Сарока на шыбеніцы
Шрифт:
***
Усё адбылося выпадкова. Перш-наперш адыграў сваю ролю тэлевізар: там якраз шэрая папера рэклямнага блёку бліснула раптоўна кароткім, сонечным, лазурна-зялёным ролікам, у якім расьпісваліся выгоды аднаго сталічнага турбюро. Дзеці пырскалі ў твары змарнелых тэлегледачоў пеннай марской вадой, застылымі надакучлівымі салютамі распускаліся яркія пальмы на даляглядзе, і пакуль тэлевізійныя безвалосыя мужчыны пыхліва шчэрыліся ў камэру, паставіўшы на прычынныя месцы ў плаўках келіхі з кактэйлямі, жанчыны рыхтаваліся, як толькі адвернецца апэратар, скінуць верх ад купальнікаў... Карацей, гэта было раскошліва. І калі ролік згас, так жа раптоўна, як і пачаўся, Вераніка адчула ў сэрцы загадкавы ўкол. Яна пераступіла праз ногі задрамалых бацькоў ды пайшла ў свой пакой і, уключыўшы кампутар, упершыню задумалася пра адпачынак. Гэтым летам ёй нічога не сьвяціла, хіба ўзімку, але выправіцца ў вырай яна зможа пры такім заробку хіба ў наступным годзе. Вырай ці гняздо – гэта было цяжкае пытаньне, лепш за ўсё і тое, і другое. Птушыная натура Веранікі, прынамсі, лічыла б гэты варыянт дастатковым на дадзены момант. А пальмы ўсё яшчэ пагойдвалі сваімі расстаўленымі хітрымі пяцярнямі – бацыла мараў пранікла ў кроў Веранікі, і ёй немагчыма было супрацьстаяць.
Таму яна зацята кінулася на пошукі турыстычных сайтаў, каб хаця б такім чынам
Іну, колішнюю каралеву курсу, яна пазнала адразу. У тым, што тая можа трымаць у роце адразу тры “дзіды”, Вераніка і падчас вучобы не сумнявалася, іншая справа – ці лічыць гэта вартасьцю. Яна з амаль сяброўскім пачуцьцём уважліва прагледзела, як Іну, па чарзе, апрацоўваюць бляндын, мурын і эскімос, і зноў жа ткі па чарзе: ззаду, сьпераду, зьверху, зьнізу, збоку, у ваньне, на ваньне, пад ваннай, за ваннай, на траве, пад зямлёй, у вадзе, у аблоках зь ліцэнзійнай пены... Паасобку, удвох, утрох, учацьвярох, ротай, батальёнам, палком, вэтэранскай арганізацыяй, хакейнай камандай, сям’ёй, дзявятай бэ клясай, мастацкім гуртком, літаратурным аб’яднаньнем, рэдакцыяй газэты, палітычнай партыяй, братнім славянскім народам, бальнічнай палатай, дачным каапэратывам, сялянскай абшчынай, талакой, прафсаюзам, саюзам кінэматаграфістаў, жэсам, кланам, нашым маленькім але дружным калектывам, выбарчым участкам, прэзыдыюмам, аддзелам, цэхам, пастом нумар адзін, камандай без каторай мне ня жыць, маладзёжнай арганізацыяй, каардынацыйным саветам, дэканатам, рэктаратам, кансулятам, рэдкалегіяй, лечкамісіяй, экіпажам, сэнатам, парлямэнтам, кансыліюмам, калёквіюмам, сэмінарам, камунай, сквотам, дваром, глядацкай аўдыторыяй, вялікай заляй, худсаветам, пад’ездам, карасам, падвідам, зонай, шырокімі грамадзкімі коламі, саветам дырэктараў, рэвалюцыйным трыбуналам, судовай калегіяй, спэцатрадам, зондэркамандай, усім паверхам, нашай пярвічкай, кампаніяй, фірмай, саветам старэйшынаў, кансалтынг-групай, карпарацыяй, холдынгам, амбасадай, зграяй, статкам, жураўліным клінам, маршам нязгодных, першамайскай дэманстрацыяй, гей-парадам, гіт-парадам, аўтарскім калектывам, могілкамі, пасажырапатокам, кабінай, калгасам, саўгасам, прафэсарска-выкладчыцкім складам, камэрай, групай, гуртом, падгрупай, курсам, патокам, плыняй, бюро, агенцтвам, студыяй, катэдрай, таварыствам, суполкай, япархіяй, прыходам, акругай, біскупствам, кантынэнтам, садружнасьцю, блёкам, ложай, фронтам, вобласьцю, аўтаномным краем, фэдэрацыяй, кааліцыяй, канфэдэрацыяй, рэспублікай, каралеўствам, Вялікім княствам, экзархатам, задзіночаньнем, хеўрай, кагалам, міністэрствам, упраўленьнем, кіраўніцтвам справамі, “тройкай”, народным сходам, лягерам, племенем, кастай, шайкай, асацыяцыяй, клюбам, камісарыятам, камэндатурай, дыскатэкай, раёнам, вуліцай, ансамблем, хорам, аркестрам, бэндам, бандай, дэлегацыяй, пастаянным прадстаўніцтвам, кабінэтам, караблём, танкам, нарадам, разьлікам, стайняй, экспэртнай радай, зьвяном, земствам, соймікам, акадэміяй, вучылішчам, унівэрсытэтам, інстытутам, лябараторыяй, журы, брацкай магілай, першым наборам, салёнам, суквецьцем, сузор’ем, народным рухам, партэрам, брыгадай, трупай, завулкам, брацтвам, штатам, інтэрнатам, управай, ордэнам, куранём, сялом, мястэчкам, горадам, турмой, хутарам, хунтай, ландтагам, мэджлісам, хурулданам, дублюючым складам, паствай, кагортай, папуляцыяй, нацыяй, браціяй, сонмам, фанацкім сэктарам, партызанскім атрадам, сэктай, грамадой, факультэтам, злучэньнем, родам, мурашнікам, зьменай, аўтабазай, спэцпадразьдзяленьнем, сотняй, цэнтурыяй, сола, дуэтам, трыё, ін кварта, ін квінта, ін сэкста...
Дзьверы былі наглуха зачыненыя. Тут проста не існавала замка – відаць, нехта сьцягнуў яго і цяпер таксама апрацоўваў скважыну, сьціпла ўладкаваўшыся за купай успацелых целаў. “Далучайся ці памірай”, – нібы казала Вераніцы колішняя сакурсьніца, перакрыкваючы шматгалосае пыхценьне за сьпінай і адначасова нібы прыслухоўваючыся да таго, што цяжка варочалася цяпер у яе нутры. Пераканаўшыся, што адсюль ёй ужо ня выйсьці, Вераніка адключыла кампутар і паглядзела ў акно. Ёй хацелася падзяліцца з кім-небудзь сваім адкрыцьцём, з кім-небудзь з былых сакурсьнікаў, але дзе яны цяпер, сябры-аднапалчане?.. Пальмы яе мары яшчэ раз распусна хіснуліся ды апалі. Чамусьці ёй падумалася пра таго, з кім яна калісьці так файна ды па-вар’яцку прабавіла калісьці лета. Усё ж трэба яму напісаць. Вераніка цьмяна ўяўляла сабе ягонае цяперашняе месцазнаходжаньне. Але яна была пэўная, што там, дзе ён цяпер схаваўся, абавязкова ёсьць мора. Неабдымнае. Беспрацоўнае. Анархічнае. Цёплае. Вольнае. І ён там сядзіць недзе цяпер, загарэлы й легкадумны, і сьнедае ў цені якога-небудзь сьляпуча-белага нэкропалю.
***
Чаго яна баялася, Вераніка сама ня ведала. Бо гэта ж у хлопчыкаў, якія займаюцца такімі бруднымі справамі, далоні пакрываюцца выкрывальным валосьсем, а пра дзяўчынак яна нічога ня чула. Наўрад ці, наўрад ці... І тым ня менш у тыя некалькі
зусім сумбурных, праведзеных нібы ў сьне, каламутных гадоў у Веранікі ўжо выпрацаваўся адмысловы рэфлекс – калі яна адна дома, значыць, можна, значыць, ніхто не перашкодзіць... Божа, якім жа хваравітым полымем ахоплівала шчокі, якая бура ўсчыналася ў яе ўнутры.Школьны расклад спрыяў ёй самым дабрамысным чынам. Бацькі былі на працы і імавернасьць таго, што хто-небудзь зь іх раптам паверне ў замку ключ, была нулявой. Брат, і таксама дзякуючы школьнаму раскладу, які быў нібыта наўмысна прадуманы так, каб дзяўчаты маглі спакойна пагуляць сам-насам з сабой, – брат якраз мучыўся на першым уроку. Вераніка часта бачыла яго, выходзячы пасьля ратавальнага званку на школьны ганак, ён не вітаўся, баяўся за свой аўтарытэт. Дарогу дадому яна адольвала за дзесяць хвілінаў, бо колькі там таго Сьвету; за гэты час яна пасьпявала тысячу разоў уявіць, чым хутка зоймецца, і цела ўдзячна адгукалася на блізкую ласку. Ці часта так зь ёй бывала, цяжка сказаць: калі-нікалі амаль празь дзень, а здаралася, толькі раз на месяц. Вераніка замыкала дзьверы, кідала на тумбачку ключ, рабіла цішэй радыё і йшла завешваць вокны. Дзьверы ў свой пакой яна пакідала адчыненымі, бо баялася не пачуць, у выпадку якой-небудзь неспадзяванкі.
Яна распраналася – яна здымала ня ўсё, на ёй заставалася спадніца, майткі ды гольфы, зноў жа такі на ўсякі пажарны: яе заўсёды можна было прыняць за чалавека, якога засьпелі за тым, як ён пераапранаецца пасьля школы – нічога падазронага, няёмка хутчэй таму, хто зайшоў, а не таму, хто стаіць ля шафы. Вераніка была гатовая за сэкунду ператварыцца ў чалавека, які пераапранаецца, ёй ужо давялося аднойчы патрэніравацца, калі зманлівы шоргат на лесьвіцы неяк прымусіў яе ўскочыць ды стаць у нявінную позу. Такія шоргаты заміналі расслабіцца, але неўзабаве яна навучылася адрозьніваць людзей на лесьвіцы па кроках. Яна клалася на свой прахалодны ложак і ўяўляла сабе, што ў гэтым паўцёмным пакоі яна не адна, што ў прачыненыя дзьверы нехта зазірае. Той самы незнаёмы ёй хлопец, побач зь якім яна аднойчы ехала да сястры ў тралейбусе. Але ня ўсё было так проста. У гэтым мужчыну жылі яшчэ некалькі чалавек: быў там адзін загарэлы, смуглявы, які ішоў міма яе неяк па марскім пляжы, гэтая паездка ў Крым адбылася так даўно, а Вераніка чамусьці не магла яго забыць... І яшчэ адзін, практыкант, які выкладаў у іх у першай чвэрці гісторыю... І яшчэ адзін: Вераніка не магла ўспомніць, дзе яго бачыла, але ён існаваў, існаваў, і цяпер прыйшоў паглядзець, чым займаецца Вераніка, калі вяртаецца са школы. Веранікаў таксама станавілася некалькі: самая важная, самая цёплая й блізкая Вераніка ня мусіла ведаць нічога пра гэтых гасьцей, пра іхную маўклівую, зацікаўленую прысутнасьць, а астатнія ня мусілі гэтай Вераніцы ні ў чым прызнавацца, яны сачылі за гукамі на пляцоўцы, сачылі, пяшчотна абвіваючыся адна вакол адной, выцягвалі галовы, глядзелі скрозь сьцены. А потым – потым гэты няголены глядач падыходзіў да Веранікі, якая ляжала з заплюшчанымі вачыма, і дакранаўся да яе шыі... Накрухмалены край коўдры апынаўся між яе ног і пачынаў ціхенька ўздрыгваць. Вераніка цягнулася да падушкі вуснамі, перад вачыма струменілі маленькія фіялетавыя сонцы.
Вераніка ведала, што брат, які ў адзіноце бавіў дома раніцы, займаўся прыкладна тым самым. Ёй было надзвычай цікава, чым ён карыстаецца і як ён наогул гэта робіць: ну ня можа ж быць, каб проста вось так, як ёй распавядалі пра хлопцаў у школе. Нейкае выцісканьне маянэзу... Верагодна, у яго ёсьць свае таямніцы, свой набор джэнтльмэна ў пакоі. Неяк Вераніка наважылася зрабіць вобшук: адзіным і бясспрэчным доказам стала парнаграфічная гуляльная карта, брыдота, гразь, знойдзеная, сьмешна сказаць, унутры трэснутай братавай гітары, на якой ён ня ўмеў граць і якую яму нібыта падарылі пры загадкавых абставінах... Больш нічога – Вераніка трымала ў руках простыя, без намінкі на грэх, братавы рэчы ды спрабавала высьветліць іх патаемнае прызначэньне. Марна. “Напэўна, мне проста не хапае ведаў або фантазіі”, – уздыхнула тады Вераніка, ды акуратна расставіла ўсё па месцах, толькі замест гульлівай гуляльнай карты, якая была потым прадэманстраваная самым блізкім з аднаклясьніцаў і спаленая ў лесе, засунула ў схоў звычайную даму з бацькавай пакамечанай калоды. Яна ўявіла сабе пачуцьці абодвух мужчын, і ёй стала весела.
Але брат цяпер сядзеў у школе, і на яго крычалі маладыя настаўніцы, мары фізрукоў, ваенрукоў і старшаклясьнікаў. А Вераніка ляжала на сваім ложку й рыхтавалася, сьцяўшы вусны, акунуцца у сваю ціхую радасьць. У маім жыцьці так мала радасьцяў, думала яна журботна, магу я сабе дазволіць... І яна дазваляла. Неўпрыкмет надыходзіла чарга прышчэпак. Вераніка ўжо не зусім валодала сабой, калі іхныя плястмасавыя сківіцы змыкаліся на яе зусім ружовых, зь лёгкім адценьнем аранжавага смочках, і пагойдваліся на іх, цягнучы смочкі ў розныя бакі. Кожны рух Веранікі адгукаўся ў смочках салодкім болем, напаўпрыдушаны сыгнал якога адразу ж з гатовасьцю прымаўся ўнізе й рассыпаўся там на тысячы бясконца прыемных паколваньняў. Час раптам пачынаў рухацца скачкамі, простыя радасьці танчылі вакол Веранікі, і паступова, асьцярожна, каб не расчараваць яе, бляклі, – так, каб толькі не параніць крохкае Веранічына каханьне, так, каб сыйсьці годна і непрыкметна. Сьвята сканчалася, рэчы зноў станавіліся самімі сабой, і іх ня трэба было хаваць ні ў якія гітары. Вераніка мыла рукі ды йшла разаграваць суп.
***
І тады яна зразумела, што зараз можа адбыцца нешта важнае. Не, вонкава ўсё засталося як было: яна піла гарбату й насьмешліва паглядвала на Лёньку, які на каленях стаяў перад магнітафонам. Ён горда ўключаў адну са сваіх не падлеглых разуменьню, зубадрабільных песьняў, і азіраўся на Вераніку, раўніва сочачы за тым, як яна рэагуе. Вераніка глядзела, уважліва ды са смутнай нянавісьцю, на сямейны здымак, што вісеў на сьцяне, і не рэагавала ніяк. Тады Лёнька горка ўздыхаў, спыняў песьню на паўдарозе, шчоўкаў кнопкай і ставіў наступную. Ён шчыра засмучаўся й ніяк ня мог зразумець, чаму ж ягоныя ўлюбёныя запілы ды крыкі пакідаюць Вераніку абыякавай. “Цяжкая музыка”, – казаў Лёнька з захапленьнем, – “сола, дысторшн, хэдлайнэр”. “Чаму ў цябе дома, Лёнечка, ніколі няма шакаляду?” – адказвала Вераніка. “І на гарбаце твая мама відавочна эканоміць”.
Лёнька ня крыўдзіўся. Ён проста маркотна й трохі летуценна пацепваў плячыма ды сьмешна запускаў руку ў свае нямытыя валасы: правяраў, наколькі блізка яны прасунуліся ў накірунку да грывы. Ягоны гоблінскі твар выглядаў так наіўна ды па-дзіцячаму, што Вераніцы хацелася што-небудзь насунуць яму на галаву. Яны сядзелі ў залі, якая служыла таксама бацькоўскай спальняй. За вакном сьцямнела, Лёньчыны бацькі недзе на другім канцы гораду віншавалі кагосьці, Лёнька распавядаў ёй каго, але яна, натуральна, ня слухала. Вераніцы вельмі хацелася пакінуць гэтую кватэру да іх вяртаньня. Да Сьвету дабірацца было доўга, і насьпяваў час разьвітвацца – але на двары раставаў кіслы, слотны, непрытульны лістападзкі вечар, зь ветрам і лужынамі, і пры адной думцы пра дарогу да прыпынку ў гэтым жахлівым новым мікрараёне, дарозе, якая нібыта ўсыпаная паколатым каменьнем, у Вераніцы зьнікала жаданьне жыць. І таму яна сядзела й ніяк не магла дапіць гарбату.