Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

А яшчэ Вераніка не разумела, чаму яна сюды прыехала. Ну так, з пачуцьця абавязку. Аднак Лёнькава нага ўжо загаілася, костка цудоўным чынам зраслася, гіпс даўно зьняты. Заставалася смутнае пачуцьцё віны й гордасьці. Вось жа, з-за яе, Веранікі, нехта выкінуўся з акна. Ня кожны зможа, а гэты здолеў. І таму Вераніка паспрабавала надаць твару больш добразычлівы выраз.

“Я зараз пагляджу!” – сказаў раптам Лёнька ды адчыніў да краёў поўны парцалянавых адбіткаў сэкрэтэр. “Праўда, тут усё бацькоўскае... Разумееш?”. Ён неяк сарамліва пачаў вывучаць зьмесьціва маленькага бару. Вераніка зь цікавасьцю зірнула з-за Лёнькавага пляча. Бліснулі бутэлькі зь віном і шампанскім, і нешта ў фальзе, і нешта ў файнай плеценай упакоўцы. “Шакаляду няма, здаецца...” – прамовіў Лёнька, пераступаючы з нагі на нагу. Вераніцы надзвычай не спадабаўся гэты жаласьлівы Лёнькаў голас, якім ён сказаў пра “бацькоўскае”. Яна дык брала гарэлку з бацькавых запасаў і давала часам суседу Юру, і нічога, ніхто й не заўважыў. І таму, калі Лёнька нерашуча застыў ля адчыненай скарбніцы, яна прымружыла вейкі ды абыякава кінула:

– А давай мы з табой, Лёнечка, вып’ем віна...

Ён спалохана азірнуўся. Вераніка глядзела на яго без усялякае літасьці. Ня тое, каб яна хацела віна, яна яго амаль і не піла, але гэтыя прыніжаныя ноткі, гэты страх, гэтыя бацькі,

якія хаваюць у сэкрэтэры найлепшае, а для гасьцей ды роднага сына шкадуюць, купляюць, відаць, танныя падробкі.

– Разумееш, Веранічка, – заскуголіў ён, – гэта бацьку адзін знаёмы з Гішпаніі прывёз. Заб’юць. Давай мы як-небудзь з табой, калі я разбагацею, у рэстарацыю, давай?

Лёнька ўжо даўно, задоўга да свайго гераічнага скачка, распавядаў ёй, што яго бяруць у нейкую фірму, і ў размове зь Веранікай гэта падавалася як ужо вырашаная справа, аднак грошы ў Лёнькі як раней ніколі не вадзіліся, так і цяпер.

– Люблю гішпанскае віно, – правуркатала Вераніка і аблізнулася. Гэта дабіла яе зьбянтэжанага прыхільніка. І хутка ўжо Вераніка, нагбом выпіўшы цэлы келіх (Лёнька з жарсьцю сачыў за тым, як рухаюцца яе вінна-нявіннага колеру вусны) і са зьдзіўленьнем адчуўшы ўнутры прыемнае нахабства, заявіла з усьмешкай:

– А цяпер даставай шакаляд. Я бачыла, там ёсьць.

Лёнька ад разгубленасьці выпіў адзін за другім два келіхі й выцер далоняй рэдкія вусікі.

– Няма! Няма, клянуся! Слухай! Там жа ў лядоўні згушчонка ёсьць! Як жа гэта я забыў... Хочаш? Ты ж любіш згушчонку, – дадаў ён, прыгадаўшы іхны нядаўні абед у двары бальніцы: Вераніка тады й сапраўды прывезла яму блінцоў са згушчонкай, звычайнай, у фірмовай сіняй бляшанцы.

– Добра, цягні, – сказала яна літасьціва, падумаўшы. І пакуль з кухні чуўся трэск і грукат адкрывалкі, яна нечакана паказала сямейнаму фатаздымку на сьцяне язык. Лёнька зьявіўся на парозе зь белым нарэзаным хлебам і бляшанкаю, у якой танула не зусім чыстая лыжачка, і гэта было прыгожа на выгляд. А неўзабаве Вераніка ўжо нэрвова рагатала, сьціскаючы калені, каб цягучая маса не папаўзла ўніз па калготках. “Я вытру, я зараз”, – Лёнька замітусіўся вакол, шукаючы ручнік, але ўсе ручнікі былі неверагодна далёка, у кухні, і ён схіліўся над яе каленямі, рукамі зачарпнуўшы жаўтаватае малако – паднёс да твару і потым радасна зірнуў на Вераніку, бы прапануючы ёй нейкі дарунак. “Табе... табе трэба...” – і ён стаў сьцягваць зь яе калготкі, адначасова зарываючыся ў ногі тварам. Вераніка млява супраціўлялася. Было падобна на тое, што гісторыя паўтаралася, толькі цяпер замест сутаргі сыходзіла на вычышчаны Лёнькавай маці дыван згушчонка. “Ты чаго, калека?” – усё яшчэ сьмяялася яна, прыгадваючы той дзіўны выпадак, пасьля якога Лёнька калісьці стаў лічыць сябе яе законным хлопцам, і адганяючы Лёньку, які нечакана выпрастаўся над ёй і стаў расшпільваць джынсы. І Вераніка, душачы ў сабе агромністы інтарэс і жаданьне, каб Лёнькавы бацькі напіліся сёньня да бяспамяцтва, пачала паволі выбірацца з крэсла, наступаючы голымі пяткамі на жоўтыя клейкія плямы. Ён замружыў вочы й паваліў яе назад, асьцярожна так, але рашуча. І зноў стаў перад ёй, апасьліва зірнуў ёй у вочы ды выцягнуў з джынсаў ужо знаёмае Вераніцы прыстасаваньне.

Прыстасаваньне было, аднак, паніклым і выглядала зусім не ўнушальна. Вераніка зморана села на фатэлі, ужо не зьвяртаючы ўвагі на перапэцканыя ногі, і сур’ёзна зірнула на гадзіньнік. “Цікава. Занадта цікава,” – падумала яна. “А заўтра я яго кіну”. “Ну, што ж ты не стаіш, Лёнечка?” – спытала яна ў бязвольна павіслага хобата. Лёнькавы вусны крывіліся. “А некаторыя жанчыны...” – сказаў ён нерашуча. “Некаторыя жанчыны...”. “Я сама ведаю ўсё лепш за цябе”, – сказала Вераніка строга й прысунула Лёньку бліжэй. Дзіўны пах ударыў ёй у нос. Але, нягледзячы на сумнеўную гігіенічнасьць будучай працэдуры, ніякае агіды яна не адчула. Затое цікавасьць расла штосэкунды. Асабліва пасьля таго, як зусім выпадкова кончык гэтага голага ды безабароннага хваста дакрануўся да яе носа й прыкметна ажывіўся.

Зь нейкай роспачнай і бяздумнай стараннасьцю яна стала ўдзімаць у яго сілы. Інтарэс яе павялічваўся тым мацней, чым больш зьмянялася канфігурацыя гэтага прадмету ля яе вуснаў, за які яна ўзялася, напэўна, няўмела, але намагаючыся запомніць як мага болей з гэтых незнаёмых адчуваньняў. Яна настройвалася на працяглую й напружаную працу, яе apex linguae быў гатовы амаль да ўсяго, у той час як лянотны radix linguae і, бадай што, нерухомы dorsum linguae дэманстратыўна бязьдзейнічалі... Скончылася ўсё тым, што агаломшаная Вераніка рэфлектыўна выплюнула на дыван. Лёнька стагнаў і курчыўся. Яна дапіла віно й з прагным інтарэсам глядзела, што будзе далей. А далей яны забраліся на бацькоўскі ложак, і ў Лёнькі на азадку знайшлася радзімка ў форме плэйбойскага зайца, і ўсё было зусім ня так цікава ды наогул, трэба сказаць, ня вельмі прыемна. “Ну вось і ўсё,” – як сьпявае Вецер. А затым быў суворы гадзіньнік, і голы Лёнька, які бегаў па перадпакоі з прасьцінамі, бы старажытнарымскі герой, і ягоная недарэчная балбатня па дарозе на прыпынак, і палец, які нешта маляваў на аўтобусным шкле – Вераніка рабіла выгляд, што ня ведае гэтага хлопчыка. І потым, калі аўтобус крануўся зь месца й цяжка выпаўз на шашу – яе бязьмежнае зьдзіўленьне прастатой таго, што адбылося. Але па меры таго, як аўтобус аддаляўся ад навек замерлай на цёмным прыпынку Лёнькавай фігуры, Вераніку пачынала захлынаць дзікае раскаяньне. Нібыта ў чаргу ўсіх неапісальна шыкоўных мужчынаў неяк улез маленькі, дурны Лёнька, расштурхаў усіх локцямі і, пакуль астатнія асобнікі апамятваліся ад такога нахабства, справіў сваю патрэбу, пырснуў ды ўцёк. А яна, дурніца, дзірка, даўн, ляжала ў гэты час калодай і марыла. Яе сёньняшняя пасьпешлівасьць здавалася Вераніцы амаль катастрофай. Дома, у прыбіральні, нікуды ня здольная падзецца ад гадзіньнікавых матчыных папрокаў, яна паглядзела і “там”, і тут, і Вераніку апанавала глыбокае, чорнае, безнадзейнае расчараваньне. Яна ведала, што Лёньку можна кінуць хоць тысячу разоў, ён не пакрыўдзіцца, і зробіць усё, каб перад Веранікай штодня міргалі ягоныя жаласьлівыя вочы. Так яно, урэшце, і адбылося, і іхнае вымучанае, дзіўнае тэлефоннае сяброўства цягнулася яшчэ год, раз за разам вяртаючы Вераніку да прыкрага здарэньня з водарам ванільнай згушчонкі, якое яна ня здольная была забыць.

***

Начаваць Лекс адводзіў яе да сябе ў вежу. У адным з гэтых кругласьценных халодных пакояў стаяла вялікае, шырокае ложа: Лекс прыкоўваў Вераніку да жалезнага крука, які тырчаў са сьцяны, а сам клаўся з другога боку, часам нават не распранаючыся. Вераніка з інтарэсам глядзела на тое, як ён замыкае кайданкі вакол яе нагі ды вешае на шыю ключ, зусім як яна калісьці надзявала яго на шыю накшталт упрыгожаньня, у школьныя часы. Ёй падабалася

гэтая безабароннасьць Улады, яе маўклівая пакорлівасьць, і нават яе нежаданьне нейкім чынам уцячы ад свайго гаспадара. Яна ляжала ў цемры, назіраючы за тым, як не міргаючы глядзіць на іх з акна месяц, і думала пра тое, што, відаць, Лекс ужо прынамсі год як удзельнік гульні, бо неабходна было сабраць неверагодную колькасьць пунктаў і безьліч зброі ды магічных здольнасьцяў, каб завалодаць часткай Лесу, пабудаваць тут Дом ды яшчэ і ўтрымліваць яго й сябе ў адноснай бясьпецы. А палонныя? – Вераніка ведала, што да сьценаў Дому мусілі прыходзіць калісьці цэлыя войскі іхных суродзічаў: колькі ж аблогаў давялося вытрымаць Лексу... Хаця было невядома: магчыма, галоўная аблога ўжо рыхтуецца, і цяжка сказаць, чым скончыцца для Веранікі гэтая на першы погляд такая штучная гульня ў казачнай рэальнасьці.

Не, пра ўцёкі яна напачатку думала. Імкнулася разгледзець як сьлед браму, схаваную ў тумане, параніць Лекса падчас іхных частых збліжэньняў, падняць паўстаньне... Аднак аднаго разу яна выпадкова зірнула на ягоны, бадай што, недасяжны ўзровень, каб атрымаць які, трэба было сядзець за кампутарам круглыя суткі, на колькасьць ягоных пунктаў, якая ў дзясяткі разоў пераўзыходзіла Веранічыну. Але хутка мара пра ўцёкі саступіла месца такой адданасьці, пра наяўнасьць якой у сабе Вераніка й не падазравала. Бо Лекс карыстаўся ёй нібы трэнажорам, дзеля набыцьця якога ён усё жыцьцё назапашваў манэты. І яна сачыла за тым, як ёй карыстаюцца, амаль з удзячнасьцю. Розныя мярзотнасьці, якія ён зьдзяйсьняў сам і прымушаў зьдзяйсьняць яе, былі нічым у параўнаньні з магчымасьцямі, якія даваў Вераніцы лягер. Ён і сапраўды меў рацыю, гэты бляндын з вачыма забойцы, – толькі зь ім Вераніка магла зразумець, на што можа быць здольная чалавечая істота, няхай сабе й віртуальная. І яна да пары без сумненьняў прымала Лексава галоўнае апраўданьне: гэты сьвет, у якім існаваў цяпер толькі Лекс, ягоны Дом, яна, Улада, і некалькі дзясяткаў прыдуманых кімсьці монстраў, – толькі гульня, якую можна ў любы момант выключыць, і калі на экране загараўся прыгожы надпіс “Вяртайцеся хутчэй!”, міс Хайд зноў станавілася міс Джэкіл, усё як у вядомым фільме, з адной толькі розьніцай: ніводзін чалавек за час гэтага патаемнага ўвасабленьня не пацярпеў, і наогул нічога гэтага ніколі не было. Сумленьне сустракала Вераніку чыстым, бы яна яго перад пагружэньнем у змрочныя ды салодкія абдымкі Лекса вымыла ў пральнай машыне, высушыла й павесіла ў шафу. Прыемна, незвычайна прыемна вярнуцца ў родны дом пасьля доўгае разлукі й засьпець усё і на кухні, і ў спачывальні чыстым ды некранутым – нібы вярнуцца ў той самы шчасьлівы дзень, калі падарожжа яшчэ хвалявала, а невядомасьць палохала. Вось так, ці амаль вось так. Вераніка варочалася на сваім краі ложа, і ланцуг зьвінеў, і Лекс незадаволена прачынаўся.

Уначы Лекс да яе ніколі ня лез. Затое раніцай, пасьля кароткага, але добрага сьняданку (ён кідаў ёй кавалкі мяса, быццам сучцы, і паіў чымсьці, што аддалена нагадвала ёй тыя ўзвары, якімі паілі яе свайго часу гномы – ведаў бы Ольда, колькі ягоных барадатых супляменьнікаў яна ўжо адправіла на той віртуальны сьвет! – мімаволі, але ўжо без раскаяньня). Потым ён, згараючы ад нецярпеньня, вызваляў яе й вёў, заўжды ідучы ззаду, у сутарэньні. Там яны й бавілі дзень, робячы перапынак толькі для позьняга абеду. Шторазу Лекс меў яе па-новаму, і Вераніка ўжо не зьдзіўлялася ягонай фантазіі, успрымаючы яе як належнае: на галінах расьпятага пасярод калідору дэндрыкса, напрыклад, або ў навекі раскрытай пры дапамозе двух хітра прыладжаных мэталёвых бэлек пашчы напаўздохлага рэліна. Апошняе спачатку прымушала Вераніку ня дыхаць ад усёпераможнай агіды, яе калені стаялі на высахлым мёртвым языку даўжынёй з аўтамабіль, а рукі трымаліся за пачарнелыя сківіцы, якія ніколі ўжо не самкнуцца, як бы пагрозьліва яны ні навісалі над яе галавой. Почасту Лекс прымушаў яе аддавацца ня толькі яму, але заадно і двум-тром гномам, якія з выразам бязьмежнае цярплівасьці, зьмяшанае з жахам, выконвалі ўсё, што загадваў ім Лекс, і паглядвалі на пугу: у гномаў усё было малым і тоўстым, і такім аднолькавым, што Вераніка пасьля першых пяці хвілінаў гэтых забаваў не магла адрозьніць, дзе чый.

Галоўнай ідэяй Лекса было неадрыўнае сузіраньне ўсяго гэтага расьцягнутага на гадзіны працэсу ўсімі палоннымі, і ніхто не наважваўся адвярнуцца. Часам Вераніку, здавалася, разарве ад пранікненьня ў яе нутро то з таго, то з гэтага боку абачліва скалечаных Лексам ірлісаў, але неяк абыходзілася, і Вераніка толькі як у паўзабыцьці ўсьміхалася, калі іхнае насеньне залівала яе нарэшце з ног да галавы, не зьмяшчаючыся ў ёй, імкнучы назад валам бураватай пены. Для самак Лекс не рабіў выключэньня, самкі былі адпачынкам для Веранікі, бо гэта яе апрацоўвалі зазвычай іхныя размаітыя языкі ўсіх фарбаў і памераў. Але, вядома, ж, найлепшым адпачынкам быў Лекс, чалавечае цела якога ідэальна знаходзіла патрэбныя, змораныя і ўсё ж гатовыя ў любы момант прыняць неабходнае шчыліны ў Вераніцы. Яна сядзела перад кампутарам і толькі ціха ўскрыквала рахз-пораз у самых напружаных, неверагодных месцах, відовішча так яе захапляла, што тыя частыя, цёплыя імпульсы, якія дасылала Вераніцы падчас гэтых назіраньняў яе сапраўднае цела, заставаліся без адказу й потым гасьлі. У доме Лекса вечарэла, і тады яны каго-небудзь забівалі. Аслабелая Вераніка ня мела ніякае ахвоты гэтага рабіць, але выконвала загады: паіла, тыркала нажом, завязвала сьмертаносныя вяроўкі... Яна рабіла гэта выключна дзеля Лекса, як быццам дзякавала яму за тое, што ён прымусіў яе ўдзельнічаць у гэтым такім брыдкім, такім салодкім шоў.

Дзіўная справа. Варта ёй было выключыць кампутар, як насланьнё сыходзіла. Не адразу – Вераніка яшчэ хадзіла некалькі хвілінаў па кватэры, ачмураная нядаўнімі карцінамі ды жывёльным расчараваньнем, якое струменіла зь яе міжножжа, але тым прыемней было потым зноўку адчуць смак жыцьця.

***

Па яе звычайна заходзілі – з сур’ёзным выглядам адчынялі брамку, праміналі вечна схіленую над вёдрамі бабулю ды зазіралі ў адчыненае акно кухні, дзе Вераніка нясьпешна ела тварог з сочывам. Генік, Антон і яшчэ малы Алежка... Першыя два былі яе аднагодкамі. Вераніка аблізвала лыжку, з грукатам кідала місу пад кран ды бегла на двор. І яны ішлі за вёску – туды, дзе ляжала, уся ў пыле, дарога, дзе на іх сварыліся каровы, дзе коні, жуючы самлелую флёру, страсалі са сваіх палінялых бакоў аваднёў, дзе старыя жанчыны імкліва спускаліся на роварах з хлебнага колеру ўзгоркаў. Прыходзілі ці да зарослага гіганцкай, дзе-нідзе ў рост Веранікі, травой футбольнага бязьмежжа, ці да леташняга абгарэлага поля, ці да рэчкі, што раптам зьяўлялася за нагрувашчаньнем белых валуноў. А часам ішлі ў кукурузу, дзе іх маглі пабачыць хіба зь верталёта. Заглыбляліся далёка, за сьпінай падымаліся патрывожаныя сьцябліны, зямля была вострай, а рукі расьлінаў – колкімі, вакол была задуха, гарачыя цені нерухома віселі над іхнымі каленямі, і гэткая цеплыня ды пот пад пахамі настройвалі на цікавыя думкі...

Поделиться с друзьями: