Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнічы

Олдрыдж Джэймс

Шрифт:

— Вось тут і пачынаецца сама цяжкае, — сказаў Мэрэй, калі яны ўвайшлі ў лес. — Зараз мне трэба знайсці свае прыкметы, — і ён пайшоў першы.

Нават малеча Зел узбадзёрыўся, і, калі напалоханая лань вылецела на іх з сасновых зараснікаў і адскочыла ўбок, ён гукнуў:

— Глядзіце, як уцякае!

Рою было прыемна бачыць, як ажывае Зел.

— А ты не думаеш, што твой крык пачуе абходчык і за сотні міль адсюль? — сказаў ён Зелу.

Пры згадцы пра пушных абходчыкаў Зел напусціў на сябе абыякавасць.

— Колькі міль адсюль да бліжэйшага кардона? — спытаў ён у Мэрэя.

— Каля паўтары сотні, — адказаў Мэрэй. — Не тое, каб пастаянны пост, а проста ўкрыццё для леснікоў.

І наогул больш верагоднасці сустрэць тут леснікоў, а не пушных абходчыкаў, — сказаў Рой. — Тут ёсць што аберагаць. Які лес!..

Вакол іх узвышаліся каланады адвечных соснаў. Дрэвы такія вялікія, што стаяць даволі рэдка, хоць лес здалёку здаваўся вельмі густым. Пад нагамі снегу мала, ён, відаць, яшчэ не паспеў прабіцца праз густую хвойную страху. Цёмна, спакойна, ціха.

У далёкім канцы гэтага лесу, на ўскраіне плато, сярод вялікіх дрэў схавалася маленькая хаціна Мэрэя. Яны выявілі яе, толькі калі падышлі зусім блізка, бо так удала схаваў яе Мэрэй сярод соснаў. Яна была замаскіравана вялізнымі ніжнімі галінамі, якія хавалі і страху і сцены. Мела яна пятнаццаць на пятнаццаць футаў. Уваходзячы ў дзверы, давялося моцна нагнуцца.

— І колькі часу ты яе будаваў? — здзіўлена спытаў Рой, гледзячы на прамыя, цесна падагнаныя сцены, звонку абмазаныя глінай і непадуладныя ветру.

— Амаль усё лета, — адказаў Мэрэй, — і палову восені.

— Дык вось чым ты займаўся! Лавіў тут дзічыну і будаваў таемныя хаціны! — сказаў Рой.

Увайшоўшы ўнутр, ён агледзеўся і дастойна ацаніў майстэрства Мэрэя. Ён быў лесавік ад нараджэння, і ўсякая лясная справа ішла спорна. У хаціне было нават акно і складзена прымітыўная печ: ахвочы да камфорту Рой нават не чакаў такога. Жоўтае аконнае шкло было з трымплексу, і Мэрэй патлумачыў, што здабыў яго ў Скоці, які ў сваю чаргу адхапіў яго на нейкай звалцы ваеннай маёмасці, ды так і не знайшоў, дзе яго скарыстаць. Печ, складзеная з камянёў і гліны, была шэдэўрам. У паглыбленні сцяны быў змайстраваны ачаг з невялікай печчу, і конусам быў складзены комін, абшыты бляхай з бідонаў. Рой адзначыў, што комін, злеплены з камянёў і гліны, быў выведзены каля сама вялікага дрэва так, што дым слаўся па ствале і рассейваўся, перш чым падняцца над лесам.

— Здаецца, ты сабраўся тут асесці надоўга, — сказаў Рой.

— Так, гэта не на адзін год, — адказаў Мэрэй. — Я думаю лавіць у гэтым заказніку кожную зіму, ды і кожную вясну таксама, калі не перашкодзяць абходчыкі.

Сумненні адносна Мэрэя, якія прыгняталі Зела ўсе чатыры дні іхняга шляху, на час рассеяліся, калі ён убачыў хаціну, якая здзівіла яго і выклікала захапленне.

— Тут можна чакаць другога прышэсця, — сказаў ён Мэрэю, — і ніхто на свеце цябе не знойдзе, нават гэтыя боўдзілы-абходчыкі.

Мэрэй скінуў свой вялізны цюк пастак і правізіі, і ён з грукатам упаў на падлогу.

— Ты не надта паплёўвай на гэтых абходчыкаў, Зел, — сказаў Мэрэй. — Яны вядомыя прайдохі. Пусці іх па следу, і яны табе што захочаш знойдуць.

Рой падумаў, што Мэрэй знарок дражніць Зела, але ў Мэрэя не было ніякага жадання адпомсціць свайму надакучліваму напарніку альбо падсмейвацца. Ён казаў тое, што думаў, і гэта беспамылкова ўздзейнічала на Зела Сен-Клэра.

— Але ім нялёгка будзе знайсці гэтае месца, — супакойваў Зела Рой.

— Толькі сачыце за іхнімі самалётамі, — папярэдзіў Мэрэй, а затым дадаў: — Пайшлі, я пакажу вам возера.

