Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)
Шрифт:
– Мiс Шэвенi-Гарэ ўсяго толькi iх прыёмная дачка, як мне здаецца?
– Але.
– Вельмi прыгожая маладая лэдзi.
– Надзiва прывабная дзяўчына. Сее смуту сярод тутэйшых юнакоў. Водзiць за нос i кпiць з iх. Добра сядзiць у сядле, i ў яе цудоўныя рукi.
– Гэта цяпер нас не датычыцца.
– Э, так, магчыма, не... Добра, наконт iншых людзей. Я ведаю старога Бэры, безумоўна. Ён тут амаль заўсёды. Як свойскi кот у гэтым доме. Накшталт ад'ютанта лэдзi Шэвенi-Гарэ. Ён вельмi даўнi сябар. Яны ведалi яго ўсё жыццё. Я думаю,
– Освальд Фобз. Цi ведаеце вы што-небудзь пра яго?
– Амаль упэўнены, што сустракаў яго аднойчы.
– Мiс Лiнгард?
– Нiколi не чуў пра яе.
– Мiс Сьюзен Кардвэл?
– Даволi прывабная дзяўчына з рыжымi валасамi? Я бачыў яе тут апошнiя некалькi дзён, яна была з Рут Шэвенi-Гарэ.
– А мiстэр Бараўз?
– Але, я ведаю яго. Сакратар Шэвенi-Гарэ. Памiж намi кажучы, мне ён не падабаецца. Мiлавiдны, i ведае гэта. Не з самых лепшых.
– Цi доўга ён быў з сэрам Гервазы?
– Гады два, я думаю.
– I тут няма больш нiкога?..
Пуаро абарваў фразу.
Высокi бялявы мужчына ў будным гарнiтуры паспешна зайшоў у пакой. Ён задыхаўся i быў усхваляваны.
– Добры вечар, маёр Рыдл. Я пачуў вестку, што сэр Гервазы застрэлiўся; i вось прыбег сюды. Снэл кажа, што праўда. Гэта неверагодна. Не магу паверыць!
– Праўда, Лэйк. Дазвольце вас адрэкамендаваць. Мiстэр Лэйк, агент сэра Гервазы па справах маёнтка. Мiстэр Эркюль Пуаро, пра якога вы, мабыць, чулi.
На твары Лэйка адбiлiся i захапленне, i недавер.
– Мiстэр Эркюль Пуаро? Я страшэнна рады сустрэчы з вамi. Ва ўсякiм выпадку...
– Ён раптоўна змоўк, жвавая прыемная ўсмешка знiкла - цяпер ён выглядаў устурбаваным i засмучаным.
– Цi не пахне тут рыбай - гэтае самагубства, сэр?
– Чаму тут павiнна пахнуць рыбай, як вы гэта называеце?
– рэзка спытаўся галоўны канстэбль.
– Бо тут мiстэр Пуаро. О, i таму, што ўся справа здаецца вельмi неверагоднай!
– Не, не, - хутка сказаў Пуаро.
– Я тут не таму, што памёр сэр Гервазы. Я быў у доме - як госць.
– Ах, вось што. Дзiўна, а ён не сказаў мне, што вы прыязджаеце, калi я з iм займаўся рахункамi сёння папаўднi.
Пуаро спакойна сказаў:
– Вы двойчы ўжылi слова "неверагодна", капiтан Лэйк. Дык вы сапраўды здзiўлены весткай пра самагубства сэра Гервазы?
– Сапраўды. Вядома, ён быў вар'ят; кожны згодзiцца з гэтым. Але ўсё роўна я проста не магу ўявiць - як ён быў здатны падумаць, што свет зможа iснаваць без яго.
– Але, - сказаў Пуаро.
– Менавiта.
– I ён ухвальна паглядзеў у адкрыты, разумны твар маладога чалавека.
Маёр Рыдл адкашляўся.
– Раз вы тут, капiтан Лэйк, можа, вы сядзеце i адкажаце на некалькi пытанняў?
– Добра, сэр.
Лэйк сеў на крэсла насупраць iх.
– Калi вы апошнi раз бачылi сэра Гервазы?
– Сёння, гадзiне а трэцяй. Трэба было праверыць некаторыя рахункi i яшчэ вырашыць
пытанне пра новага арандатара адной фермы.– Доўга вы з iм былi?
– Магчыма, паўгадзiны.
– Падумайце добра i скажыце мне, цi не заўважылi вы чаго-небудзь нязвыклага ў яго паводзiнах?
Малады чалавек задумаўся.
– Не, наўрад. Ён быў, бадай, трошкi ўзбуджаны, але гэта не было нязвыкла для яго.
– Можа, ён быў хоць крыху прыгнечаны?
– О, не, ён быў у гуморы. Ён цешыўся жыццём менавiта цяпер, пiшучы гiсторыю роду.
– I як даўно ён заняўся гэтым?
– Пачаў месяцаў шэсць назад.
– Тады, як прыехала сюды мiс Лiнгард?
– Не. Яна прыехала прыкладна два месяцы назад, калi ён убачыў, што сам не справiцца з даследчай работай.
– Дык вы думаеце, ён быў у добрым настроi?
– О, проста ў цудоўным! Ён сапраўды лiчыў, што на свеце нiшто не мае значэння, апрача яго роду.
У голасе маладога чалавека раптам прамiльгнула горыч.
– Значыцца, наколькi вы ведаеце, у сэра Гервазы не было нiякай трывогi?
Паўза, вельмi кароткая, але паўза была, перш чым капiтан Лэйк адказаў:
– Не.
Пуаро нечакана кiнуў пытанне:
– Вы думаеце, сэр Гервазы зусiм не быў заклапочаны сваёй дачкой?
– Сваёй дачкой?
– Менавiта.
– Як мне вядома, не, - стрымана адказаў малады чалавек. Пуаро больш нiчога не гаварыў. Маёр Рыдл сказаў:
– Добра, дзякуй вам, Лэйк. Мусiць, вам лепш пабыць недзе тут на выпадак, калi мне спатрэбiцца яшчэ што ў вас запытацца.
– Вядома, сэр.
– Лэйк устаў.
– Я магу што-небудзь зрабiць?
– Вы можаце прыслаць сюды дварэцкага. I, можа, вы пацiкавiцеся для мяне, у якiм стане лэдзi Шэвенi-Гарэ i цi магу я трошкi пагутарыць з ёю зараз; цi яна занадта засмучаная...
Малады чалавек кiўнуў i пакiнуў пакой хуткiм рашучым крокам.
– Прыемная асоба, - сказаў Эркюль Пуаро.
– Але, цудоўны хлопец, i спраўны на службе. Яго ўсе любяць.
5
– Сядайце, Снэл, - сказаў маёр Рыдл сяброўскiм тонам.
– У мяне багата пытанняў. Разумею, гэта быў шок для вас.
– О, сапраўды, сэр. Дзякуй, сэр.
– Снэл сеў з такiм сцiплым, нясмелым выглядам, што гэта, па сутнасцi, было тое самае, калi б ён застаўся стаяць.
– Служыце тут ужо ладны кавалак часу, цi не так?
– Шаснаццаць гадоў, сэр, з той самай пары, як сэр Гервазы, э, асеў, як кажуць.
– Ага. Вядома ж, ваш гаспадар быў у свой час вялiкi падарожнiк.
– Але, сэр. Ён прымаў удзел у экспедыцыi на полюс i ў многiя iншыя цiкавыя мясцiны.
– Добра, Снэл, прашу, скажыце мне, калi апошнi раз вы бачылi свайго гаспадара сёння вечарам?
– Я быў у сталовай, сэр, сачыў, каб як след быў сервiраваны стол. Дзверы ў залу былi адчынены, i я бачыў, як сэр Гервазы сыходзiў па лесвiцы, iшоў праз залу, а пасля па калiдоры пайшоў у кабiнет.
– А каторай гадзiне гэта было?