Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнічы

Олдрыдж Джэймс

Шрифт:

Роя здзівіла, што ў Джэка таксама свае клопаты і трывожныя думкі.

— Цябе паслухаць, дык ты таксама не супраць скончыць справу і здацца, — сказаў ён Бэртану.

— І не падумаю! Я ніколі не здамся!

Тонкія губы ў яго сціснуліся, на худых скулах выступілі два белыя жаўлакі. Рой засмяяўся.

— Табе варта заняцца палітыкай, — сказаў ён. — Напрыклад, у фермерскім аб'яднанні.

— Што аб'яднанні? Там толькі тое і ведаюць, што рабіць паскудства і рваць чужы кавалак з рота. Нам трэба аднавіць прагрэсіўную партыю. Працерці ўсё з пясочкам. Ніякіх пасрэднікаў і ліхвяроў, ні спекулянтаў, ні працэнтнай кабалы, ніякіх асаблівых прывілей царкве, чыгункам

і лясным кампаніям. Знізіць узносы па закладных, зняць адсоткі, ніякіх падачак дзялкам з грамадскай казны.

— І сярэднюю адукацыю!

— Так, і сярэднюю адукацыю!

— Эх ты, фермер Джэк! — выразна прамовіў Рой.

— Дык што, застанешся на зіму тут? — памаўчаўшы, спытаў Джэк.

— Не, я гэтага не магу. — Рой глыбока засунуў рукі ў кішэні сваёй брызентавай курткі. — Вось што, Джэк, мо знайшоў бы ты каго-небудзь, хто згадзіўся б папрацаваць з Сэмам гэтую зіму? Грошай Сэму даваць не варта. Усё адно ён іх змарнуе. Я хацеў пакінуць іх табе і папрасіць, каб ты плаціў работніку штотыднёва. Мо з памочнікам Сэм неяк справіцца. Як ты лічыш?

— Зараз цяжка знайсці работніка.

— Я ведаю.

— Ці многа ты можаш пакінуць?

— Каля трох соцень. Па сотні на месяц.

— Гэта добрая аплата, ды толькі зараз ніхто не хоча працаваць на ферме.

Рой прыхінуўся да загарадкі, вялікім і ўказальным пальцамі ён падняў шапку за казырок, а астатнімі паскроб у валасах, затым зноў насунуў шапку. — Гэта ўсё, што я магу прыдумаць. Альбо заставацца самому.

— Не, табе заставацца не варта, Рой, — сказаў Джэк Бэртан. — Я каго-небудзь знайду. Як ты думаеш, калі ён яму спатрэбіцца?

— З наступнага месяца.

— А ты ўпэўнены, што Сэм захоча каго-небудзь, акрамя цябе?

Рой пакруціў галавой. Гэтага ён не ведае. Да таго ж ён не ведае, што скажа Руф Мак-Нэйр.

Нават ведаў, пра што ён думае.

— Спадзяюся, ты яшчэ заспееш Сэма, калі вернешся з зімовага палявання. Вядома, работнік — гэта дапамога, але я на гэта не разлічваў бы.

— Хто купіў коней? — раптам спытаўся Рой.

— Білі Эдвардс, з таго берага.

— А адкуль у яго грошы?

— Пазычыў пад ураджай. Добрыя былі коні, Рой. Ён іх выкарміў як мае быць і, я думаю, ужо апраўдаў свае грошы, здаючы коней у наймы.

— Бедны Сэм, — сказаў Рой, і яны выйшлі з хлява.

Джэк павёў Роя паказаць сваю гаспадарку: свінарнік і куратнік, а пасля і саму хату, дзе куча светлагаловых дзяцей валтузілася на падлозе каля знерваванай маці.

Яны спусціліся ў пограб, дзе Джэк паказаў сваё паветранае ацяпленне: вакол старой жалезнай печы ён выклаў цагляную награвальную камеру, і, калі печ грэлася, гарачае паветра паступала ў хату праз сістэму прадушын у падлозе. Зараз у печы яшчэ не палілі, і ў пограбе было холадна, але суха. Джэк атынкаваў сцены і замазаў шчыліны. На падлозе, на паліцах і на лавах была раскладзена гародніна летняга і асенняга збору: гарбузы, буракі, кукуруза, бульба, нават зялёныя памідоры, яблыкі, агуркі і некалькі слоікаў сушанага гароху. Прыпасаў на зіму было дастаткова. Яны вылезлі з пограба і ўселіся на кухні, застаўленай бутэлькамі і слоікамі з нарыхтоўкамі місіс Бэртан. Рой захапляўся цеплынёй і ўтульнасцю гэтай кухні. Нават абшарпаныя сцены — і тыя мелі надзейны выгляд. На адной з іх красавалася сурвэтка, на якой было вышыта: «Маме». Над ёй вісела скрыпка без струн.

— Вось закончыў пограб, цяпер вазьмуся за верх, — сказаў Джэк, заўважыўшы, што Рой азіраецца навокал. Вось яна, пастаянная чарга рамонту, падумаў Рой, спачатку хлеў, свінарнік і куратнік, затым пограб, і толькі пасля ўсё іншае.

— Мэй, — звярнуўся

Джэк да жонкі, — у цябе нічога не знойдзецца Рою ў дарогу?

Місіс Бэртан ужо выставіла перад Роем два слоікі: адзін — з парэчкамі, другі — з чырвонай капустай. Невядома, хто бянтэжыўся больш — госць ці гаспадыня, але Рой пераадолеў няёмкасць, ён запіхаў у кожную кішэню па слоіку, а дзецям дастаў свае ледзянцы. Ён купіў іх сабе, але ў яго быў яшчэ адзін пакецік у мяшку ў Дзюкэна.

— Пайду, наведаю Сен-Клэра, — сказаў ён Джэку і хутка ўстаў.

— Толькі глядзі, каб у цябе не было з сабой грошай, — папярэдзіў Джэк, праводзячы Роя. — Калі хочаш з ім выпіць, лічы, што тваіх грошай не будзе.

— І адкуль у табе гэты закон і парадак, Джэк? — сказаў Рой. Яны пастаялі моўчкі. — Дык я прышлю табе тры сотні. А ўбачымся, хутчэй за ўсё, яшчэ да Каляд — на возеры.

— Хутчэй, што так, Рой.

— Дык, значыць, месяца праз паўтара.

— Так, Рой. Бывай! Да хуткай сустрэчы!

Рой ужо каціўся па схіле да дарогі, ногі яго ўздымалі клубы пылу, і вецер адносіў іх. Пылу было не вельмі многа, але з цягам часу маленькая нерухомая хмарка станавілася ўсё больш густой, і хутка Джэк бачыў толькі пыл, а пасля і хмарка знікла сярод дрэў.

Раздзел трэці

Зел Сен-Клэр быў чалавечак невысокі, меншы за Роя і худы. Французы Сент-Элена сцвярджалі, што сваімі запалымі шчокамі, праніклівым позіркам, сінню на падбародку і слабым, такім слабым целам ён падобны на маленькага высахлага французскага кюрэ. Але Рою не было ніякай справы да гэтай клерыкальнай знешнасці, ён бачыў у Зеле штосьці больш зразумелае, напрыклад — насільшчыка, які ненавідзіць сваю працу.

Рой знайшоў яго па гуку сякеры на далёкім канцы лясной расчысткі Джэка Бэртана. Зел ссякаў вялізную бярозу, і ўсё цела яго паўтарала ўзмахі сякеры.

— Цяжкая праца для ляснога валацугі! — звярнуўся да яго Рой.

Зел абапёрся на бярозу і перадыхнуў.

— Гэта ўсё інспектар, каб на яго ліха, — сказаў ён.

Рой засмяяўся.

— А хіба дрэнны інспектар? Захоўвае закон і парадак.

— Пачакай, хутка здаволіцца. Я пра гэта паклапачуся.

— Ты лепш пра сябе паклапаціся. Калі ён убачыць цябе ў лесе, тут табе і канцы.

— І яму будуць канцы! — сказаў Зел і правёў Роя праз гушчар, які ён высякаў. Чатырохвугольная высечка, заціснутая скаламі і лесам, ужо часткова зарасла ліпай, ядлоўцам і густымі парасткамі бярозак. Ёй было толькі чатыры ці пяць гадоў, але праз год-два яна стане сапраўдным лесам, які давядзецца высякаць як след, сякерай. Зараз Зел Сен-Клэр яшчэ мог справіцца з бярозай вялікім садовым нажом або з дапамогай пала, і за сякеру браўся толькі дзеля сасны або рослай бярозы. Джэк Бэртан своечасова аб'явіў вайну наступу лесу, купіўшы гэтую высечку летам і ачышчаючы яе да зімы. Рой цаніў Джэка, ён быў перакананы, што з часам Джэк стане знакамітым чалавекам у Сент-Элене, калі толькі Сент-Элен і дробныя фермы наогул ацалеюць. Зараз, пасля размовы з Джэкам, Роя гэта турбавала асабліва.

— Выпі! — Зел Сен-Клэр падаў яму бутэльку з нейкім пойлам, падазрона празрыстым і бясколерным. Зел дастаў яе з дупла, дзе ў яго ляжалі куртка і нож. — Дастаў у Оле Андэрсана. Жывая вада!

Рой выпіў і адчуў на нёбе лёгкі прысмак анісу, але калі гэтае пойла абпаліла гартань, ён зразумеў, што п'е амаль голы спірт. Яны выпілі зноў.

— Гэтая штука даканае цябе, Зел, — сказаў Рой.

— Не гэта, дык іншае, — з сумам азваўся Зел, і яго перакручанае сухое цела не выяўляла першай умовы жыцця — жадання жыць.

Поделиться с друзьями: