Сарока на шыбеніцы
Шрифт:
Калі Вераніка звольнілася з Цэнтру, яна вырашыла абавязкова знайсьці Капітана. Ён почасту зьяўляўся між яе ўспамінаў і ўсьміхаўся. Сто разоў Вераніка плянавала экспэдыцыю да той піянэрлягернай рэчкі, і аднойчы нават пагаварыла пра гэта, не называючы сапраўдных прычынаў, з адным маладым чалавекам, які, як здавалася Вераніцы, быў даволі авантурнага складу... Але жыцьцё раптам панеслася наперад з такой хуткасьцю, што Капітан праваліўся некуды ў шчыліну паміж дзяцінствам і даросласьцю, і, як высьветлілся, незваротна.
Неяк яны сядзелі ля вады й Капітан, трымаючы ў руках непатрэбную вуду, сказаў нечакана:
– Ведаеш, што там, на тым беразе?
Вераніка адмоўна хітнула галавой і паспрабавала злавіць у палёце страказу.
– Гэта памежная рэчка, – прамовіў ён нечакана грубым голасам. – Памежная. Там – другая краіна, там усё ня так... Там усё магло б быць інакш. Ніколі не заплывай за сярэдзіну. Бо тады ўсё вельмі дрэнна
– Так, ня буду, – сказала Вераніка, хаця яна цудоўна ведала, што там, на другім беразе, ніякае не замежжа, а палі калгасу “Ліпеньскі” і, трохі далей, вайсковая частка. Ёй чамусьці захацелася, каб Капітан распавёў яшчэ што-небудзь, але ён заняўся раптам рыбай, якая, ужо на палове шляху да сьмерці, раптам пляснулася ў ваду, сарваўшыся з вуды, і Капітан глуха вылаяўся.
Вось жа дзіўна. Тады Вераніцы здавалася, што Капітан стаў для яе цэлым сусьветам. А прайшло ўсяго трохі часу, і трэ было йсьці ў школу – і сусьвет цудоўна абыйшоўся без Капітана. Ведалі б бацькі...
... – Ну дзе ты ходзіш, Веранічка! – ліхтарык раптам выхапіў яе зь цемры, і важатая Сьвета, грудастая, вялікая, вось бы каго зараз на сцэну, рашуча ўзяла Вераніку за руку. – У нас мала часу! З-за цябе ўсё зрываецца!
Яе пацягнулі да сцэны, за сцэну – пры набліжэньні важатай усе схавалі цыгарэты. На сцэне аглушальна роў вядучы. “Давай, давай!” – Сьвета рэзка задрала Вераніцы кофту ды прыціснула ёй да жывата падушку. “Ну, не тармазі!”. Астатнія былі ўжо ў зборы ды зь цікавасьцю пазіралі на брудныя ногі Веранікі ў зусім размоклых басаножках: Веня Жук з кіёчкам і ў акулярах над прыклеенай белай барадой, якая, відаць, проста не дачакалася новага году, Анжаліка зь лялькай, Фарыд, закручаны ў бінты так, што быў відаць толькі арліны нос. На сцэне нешта зашыпела, і Сьвета таўханула Вераніку ў азадак. “Я ня буду ўдзельнічаць у гэтых ідыёцкіх дзіцячых сцэнках!” – віскнула раптам Анжаліка, інтэлігентная дзяўчынка з цэнтру гораду, але падштурхнутая Вераніка прывяла ў дзеяньне іхную працэсію, і яны вылецелі на сцэну й пасьпяхова расьселіся па крэслах, а пераможца нядаўняга конкурсу, падобная да ахопленай агнём малпы Алеся распусна сьпявала ў мікрафон невядома кім прыдуманую песеньку на матыў мульцяшнае “Доброты”, у якой рэфрэнам гучала: “Трэба месца саступіць”. Вераніка зірнула на малодшыя атрады, якія глядзелі на сцэну з пачцівасьцю – рукі на каленях, пальцы ў насох, на занятую сваімі справамі астатнюю публіку, і ёй падалося, што яна бачыць, як Капітан стаіць там, у заднім радзе, і пальцы ягоныя ўхвальна ды сумна варушацца.
***
Да таго жудаснага вечара яны дзялілі з братам гэты вузкі пакой, бацькі спалі ў залі. Быў, натуральна, перапынак, Вераніка сама баялася сабе прызнацца, да чаго ён быў прыемны; гэтыя амаль два гады – брат тады пайшоў у войска, і хаця яна старалася падтрымліваць парадак у ягоных рэчах і ні на імгненьне не давала пакою выглядаць так, нібыта ён мае толькі адну гаспадыню, – гэта быў файны час. Але брат вярнуўся, і жыць зь ім станавілася ўсё цяжэй.
З часам узьніклі заканамерныя праблемы: усё ж няма нічога правільнага ў тым, што дарослыя брат і сястра жывуць у адным пакоі; у іх могуць узьнікаць нехарошыя, як казала бабуля Веранікі, думкі, дый наогул – індывідуальнасьцям трэба прастора, каб судакранацца бяз крыўдаў (гэта Вераніка недзе вычытала). Спачатку праблема вырашалася неяк сама сабой, брат у першы год пасьля войска яшчэ захоўваў нейкія рэшткі любові й далікатнасьці. Потым стала прасьцей: брат амаль не начаваў дома, а калі й прыходзіў, то пад раніцу, калі Вераніка ўжо спала. Так што яна магла без усякіх цяжкасьцяў (ну хіба паглядваючы раз-пораз на дзьверы) пераадзявацца, класьціся спаць і рабіць усё тое, што нармальны чалавек не выстаўляе на агульны агляд. Сказаць пра гэта бацькам значыла зрабіць ім вельмі балюча, і Вераніка гэта добра разумела. Не, паведаміць пра ненармальнасьць становішча ёй даўно карцела, асабліва калі яна яшчэ вучылася ў школе, але потым Вераніка падумала пра тое, як гэта, відаць, цяжка – знайсьці для дачкі кватэру... А потым прыйшло азарэньне: яны проста чакаюць, калі я выйду замуж і праблема вырашыцца сама сабой. Ну не, злосна засьмяялася яна, я ня згодная. І Вераніка цьвёрда вырашыла адкладваць сабе на жытло, як толькі яна знойдзе працу.
Сваю кватэру яна добра сабе ўяўляла й нават да дробязяў прадумала, што дзе будзе стаяць. Праўда, калі б Вераніка адплюшчыла вочы, то заўважыла б, як гэтая чатырохпакаёўка нагадвае такую самую ў адным з тых фільмаў, якія яна глядзела калісьці з Эдзікам у яго дома. Тым часам як Эдзік, апанаваны дзеяй, ляжаў з разяўленым ротам і машынальна пачухваўся, Вераніка мімаволі запамінала ўсе падрабязнасьці нянаскае раскошы. Гэта мусіла быць някідкая, але густоўная раскоша, і менавіта раскоша, а не
які-небудзь там мадэрн – у цёмна-брунатных танах, са старажытным дрэвам, з аркамі па ўсёй кватэры, з узорамі, што паўтараюцца скрозь, ад ручак на дзьвярах да ляпніны на сьценах, з агромністымі люстрамі...У той вечар маці ўсё лагодна папікала яе за няўважлівасьць. Усё, да чаго б ні дакраналася Вераніка, ламалася, білася, зьвінела, пагрозьліва хрумсьцела... Яна й праўда чарговы раз задумалася пра сваё будучае жытло. Хто там будзе жыць разам зь ёй, хто варты выгульваць сабакаў яе жаданьняў, каму яна будзе прыслугоўваць у гэтым доме пакорлівай рабыняй, каго будзе катаваць суворай каралевай – не выклікала сумневу. Сэрца Веранікі забілася часьцей, на шыі выступіў пот. Яна прайшла ў свой пакой і дастала халат, яна ўсяго толькі зьбіралася прыняць ванну ды потым упасьці ў ложак да заўтра. Раптам у перадпакоі пачулася квахтаньне маці й потым – хрыпаты вокрык брата. Вось дык сюрпрыз. Даўно ён не прыходзіў так рана.
Брат, мяркуючы па ўсім, пайшоў у кухню. Вераніка шмат разоў бачыла, як ён есьць – прагна, нібыта зьвер, з чвяканьнем, і выцірае пальцы аб абрус... Ніяк ня выбіць зь яго гэтай дурной звычкі. Яна пачула, як брат зачыніўся ў лазьніцы, і разгублена павесіла халат зноў у шафу. Зашумела вада. Вераніка села за сьвежы нумар Vogue, які сёньня дала ёй пачытаць Рыта. Але з прыходам брата ў кватэры стала трывожна ды неяк брудна, думкі блыталіся, ад былое радасьці не засталося анічога. “Пагавары ты зь ім”, – маці ўвайшла ды села на канапу. “Можа, цябе паслухае... Што гэта за праца такая... Начэй ня сьпіць...”. “Пагавару”, – адмахнулася раздражнёна Вераніка й зноў села да маці сьпінай. Дзіўная справа, на брата яна ніколі як сьлед не злавалася, хаця й ня горш за іншых разумела, што трэба яму неяк дапамагчы. А вось маці зь яе сьлязьлівым голасам і вечнымі, нейкімі мэханізаванымі ўздыхамі Вераніку вельмі раздражняла. Чаму вы ня думаеце пра мяне? – так і хацелася почасту крыкнуць Вераніцы бацькам у твар. Вы што, думаеце, што ў мяне ўсё добра? Маці пасядзела яшчэ крыху ды выйшла, усё гэтак жа ўздыхаючы. “Ну што ты ўсё ўздыхаеш?” – кінула Вераніка ціха, не абарочваючыся. Яна хацела сказаць нешта супакаяльнае, але атрымалася зусім груба ды недарэчна. “Ды чаго я пераймаюся?” – Вераніка марна намагалася настроіць сябе на ранейшы летуценны лад. “Сама яна як са мной размаўляе...”
Брат ніяк не хацеў выходзіць з лазьніцы, і Вераніка ўжо стала задумвацца пра тое, ці не адкласьці ванну на заўтрашнюю раніцу. Так непрыкметна праляцела гадзіна. Бацька выйшаў на кухню запарыць сабе гарбаты, доўга кашляў, потым адплёўваўся ў ракавіну. Гэта ў апошні час здаралася нячаста, каб ён выходзіў з залі. Вераніка распранулася, накінула халат і выйшла ў калідор. “У цябе ўсё нармальна?” – пагрукала яна асьцярожна ў дзьверы лазьніцы, ды назвала брата па імені. І, як заўсёды, у вачох зашчыпала. Па імені ён заставаўся, заўсёды заставаўся для яе тым самым хлопчыкам, які вучыў яе плаваць і абараняў ад сьветаўскіх адмарозкаў. Быццам і не было войска, і гэтага дзікунскага бляску ў вачах, і страшных кругоў пад імі, і смуроду ад ягонае вопраткі, і вечнага перагару... Напэўна, ён любіў яе. Па-свойму, але любіў. Вось жа, і тэлефон падараваў тады. “Нармальна”, – раўнуў нехта з лазьніцы, і зноў уключыў ваду. Вераніка ўсьміхнулася й пайшла да сябе. Легла, адгарнула кніжку Каэльё. За вакном было ўжо цёмна. Сьвет пакрысе сьціхаў, толькі ля гастранома лямантавалі нейкую песьню, з тых, што любіла практыкантка ў іх аддзеле.
Чытаць было лёгка й прыемна. Аднак раман быў прачытаны з пачатку й да канца, а брат усё не выходзіў з лазьніцы. Хваляваньне панура змагалася са стомай. Вераніка адчула, што яшчэ трошкі, і яна праваліцца туды ж, куды правальваюцца ўсе чытачы кніг у такіх вокладках. Трэба было хаця б пачысьціць зубы. Яна зноў падыйшла да лазьніцы, але адразу ж уцякла ў пакой ды залезла пад коўдру, бо пачула, як брат шумліва падымаецца з ванны. Ён нарэшце выйшаў, загорнуты ў ручнік, зайшоў у пакой ды, не зважаючы на Вераніку, пачаў апранацца, дастаў кашулю, швэдар, джынсы... Вераніка адвярнулася тварам да сьцяны.
– Ты што, зноў сыходзіш? – спытала яна баязьліва, не абарочваючыся.
Брат не адказаў. Мяркуючы па паху, ён апранаў гэтую сваю немагчымую куртку. Тут жа ў пакой уляцела маці ды пачала ўгаворваць яго застацца. Ну што яна такое нясе: Вераніку ажно перасмыкнула. Спрабуе завабіць яго сваёй сумнеўнай гастраноміяй. Нібыта яму пятнаццаць і ён прыехаў з Зарніцы. Яна павярнулася, брат адштурхнуў маці ды выйшаў у калідор, схіліўся над сваім брудным абуткам. У дзьверы раптам пазванілі. Маці пабегла адчыняць, адначасова ўмольна азіраючыся на сына. Вераніка пагардліва закаціла вочы, але на душы ў яе станавілася ўсё неспакойней. “У вочка паглядзі спачатку!”—крыкнула яна, дакрануўшыся да братавай рукі. “Што ты вечна адчыняеш невядома каму!”. “Ды гэта Юрка, відаць, сусед,” – нібыта ніхто тут ня ведаў Юрку; маці прытулілася да вочка й потым перапалохана азірнулася: “Міліцыя”.