Да ўзлеску было крокаў семдзесят, а далей — строма. Пад ёй у крутой катлавіне знаходзілася заледзянелае возера, дакладней, два азярцы ў форме банта, з выспаю пасярэдзіне. Уздоўж усяго пляскатага берага выдзялялася паласа, якая паўтарала яго абрысы. Гэта была паласа балота, якое зрабілі бабры, калі перагарадзілі каля вусця некалькі

горных ручаёў.

— Так, гэтае месца вартае ўвагі, — сказаў Рой. — Амаль што возера Фей. — Ён назваў яго як мага далікатней не толькі таму, што быў зачараваны ім, але і з-за яго крылатых абрысаў. — Шкада, што мы не прыйшлі сюды раней, з чоўнам. А то не ўдасца яго абысці.

— А што я табе казаў, — абыякава зазначыў Мэрэй. — Вунь за той паласой выгаралых соснаў бачна Сярэбраная рака. Калі б мы плылі сюды на чоўне да марозу, гэта сэканоміла б нам дзень. Тады дастаткова было б перацягнуць човен цераз гэтае вось плато.

Рой паглядзеў на тонкую нітку далёкай ракі, на тысячы бліскучых азёр, на бязмежны далягляд, які адкрываўся з гэтай вышыні. Гэта былі вялікія канадскія лясы, якія распасцерліся далёка за межамі Муск-о-гі. Гэта былі прасторы, дзе кожны крок адкрываў новыя гарызонты, усё больш дзікія, усё больш прывабныя. Быць гаспадаром гэтай краіны, блукаць без перашкод па яе лясах і гарах, адчуваць дзікую магутнасць гэтых ветраў — вось што прадчуваў зараз Рой.

— Не магу зразумець, — сказаў ён разважліва сваім сябрам, — як гэта я шмат гадоў таму не стаў лясным валацугай? — І ўсмешка паволі скрывіла яго губы.

Мэрэй зарагатаў, што здаралася з ім вельмі рэдка.

Зел прапусціў словы Роя міма вушэй.

— Дык як мы распачнем паляванне? — спытаў ён, фарсіруючы рашэнне, якое трэба было прыняць.

— А як атрымаецца, — адказаў Мэрэй.

— Паслухай, — не сунімаўся Зел, — лепш за ўсё было б вылавіць тут усё, што можна, і як мага хутчэй. Трэба ставіць пасткі густа, каб лавіць звера больш, а затым змывацца. Як ты лічыш?

— Навошта такая спешка? — спытаў Мэрэй.

— Тым разам ты не спяшаўся, таму і трапіўся, — укалоў яго Зел.

Мэрэй задумліва зірнуў паўзверх чорнай шавялюры Зела.

— А як лічыш ты, Рой? — паспешна спытаўся той.

Рой разумеў, чаму Мэрэю не хацелася спяшацца. Ён і сам не спяшаўся б. Убачыўшы гэтую краіну, ён не хацеў прызнаваць неабходнасць спешкі і асцярожнасці, саму магчымасць адступлення. Рой ужо адчуваў, што тут яго родная прастора, і думаў, што Мэрэй адчувае тое ж самае. Яму хацелася мець задавальнення як мага больш і без спешкі. Але рэшта цвярозасці і ўсведамленне, што лепш яму не станавіцца на нейчы бок, вызначылі яго адказ.

— Мне здаецца, што лавіць трэба хутка, — сказаў ён, — але наладжваць шалёную гонку не варта.

Мэрэй паціснуў плячыма, Зел чакаў, што будзе далей.

— Па-мойму, так, — сказаў Рой. — Мы з Зелам можам весці аблоў азёр. Я вазьмуся за бабра, а Зел можа выграбаць андатру, яна больш даверлівая. А пакуль мы зоймемся гэтым, — звярнуўся ён да Мэрэя, — ты можаш паляваць па ўсёй акрузе, ставіць сіло на сцежках звяроў і наогул усюды, дзе ўбачыш сляды лісіцы, норкі і рысі. Як вы думаеце?

Яны згадзіліся і прапанавалі сякія-такія ўдакладненні. Усю пушніну вырашылі зносіць у хаціну, скуркі было вырашана дзяліць пароўну, кожны сам мусіў разбіраць сваю долю, і дзялёжку праводзіць адразу ж, так, каб кожны мог трымаць сваю здабычу напагатове на выпадак нечаканых уцёкаў. Былі выпрацаваны абавязковыя для ўсіх правілы паводзін. Не раскладваць агню для падвячорка, ніякіх кастроў па-за хацінай. Але перш за ўсё і важней за ўсё — не страляць. У іх усіх з сабой былі вінтоўкі, але тут гук стрэлу разносіцца на дзесятак міль, і стральба магла выклікаць да іх цікавасць. Мэрэй лічыў, што гэта лішняя засцярога, але здаўся настойлівасці Зела і ўгаворам Роя. Ніякага палявання, ніякай стральбы, як бы спакушальна блізка не з'яўляўся алень. Амаль зусім сцямнела, а яны ўсё стаялі на схіле над возерам Фей. Нібыта кажан, яно чарнела ў начной цемры, і Рой апошнім пакінуў яго, калі яны, нарэшце, сабраліся вярнуцца ў хаціну.

Поделиться с друзьями: