцою па дарозе ў Віцебск, менавіта яна, едучы зваротна, чытала нейкі часопіс і глядзела на нас такімі спалоханымі вачыма, якія па памерах нагадвалі карычневыя міні-талерачкі... І яна яшчэ тады даведалася, хто я такі — недарэчны, злосны, незадаволены сваім жыцьцём чалавек, які спрабуе пісаць прозу...

Мы вярнуліся ў Менск, накіраваліся зь Цімурам працягваць піць, дызайнэры з аўтобуса клялі нас, але ня моцна, усе былі стомленыя і проста радыя, што даехалі й вызваліліся ад нашае кампаніі... З В. пасьля гэтага падарожжа мы ня бачыліся два гады, пакуль аднойчы не сутыкнуліся на Купальлі, акурат у Вязынцы. Я тады таксама быў ня надта ахвочы да стасункаў з грамадзтвам, аточаны Цімурам, Зьмітром і Ігарам. Было вельмі сьпякотна й туманна, у нас быў пяршак і намёт, мы былі п’яныя ўшчэнт, бегалі па беразе ракі бяз вопраткі, крычалі, мацюкаліся, чыталі вершы, а пад раніцу елі сырыя шашлыкі й да ўсяго згубілі разабраны намёт... В. тады даведалася, што ў нас дзейнічае літаб’яднаньне "Вобла", і паабяцала прыйсьці, і памылкова мне дастаўся вянок зь дзьмухаўцоў зь ейных малочных рук... Урыўкі купальскай ночы размаітыя, але дакладна ведаю — я шкадаваў, праз гэты п’яны ўгар я шкадаваў, што такая неверагодная дзяўчына (а я нарэшце яе разгледзеў і нават здолеў крыху пагутарыць) другім разам бачыць мяне цалкам неадэкватным, растаўсьцелым дурнем, да ўсяго яшчэ й напаўраспранутым.

В. пачала хадзіць на нашае літаратурнае аб’яднаньне, прыносіла вершы, прыводзіла сябровак, чытала, мы абмяркоўвалі, я чытаў, астатнія чыталі й абмяркоўвалі, пасьля выпівалі... Мне неабходна было наноў завязаць зь ёю знаёмства, зрабіць так, каб яна па-іншаму пачала на мяне глядзець, што было неверагодна цяжка, бо я ўжо быў запісаны ў ейную кнігу ўспрыманьня людзей як адзін з самых злых і гнюсных пачвараў... Але я прыдумаў такую рэч.

Праз колькі месяцаў мусіла выйсьці ў выдавецтве "Галіяфы" ў сэрыі "Другі фронт мастацтваў" мая першая кніга брудных апавяданьняў, кніга-інтэрпрэтацыя таго, што мяне хвалявала, кніга-алюзія на мой унутраны сьвет, кніга-лячэньне, кніга-псыхааналітычная-багна, кніга-экзыстэнцыя... і я запрасіў яе дапамагаць мне з вокладкаю.

На той момант я ўжо меў фотакалаж Юры Кузьняцова, але мне трэба было сумясьціць калаж разам са шрыфтом і памерамі вокладкі... Такім чынам мы захрасьлі на некалькі вечароў з працаю на кватэры сяброўкі В.

Мы пачалі адасабляцца ад агульнай тусоўкі пісьменьнікаў, і гэта было лягічна: мой сьвет пераходзіў у валоданьне В., а таксама я разумеў, што шмат каму проста не даю жыць са сваімі апавяданьнямі, таму не было ахвоты на камунікацыю... Я ня бачыў сэнсу ў сваёй літкампаніі, дзе ўсё падавалася нібыта несапраўдным, чымсьці лжывым, толькі два чалавекі мяне там падтрымлівалі, але й яны кудысьці потым падзеліся... І вось, В. працуе над маёю вокладкаю, а я думаю над тым, як бы так зрабіць, каб акрамя працы ў нас зьявіўся вечар адпачынку, кавярня, можа быць, шпацыр па парку альбо паход на якую выставу. Праз гэтыя хваляваньні й развагі я пакутаваў, праводзіў вольныя вечары за бутэлькамі разам зь Цімурам, і адным вечарам я яму проста сказаў, што закаханы ў В. і трэба, каб ён дапамог вырашыць гэтую праблему. І мы, выпіўшы, набраліся нахабства й патэлефанавалі ёй і дамовіліся на сустрэчу ўвечары, калі было ўжо за дзесяць гадзін.

Поделиться с друзьями: