Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

– Ды супакойся ты, – цадзіла скрозь зубы Кулакоўская. – Зь пятага курсу не выганяюць. Здамо й забудзем. Вось толькі што пасьля гэтага рабіць? Я, ведаеш, дамоў не хачу...

І Кулакоўская, прымружыўшыся яшчэ раз зь няўхвальнай усьмешкай, пайшла ў свой інтэрнат, а Вераніка вырушыла дадому, у Сьвет. Так, наўрад ці хто-небудзь з выкладчыкаў захоча ствараць ёй і сабе праблемы. І, магчыма, можна дакаціцца па інэрцыі да дыплёма, ня робячы ўжо звышчалавечых намаганьняў, не ўстаючы а сёмай, каб засьпець у чытальнай залі вольныя месцы, ігнаруючы загадкавыя практычныя, даўшы галаве адпачыць, а целу падшукаўшы чагосьці займальнага. Зайшоўшы ў яшчэ пустую кватэру, яна цьвёрда вырашыла не грузіцца сёньня й заўтра проста паспадзявацца на ўдачу – ня так ужо й часта Вераніка нешта пазычала ў гэтай дамы. Але, дапіўшы каву, яна перабрала ў галаве тэмы, сама ў сябе задзірыста пытаючыся: ну што ж, я нічога пра гэта не змагу сказаць? І тут жа зразумела, што насамрэч ня зможа. Бледныя твары вялікіх людзей гайдаліся недзе ўбаку, але паклікаць іх па імені яна не наважвалася, баючыся памыліцца. Распакоўка іхных вялікіх ідэяў таксама патрабавала адмысловых інструмэнтаў, якіх Вераніка ня мела, і таму ня мела й паняцьця, зь якога боку да гэтых глыбаў падступіцца. Ад усіх

гэтых думак пра заўтрашняе выпрабаваньне пахла такой сырой, падзямельнай вечнасьцю, што хутка Вераніка ўжо сядзела над таўшчэзнай кнігай, марна намагаючыся запомніць хаця б, касьцюмы якой эпохі яны насілі. А ён жа спытае, гэты заўтрашні вусаты заікасты дацэнт з вачыма фашыста, абавязкова спытае. Ён можа; пабачыўшы, што ахвяра выдыхаецца, ён цалкам здольны быў салодкім, д’ябальскім голасам запытацца: ну добра, скажыце мне, прынамсі, мог масье Дзідро насіць цыліндар, або не? Стаўка тры балы. Вераніка гартала кнігу, як фотаальбом, і не магла запомніць ані прозьвішча, – як па ёй, дык яны ўсе маглі тут насіць цыліндар...

У дзьверы вінавата пазванілі. “Веранічка, сонейка, дай вашага пыласоса, мой-та зусім не працуе”, – сказала суседка, зірнуўшы на яе голы жывот з бліскучым вочкам і звычна заглянуўшы ў кватэру ды прынюхаўшыся, ці ня пахне тут маладымі мокрымі мужчынамі. Вераніка дзьвюма рукамі прыцягнула ёй з залі непаслухмяны пыласос, нібы бульдога за ашыйнік, і, цярпліва выслухаўшы мітусьлівую падзяку, зачыніла дзьверы. Адзін зь іх быў у капелюшы зь пер’ем. Вось ён дакладна ня мог насіць цыліндар. Ці ўсё ж... Можа, яны мянялі іх, раніцай каўпак, удзень мушкетэрскі капялюш, увечары цыліндар. За сьцяной загуло. На адной з ілюстрацыяў строга ды асуджальна глядзеў на суседнюю табліцу ня вельмі стары яшчэ мужчына ў чорным, Вераніка некалькі разоў паўтарыла ягонае ймя, заплюшчыўшы вочы, і, задаволеная, загарнула кнігу. Вось, хаця б аднаго запомніла. Можа, заўтра пашанцуе. Пэтэр... Пэтэр... Каб цябе. Яна зноў разгарнула кнігу, закласьці старонку, як высьветлілася, ёй у галаву не прыйшло, і загадкавы Пэтэр цяпер таропка пераапранаўся недзе ў тоўшчы паперы, пасьмейваючыся, што так лёгка падмануў Вераніку. Яна ўздыхнула й села пісаць шпоры.

Але пакрыўджаны час не забываў, як легкадумна зь ім абыходзіліся ўвесь сэмэстар. Пачынаўся вечар, недзе паблізу працавалі швабраю, Вераніка сьпісала ўшчэнт восем лістоў, а нявыкрытых Пэтэраў заставалася яшчэ тузіны два, ня менш. Перад вачыма яе пакалыхваўся, усё больш нецярпліва, вобраз чайніка са спакушальным шлейфам пары, калі зазваніў тэлефон і больш не змаўкаў. Спачатку сястра распавяла пра тое, што яе муж купіў нарэшце квіткі ў Турцыю, потым пазваніў сусед Юрык і пачаў кленчыць гарэлку: Вераніка шчыра схадзіла праверыць, ці няма часам у шафе, пакінуўшы слухаўку на разгорнутай кнізе як закладку, і вярнулася ні з чым – Юрык не паверыў ды пачаў наноў, ледзь адвязалася. Потым амаль адразу ж пазваніў гэты дзіўны малады чалавек, зь якім яна пазнаёмілася нядаўна, сарамлівы й нахабны адначасова, – яму чамусьці хацелася, каб Вераніка прымала яго за фашыста. Празь пяць хвілінаў – зноў званок: “Айбаліт слухае!” – стомлена падняла слухаўку Вераніка, прыгадаўшы дзіцячую казку, але гэта званілі зь міліцыі. І потым, як наўмысна: маці, паведаміць, што затрымаецца на працы. І зноў пазванілі, яна хацела ўжо цапнуць тэлефон, але гэта было ў дзьверы, суседка прынесла пыласос. “Адключыць яго, ці што?” – паныла падумала Вераніка, пачуўшы, як прыйшоў бацька, не разуваючыся пакрочыў на кухню, адчыніў лядоўню, шумна пажаваў нешта – ажно адсюль было чуваць, і зноў сыйшоў, шчоўкнуў замок. Вераніка ўключыла лямпу й нечакана для сябе сама набрала нумар.

– Так. Бярэш зараз жа кніжкі й прыяжджаеш да мяне, – Лёнькаў голас быў відавочна ўзрадаваны. – Я ведаю такія мэтады!.. І табе неабходны спакой.

А табе неабходны хто-небудзь у ложку, – сьцьвярджальна сказала Вераніка, раззлаваўшыся.

– Што ты, Веранічка, даю слова, – пакрыўдзіўся Лёнька. – Што я, дэбіл, не разумею... Твая вучоба – сьвятое.

Яна пастаралася як найхутчэй скончыць гэтую размову і ўрэшце проста кінула слухаўку. Тэлефон загаласіў. Гэта зноў быў Юрык, ужо п’яны і, як заўсёды ў такім стане, настроены на філязофскі лад. Ён мэлянхалічна пасьвістваў ды сьмешна ікаў.

– Гэта... Як ты вабшчэ, Веранічка, – пачаў ён, і па голасе Юрыка было чуваць, што ён разьлічвае на доўгую зьмястоўную размову. – Можа, выйдзем, пакурым?

– Не магу, – пальцы Веранікі нешта казытала, і яна ажно павяла плячыма. – Іспыт заўтра.

Але казытка не спынілася, нешта варухнулася пад яе далоняй, што стомлена ляжала на адкрытых старонках. Вераніка раздражнёна зірнула, пачухаўшы далонь, і замахала рукамі ад агіды. Па старонках поўз жаўтавата-брунаты, даволі буйнога памеру таракан. “І адкуль жа ты ўзяўся?” – падумала Вераніка раззлаваўшыся, адначасова забіваючы пачвару чыстым лістом і крывячыся ад адчуваньня ягонага нябачнага цела пад падушачкамі пальцаў. Яна паднялася, каб аднесьці труп да ўнітаза, выйшла ў калідор і, можа быць, спакойна дабралася б да мэты, калі б не зірнула выпадкова на канапу ў залі ды, блізкая да непрытомнасьці, адступіла зноў да свайго пакою. З вузкіх палубаў чорнага пыласоса, што стаяў на сваім звыклым месцы, пагрозьлівыя ды незьлічоныя ў гэтай вайсковай сваёй уніформе, утвараючы часам невыносныя рухавыя купкі, разьбягаліся зь пераможным выглядам, дзіўна ладнымі шыхтамі, нібы падпарадкоўваючыся нейкаму загаду, рудыя жвавыя акупанты.

***

З-за дрэваў, што неахвотна расступаліся ў гэтым месцы, канца агароджы відаць не было, але паселішча займала невялікую тэрыторыю, яно плыло над лесам, як зьбіты зь бярвеньня ледакол. Вераніка ўздыхнула, падняла крысьсё плашча ды ступіла ў цёмную ваду рова.

Натуральна, можна было павярнуць налева, падняцца на ўзгорак й скаціцца потым зь яго проста да брамы з аблупленай шыльдаю “Піянэрскі лягер “Машыніст” і ўжо адтуль пашыбаваць да летняй сцэны. Але лішніх пытаньняў наконт таго, што яна рабіла па-за лягерам у небясьпечным сутоньні, было ў такім выпадку не пазьбегнуць. Бо каля брамы заўсёды сядзелі дзяжурныя са старэйшых атрадаў, гулялі ў карты або ў ножыкі, яны б абавязкова скруцілі Вераніку ды адвялі б да начальніцы. І – часу ў яе ўжо амаль не было. З-за навіслых над агароджаю карпусоў чулася, раптам абрываючыся й потым выбухаючы зноў, музыка – наладжвалі апаратуру, і нейкі голас, нібы наўмысна пасланы на пошукі Веранікі, раз-пораз далятаў да яе праз

прыцемкі, выпушчаны з катапульты калёнак. І яна, моршчачыся ад халоднае вады, з адсырэлымі басаножкамі ў руках, хутка перабегла на той бераг. Прывітальна крумкалі жабкі, яны ўжо звыкліся з гэтымі таемнымі Веранічынымі ўцёкамі ды вяртаньнямі, Вераніка выцерла ногі крысом плашча ды азірнулася. Капітана яна ня бачыла, але ведала, што ён стаіць там, між ялінаў ды цяжкага, набрынялага вільгацьцю павуціньня, і маша ёй рукой, вось так, толькі трошкі ўзьняўшы руку й павольна варушачы пальцамі, – жадае ўдачы.

Яна надзвычай асьцярожна пралезла, прыгнуўшыся, праз адтуліну ў драцяной агароджы й потым з агідаю абулася, абкружаная брыдкімі пахамі, што жылі тут, нібы грыбы, напітаўшы сабой і раскіданыя вакол прагнілыя дошкі, і сьлізкі, вялізны, хутчэй за ўсё пусты ўнутры пень, у якім, цалкам магчыма, жылі сапраўдныя гадзюкі, і вялікі, павалены ў непрытульную траву тварам уніз шчыт, на сьпіне якога ўсё расплываліся ды не маглі расплыцца напісаныя алоўкам лічбы... Усё гэта Вераніка бачыла шмат разоў, месцазнаходжаньне кожнага прадмета яна ведала напамяць і магла заплюшчыўшы вочы адшукаць дарогу. Пасьля даўкага, п’янкога водару лесу марудзіць у гэтым месцы ёй не хацелася, і яна шпарка кінулася да карпусоў.

Яе адпачынак у “Машынісьце” сканчаўся, яна прабавіла між ягоных дратоў ды балёнікаў дзьве зьмены. Яшчэ ў Сьвеце, рыхтуючыся ехаць у лягер, яна з заміраньнем сэрца слухала аповеды тых, хто ўжо пабываў тут. І ўсё было гэтак сама, як ёй распавядалі ў задушлівым, густым кустоўі за домам: хлапечыя начныя вылазкі на дзявочую палову з выкарыстаньнем зубной пасты, гісторыі перад сном, пасьля якіх адна дзяўчынка зь іх атраду яшчэ тыдзень мачылася ў ложак, і піянэрбол на вытаптаным пяску, і конкурс песьні, на які Вераніку нават не ўзялі – забракавалі, і яна праплакала ўвесь дзень, схаваўшыся на ўскраіне лягеру, за паваленым дубам, адкуль яе прагналі старэйшыя хлопцы, і купаньне ў соннай, неглыбокай рэчцы, і камары, камары, камары... – пакуль не пачаўся гэты сэзон дажджоў, пасьля якога лягер ледзь не затапіла. Бацькі прыяжджалі да яе па выходных, але без энтузіязму – Вераніка бачыла, што ім карціць як найхутчэй зьехаць, і яны нават ня слухаюць, што яна распавядае ім дрыготкім ад захапленьня голасам. Брат так і не прыехаў ніводнага разу, але што там казаць, ён быў якраз у такім узросьце, як іхныя дзяжурныя каля ўваходу: ножыкі, карты...

Менавіта пасьля гісторыі з конкурсам песьні Вераніка знайшла гэтую адтуліну ў агароджы. Невядома калі павалены дуб, што ляжаў паблізу ад сталовай, надзейна захінаў ад вачэй важатых ды выхавальнікаў зарослую густой высокай травой выспу, за якой, у сваю чаргу, тырчаў пень у клятчастым цені. Тым разам Вераніка, у якой яшчэ пяршыла ў горле ад крыўды ды нядаўніх сьлёзаў, доўга стаяла перад раптоўна знойдзенай адтулінай. Хто ведае, можа, ёй карысталіся дарослыя, каб зьбегаць у бліжэйшую вёску па самагон, можа, важатыя лазілі празь яе, каб патанчыць на дыскатэцы ў райцэнтры, да якога было кілямэтраў пяць... Вераніцы было соладка ды страшна, калі яна ўсё ж закрыла ўспацелай далоняй вочы свайму страху ды вылезла вонкі, адразу ж упаўшы ў замаскаваную палым гальлём канаву ды перапэцкаўшы ў глей сукенку. Тады яна вырашыла не адыходзіць далёка ад лягеру, пагуляла між зманліва рэдкіх ялінак, пазрывала яшчэ зеленаватых ягадаў ды выкінула іх каля заняпалага мурашніка... Але потым усё ж заблудзілася, бо навязьлівыя ўспаміны заміналі думаць пра нешта апрача нядаўняе несправядлівасьці й гналі ногі наперад. Неўзабаве яна выйшла да рэчкі. Цалкам магчыма, гэта была тая самая рэчка, у якой, трохі, відаць, далей, там, дзе сканчаўся лес, яны плёскаліся падчас першае зьмены. А можа, і не. Яна падыйшла да самае вады, і рукі самі ўзялі каменьчык і кінулі яго, млява ды няўпэўнена, у нясьпешную, амаль нябачную плынь. Нібыта ў каменьчыку была схаваная яе крыўда, нібыта пасьля гэтага яна цудадзейным чынам вернецца ў лягер, і важатая Сьвета кінецца да яе з прабачэньнямі. А каханьне яе ў іголцы, а сьмерць у яйку, а шчасьце ў куфры... Ці ня ў куфры. Зноў яна ўсё пераблытала. Вакол было ветрана ды вусьцішна. Яна павярнула галаву ды пабачыла Капітана. Ён паманіў яе пальцам: хадзі сюды, і яна, напачатку ўжо памкнуўшыся ўсім целам да лесу, потым стрымалася й баязьліва падыйшла. На першы погляд здавалася, Капітан лавіў рыбу, але потым, калі яны сустрэліся тут ужо другі раз, Вераніка ўцяміла, што Капітан быў занадта задуменны, каб хаця б нешта ўпаляваць у гэтай лянотнай, растлусьцелай, амаль нерухомай вадзе.

Капітан жыў паблізу ў намёце, які чужому знайсьці было, бадай што, немагчыма, бо яго ад цікаўных вачэй абараняла вельмі падступнае на выгляд, быццам вынутае са змрочнай казкі й перанесенае сюды разам з зацьвілай багнаю ды зеленаватым сьвячэньнем, балота. Капітан браў Вераніку за руку ды йшоў адно яму вядомымі сьцежкамі. Пазьней, калі Вераніка ўжо скончыла ўнівэрсытэт, яна толькі жахалася, што магло б зь ёй здарыцца, акажыся Капітан іншым чалавекам – уся рызыка яе колішняй бесклапотнасьці паўстала перад Веранікаю ва ўвесь свой пачварны рост. Напэўна, і той, з крыламі, нябачны, хто не пакідаў Вераніку ўсё яе жыцьцё, то хаваючыся за фіранкамі, то выступаючы раптам з паветра, як Копэрфілд, у тую лягерную пару таксама йшоў за Веранікай, якая даверліва трымала Капітана за руку, ішоў, спатыкаючыся, правальваючыся па калена ды зноў ступаючы па купінах...

Спачатку яны з Капітанам маўчалі, а потым урэшце разгаварыліся: Капітан распытваў яе пра бацькоў, пра лягер, і неўзабаве Вераніка ўжо распавядала пра сябе, захлынаючыся, пырскаючы падлеткавай чыстай сьлінай, пра брата, пра важатую Сьвету... Капітан быў сапраўдны – ён насіў адмысловую фуражку, ён пыхкаў люлькай, ён быў барадаты й надзвычай маркотны. Пах ягоных высачэзных, зялёна-бурых, як балота, ботаў Вераніка памятала яшчэ доўга. Правая рука Капітана была зь нейкім загадкавым пашкоджаньнем: ён ня мог разагнуць як сьлед ні яе, ні пальцы... Затое левая працавала за дваіх, і Вераніцы было прыемна трымацца за гэтую руку, цьвёрдую, бы камень. У той час ёй пачалі сьніцца дзіўныя сны: парашутысты над ранішнім туманным лесам, тайныя знакі, скрыжаваныя лапаты... Дзіўна: болей такога зь Веранікаю ніколі не здаралася. Яна вярталася ў лягер як у сьне й не магла ўначы заснуць. Важатыя нічога не заўважалі. А аднойчы Вераніка заснула ў намёце Капітана – узяло сваё доўга бяссоньне – і вярнулася ў лягер толькі ўначы. Як заўсёды, Капітан правёў яе да агароджы. Яна, палохаючыся кожнага гуку, прабралася нарэшце, абмінаючы ліхтары, да свайго корпусу ды не распранаючыся шуснула пад коўдру, пачуўшы на ганку нечы голас. Але гэтае спазьненьне сыйшло ёй з рук, ніхто нічога не заўважыў.

Поделиться с друзьями: