Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сімъ побдиши

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

— Яшчэ во аднаго прыдурка прывялі! Сам ты пан зачуханы, выхранціўся тут мне. Што, яшчэ ад бадуна не прасох?! — памаўчаў і нечакана кіўнуў на акно: — Чаго машыны прастойваюць? Дзе брыгадзіры і звенявыя?! Не пасееце ў час — будзеце эксперыментальнае поле сваімі слязьмі паліваць!

— Зараз, зараз, усё зробім… — сам не ведаючы, што абяцае, Жакей, цягнучы за лампас Бадакіна, падаўся да выхаду. Прычыніўшы дзверы, ён паслабіў гальштук і прамармытаў: — Гэта, галопампаеўропам, што такое?!!

— Правіцель…

— Ды сам бачу! Пра якое поле крычыць?..

— Прафесар сцвярджае, што гэта сіндром вяртання…

— А з конюхам што?.. Што з тым тваім сіндромам?!

Дзед жа — нармальны… — Жакей уздрыгануўся і паправіўся: — У сэнсе нармальна з тога сіндрома вярнуўся.

— Ну так…

— Так тваю цераз так!!! Што рабіць будзем? — Жакей пакруціў жылістай шыяй, яшчэ больш паслабіў гальштук, і верхні гузік на кашулі не вытрымаў — адарваўся і паскакаў па гранітнай падлозе…

І раптам нешта нібыта абудзілася ў вачах памочніка:

— Ну-ка дай мне асабовую справу тога дзеда!

— Паверхам ніжэй, у архіўнай…

…Памочнік глядзеў на біяграфію першага пацыента сакрэтнай лабараторыі, хітаў галавой і не мог вымавіць ні слова. У горле страшэнна перасохла.

— Можа, кавы замовіць?

— Што?

— Можа, кавы? — паўтарыў старшыня Службы дзяржбяспекі.

— Кавы? Не, давай гарэлку, і пабольш… Як вы маглі так з дзедам лапухнуцца?

— Ніякага лапухнуцца… Выхад, як і прафесар зацвердзіў, з сеанса быў беспраблемным, без часавай дэфармацыі.

— Ды што ты вярзеш, генерал! Ты мазгі маеш?

— Я па-а-прашу! — надзьмуўся той, ураз пачырванеў, але супакоіўся і зноў затараторыў: — Ты ж сам чуў, як той расказваў пра сваё апошняе месца працы, пра коней нешта там і весавую…

І памочнік не вытрымаў:

— Я і кажу, што ты дурань! Ды конюх гэты і дваццаць, і трыццаць гадоў таму, як і перад сеансам вашым ляцкім, коней пасвіў! — ён падняў асабовую справу «дзеда» і з размаху ляснуў ёй аб стол. — Заві свайго прафесара!..

На поўную адаптацыю правіцеля спатрэбілася некалькі тыдняў. І ўсё павінна было пайсці звычнымі кругамі, аднак… Аднак абмаладзелага кіраўніка адмовіўся прызнаць народ, які датэрмінова выбіраў яго, верыў і любіў. І старэў. Разам з народам старэлі і вера з любоўю. А што ж цяпер?

На прыпынках і ў курылках пачаліся насцярожаныя перашэпты, якія выліліся ў стыхійныя мітынгі. І з кожным публічным выхадам правіцеля «на людзі» народнае неўразуменне расло і пагражала стаць абурэннем.

— Нашага забілі, а заместа яго падсоўваюць двайніка!

— Так! Паглядзіце ж, ён нашаму ў сыны гадзіцца…

Анічога не магла зрабіць ні тэлепрапаганда, ні Служба дзяржаўнай бяспекі. А тут, як на ліха, узняў галаву прэм’ер:

— Правільна, народзе, нас усіх дураць! Па-а-а-дман!!!

І правіцель быў вымушаны сам ратаваць сітуацыю. Ён выступіў па ўсіх тэлеканалах з надзвычайным зваротам да народа, падрабязна распавёў пра спланаваныя ворагамі падпалы і сваю хваробу, падчас якой некаторыя высокапастаўленыя службоўцы захацелі захапіць уладу.

— …Іх ужо вывелі на чыстую ваду! — спавядальна вяшчаў правіцель. — Гэтых ролікавых, сысанковых ды керзанаў… Яны марылі дарвацца да ўлады яшчэ з таго часу, калі я хлапчуком узначаліў краіну. Абяцаю вам: усе атрымаюць па заслугах! А да наступнага года мы справімся з эканамічнымі стратамі ды зможам павысіць заробкі і пенсіі. Як і раней, дзяржава не пакіне без дапамогі анікога… — правіцель яшчэ доўга гаварыў пра ліхіх злодзеяў і прадажную апазіцыю, золатавалютныя запасы і міжнароднае становішча, — і народ зноў пазнаваў у тых расповедах колішнюю прастату і сардэчнасць, шчырасць і адданасць. Пазнаваў свайго кіраўніка —

да кожнай, хоць і памаладзелай, маршчынкі пад прасветленымі вачыма, да кожнага, хоць і пажвавелага, руху і жэсту, да кожнага слова і гуку…

Вечарам правіцель прыехаў на ўрадавае лецішча, дзе атайбаваўся заапазіцыянелы Сысанкоў.

— Ты?.. — неўразумела ўзняўся з-за доўгага стала прэм’ер і, п’яна ківаючыся, пайшоў насустрач.

Правіцель кашлянуў-хмыкнуў, схапіў пустую бутэльку — і гэкнуў па азызлай галаве прэм’ера. Той хапануў паветра, лізнуў пульхныя губы — і ўраз абмяк…

А калі назаўтра пасля тэлезвароту гаспадара Жакей прынёс складзеныя спецслужбамі аптымістычныя рэйтынгі і вынікі грамадскіх апытанняў, правіцель спакойна адсунуў тыя паперы на край стала і абнечаканіў памочніка:

— Памятаеш, калі метро забаставала… Я тады ва ўніверсітэце выступаў. Там дзяўчына адна, чарнявая такая, мне паперкі падносіла. Я загадваў даведацца пра яе…

— Так, Кацярына Аляксандраўна Бялоўская, студэнтка філфаку. Я дакладваў…

— Ты запрацаваўся ці прыкідваешся?! — зазлаваў правіцель. — Што мне з тых дакладаў? Давай яе сюды! Ясна?..

— Што ж, про-озвішча тваё-ё адпавяда-ае нутру-у, — як чужым голасам ледзь не праспяваў цар свайму пасланцу акольнічаму Фёдару Сукіну. Вочы не маглі спыніцца на адной кропцы, зрэнкі мітусіліся ў вачніцах — як спалоханыя жукі. Ён перакінуў з адной рукі ў другую скіпетр і кіўнуў вернаму Мацею: — Адпраў яго рабіць труну.

Калі стральцы ўжо дацягнулі невысокае цела збянтэжанага пасланца да дзвярэй, цар удакладніў:

— Добрую вялікую труну! Каб здалёк відна была. — Паглядзеў на пярсцёнак-пячатку, перакруціў яго туды-сюды — і дадаў: — А гэтаму сукінаму сыну й звычайнай ямы хопіць…

Напрыканцы 1560 года, калі Радзівіл Чорны замацоўваўся ў Лівонскіх землях і калі вобраз нябожчыцы царыцы Анастасіі праглынулі супакаяльныя оргіі, Іван Жахлівы накіраваў да Жыгімонта Аўгуста аграмаднае саннае пасольства, якое і загадана было ўзначаліць Фёдару Сукіну. Цар не паскупіўся на падарункі, бо наўзамен спадзяваўся атрымаць не толькі сяброўства караля-суседа, але — і адну з ягоных сясцёр у жонкі.

Жыгімонт жа ўспрыняў прапанову стрымана, а кракаўскі сойм наогул ледзь не адзінагалосна вырашыў выслаць назад маскоўскае пасольства. Аднак Фёдар Сукін не мог здацца. Ён падкупіў каралеўскую пакаёўку, якая ў касцёле падчас нядзельнай службы тайна і паказала дзвюх каралеўнаў. Малодшая, Кацярына, на хвілю паправіла над аксамітным чапком карункавы вэлюм — і царскаму пасланцу запалі ў вочы ўзлёнтыя чорныя броўкі, далікатны носік, спакушальныя, налітыя вішнёвай свежасцю вусны. А затым ён незаўважна паназіраў за яе лябёдкава-грацыёзнай паходкай — і смачна распісаў аб усім тым свайму гаспадару. І не забыў дадаць, што Жыгімонт-Аўгуст не мае нашчадка, а таму з дапамогай ягонай сястры-прыгажуні Масковія можа зноў спалучыцца са сваёй «вотчынай» — землямі Полаччыны і Смаленшчыны.

Распісаў — і на некаторы час супакоіўся.

А ў памаракавыя сны Івана ўпершыню прыйшла з жанчын не Анастасія, а таямнічая полька Кацярына. Ён крочыў за ёй, спрабаваў схапіць за далікатна-бялявую руку… і ўжо зрываў з яе ружовы італійскі хітон, і бліснулі ў свечкавым гранні атласныя споднія надрагі, як тая раптам перакінулася ў белую лябёдку і выпырхнула ў расчыненае акно…

— Парві мяне, мой гасудар, як гэтую сарочку… — нечакана прастагнала пад ім гарачая дачка нейкага баярына, і ён сполашна ўсхапіўся.

Поделиться с друзьями: