Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

– Чаму ўсе такія задуменныя, Ольда? – спытала яна, адпіўшы яшчэ элю.

– Сёньня Дзень сумных успамінаў, – адказаў той, памаўчаўшы.

– Што за дзень такі? – не адставала Вераніка, яна ўжо зразумела, што ў гэтай гульні трэба задаваць шмат пытаньняў, калі хочаш нешта даведацца, усё ж распрацоўшчыкі не маглі прадбачыць усіх магчымых сытуацыяў, хаця пастараліся яны добра. Вось Ольда – ён зусім як жывы, сядзіць ды пачухваецца, нібы пад ягоную палатняную сьвітку залез мураш.

– Дзень, калі мы ўспамінаем самае сумнае.

– Што ж сумнага было ў вашым жыцьці?

– Табе не абавязкова гэта ведаць, – пасьміхнуўся гном у бараду. – Ты прыйшла здалёк, што табе да нашых успамінаў...

– Распавядзі мне, Ольда, – Вераніка дакранулася да ягонага мяккага пляча.

– Сёньня Дзень сумных успамінаў, – адгукнуўся гном. – Вельмі сумных.

Вераніка чокнулася зь ім, і Ольда зьдзіўлена зірнуў на яе, але потым зноў утаропіўся ў агонь.

– Ведаеш, Ольда,

вы мяне выратавалі, і я хачу вам чым-небудзь аддзячыць, – Вераніка глядзела, як крапае зь мяса на вугольле тлушч, гномы навокал ціха гаварылі пра сваё, так ціха, што шыпеньне тлушчу на жары заглушала іх словы. Вершаліны дрэў шумелі, трывожна, папераджальна, Вераніка агледзелася, пабачыла чорную, беспрасьветную, поўную змрочнага хрусту цемнату лесу ды прысунулася да Ольды бліжэй. – Што я магу для вас зрабіць? У мяне няма ні золата, ні магічных камянёў, ні зброі, але, магчыма, я магла б чымсьці дапамагчы...

– Мы ня робім добрыя справы за золата, – адказаў гном. – Узнагарода схаваная ў табе самой. Каб дасягнуць вяршыні, трэба глядзець уніз. А пакуль што ты можаш проста паўдзельнічаць у нашым Дні сумных успамінаў. Успомні што-небудзь сумнае, і ў цябе прыбавіцца моцы.

Але ж час ішоў, і грошы крапалі, – Вераніка не для таго прыйшла ў гэты фантастычны сьвет, каб думаць пра сумнае. Яна паглядзела на лічыльнік: эль дадаў ёй яшчэ дзесяць пунктаў. Яна з насалодаю ўпілася зубамі ў мяса, якое працягнуў ёй нейкі малады румяны гном, аблізнула пальцы й сказала:

– Мне трэба ісьці далей, Ольда. Я й так затрымалася ў вас. Уласна кажучы, я хацела б выйсьці ўжо заўтра на сьвітанку.

Гном маўчаў, засяроджана жуючы.

– Распавядзі мне, што навокал, які шлях лепшы. Я хацела б дабрацца туды, дзе я змагу прыдбаць трохі манэтаў, і потым падацца ў горад.

– Вакол нас – лес, – задуменна сказаў Ольда. – Гэта ўсё, што я магу табе паведаміць. Лес вялікі. Мы ніколі не выходзім адсюль. Людзі й багі ня вельмі любяць сустракаць гномаў. Нашыя шахты, нашыя скалы й наш лес – вось дзе мы ў бясьпецы.

– Але ж тая дарога, па якой... – Вераніка адчула, што гном нешта хавае.

– У любой дарогі ёсьць канец, – Ольда дапіў эль і перадаў кубак брату.

– Дай мне падказку, Ольда, – Вераніка зрабіла яшчэ глыток. – Я не хацела б, каб вам зноў давялося мяне выручаць. Можа, тут паблізу ёсьць млын, а можа, поле...

– Лес вялікі, – паўтарыў хітра гном.

Вераніка ўздыхнула, але крыўдаваць ні на кога не зьбіралася. На сьвітанку яна абавязкова пакладзе праснакоў і мяса ў той цудоўны, плецены, абшыты бісерам заплечнік, які падарыла ёй Берліта, і пойдзе куды вочы глядзяць. Урэшце, тут мусяць быць падземныя хады, пра якія маўчаць гномы. А гэты Ольда – ён відавочна нешта не дагаворвае.

– Толькі не хадзі за ручай, – пачула яна раптам ля самага вуха, і зьдзіўлена павярнулася да гнома. – Ні ў якім разе не хадзі за ручай!

– Ты нешта сказаў?

Але гном толькі паціснуў згорбленымі плячыма ды пацягнуўся па новую порцыю элю.

***

Як усё ж шмат паламалася ў Вераніцы. Усе гэтыя маленькія дэталі, вынік сапраўды ювэлірнай працы, аднавіць іх, відаць, будзе цяжэй, чым усё тое непаваротлівае, грузнае, аброслае мясам... Клеткі больш не вырабляюць запасных частак, хіба што завалялася нешта на складзе, але адрэсу складу мы не пасьпелі запісаць, і ніколі ўжо не запішам. І тамтэйшы тэлефон адключаны за няўплату. Позна, позна, занадта позна, як любяць гаварыць кандыдаты ў літаратурныя пэрсанажы. Шмат нікім ужо не кіраванай, гарачай ды разгубленай крыві, сарваныя замкі вісяць на петлях – у мяккіх тканках шыі, у тоўшчы языка, пад’язычная костачка хруснула, і шчытавідная ня вытрымала. Костачкі грытанкі паламаныя й там і сям. Кажуць, што язык высоўваецца пры гэтым з рота, далёка ў сьвет, так, што мог бы дастаць да вока ды вынуць зь яго выпадковую парушынку або мошку... Ня верце, гэта ўсё кіно, хаця язык і праўда становіцца даволі рухавым, абмяклым, сінім. Спэцыі спэцэфэктаў. Зрэшты, бывае ўсялякае, мы ж не настолькі аднолькавыя, кожны стаіць у гэтай чарзе па сваё.

Адзін стаяў ля вакна, другі – за яе сьпінай. А можа, наадварот. Адзін бачыў перад сабой сьпіну Веранікі, самы яе верх, голую шыю, кропку радзімае плямы. А потым, зусім хутка ўсё адбылося: толькі сьпінку крэсла. А Вераніка спаўзла на падлогу, нібы пабачыла там згублены гузік. Але чаму яна кладзецца на дыван сьпінай, высьлізгваючы зь нечых стомленых рук? Адна нага падварочваецца, таму, хто трымае Вераніку, даводзіцца трохі прыўзьняць яе, каб яе цела легла на падлогу правільна. Бо тут таксама ёсьць свае правілы, якія пажадана выконваць, няхай яны нідзе й не зафіксаваныя. Ня трэба рабіць людзям, якія прыйдуць пасьля цябе, лішняга клопату. Вось Вераніка пра гэта заўжды памятала. Але ж яна была занадта маладая, каб старэйшыя надумалі ўзяць зь яе прыклад. Ім жа, старэйшым, увесь час здаецца, што яны ведаюць лепш. Скажам, якім чынам можна лёгка зьняць стрэс. Як адпачыць чалавеку, у якога такая сядзячая праца. Што трэба рабіць, калі ў вачох рабізна ад манітора. Як лечыцца кампутарная залежнасьць.

На якія кропкі трэба націснуць, каб іншыя атрымалі нарэшце спакой. Дзякуй вам, лекары-аматары, сьціплыя майстры акупунктуры.

***

Нікуды не падзецца ад спакусы колерам: гэтая няісная краіна, дзе рухаліся некалі нашыя зь Веранікай целы, лічылася белай. Белай, белай, адценьні для яе – занадта вялікая раскоша!.. Белай як бальнічныя сьцены, белай як бусьлінае крыло, белай нібы ранішні сьнег – усё залежыць ад таго, адкуль глядзець на гэтую дурную бель; і мы зь Веранікай мітусіліся ў гэтым сьнезе, не пакідаючы на ягонай паверхні сьлядоў – мы былі перакананыя, што не пакідаем, каму якая справа да дзяцей, якія ў сонечны дзень крычаць, зьязджаючы зь ледзяной горкі, хто будзе ўзірацца, які малюнак пакідаюць на сьнезе іхныя танныя санкі. Справа – Монтэнэгра, зьлева – Каба-Вэрдэ, такая вось каляровая геаграфія: а мы жылі там, і няблага жылі, пакуль я ня выправіўся дамоў, шмыгаючы носам, пакінуўшы Вераніку адну пасярод гэтага шматзначнага сьнегу.

Мой Fischer-Weltalmanach за 2006 год прапануе пачынаць аповед пра краіну зь яе тэрыторыі. Па шчырасьці, лічбы ня ёсьць маёй улюбёнай стравай. Але я прыкладна ўяўляю яе тэрыторыю: прыкладна пятнаццаць Монтэнэгра, або пяцьдзесят адзін Каба-Вэрдэ. Насельніцтва: каля дзесяці мільёнаў чалавек, калі не лічыць жыхароў гэтых нашых знакамітых ВКЛ, “віртуальных канцлягераў” – колькі дакладна ў краіне такіх паселішчаў, ведаюць адно чытачы забароненай фашыстоўскай прэсы (я, на жаль, да іх не належу), але і яны памыляюцца, канцлягеры ж віртуальныя, каму ў галаву прыйдзе займацца перапісам эльфаў. Аднак, мяркую, вынік ня надта паўплываў бы на агульную колькасьць маіх суайчыньнікаў. Пра сталіцу тактоўна прамаўчым... Валюта – даляр (неяк нават няёмка называць яго амэрыканскім). Мова... Ну, насельніцтва, зноў жа такі выключаючы тых, хто адпачывае ў ВКЛ, упэўненае, што размаўляе па-расейску. Далей мой Fischer-Weltalmanach раскрывае таямніцу знаходжаньня амбасадаў замежных краінаў у Бэрліне. Няма нічога прасьцей: недалёка ад Трэптаў-парку яно знаходзіцца, гэтае прадстаўніцтва, сам бачыў, з вакна кавярні, падыйсьці не рызыкнуў. І сайт у іх ёсьць: Чаго наш консул ня можа зрабіць для вас? – напісана на афіцыйнай старонцы амбасады, і гэта, пагодзімся, цягне на словы дзяржаўнага гімна. Улічваючы тое, што Полігімнія – адзіная з музаў, якой тут ніколі не адмаўлялі ў візе, у гэтым няма нічога дзіўнага.

Рэлігія, дзяржаўныя органы, урад, гаспадарка... Крыжы, укрыжаваньні, скрыжаваньні, крыжаванкі, “крыжыкі-нулікі”... Нецікава. На нашым гербе трактар, а наш сьцяг белы: вось вам эканоміка, а вось вам і зьнешняя палітыка. Трактар на патрэбу лёгка стане танкам, а вось арлоў, якія красуюцца на некаторых чужых, быццам бы дэмакратычных гербах, у ластавак не пераробіш (сказаў, уздыхнуўшы, дзядзька Ягор, зьбіраючыся раніцай у нядзельку на выбарчы ўчастак).

Пра гісторыю альманах не згадвае, а яна заслугоўвае ўвагі. Рэч у тым, што паводле фашыстоўскай вэрсіі, гісторыя нашай белай краіны налічвае ўжо пяць стагодзьдзяў. У гэта цяжка паверыць. Я, напрыклад, разумею Франка, які заўжды ня можа стрымаць усьмешкі, калі чуе пра нашыя Вялікія гістарычныя нулі. Але ж большасць лічыць, што краіне ўсяго пару дзясяткаў гадкоў. На чыім я баку? Ні на чыім, бо ведаю: гэтая краіна нарадзілася разам са мной, са мной і адыйдзе ў нябыт. Бо яна – частка майго цела, гэтая краіна; тэрыторыя, якая заслужыла пакараньне, дзяржава, замерлая ў чаканьні помсты. Яна ж насамрэч не настолькі няісная, каб пазьбегнуць кары. Пра яе напісана ў любым даведніку. Белым па белым, белым па белым, белым па белым.

Чаго мне там не хапала?

***

За вакном старанна, нібы жанчыны на занятках шэйпінгам, машуць рукамі ветракі-генэратары – зрэшты, ня ўсе: вунь адзін стаіць зусім нерухома, нібы крыж на даху таямнічае падземнае царквы, якому аднаму дазволена глядзець на неба. Сівы кантралёр з завушніцамі ў абодвух вушах аддае мне мае квіткі ды, бадай што, бярэ пад казырок – субкультурная ветлівасьць, зь якой я ніколі ня звыкнуся. Цяпер можна зноў павярнуцца да вакна, там зьмяняюць адзін аднога зь вясёлым чыгуначным пошчакам паўночныя краявіды, дзе-нідзе яшчэ рэклямуючы для паўсонных пасажыраў альпійскія падарожжы, ледзь дацягваючыся каналамі-ўказальнікамі да плямаў сьнегу між яркай, з выклікам, травы. Яшчэ пару тыдняў, і палі тут запахнуць гноем, на радасьць усіх ворагаў глябалізацыі, запахнуць зусім як у нас, але гэта мяне ня цешыць. Любое падабенства я ўспрымаю тут як уласную паразу, хаця насамрэч мне слушна заўважылі нядаўна: “Ты падобны да футбольнага заўзятара, які прыехаў на край сьвету пабалець за чужую каманду”. Побач са мной заклапочана, бы стаматоляг, узіраючыся ў разяўленую пашчу свайго ноўтбука, сядзіць хлопец гадоў дваццаці пяці, і ягоны ручны сьвет, у якім бог ведае што робіцца, едзе разам зь ім, дый з усімі намі заадно, у гэты невялікі партовы горад. У падарожнай сваёй дрымоце я забываю, дзе знаходжуся, і вельмі зьдзіўляюся, калі чую ад яго нешта не па-расейску. Па шчырасьці, я не разумею ані слова, але ківаю ў адказ, і ён зноў задаволена ўтаропліваецца ў экран.

Поделиться с друзьями: