Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сімъ побдиши

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

— Так, правільна, давай!..

Састарэлы прафесар напачатку ледзь не самлеў ад нечаканкі, але потым ачомаўся і выглядаў упэўнена:

— …Доследы базуюцца на аснове медыкафізічных, неўрапсіхалагічных і біяметральных фактараў…

— Стоп-стоп, — замахаў правіцель. — Не гані сваю пургу! Ты можаш проста і па-чалавечы растлумачыць, як дзеда абмаладзіў?

— Так-так, прабачце, зараз… — прафесар дастаў насоўку, выцер спатнелы лоб і працягнуў: — Чалавек пачынае старэць з таго часу, як нараджаецца. Свет — гэта дадзеная Усявышнім і сапсаваная чалавецтвам плацэнта… Вось мы і паспрабавалі вярнуцца да першаснасці, да матчынага, так сказаць, улоння. Стварылі

штучную бараплацэнту ды змясцілі ў яе старога пацыента. Усе тэрмальныя ды іншыя жыццёва неабходныя працэсы кантралявалі аўтаматычна. Пацыент спаў, а за перыяд сеанса цела ачышчалася і акумулявала назапашаную энергію. Абмаладжалася…

— А як ён дыхаў?

— Так, як і ў жываце маці, толькі, зразумела, штучна…

— А што еў у тым вашым пузыры?

— Неабходныя вітаміны і адэкватнае харчаванне падавалася ў плацэнту, ці, па-Вашаму, пузыр, праз…

— Ды ведаю я тую плацэнту не менш вашага, — перабіў правіцель прафесара. — Мы іх з ветэрынарамі яшчэ паследамі называлі…

Усе ўталопіліся на прафесара, але той быў збіты спанталыку параўнаннем і зноў выцер лоб. Памаўчаў, сабраўся з духам — і працягнуў:

— Чалавечы пуп ёсць таямніца, своеасаблівае злучво з сусветам. Праз яго, пасля адмысловых аперацый, мы і падводзім неабходныя шляхі харчавання і вываду адходаў. Паўтаруся, метад вельмі просты і натуральны. Па сутнасці, ён паўтарае тое ж, што робіцца ў матчыным улонні з дзіцем. І тэрмін, як разумееце, мы запраграмавалі той жа…

— Ну а потым, праз дзевяць месяцаў, што? — правіцель зноў ажывіўся.

— Усё… — не зразумеў прафесар. — Спыняем сеанс…

— І пупавіну рэжаце?

— Ну… можна і гэтак сказаць. Адпаведныя шляхі хірургічна адразаюцца…

Пытанняў больш не было. Пацмокаўшы, правіцель нечакана прапанаваў:

— А давай, прафесар, мы і цябе абмаладзім. Галава, бачу, разумная, а то яшчэ кеўкнешся, і медыцына нашая збяднее!

Прафесар ніякавата ўсміхнуўся, а Бадакін ускочыў і залепятаў:

— Таварыш правіцель, Вашая воля для нас закон, але прашу прабачыць і зразумець… Сеанс надзвычай затратны ў плане фінансавання… Я б сказаў — найзатратны…

— Паняў, — уздыхнуў правіцель, зноў цмокнуў і загадаў: — То пакажыце мне ўжо свайго дзеда!

«Пацыента» прывёў сам Бадакін. Дзедам назваць яго магло хіба што немаўля: выглядаў падцягнута, бадзёра. Убачыўшы правіцеля, абрадаваўся і ледзь не кінуўся абдымацца:

— Іва-ан Уладзі-іміравіч, здароўця, ці ты гэта?

— Ну-ну, астынь! — буркнуў на яго Бадакін, але правіцель толькі ўсміхнуўся:

— Нічога-нічога… Дык як, мужык, ты сябе адчуваеш?

— Скардзіцца няма на што…

— А мне казалі, што да маладзіцаў не пускаюць.

— Ну… ента можна й паправіць.

Правіцель наблізіўся да «пацыента», зазірнуў у вочы, пахлопаў па плячы і падрахаваў:

— Харош, маць тваю! — і праз паўзу: — Мне даклалі, што ты мой зямеля. І праўду з-пад Вялікіх Лукаў?

— Ну а адкуль жа?..

— А чым займаешся?

— Цяперака ж нічым. Вось, у гэнтай санаторыі адпачываю. Дзякуй вам і дахтарам: і накормлены, і апрануты, і клопату не маю!

— А да «санаторыі»?

— Дык гэта… конюхам. Пасу, кармлю, а яшчэ летам за бабу на весавой сяджу…

— А не цяжка ў такіх гадах за коньмі бегаць?

— Што вы, Уладзіміравіч! Да санаторыі, не схлушу, не мог ужо, думаў кідаць. А цяпер вылюднеў так, што й галопам дам рады!..

— Чуў, Жакей? — правіцель павярнуўся да памочніка. — Яшчэ адзін наезднік у нашым эскадроне! — задаволена ўсміхнуўся і ляснуў далонямі, што азначала: канчай базар, гайда дамоў…

І

зноў ён ноч не спаў. А можа і спаў, ды замест сноў у галаве тыя лабараторныя ролікі круціліся: плацэнта з мутнай вадкасцю, чалавек у ёй… Ну рыхтык малое ў вантробе парадзіхі… Толькі вонкі нейкія шлункі спавіваюцца, а за імі — дзясяткі апаратаў, манітораў, лямпаў…

Толькі на трэці дзень, натомлены роздумамі і нездаровасцю, правіцель рашыўся:

— Ну што, конюхі мае верныя, рыхтуйце свае плацэнты… Была не была: буду абмаладжацца! — ён як рэнтгенам прапёк Жакея і Бадакіна, даўжэй узіраўся ў апошняга і, дадаючы ў голас грознасці, спытаў:

— А ты што гэта да мяне без лампасаў прыпёрся?!

Бадакін, як загіпнатызаваны, расцягнуў пляскаты твар і ціха выціснуў:

— Таварыш правіцель, палкоўніку лампасы… не паложаны…

— А чаму гэта палкоўніку? Жакей, галопамцябепаяўропам! Рыхтуй мой указ аб прысваенні яму генерала! І прызначаю Бадакіна старшынёй Службы дзяржаўнай бяспекі. Глядзіце толькі, каб за дзевяць месяцаў тут херні якой не ўпаролі, а то скуру спушчу!.. — Памаўчаў, зноў прыдзірліва агледзеў падначаленых і закончыў ужо больш ласкава: — Пакумекайце, каб за гэты час я з тэлевізара не вылазіў… Мантаж там які зрабіце, ну… як я прымаю аднаго, другога, дакументы падпісваю, вас, гультаёў, ганяю. Падключыце Федарэнкіна, ён знае, што і як. Ясна?

— Так! — у адзін голас гэўкнулі памочнік і службіст.

— Ну вось і лады. Не пабіцеся толькі, хто маёй павіталкай будзе, плацэнта-шмацэнта…

Народ затушыў пажары, адбудоўваў спаленыя хаціны, глядзеў тэлевізар і піў гарэлку.

А Адміністрацыю пачаў даставаць прэм’ер Сысанкоў, рваўся да правіцеля з нейкімі неадкладнымі клопатамі — пакуль яго сяміпавярхова не абклаў і не выгнаў Жакей. Прэм’ер надламаўся, засеў на лецішчы і таксама запіў.

І вось — тэлефанаванне старшыні Службы дзяржбяспекі:

— Таварыш Жакей, тэрмін сеанса закончаны. Будзем спыняць?

— А якія іншыя прапановы?

— Не зразумеў…

— Разумееш ты ўсё не менш майго, — абрэзаў яго Жакей. Безумоўна, соладка было яму, — па сутнасці, кіраўніку дзяржавы, — гэты час; і розныя ўжо кашчунныя думкі ў галаву лезлі, але баяўся ён іх, адганяў як струплю: хто ведае, чым тое адгукнецца… Ды і, ведаючы нораў гаспадара, не мог не думаць аб тым, што без чыёйсьці падстрахоўкі палез той у плацэнту… — Канечне заканчвай!

Жакей скасавурыўся на партрэт правіцеля, замовіў сабе кавы, выпіў без задавальнення — і заспяшаўся ў сакрэтную лабараторыю.

Перад уваходам ужо стаяў лімузін пад нумарам 1, і Жакей спалохаўся, што спазніўся першым прывітаць гаспадара. Каля ліфта яго чакаў скамянелы Бадакін, — нярвова схапіў за рукаў і пацягнуў углыб вестыбюля.

— Слухай… выйшла неспадзяванка. Не ведаю, як патлумачыць…

— Правіцель жывы? — абарваў яго Жакей.

— Так, так… Што ты! Усё атрымалася, толькі…

— Што «толькі»?! Не цягні!

— Памаладзелы, здаровы, толькі… у сваім часе.

— Як у сваім?

— Ды хадзем, сам убачыш!

…У ярка асветленай палаце сядзеў выгалены і вымыты правіцель. Памаладзелы ці не на палову. Калі б не памяць ягоных растыражаваных фота «думскага перыяду», яго б цяжка было пазнаць: ні мяшкоў пад вачыма, ні маршчынаў, ні вострых пашчэнак з абвіслай скурай…

— Пане правіцель, дазвольце прывітаць Вас! — пачаў Жакей, увабраўшы галаву ў плечы, але гаспадар злосна сплюнуў і закрычаў:

Поделиться с друзьями: