Паляўнічы
Шрифт:
Раздзел адзінаццаты
Рой даў магчымасць Мэрэю свабодна перасоўвацца і задаволіў нецярпенне Зела, а сам пачаў дзейнічаць на возеры Фей так, нібыта збіраўся раскінуць тут сапраўды ланцуг пастак. Ён меў натуру захавальніка і ніколі не браў з бабровай супольнасці больш за тое, што маглі аднавіць ацалелыя сем'і. Ён заўсёды выкарыстоўваў гэтую формулу захавання дзічыны на сваіх уласных участках, што забяспечвала яму пастаянны ўлоў бабра, хоць з часам усё меншы, але ж рэальны, не тое, што ў іншых звераловаў, якія выбіралі свае бабровыя хаткі падчыстую. Зараз гэта ўжо быў інстынкт, і гэтак жа інстынктыўна ён скарыстоўваў свой метад размяшчэння пастак на балотах вакол возера Фей. Ён не ставіў пастак там, дзе, ведаў, былі малыя
Пасля першай жа разведкі вакол возера Фей ён зразумеў, што ў замерзлых балотах больш дарослых баброў, чым у яго пастак. Ля затравянелых купін, вакол рэдкіх зараснікаў елкі і на тысячы створаных бабрамі астраўкоў было так многа бабровых хатак, што Рой адразу адчуў сябе пераможцам над тым пастаянным адчуваннем паражэння, якое выпрацавалі ў яго апошнія дзесяць гадоў палявання ў спустошаным Муск-о-гі. Гадамі прырода абкрадвала яго, скарачала колькасць дзічыны, і ён пастаянна адчуваў сябе пераможаным і падманутым. А тут ён, нарэшце, кінуў выклік прыродзе, даў ёй добрую аплявуху, ад якой у яго ажно закіпела кроў — стукнула ў ногі, затрымцела ў сплюснутых кончыках пальцаў. На гэтых пяці квадратных мілях забалочаных берагоў баброў было больш, чым яму калі-небудзь даводзілася бачыць на адным месцы; больш, чым ён мог вылавіць сваімі дваццацю пасткамі за шэсць гадзін кароткага зімовага дня. А там, дзе ёсць бабёр, павінны быць шмат і іншых звяроў, якія палююць на бабра: ліса, рысь, норка. І хутка Рой пачаў ставіць пасткі на драпежнікаў вакол усяго балота, імкнучыся стварыць адзіную сістэму пастак на ўчастку даўжынёй каля сямі міляў і шырынёй на паўмілі; напачатку гэта яму ўдалося зрабіць, але пазней не ўдалося скарыстаць, бо ў яго не хапала часу на тое, каб вызваляць і зноў заражаць свой абмежаваны запас пастак.
Кожны вечар усе яны вярталіся ў хаціну на строме, і па меры таго як накаплівалася пушніна, удача станавілася ўсё больш відавочнай. Каб справіцца са сваім уловам, ім даводзілася займацца скурамі вельмі позна. Як і Рой, Зел аб'явіў, што на балотах за возерам Фей андатры больш, чым ён можа вылавіць з дапамогай наяўных пастак. Здаралася, што Зел лавіў сваімі пасткамі баброў і ласак. Кожны вечар змешаны ўлоў Зела і Роя быў такім жа разнастайным, як і здабыча Мэрэя на яго паляўнічых сцежках. Мэрэй прыносіў менш пушніны, што было натуральна, бо пасткі і сіло на паляўнічых сцежках не маглі, вядома, даць столькі, колькі сканцэнтраваны аблоў багатага бабровага балота.
— Гэта не тое, — уздыхаў Зел пасля двух тыдняў палявання. — Я мог бы ўзяць удвая больш андатры, калі б хапала пастак. Калі б узяцца як след, мы праз два тыдні маглі б выбрацца адсюль з такой здабычай, што больш і не панесці. Эх, мала ў нас пастак!
— Ты заўсёды спяшаешся, — сказаў Мэрэй. — Твая пушніна нікуды ад цябе не ўцячэ.
— Яно то так, — пярэчыў Зел, — але хутка скончыцца масла і сала. — Зел быў галоўным кухарам: ён рабіў гэта лепш за ўсіх. — Ды і мука, мяса канчаюцца.
У першыя ж дні Мэрэю пашчасціла злавіць маладую лань; ён спрабаваў злавіць і другую, але пакуль што без поспеху. З'яўленне людзей, відаць, спалохала большую частку аленяў, якія чулі кожны іхні след на сваіх сцежках і станавіліся яшчэ больш чуйнымі. Амаль кожны дзень Рою сустракалася лань, а то і дзве, а Мэрэй сцвярджаў, што за дзень яму трапляецца і пяць, і шэсць, але заўсёды яны паказваліся толькі на імгненне, былі далёка і адразу ж знікалі.
— Не плач, — сказаў Мэрэй Зелу такім тонам, што Рой па-новаму паглядзеў на сваіх сяброў. — Не плач, будзе табе лань, калі гэта ўсё, што патрэбна твайму жывату.
— Гэта твайму жывату патрэбна шмат! — усклікнуў Зел. — Гэта ты ляжыш на адзіным ложку, а нам з Роем даводзіцца спаць на падлозе. Ты з'ядаеш удвая больш, чым мы. Як магло стацца, што ты сабраўся ў дарогу ад Скоці, калі раней ты збіраўся зайсці па мяне? Бо ў цябе ж нават пасткі былі ўжо сабраныя!
Мэрэй нічога не запярэчыў, ён моўчкі адчыніў дзверы і высмаркаўся проста на
чысты белы снег за парогам. Зел не супакойваўся, пакуль Рою не надакучыла і ён не спыніў гэтую грызню. Жыццё ў цеснай хаціне было даволі змрочным і без гэтых сварак.У хаціне было цёпла, але адсутнасць сама элементарных зручнасцей пачынала нерваваць Роя. Печ дыміла, а падчас моцнага ветру вялікая сасна пачынала хістацца і ўся хаціна з рыпеннем хісталася на яе карэннях. Мэрэй нарыхтаваў надта мала дроў, і папаўненне запасу лягло на Роя, а зімой гэта было складана і цяжка. У іх было толькі адно вядро і для мыцця і для пітной вады, а глыбокае азярцо, на якое разлічваў Мэрэй, калі выбіраў гэтае месца, аказалася гнілаватым, гарбата і кава аддавалі зямлёй і грыбамі, а Рой гэтага не любіў. Ім даводзілася эканоміць газу, і таму ў хаціне заўсёды быў паўзмрок: днём ад ляснога ценю, ноччу ад прыкручанага кнота.
На долю Роя выпала і падтрыманне чысціні: даводзілася прыбіраць рэшткі пасля разборкі жывёлін, якія затоптваліся ў брудны снег на падлозе, выветрываць задушлівы смурод ад пушніны і кухарства. Каб зносіць гэткае жыццё, Рою патрабавалася зручная хаціна, а Мэрэю толькі і трэба было ад хаціны, каб яна засцерагала яго ад ветру. Зела яна таксама цікавіла толькі як месца для харчавання і сну. Мэрэй быў неахайны і абыякавы, а Зел толькі неахайны, і ў іхнім таварыстве Рой лавіў сябе на тым, што ён пачаргова то грубы, то здзеклівы. У хаціне ён быў маўклівы і кожны дзень з палёгкай сыходзіў уніз па заснежаным схіле, у марозны халадок возера Фей.
Краіна гэтая не траціла для Роя сваёй зачараванасці і — Рой гэта ведаў — ніколі не страціць. На заснежаных плато, калі ўзіраўся ў далёкія лясы і азёры, Рой забываўся пра маркотнае жыццё ў хаціне. Усё часцей і часцей Рой выбіраўся з азёрнай катлавіны, далей ад бабровай лоўлі на хрыбты і цераз іх на азёры ад аднаго да другога, плануючы цэлую сетку аблову ўсёй гэтай тэрыторыі, у думках пракладваючы сцежкі вакол асобных пікаў, зразаючы вуглы на хрыбтах, выбіраючы месцы, адно лепшае за другое, для хаціны, для волаку і для бліжэйшага маршруту назад у Сент-Элен.
У гэтыя імгненні Сент-Элен уяўляўся яму толькі ў вобразе Джэка Бэртана: Джэк, яго ферма, яго шматлікая дзятва. У малюнку, які ўзнікаў у яго ў думках, не было ні Сэма, ні Эндзі, ні нават Джын. Яна, відаць, была страчана для яго нават у думках, як усё знікала са свядомасці, калі ён нечага пазбаўляўся, справядліва і назаўсёды. Але чым больш аддаляўся яе воблік, тым больш хацелася Рою ўявіць сабе Джыні Эндрус і тым большы неспакой гэта выклікала.
Вось пра што ён думаў, калі халодным змрочным днём сядзеў на вяршыні невялікай гары і пазіраў на поўдзень цераз хрыбет Белых гор. Ён залез так высока, што мог зазірнуць паўзверх хрыбта. І як сягаў яго позірк, ён у думках пракладваў па лясах і плато карацейшую дарогу ў Сент-Элен. Ён быў цалкам захоплены гэтым, калі побач з ім з'явіўся Мэрэй, і Рой ажно падскочыў, бо яго засталі знянацку. Ён быў падобны на аленя, які хоча кінуцца ў лес.
— Я заўважыў цябе яшчэ з таго боку даліны, — спакойна прамовіў Мэрэй і сеў побач з Роем на сук піхты. — Што ты тут робіш? Падпільноўваеш дзічыну?
Рой пакруціў галавой і адчуў, як напружаны мускулы шыі і як сціснулася цела.
— Не, — сказаў ён, — проста я прыкідваў, як пракласці шлях адсюль проста ў Сент-Элен.
— Лепш за ўсё ісці вакольным шляхам, праз участкі Скоці і Індзейца Боба, — сказаў Мэрэй. — Калі нацянькі, то давядзецца доўга ісці па адкрытай мясцовасці. А што? Хіба ты збіраешся раз на тыдзень хадзіць туды?
— Не, проста так. Забаўляўся, — сказаў Рой, ведаючы, што Мэрэй не ацэніць яго планы ператварыць краіну Срэбных Даляраў у арганізаваную сістэму ўчасткаў для ўзаконенага палявання. Наадварот, Мэрэй мог быць нават супраць такіх планаў, бо зараз увесь гэты край пэўным чынам належаў яму, і не толькі згодна з яго ўласным уяўленнем, але і ў вачах Роя і нават Зела Сен-Клэра, Мэрэй знаходзіўся ў гэтай краіне як неад'емная яе частка, і для Мэрэя не існавала ні Сент-Элена, ні інспектараў, ні наогул чалавечых законаў.