Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Райскія яблычкі

Астравец Сяргей

Шрифт:

У Сталінградзе няма вызваленых з нямецкіх канцлагераў, але затое ёсць палонныя, міні-інтэрнацыянал: разам з немцамі іхнія хаўруснікі, цёплалюбныя кветкі ў снежнай пустэльні — гішпанцы чамусьці з “блакітнай дывізіі”, італьянцы з брыгады імя Юлія Цэзара, мадзьяры — полк імя караля гунаў Ацілы, нейкія румыны — звонку недарэкі ці не большыя за саміх немцаў. Збор жабракоў, валацугаў, хворых, напалову жывых, галодных, змерзлых, запалоханых, папросту зашуганых, здэмаралізаваных, нават зусім знішчаных маральна. Яшчэ нядаўна — зухавыя жаўнеры, бадзёрыя, вясёлыя, аптымістычныя, адным словам — упэўненыя ў сабе пераможцы...

Кульмінацыя нашай міні-Сталінградскай бітвы. Сцэна падаравання мяча нашаму генералісімусу. Грувасткі

няўклюдны Чэрчыль дыхавічна дыбае да Сталіна-пераможцы, які чакае на кані. Рэжысёрская задума: каб той цягнуўся на дыбачках, а гэты — зверху браў. На мячы, як абвяшчае Левітан, напісана: “Геніяльнаму генералісімусу-пераможцу ад хаўруснікаў і памочнікаў”. У дадатак Чэрчыль гаворыць прамову: “Ты прыняў Расею з плугом, з сахой і ў лапцях, а пакінуў з атамнай бомбай за пазухай і ў гумовых ботах”.

Раптоўна на пляцы з’яўляецца працэсія, гэта частка гледачоў пенсййнага веку, яны кідаюцца да Сталіна: “Мы — ветэраны ВКПб, мы за вас, таварыш Сталін, за нашага правадыра гатовыя у агонь і ваду, мы патрабуем, мы подпісы сабралі, подпісы, каб неадкладна пераназваць назад Валгаград у Сталінград!”

Урачыстая сцэна сапсавана, але з драматургічнага гледзішча набыла жыццёвай моцы. “Харашо, таварышы, мы разгледзем вашую прапанову на палітбюро. Думаю, што задаволім яе. Гістарычная справядлівасць сапраўды павінна трыумфаваць”. “Ура таварышу Сталіну! Ура! За родзіну, за Сталіна!” Пенсіянераў-патрыётаў зноўку вяртаюць у шэрагі публікі. Пераможца бярэ меч, дзякуючы зверху Чэрчылю. Забыўшыся, спрабуе працягнуць яму руку, але не дацягваецца, выкрыўшы пры гэтым, што меч бадай бутафорскі, лёгкі.

Гэтай няўважнасці хапае, каб конь зрабіўся брыкастым і генералісімус апынуўся на бруку. Падбеглі санітары з насілкамі, засірэніла дзесь побач хуткая дапамога. Рэжысёр падлучыў Левітана, які сваім дырэктыўным голасам пачаў пералічваць нямецкія страты пад Сталінградам.

Тым часам з’яўляецца новы Сталін, ён трымае меч і не збіраецца гаманіць з Чэрчылем, гэта пройдзены этап. У белай фуражцы з шыкоўнай кукардай, у белым кіцелі з узнагародамі, ён выязджае насярэдзіну, спыняецца нібы разгублены. Конь раптам скоча на амонаўцаў, узнімаецца дыбкі, кідаецца ўбок і праз уваход на пляц для калонаў дэманстрантаў знікае з вершнікам на карку.

Іх чакаюць хвілін дзесяць мінімум, Левітан стаміўся пералічваць страты немцаў. Потым з’яўляецца трэці па ліку Сталін. Ён ужо без каня, рэжысёр, напэўна, вырашыў болей не рызыкаваць. Хаця й каня больш магло не быць. Зрэшты, і мяча няма, другі Сталін, трэба аддаць належнае, зброі з рук не выпусціў, дзякуючы, што была бутафорскай насамрэч.

Пасля вымушанай пярэрвы дзея пасоўваецца наперад. Генералісімус ідзе дробным крочкам, імітуючы кульгавую хаду Сталіна, набліжаецца да новай дзейнай асобы жаночага полу. Ён кленчыць на адное калена, цалуе “калашнікава”, які зняў з шыі, устае, аберуч перадае яго, выцягнуўшы рукі, Радзіме-Маці (грудастай кабеціне — накшталт партыйна-урадавай спявачкі Нямыкінай), а сам узыходзіць на пастамент, накшталт як для чэмпіёнаў. Чэрчыля ставяць на прыступку ніжэй, а дзядзечку Сэма ў цыліндры — на трэцяе месца. Без іх было б нецікава, не той цымус.

12

Гэта не сцэна насамрэч, зашмаргнуць заслонай “трох асілкаў” не выпадае. А пагатоў — аблівацца з вялізнай пляшкі шампанскага, як робяць на чэмпіёнскім пастаменце аўтагоншчыкі. Таму Сталіну даюць мікрафон, каб паставіць кропку: “Дзякуючы бальшавікам, мы маем такія адлегласці, якія не сніліся палкаводцам да фельдмаршала Паўлюса. Думаю, што нават Напалеон не дайшоў бы да Волгі, каб пераправіцца цераз яе...”

Нечакана з натоўпу выбягае якісьці вэтеран. Ён аблівае сабе галаву з бутэлькі, спрабуе падпаліць, але акт самаспалення не атрымліваецца, як потым высвятляе следства — праз недахоп градусаў у падробнай

гарэлцы. А пакуль ламаюцца запалкі, да самагубцы кінуліся ратаваць і нямецкія танкісты з вогнетушыльнікам, і рускія пехацінцы з вядром вады альбо — гарбаты? Ці, можа, наркамаўскіх ста грамаў? Не ведаю. Але наш міні-Сталінград сканчаецца ўсё ж “хэпі эндам”.

2005

БІФШТЭКС З КРЫВЁЙ

Апавяданне пра кнігабудаўніцтва

Перш раздача кніг, дармовага рамана. Цікаўныя гарталі, чакаючы, калі пачнецца сход. Даволі “смажаны” змест, але нясвежы, аўтар смакаваў, як амерыканскі галава прымушаў танчыць канкан у негліжэ каханку, кабарэтную брадвейскую пяюху і танцоўшчыцу. Дзярждэпартаменту гэта не спадабалася. Народны абраннік круціўся як уюн на патэльні, мусіў паабяцаць, што больш не будзе ганьбіць Маці-Амерыку… Але, як той казаў, падоранаму раману ў зубы не зазіраюць, ды пагатоў тут і званочак загучаў патрабавальна ў руках старшыні.

Ганаровае месца на сцэне займаў чамусьці бронецягнік, які прамоўцы ўпарта называлі “браняпоездам”. За спінамі прэзідыума сшыхаваўся чырвонасцяжны хор, прапаршчыкі ды сяржанты, прачысціўшы глонаўкі, бадзёра і нейк пагрозліва заспявалі “Мы мірныя людзі, ды наш браняпоезд стаіць на запасным пуці”, робячы ненатуральны націск на другім складзе перадапошняга слова. Прэзідыум падпяваў сяк-так седзеячы, зала слухала.

Бронецягнік новай літарцелі падаравала камандаванне чыгуначных войскаў. Пісьменнікі папляскалі.

Мітусня, сумбур, адчувалася, што дзея рыхтавалася спехам. Штучна бадзёрыя піянеры з барабанамі, боханы, каўбасныя колцы ды іншыя падарункі працоўных, якія зачакаліся сапраўднай народнай кнігі. З рога ўсяго многа! Хакейная клюшка, лыжы, крапавы берэт, карціна “Горкі на трыбуне 1-га з’езда пралятарскіх пісьменнікаў”, рыдлёўка, мантыі трыумвірату накшталт судовых ці пракурорскіх, хаця пасавалі б і дактарам honoris causa. Была яшчэ дубальтоўка ад паляўнічых, мабыць павінна была страляць на сцяне самачынна.

Акторы-чытальнікі, не чакаючы цішыні, выгукалі са сцэны пафасна сказы алегарычнага тэксту пра цытадэль з вежамі са слановай косці, з якой наступаючых асыпаюць хмарамі ядраў, не даючы наблізіцца да элітарнай прафесіі шырокім пішучым масам. Але: калі вораг не здаецца, яго знішчаюць!!!

— Вось таварышы пісьменнікі, — ажыў прэзідыум мікрафонам старшыні, — смяецца той, хто смяецца апошнім, ці плача, скажам. Я хацеў бы тут сказаць пра ў пэўным сэнсе ганебны чын аўтара “Самсона Самасуя”. Ён вось напісаў працяг сваёй кніжкі, як герой трапляе з вёскі ў горад, пачынае дзейнічаць на больш высокім узроўні, выяўляць свае адмоўныя якасці, рабіць брыдкія рэчы. І сваім баязліўствам аўтар здзейсніў учынак, якім пазбавіў нашую літаратуру цікавага твора, мастацкага дакумента эпохі! Хіба выратавала яго, што спаліў рукапіс? Не! Ён забыўся на падставовы прынцып: рукапісы не гараць! Галоўнае — твор, астатняе — потым! Ты яго напісаў і ён табе ўжо не належыць, ён належыць народу, гісторыі! Не ты пішаш, а звышняя сіла тваёй рукой робіць тое, дзеля чаго ты з’явіўся на зямлі. Ты толькі інструмент, калі хочаце, — тая нават чароўная флейта, але не сама музыка.

Хрэстаматыйны прыклад: Гогаль спаліў свой рукапіс, і што — лепей яму стала? З глузду з’ехаў! Гэта пакаранне звыш. Тое самае з Самасуем. Праз сваю баязлівасць, маладушша, панічны страх, можна сказаць, аўтар знішчыў тое, што немагчыма аднавіць. Яго і так расстралялі б, але каб не агонь, не запалкі, не грубка, нашыя доблесныя органы захавалі б як мае быць увесь твор, і сёння мы б яго надрукавалі і маглі б усім паказаць, што мы таксама ў шуфляду пісалі, а не толькі: “Партыя сказала нада, камсамол атвеціў ёсць!”

Поделиться с друзьями: