Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)
Шрифт:
– Якраз каля васьмi. Магчыма, ужо было без пяцi восем, - спакойна адказаў Снэл.
– I тады вы бачылi яго апошнi раз?
– Але, сэр.
– Вы чулi стрэл?
– О, так, сэр; але, вядома, я i не падумаў, што гэта стрэл. Ды i як я мог падумаць?
– А што вы падумалi?
– Я палiчыў, што гэта аўтамабiль, сэр. Шаша зусiм блiзка ад паркавай агароджы. Або гэта мог быць стрэл у лесе - браканьер, можа. Я нiяк не думаў...
Маёр Рыдл перабiў яго:
– Калi гэта было?
– Роўна
Галоўны канстэбль рэзка запытаўся:
– Як вы можаце памятаць час з такой дакладнасцю?
– Проста, сэр. Я толькi што даў першы гонг.
– Першы гонг?
– Але, сэр. Паводле загаду сэра Гервазы, гэты гонг заўсёды павiнен быў гучаць за сем хвiлiн да сапраўднага абедзеннага гонга. Ён заўсёды пiльна сачыў, сэр, каб усе ўжо былi ў сталовай, калi ўдарыць другi гонг. Дык вось, даўшы другi гонг, я падышоў да дзвярэй сталовай i абвясцiў абед, i ўсе ўвайшлi.
– Я пачынаю разумець, - сказаў Эркюль Пуаро, - чаму ў вас быў такi здзiўлены выгляд, калi вы сёння абвясцiлi абед. Сэр Гервазы, звычайна, быў у сталовай?
– Нiколi раней не здаралася, каб ён у гэты час не быў там, сэр. Гэта быў проста шок. Я падумаў, што...
Маёр Рыдл зноў спынiў яго:
– I астатнiя таксама звычайна былi там?
Снэл кашлянуў.
– Нiводзiн чалавек, якi спазнiўся на абед, сэр, нiколi не запрашаўся ў дом другi раз.
– Гм, вельмi сурова.
– Мой гаспадар, сэр, наняў кухара, якi раней быў ва ўладара Маравii. Сэр Гервазы нярэдка гаварыў, сэр, што абед - гэткая ж важная справа, як i рэлiгiйны рытуал.
– А што наконт яго ўласнай сям'i?
– Лэдзi Шэвенi-Гарэ заўсёды вельмi клапацiлася, каб не засмуцiць яго, сэр, i нават мiс Рут не асмельвалася спазнiцца на абед.
– Цiкава, - прамармытаў Эркюль Пуаро.
– Зразумела, - сказаў Рыдл.
– Значыцца, раз абед - у чвэрць дзевятай, то вы далi першы гонг у восем хвiлiн дзевятай, як звычайна?
– Так, сэр, толькi ж гэта было не як заўсёды. Звычайна абед у нас быў а восьмай. Сэр Гервазы загадаў, каб сёння абед быў у чвэрць дзевятай, бо ён чакаў джэнтльмена з апошняга цягнiка.
Снэл злёгку пакланiўся Пуаро.
– Калi ваш гаспадар iшоў у кабiнет, цi не здаўся ён вам засмучаным або ўстурбаваным?
– Я не магу адказаць, сэр. Ён быў занадта далёка ад мяне, каб я мог бачыць выраз яго твару. Я проста заўважыў сэра Гервазы, вось i ўсё.
– Ён адзiн iшоў у кабiнет?
– Так, сэр.
– Цi заходзiў хто-небудзь у кабiнет пасля гэтага?
– Я не магу адказаць, сэр. Потым я пайшоў у буфетную i быў там да першага гонга ў восем хвiлiн дзевятай.
– Тады вы i пачулi стрэл?
– Так, сэр.
Пуаро мякка ўставiў пытанне:
– Думаю, iншыя таксама чулi гэты стрэл?
– Так, сэр. Мiстэр Х'юга i мiс Кардвэл. I мiс Лiнгард.
– Гэтыя людзi таксама былi ў зале?
–
Мiс Лiнгард выходзiла са сталовай, а мiс Кардвэл i мiстэр Х'юга якраз спускалiся па лесвiцы.Пуаро пацiкавiўся:
– А была якая-небудзь размова пра тое?
– Была, сэр. Мiстэр Х'юга спытаўся пра шампанскае на абед. Я сказаў яму, што на стол пастаўлены чэры, рэйнвейн i бургундскае.
– Ён падумаў, што стрэлiў корак ад шампанскага?
– Так, сэр.
– I нiхто не ўспрыняў гэта ўсур'ёз?
– Нiхто, сэр. Яны ўсе пайшлi ў сталовую, усе гаманiлi i смяялiся.
– Дзе былi астатнiя сямейныя?
– Я не магу адказаць, сэр.
Маёр Рыдл спытаўся:
– Вы што-небудзь ведаеце пра гэты пiсталет?
– Гаворачы, ён працягнуў яго Снэлу.
– О, так, сэр. Пiсталет належыць сэру Гервазы. Ён заўжды трымаў яго ў шуфлядзе стала, вось тут.
– Ён звычайна быў зараджаны?
– Я не магу сказаць, сэр.
Маёр Рыдл паклаў пiсталет i адкашляўся.
– Зараз, Снэл, я задам вам досыць важнае пытанне. Я спадзяюся, вы адкажаце на яго з усёй шчырасцю. Цi ведаеце вы якую-небудзь прычыну, якая магла прывесцi гаспадара да самагубства?
– Не, сэр. Я нiчога такога не ведаю.
– Вас не здзiўлялi ў апошнi час сэр Гервазы, яго манеры? Ён не быў прыгнечаны? Альбо ўстурбаваны?
Снэл кашлянуў, як бы просячы прабачэння.
– Даруйце мне, сэр, тое, што я скажу, але сэр Гервазы заўсёды здаваўся чужым людзям трохi дзiўным. Ён быў надзвычай арыгiнальны джэнтльмен, сэр.
– Угу, угу, я ведаю гэта.
– Людзi збоку, сэр, не заўсёды разумелi сэра Гервазы.
Снэл вымавiў слова "разумелi" з такой значнасцю, што яно павiнна было б пiсацца з вялiкай лiтары.
– Ведаю, ведаю. Але цi не было чаго-небудзь, што вы назвалi б нязвыклым?
Дварэцкi вагаўся.
– Я думаю, сэр, што Гервазы быў нечым заклапочаны, - нарэшце вымавiў ён.
– Заклапочаны i прыгнечаны?
– Я не сказаў бы, што прыгнечаны, сэр. Але што заклапочаны - дык напэўна.
– Вы не здагадваецеся, якая магла быць прычына яго заклапочанасцi?
– Не, сэр.
– Можа, гэта было звязана, напрыклад, з якой-небудзь канкрэтнай асобай?
– Я зусiм нiчога не магу сказаць, сэр. Ва ўсякiм выпадку, гэта толькi маё ўражанне.
Пуаро загаварыў зноў:
– Вы былi здзiўлены яго самагубствам?
– Надта здзiўлены, сэр. Для мяне гэта быў страшэнны ўдар. Я не мог уявiць, што такое магчыма.
Пуаро задуменна пакiваў галавой.
Рыдл зiрнуў на яго i сказаў:
– Добра, Снэл, вiдаць, гэта ўсё, пра што мы хацелi спытацца ў вас. Вы цвёрда ўпэўнены, што ў вас няма больш нiчога расказаць нам - нiякага незвычайнага выпадку, напрыклад, якi здарыўся ў апошнiя днi?
Дварэцкi, устаючы, адмоўна пакiваў галавой.