Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнічы

Олдрыдж Джэймс

Шрифт:

Ён ціхенька прычыніў уваходныя дзверы і на хвілінку затрымаўся на парозе, глынуўшы цудоўнага халоднага паветра. Калі ён праходзіў міма акна спальні, Джыні пачула яго цяжкае дыханне і сама таксама цяжка ўздыхнула, бо баялася гэта рабіць з таго часу, як пачула, што Рой прачнуўся. Вось ён і пайшоў, і паміж імі зноў зіма, яшчэ адна доўгая канадская зіма.

На ферме ні Сэм, ні Руф яшчэ не ўставалі, бо толькі бралася на дзень. Рой пастараўся іх не разбудзіць, бо ведаў: Сэм зноўку пачне дабівацца ад яго адказу на пытанне, якое Рой хацеў лічыць вырашаным. Калі б ён дачакаўся Сэма і сказаў яму, што Джэк нойме і заплаціць работніку, Сэм мог бы не пагадзіцца, і Рою давялося б пачынаць усё спачатку. Рой аддаваў усё гэта Джэку, які павінен расказаць Сэму і тым самым зрабіць яго адмову немажлівай. Сэм прыме работніка. Сэм не паедзе, не пакіне ферму. Джэк Бэртан уладзіць

усё гэта з Сэмам, справа зараз за Джэкам.

Рой пераапрануўся і амаль што бягом пусціўся ў горад.

У Дзюкэна ён прайшоў праз заднія дзверы. Заплечны мяшок для яго быў гатовы, увесь заказ спакаваны, і Рой яшчэ раз з удзячнасцю ацаніў спрыт і дзелавітасць Піта Дзюкэна. Нават новыя пасткі былі распакаваны і прымацаваны як след — звонку мяха. А пад пасткі была засунута бутэлька Блэк-энд-Блю.

Рою яна была патрэбна як ніколі.

— Малайчына, Піт, — сказаў ён і адкупорыў бутэльку, каб адразу ж глынуць.

Яго адурманеную галаву і абпалены язык ашаламіла новым ударам.

— Ух! Гэтая і быка зваліць! — прамовіў ён голасна.

Рой закінуў мяшок за плечы, ссунуў з хворай галавы пас, запхнуў бутэльку ў кішэню і рушыў у дарогу. Кожны раз, калі яму хацелася глынуць, даводзілася абапірацца аб дрэва, каб мяшок не перакуліў яго, калі ён закідваў галаву. Было нязручна, і халодны спірт сцякаў па падбародку на патыліцу.

— Гэтая і быка зваліць! — паўтараў ён пасля кожнага глытка.

Ён піў зараз, каб забыцца, што быў п'яны, і каб вытравіць з памяці ўсе тыя непрыемнасці, якія засталіся там, у гарадку. Па-першае, як ён дабраўся да хаты Джын Эндрус учора вечарам? Гэта заўсёды было яго першай загадкай. Яму заўсёды ўдавалася дабрацца туды, але як — ён ні разу не мог успомніць. Затым Сэм. Сэм хоча кінуць ферму. Рой ведаў, што яму варта застацца і неяк уладзіць справу. Трэба было застацца і самому прапанаваць Сэму наняць работніка, а не пакідаць рашэнне за Сэмам. Сэм можа адмовіцца. Гэтая паўмера Роя можа толькі падштурхнуць яго на нешта адчайнае. Сэм можа адразу ж сабрацца і з'ехаць. Але Рой ведаў, што Джэк Бэртан не дапусціць гэтага. Джэк угаворыць яго застацца. Джэк знойдзе яму работніка, Джэк падтрымае яго. Зараз справа за Джэкам. Нават Сент-Элен — і той зараз трымаецца на Джэку. Джэк, які не здаецца, які не дасць выжыць сябе з фермы ні зямельным банкам, ні адсоткам па закладной, ні драпежнікам і рвачам, ні падаткам, ні недахопу інвентару, зямлі, дапамогі, асушэння, грошай і прадбачлівасці. Сент-Элен будзе існаваць, пакуль ёсць Джэк, а пакуль яны абодва на месцы, не забудзецца, не прападзе і Рой, там, у самай глыбіні лесу. «Не, не здамся! Вытрымаю!» Ён усё яшчэ адчуваў і ўсведамляў.

Ён зноў выпіў. На гэты раз ужо за сябе: ён развітваўся з Сент-Эленам, пакідаючы там занадта мала сябе; пакідаючы прывід Эндзі, якога там мо і няма, хоць хто ведае; пакідаючы ўсё не вырашаным. Рой апошні раз ішоў на паляванне ў гэты лес, ён гэта ведаў; ён прадчуваў гэта і ў мінулыя гады, але сёлета ён ведаў гэта дакладна. Участак спустошаны. Гэта ён таксама ведаў і ў мінулыя гады, але зараз павінна адбыцца канчатковая праверка, так гэта ці не так. Вось тады ўсё і пачнецца. Пайсці на поўнач і пакінуць Сент-Элен. А што пасля? — безнадзейна пытаўся ён у самога сябе. Ці будзе тут Сэм і старая ферма, ці будзе тут Джыні і ён сам альбо лес канчаткова праглыне яго, адарве ад людзей і пакладзе на яго сваю лапу? Не! Ён не жывёліна. Чым больш назіраў ён за звярамі, тым больш востра адчуваў, што ён чалавек і мае патрэбу ў людзях. Лес і пустыня не праглынуць яго, але Сент-Элен мусіць дапамагчы яму. Сент-Элен, і Сэм, і Джыні, і Джэк Бэртан, і сама гэтая скупая, дзікая зямля.

Рой ужо дабраўся да той мясціны на пад'ёме, дзе старая лесавозная дарога залазіла на голы гранітны грэбень. Каб пераканацца, што існуе Сент-Элен, яму трэба было азірнуцца. Вось ён, на месцы, яшчэ не прачнуўся, асветлены страшным зарывам усходу. Рой пастаяў, пераступаючы з нагі на нагу, ён чакаў, ці не з'явіцца дымок, маленькая чорная фігурка, грузавік, хоць нейкая прыкмета жыцця. Усё было пуста, і Сент-Элен бачыўся такім, нібыта ён прайграў сваё змаганне з лесам і хутка знікне. Такім Рой і панёс яго з сабой у лес, калі збочыў з дарогі ў падлесак, з п'янай галавой, п'яны пад цяжкім грузам, з п'янымі вачамі і п'яным распухлым ротам, увесь п'яны, высмактаўшы белую бутэльку і шпурнуўшы яе перад сабой так, што яна на друзачкі разбілася аб камяні, п'яны да непрытомнасці, акрамя ног, якія яшчэ пераступалі, і інстынкту накірунку. Менавіта яны і вялі Роя ў глыбіню лесу яшчэ доўга пасля таго, як свядомасць

зусім пакінула яго.

Раздзел чацверты

Рой стаяў адной нагой у чоўне, а другой адштурхнуўся і вывеў яго з маленькай скалістай бухты. І адразу ж ён укленчыў на адно калена і пачаў грабці, скарыстоўваючы разгон ад штуршка. Вострае вясло хутка пагнала човен па ціхай вадзе. Яго дужыя рукі так дакладна прыкладвалі сваю сілу, што не было ні рыўкоў, ні затрымкі, а толькі настойлівае і роўнае слізганне цвёрдага брызентавага корпуса, які разразаў ваду.

Ён плыў па Мускуснай затоцы, якая вяла яго да галоўнага возера і галоўнай з яго хацін і была адным з асноўных участкаў яго палявання. Гэта быў штучны вадаём, пакручасты і зарослы, утвораны старой бабровай запрудай, якая так надзейна перагарадзіла ручай, што атрымалася азярцо з крутымі, густа зарослымі лесам берагамі. Ідэальнае месца для мускуснага пацука — андатры. Не надта глыбока, дно і берагі густа ўкрытыя асакой, рагозам, стрэлкалістам і чаротам і дуплістымі карчамі — важная ўмова для андатры. На шэра-карычневай паверхні вады скрозь вытыркаліся травяністыя, злепленыя з гразі і галінак астраўкі. На большых былі норы андатры, на меншых яны спакойна харчаваліся, будучы ў бяспецы ад сваіх ворагаў. Рой скіраваў човен да аднаго з такіх астраўкоў. Некаторымі з іх ён карыстаўся як прыкрыццём, прынаджваючы качак, і зараз, калі човен выйшаў на адкрытую ваду, з іх узнялася хмара чыркоў, крохаляў, чырвонагаловых і чарнакрылых дзікіх качак і свістух. Яны ўзняліся невялікімі шумнымі купкамі і зніклі.

Каля аднаго з астраўкоў Рой падняў дзвюх качак, якіх ранкам падстрэліў з берага. Ён кінуў іх на дно лодкі і зноў павярнуў да берага, каб пачаць агляд пастак.

Рою да гэтага часу было блага, але гэта была слабасць папраўкі. Ён не памятаў, як дабраўся да балота, не памятаў нават, як пакінуў Сент-Элен. Ведаў толькі, што прачнуўся сёння раніцай у сваёй хаціне на балоце, што яго моцна ванітавала і што нейкім чынам ён захаваў цэлым свой мяшок — нават яйкі. Горшае мінулася, але і зараз ён з цяжкасцю мог засяродзіцца на тым, што робіць. Яму даводзілася напружваць памяць, каб не прапусціць пастку. Ён ведаў, што на гэты раз, як ніколі, трэба не прапусціць ніводнай. Абловам на гэтым балоце заўсёды пачынаўся ў яго зімовы сезон, і заўсёды гэта было паказчыкам, якога можна чакаць палявання. Ён ужо набліжаўся да першай пасткі, як раптам пачуў, што яго клічуць з водмелі перад хацінай.

— Рой! Рой Мак-Нэйр!

Човен уткнуўся ў вялізны камяк зліплых водарасцей.

— Хто там? — гукнуў Рой. — Гэта ты, Джэк?

Ён падумаў, што гэта Джэк дагнаў яго, каб сказаць, што Сэм усё кідае ці мо, што вярнуўся Эндзі Эндрус.

— Гэта я. Скоці Малькольм.

— Скоці? Прывітанне, Скоці, зараз прычалю. — Голас Роя прагучаў ціха і блякла, губляючыся ў балотным зарасніку. Кароткімі ўдарамі вясла ён павярнуў човен да хаціны. — Хіба ты ў Сент-Элен?

— Не. Я з табой у лес, — адказаў Скоці.

— Тады табе пашанцавала пазбыцца доўгай дарогі, бо праз паўгадзіны мяне тут не было б.

Скоці Малькольм паляваў разам з траперам, якога ўсе называлі Самсонам. У кожнага быў свой участак, але палявалі яны разам. Іхнія ўчасткі знаходзіліся на паўночны захад ад Роя, і праехаўшы на чоўне Роя па возеры, Скоці выйграваў дваццацікіламетровы пераход па высокіх хрыбтах, якія вялі ў яго гаспадарку.

— Я ўчора даведаўся, што ты пайшоў з Сент-Элена, — сказаў Скоці і нагнуўся, каб схапіць човен за нос. — Ну і шпарыў жа ты. Я ішоў палову ночы, каб дагнаць цябе.

Скоці Малькольм усеўся на камень, каб зняць мяшок, і падаў Рою ружжо. Гэта быў танклявы, вёрткі, жыццярадасны кельт, не вышэйшы за Роя, гадоў на дзесяць маладзейшы за яго па ўзросту і гадоў на дваццаць — складам цела. Ён быў апрануты як сапраўдны паляўнічы і трапер, не тое што Рой, які меў выгляд рабочага ліцейшчыка па дарозе на завод. У Скоці была хоць і паношаная, але сапраўдная паляўнічая шапка. Яго шарсцяная куртка была спартовага крою, яго боты былі паляўнічыя боты, з гумовымі галоўкамі і высокімі халявамі з мяккай скуры.

— Глядзі, не намачы свае боцікі, — сказаў Рой, калі Скоці апусціў свой цяжкі мех на дно чоўна. Боты ў Скоці і ў лесе заўсёды былі вычышчаны да бляску, і кожны год хто-небудзь дражніў Скоці, што яны распалохаюць звяроў, атруцяць ваду, заблытаюць усе сляды і падпаляць лес.

— Глядзі, не патапі лодку, — не застаўся ў даўгу Скоці.

Калі ён усеўся, узяў у рукі другое вясло, замалаванае скураной лямкай, але адразу ж мусіў адпусціць яго і схапіцца за борт, бо Рой адхінуўся назад і моцна нахіліў човен.

Поделиться с друзьями: