Сарока на шыбеніцы
Шрифт:
– А то я магу праверыць, – Ларыса зь цікавасьцю зірнула на ягоныя запэцканыя ў нешта нагавіцы. – У мяне праца такая. Я ў аддзеле інспэктар.
– Я вам не замінаю? – усьміхнулася Вераніка, і абодва зьбянтэжана зірнулі на яе. Прамільгнула між імі нейкая іскарка, адзначыла для сябе Вераніка. Вось жа Ларыска, пацук ненажэрны, ёй усё адно на што кідацца, сучцы.
– Я б усё ж хацеў... калі можна... тэт-а-тэт, – спахапіўся Жвалевіч і прагна паглядзеў на бляшанку кавы. Ларыса ўстала, паправіла спадніцу ды пайшла да дзьвярэй.
– Як шчака? – крыкнула Вераніка клапатліва. – Не гнаіцца там, Ларысанька?
Але Ларыса, здаецца, не заўважыла кпінаў. Ля самых дзьвярэй яна
– Гілюк сёньня прыпіраўся зноў. Зранку з самага. Цябе не было, дык ён мне свае новыя зубы паказваў. Дарэчы, – Ларыса прыклала далонь да вуснаў. – Я ж табе забыла сказаць. Ведаеш, кім працаваў наш Чэслаў у свае лепшыя гады? Я ў аддзеле кадраў выпадкова даведалася. Цырульнікам у жаночай калёніі. Вось так. Уяўляеш?
Яны засталіся сам-насам, і Жвалевіч не марудзячы перайшоў да справы.
– Ты даруй мне, Веранічка, – зашаптаў ён, паглядаючы на дзьверы. – Я неяк не падумаў тым разам. Цяпер выпраўляюся.
Ён бухнуў на стол перад Веранікай таўшчэзную кнігу ды прысунуў да яе пакет. “Мэрылін Манро без таямніцаў”. Вераніка выключыла кампутар і паглядзела на Жвалевіча доўга ды ўважліва. “Старонка 106”, – сказаў той радасна й зноў паглядзеў на дзьверы.
На старонцы сто шостай ляжала пакамечаная стодаляравая купюра. Вераніка ледзь не ўзяла яе ў рукі, ёй спачатку і ў галаву не прыйшло, што ў кнізе можа ляжаць нешта падобнае. Розум Веранікі, у якім вобраз Жвалевіча даўно й трывала знайшоў сваё поўнае завяршэньне, проста адмаўляўся прымаць факт існаваньня дадзенай паперчыны ў дадзенай кнізе. Яна рэзка загарнула кнігу, і пасьля гэтага кароткага выбуху, які прымусіў Жвалевіча скалануцца, вярнула яе назад. Рукі Жвалевіча дрыжалі.
– А там што? – Вераніка гідліва тыцнула пазногцем у пакет.
– Каньячок там, шакаляд, – Жвалевіч сеў перад ёй у крэсла, туды, дзе толькі што сядзела Ларыса, і тут жа падняўся.
– Мяне не цікавяць біяграфіі, – сказала Вераніка абыякава.
Калі Жвалевіч нарэшце сыйшоў (гэта адбылося толькі пасьля таго, як Вераніка паабяцала выклікаць ахоўніка), яна падыйшла да акна й задумалася. Гэты сёньняшні візыт Жвалевіча мог быць выпадковасьцю, а мог і... Мог быць і нечым добра прадуманым ходам. Яна нібыта ўзгадала раптам, дзе працуе, і адразу ж сьцены яе кабінэту, яе стол, яе кампутар, яе фіранкі, яе шафа, набітая да верху тытулаванымі й нетытулаванымі паперамі, падалася ёй чужой і варожай.
У адпачынак, у адпачынак, у адпачынак.
***
Сёньня, на ранішняй нарадзе, яна так зазірала Яму ў рот, што Чэслаў напаўжартам нават зрабіў ёй заўвагу. А ўсе сядзелі, апусьціўшы вочы, сволачы, яны ж ведалі пра яе ўсё й чамусьці лічылі пачуцьці Веранікі нечым ганебным. Нібы Ён быў іхнай уласнасьцю, іхным вынаходніцтвам. Нібы тое, што яны, яе залатыя-брыльянтавыя калегі, ведалі Яго трохі даўжэй, давала ім нейкія дадатковыя правы. Яна пачырванела – не ад сораму, ад раптоўнае ўспышкі ўнутры, якая асьвяціла зноў усе яе нядаўнія жаданьні ды жарсьці, і за гэтае імгненьне Вераніка зь незразумелым болем узгадала сваю закаханасьць – гэта было толькі імгненьне, але яно давала ёй шанец ацаніць моц сваёй цяперашняй прагі. З прыкрасьцю Вераніка адчула, што нешта ня так: здаецца, і Ён ня страціў былое прывабнасьці, і яна была гатовая да далейшага змаганьня, але не хапала вастрыні, вастрыні, што раней рабіла на целе Веранікі пякучыя, салодкія разрэзы, ад мозгу да міжножжа. Мой, пераконвала яна сябе, мой, мой. Маё, маё. І так ажно пакуль ад Яго не пайшоў водар вогнішча. Вераніка з асалодай удыхнула яго й толькі тады крыху супакоілася.
– Дзірку пратрэце, – кашлянуў Чэслаў Карлавіч і ўсьміхнуўся, зашамацеўшы
паперамі. Ларыса прыглушана рохкнула. Вераніка заміргала, часта-часта, абвяла позіркам апушчаныя галовы прысутных і потым паволі агледзела Ягоны твар. Ён, відавочна, усё разумеў, але выгляду не падаваў, ягоны твар заставаўся нерухомы, толькі вусны ветліва скрывіліся, паклон перад калектывам, пакорлівы кніксэн; аблічча нібыта пакрылася празрыстай плеўкай, што паступова зацьвердзявала, плеўка на вачох, плеўка на скулах. Харошы хлопчык. І калі Ён адказваў на нейкае пытаньне Чэслава (Вераніка намагалася зразумець, на якое, але марна, Ягоны й толькі Ягоны рот вабіў яе, засмоктваў, барвовая адтуліна роту, белыя семкі ў яркай мякаці, нож), яна зноў зазірнула яму між вуснаў і пабачыла іх – зубы.Зубы: што Ён мог для яе імі зрабіць, што Ён зробіць для яе імі, калі надыйдзе час?
Яна ўявіла, як Ён разгрызае мяса, прыгатаванае ёю для яго мяса. Зялёна-аранжавая кухня, паласатыя фіранкі, цікае гадзіньнік на сьцяне. Поўная лядоўня мяса. Ён зарабіў. Ён прынёс. Прывёз у багажніку вялікай чырвонай машыны. Потым ён возьме палачку, з тых, што стаяць у празрыстай шафе, побач з каваю ды спэцыямі, і пачне калупацца ў зубах. Яе птахі зьлятуцца да яго на плячо, і Ён будзе засоўваць ім у нецярплівыя дзюбы кавалачкі мяса, таго мяса, якое засела ў яго ў зубах. У яго добрыя, белыя, моцныя зубы. Не, яны колеру слановай косткі.
У яго трыццаць дзьве маленькія клявішы ў роце.
На лецішчы яна бачыла, як Ён есьць сырое мяса. Азіраючыся, проста пальцамі дастаючы іх з маянэзу, у якім кішэла нарэзаная цыбуля.
Яго зубы ўпіваюцца ёй у смочку, Яго зубы кусаюць яе за плячо, балюча, бязьлітасна. Яна таксама мяса. Ягонае мяса. Ноч на апошнім уздыху. Дзеці за сьцяной беспакойна варочаюцца.
Ён зубамі адкаркоўвае слоік марынаваных грыбоў. І пралівае сабе марынад на калені, на белыя нагавіцы. Яна бярэ накрыўку й чытае на яе ўскрайку пакінутыя Ім знакі.
Ён кусае за горла паваленага Ім самца, з тых, што вечна круцяцца каля іхнай пячоры. Астатнія з глухім бурчэньнем адбягаюць на бясьпечную адлегласьць, хаваюцца ў арэшніку. Ім таксама хацелася кусаць яе за загрывак. Яе, Вераніку.
Арэх лопаецца, і Ён дастае адтуль ядро, падае ёй, кладзе Ёй у рот. І ёй так хочацца ўкусіць Яго за пальцы. Парослыя рудаватай поўсьцю. Але яе зубы драбнейшыя, такое адчуваньне, што іх больш. Роўны шэраг шараватых зубоў пад салодкай верняй губой, які, закругляючыся, коса сыходзіць пад зводы яе пашчы.
Ягоная зубная шчотка, якую Ёй хочацца мець проста цяпер. Яна была ўнутры Яго, на ёй засталіся сьвінцовыя часьцінкі Ягонай сьліны. У шчоткі прыдатная форма, у шчоткі такія жывыя жорсткія валаскі.
Ягоныя зубы ляскаюць. Ягоныя разцы скрыгочуць, ягоныя іклы ніколі не затупяцца. Бо яна, Вераніка, схілілася над гэтым хударлявым целам, амаль хлапечым. Яна ведае, як надаць ім рух, як ажывіць гэтыя косткі.
Ён есьць цела Веранікі. І яе сок цячэ па Ягонай шыі.
***
Загорнутая ў тоўстую вясковую коўдру, яна навобмацак прабралася да кухні. Бабка, натуральна, даўно ня спала, зьвінела недзе паблізу калодзежным вядром, у хаце было цёмна, а на двары ўжо на ўсю моц гаспадарыла сонца. Вераніка, адчуваючы, як ліпне да босых ступакоў невынішчальная зямля, але яшчэ не прачнуўшыся, пракульгала, бы п’яная, да дзьвярэй. На парозе стаялі ўсё тыя Антон са сваім малым Алежкам ды дурань-Генік – усе чымсьці здалёк падобныя да жаўнераў.
– Надакучылі вы мне, – сказала Вераніка, трымаючы на грудзёх коўдру, якая так ціснула на плечы, што, здавалася, зараз расьцісьне. – Чаго вам трэба ў такую рань?