Сарока на шыбеніцы
Шрифт:
У лягеры ім падрыхтавалі цудоўны прыём, Юргену вынесьлі нават хлеб-соль, але ён, прамовіўшы нешта скрозь зубы, няветліва прайшоў міма. У кабінэце камэнданта быў накрыты стол, Юрген скрывіўся, але потым узяў бутэрброд з ікрой і моўчкі пачаў жаваць. Вераніка зрабіла глыток шампанскага, а камэндант кульнуў чарку ды смачна захрумсьцеў агурком, добразычліва паглядваючы на госьця. Але той выпіў вады й цьвёрда папрасіў правесьці яго ў лягер. Вераніка паціснула плячыма ды маркотна кіўнула.
Спачатку ўсё было няблага, Юргена цікавілі збольшага лічбы. Статыстыкай Вераніка валодала добра, Юрген запісваў, між справаю паглядваючы на Вераніку з зусім не мужчынскім інтарэсам – ён пазіраў на яе так, быццам яна ляжала пад мікраскопам. “Блакітны”, – падумала абыякава Вераніка. Яна вымаўляла лічбы лёгка, бо гэта былі сапраўдныя, не падрэтушаваныя лічбы, дый чаго ёй было яму хлусіць? Аднак потым ён зноў пачаў раздражняць Вераніку, бо стаў вярзьці нейкую лухту. “А вам ніколі не прыходзіла ў галаву...” – казаў Юрген, і пачынаў пераказваць ёй зьмест фашыстоўскіх газэтаў, нібы завучыў перад паездкай нешта адтуль на памяць. “Не. Не прыходзіла”, – усьміхалася Вераніка, пагардліва гледзячы
– Злачынцы? У маёй краіне іх называюць па-іншаму...
– Вы ў дадзены момант не ў сваёй краіне, – адказала Вераніка. Ня трэба
было гэтага казаць, яна ўсё ж была на працы. Адказваць неабходна карэктна, спакойна, з пачуцьцём уласнае годнасьці і з упэўненай ветлівай усьмешкай. Гэтаму яе вучылі.
– Але чаму менавіта гэтае слова?
– Каб пагаварыць на лінгвістычныя тэмы, неабавязкова было прыязджаць сюды, – горда прамовіла Вераніка і адзначыла пра сябе, што зноў сказала нешта ня тое.
– А гэта... вось там... што гэта?
– Могілкі, – Вераніка з выклікам зірнула яму ў вадзяністыя вочы. Ён нечакана спыніўся ды, адвярнуўшыся, узяўся за пруты агароджы. Удалечыні, на лужку перад першым шэрагам аднолькавых магільных плітаў, хадзіў, дробна пераступаючы, пахілы чалавек ды стрыг траву. Нейкі час Юрген маўчаў.
– Могілкі?
– Ну так, – Вераніка ўсьміхнулася. – У нас жа няма тут газавых камэраў, ня тое што ў некаторых... нядаўна...
Юрген паглядзеў на яе ўважліва ды паволі рушыў далей.
– Шкада, што тут нельга фатаграфаваць.
Вераніка стомлена ўздыхнула. Дух яе прастуды прачнуўся й пацягнуўся.
– Час выйшаў. Трэба йсьці назад.
Яны рушылі да камэндатуры, дзе ў пакоі для спатканьняў Юргену было дазволена ўзяць невялікае інтэрвію ў якога-небудзь фашыста. Вераніка чамусьці чакала пабачыць за сталом Панасенку, але прыйшоў адзін з тых маладзёнаў, якія месяц таму каштавалі аддзелу ды Вераніцы ў прыватнасьці столькі нэрваў. Ён палка нешта стаў даказваць Юргену па-ангельску, а той ківаў віхрастай галавой і глядзеў убок. Паміж імі ляжаў дарагі, бліскучы дыктафон, і здавалася, юны фашыст намаўляе замежнага госьця яго купіць. Вераніка й камэндант не разумелі ані слова, за плячыма маладзёна стаялі два ахоўнікі, адзін глядзеў на Вераніку, другі ўверх. Расшпіленыя каўнерыкі, простыя сялянскія твары.
– Паслухайце, Юрген, – у аўтобусе ён, каб не заснуць, стаў зноў дакучаць ёй сваімі байкамі, і Вераніка, якая пачувалася ў дарозе вальней, вырашыла пакласьці гэтаму нарэшце канец. – Вы вось выйдзеце сёньня на вуліцы – субота, людзей будзе багата – ды спытайце хоць у ста чалавек запар: дзе павінны знаходзіцца фашысты? У той дзяржаўнай установе, дзе мы з вамі толькі што пабывалі, ці разгульваць на свабодзе?
– Глеб Жэглофф, – працягнуў няўважліва Юрген, дэманструючы веданьне савецкага кінэматографу, але Вераніка не зьвярнула на гэта ўвагі:
– Спытайце. І калі хаця б адзін чалавек вам скажа, што... Я сама запішуся ў фашысткі. У мяне там цяпер шмат знаёмстваў.
І яна дадала да апошніх словаў пару смайлікаў. Юрген нічога не адказаў, ён раз-пораз прыкладваў дыктафон да свайго ружовага сьвінога вуха, нібы правяраючы, як запісалася размова. Пэўны час яны ехалі моўчкі, Юрген кінуў потым дыктафон у кайстру ды лянотна любаваўся краявідам. А навокал і праўда было прыгожа: палеткі, босыя хлопчыкі на роварах, новая кафля на плошчах мястэчак, сонца ў павуціньні, воблачныя пярыны на даляглядзе... “Паслухайце, Юрген,” – сказала Вераніка, не стрымаўшыся, калі аўтобус ужо вырульваў на кальцавую. “Чаму нашыя народы ня могуць жыць у міры? Чаму вы нас так ненавідзіце? Чаму я не магу, напрыклад, праз гэты дурны закон зьезьдзіць да вас, паглядзець на ваш народ? Гэта не для вашае газэты... Гэта я ад сябе.”
– Чаму? – Юрген пазяхнуў. – Бо сканчаецца на “у”.
***
Чэслаў зайшоў да яе а палове на шостую, прынес тэчку з дакумэнтамі, пасядзеў крыху ў крэсьле для наведнікаў, распавёў, што давядзецца яму сёньня прабавіць вечар у філярмоніі. “Тры вечары запар сям’ю ня бачыў”, – паскардзіўся ён, ласкава гледзячы на Вераніку, – “бяда з гэтымі сьвятамі, унучка”. Яна паспачувала яму, як магла, зусім стары быў начальнік, Вераніка й ня ведала толкам, як такіх суцяшаць. Чэслаў выслухаў са зморанай усьмешкай яе няўмелыя спагадлівыя словы, пагладзіў па галаве ды паехаў у сваю філярмонію. За вакном мігцела засьнежаная плошча. Тут жа ў кабінэт крадком зайшла Ларыса, ужо нафарбаваная, у футры, з сумачкай. “Чэслава ўжо сёньня ня будзе”, – прашаптала яна, робячы вялікія вочы. “Хадзем!”. Але Вераніка паказала на тэчку, разьвяла рукамі... Справы насамрэч можна было зрабіць і заўтра, а пакуль, да шасьці, яна вырашыла паслухаць музыку. Дастала плэер, уключыла радыё: ёй пашанцавала, там якраз быў Віктар Вецер, песенька з забытага дзяцінства: “Белая лэдзі Ноч”... У вачох зашчыпала, нос засьвярбеў, і Вераніка, каб ня трапіцца незнарок каму-небудзь у такім выглядзе, вырашыла яшчэ раз прагледзець фоткі, яна сёньня іх якраз забрала падчас абеду... Вось яны з Ларысай у парку, вось бацькі, трэба ім падарыць здымачак... Вецер завёў яшчэ адзін свой гіт, пра чорных лебедзяў, радыё Настальжы... Вераніка зрабіла гучней. Гэта яны ўсім аддзелам. Такія здымкі цікавілі Вераніку больш за ўсё. Бо там, і толькі там, яна магла параўнаць сябе зь іншымі.
Яна стаяла збоку ад Чэслава, які заплюшчыў вочы ды ашчэрыў зубы, няйнакш як п’яны сват, за сьпіной Веранікі разгублена ўсьміхалася практыкантка, але гэтае дзяўчо з родавай траўмай у разьлік можна было не прымаць... Ён – Ён стаяў за Чэславам, як гераічны ды трохі сумны бюст, хітра пасьміхаўся, як заўсёды, непараўнальны, і такі жывы, такі цёплы ды пэўны, што хацелася пагладзіць здымак рукой, правесьці па ім халоднымі кончыкамі пальцаў.
Выпадковы супрацоўнік аддзелу адукацыі зьняў іх у фае, на фоне стэнду з аб’явамі, і на адсечаныя хвасты словаў глядзець было займальна. Побач зь Ім, відавочна намагаючыся прыціснуцца шчыльней, стаяла сакратарка. Тое, што ў чалавека адна нага карацейшая за другую, на здымку было ясна відаць. На плячы Веранікі ляжала рука Чэслава, але ўвогуле можна было разгледзець сябе ў поўны рост. Вераніка з задавальненьнем адзначыла, што пераўзыходзіць калегаў па ўсіх парамэтрах... Ногі, касьцюм, твар... Ды сама пастава выдавала ў Вераніцы маладую ды прыгожую жанчыну. Толькі вось нешта замінала Вераніцы атрымліваць асалоду. Так і ёсьць: вушы. Раптоўны скразьняк адкінуў яе валасы на сэкунду з вушэй, і ў гэты самы момант фатограф націснуў кнопку. Вераніка прыгледзелася, і сумненьняў больш не засталося. Яна стаяла тварам да фотаапарата, але на здымку можна было разгледзець нават цені ў вушной ракавіне. Вось гэтыя шэрыя плямы. Вушы, як у сланяняці. Троль. Вушы загіналіся наперад, вушы – як крылы чорных лебедзяў. Праклятыя вушы.Вераніка яскрава ўявіла сабе, як Ён паглядае на яе з інтарэсам, з акна або з паўзмроку калідору, або з другога канца начальніцкага стала падчас нарады, ды ягоны ўсё большы інтарэс разьбіваецца ўрэшце аб адно імгненьне, адзін выпадковы, але скінуты кімсьці ў жыцьцё Веранікі, проста ў эпіцэнтар яе магчымага шчасьця ракурс... Вераніка? А, гэта тая вушастая... Вушы. Вераніка невядома чаму падумала пра жывёлаў. Калісьці даўно, яшчэ ў школе, яны хадзілі ў заапарк. Мілыя зьвяры станавіліся агіднымі пачварамі, калі бачыць у іх толькі вушы. Дзікі сабака Дынга, паглядзіце не міргаючы на ягоныя органы слыху пяць хвілінаў, бачце толькі іх. Што застанецца ад сабакі... Толькі вушы. Нібы адрэзаныя. Яна сама прыдумала тады гэтую гульню, ёй было гадоў чатырнаццаць. Прыдумала, мучылася, не магла спыніцца. А цяпер вось успомніла... Вушы марудна выплылі зь нябыту ды зазьзялі ў арэоле сваёй дурной велічы. Вераніка вырашыла паспрабаваць яшчэ раз. Яна прысунула фатаздымак бліжэй і пастаралася засяродзіцца на вушах. Вецер завёў чарговую песьню, але яна ўжо ня слухала. Забытая гульня аказалася такой жа дзейснай: неўзабаве Вераніка бачыла перад сабой толькі вушы. Ампутаваныя вушы. Жаночыя ды мужчынскія. Вушы. І самыя вялікія належалі калісьці ёй. А што калі паспрабаваць на іншых? На ідэалах, да прыкладу? Вераніка не здымаючы плэеру дастала дрыготкімі рукамі з шуфляды маляўнічы каляндар з фатаграфіямі айчынных фотамадэлек. Выніку давялося чакаць доўга, але момант усё ж надыйшоў: вушы. Прыклееныя да гладкіх прыпушаных галоваў, звараных у фаташопе. Фатаграфія вушэй, на якую выпадкова трапілі іншыя, другасныя часткі цела. Цур мяне, цур!.. Яна зьняла навушнікі й толькі цяпер пачула, што звоніць тэлефон. Ён трэнькнуў апошні раз ды замоўк. Выключаючы радыё, Вераніка зірнула, хто званіў, і паволі разарвала фота напалам.
Бо гэта быў Яго нумар, і яна не падняла слухаўку.
***
“На, карыстайся”, – пагардліва прамовіў брат ды кінуў яго на яе ложак, а сам выйшаў, мімаходзь прыпальваючы цыгарэту. Яна не паверыла сваім вачам: на ложку, на так-сяк засланай зялёнай коўдры ляжаў тэлефон, сапраўдны й да немагчымасьці мабільны... Вераніка хацела расцалаваць брата, яна выскачыла ў калідор, каб дагнаць яго, але брат ужо спускаўся па лесьвіцы, адтуль чуліся ягоныя цяжкія, злыя, смурныя крокі. Ён так зьмяніўся пасьля войска, Вераніцы здавалася, што ўсё добрае, што было ў ім, нечая подлая рука затаўкла ва ўяўны мех ды зашпіліла маланку, а наверсе засталіся адно злосны бляск вачэй ды позірк спадылба, ды гэтая лаянка, безь якой брат жыць ня мог, бы без цыгарэтаў... Аднак яна верыла, што брат яе насамрэч добры чалавек, проста надта цяжка яму было ў войску... Ён жа яшчэ да прызыву, гэта ўсе бачылі, вырас у вельмі самастойнага, ганарлівага ды незалежнага хлопца, вось яму ў войску, напэўна, рогі трохі паабломвалі. Але нічога, нічога, верыла Вераніка, пройдзе час, брат уладкуецца на працу, і ўсё ў яго стане як мае быць. Яна была згодная з маці: брату неабходна было знайсьці якую-небудзь дзеўку, і лепш з гораду, а ня зь Сьвету – мясцовыя дзеўкі хутка садзіліся хлопцам на шыю... Вераніка гатовая была нават пасябраваць з гэтай дзяўчынай, чаго ўжо тут. Яна ніколі не забывала, што ў брата здарылася перад войскам: ён паспрабаваў паступіць у політэхнічны, але праваліўся, нэрвы, відаць, ня вытрымалі, брат жа някепска вучыўся, прынамсі, троек у яго ў атэстаце было толькі пяць, здаецца, ці шэсьць. І гэта ў той час, калі ягоныя аднагодкі пасьля восьмае клясы ўсе пагалоўна пайшлі ў вучылішчы. Не, усё-ткі добрага яна мела брата, хаця й пацярпела ад яго, але ж у бядзе ён яе ніколі ня кідаў... Абараняў, як мог, і з мужчынскай суворасьцю вучыў таму, што сам ведаў. Брат у яе быў сапраўдны мужык.
Тэлефон не памяшчаўся ні ў сумачку, ні ў кішэні, вялікая белая машынка з падрапаным корпусам – Вераніка так і выйшла на двор зь ім у руках, знаёмых не было відаць, усе разьехаліся, маючы наперадзе гэты выдатны набор веснавых сьвятаў... Яна пайшла да ўнівэрсаму, дзеці глядзелі на яе зь цікавасьцю. Села на лавачку, закінула нагу на нагу. Агромністыя лічбы, чужы, засохлы бруд пад кнопкамі. Мінула хвілінаў пятнаццаць, а Вераніка ўжо адчувала, што гэта ня проста тэлефон, гэта натуральны працяг яе цела, дадатковыя пальцы, бясплатныя вушы, гатовы да подзьвігаў кончык языка... Урэшце патэлефанавала той самай шчасьлівай, фанабэрыстай сакурсьніцы зь яе групы, якая ўжо мела гэтую дарагую цацку. Імкнулася гаварыць разьняволена, але голас дрыжэў, Вераніка сама гэта чула. “Ну і...?” – спытала Рыта незадаволена, калі яны памаўчалі некалькі хвілінаў, і Вераніка адчула, што зараз тая пакладзе слухаўку, ды кінулася выдумляць розныя плёткі, толькі б працягнуць размову. Плёткі – пра Інку, пра каралеву курсу – Рыту, канечне ж, зацікавілі, і яны прабалбаталі так, ажно пакуль на Сьвет не спусьцілася сутоньне. А потым тэлефон Вераніцы адключылі, і ён праляжаў так два гады, у яе шафе, на каленях у старой лялькі, якую Вераніцы чамусьці было шкада каму-небудзь аддаваць, і бацька набыў Вераніцы новую мадэль, раскладушку, і аднойчы Вераніка знайшла белы запылены тэлефон, тоўсты, сьляпы ды грувасткі, ды заплакала, дурніца, натуральна заплакала.